Корчыцы
Корчыцы лац. Korčycy | |
Першыя згадкі: | 1491 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Кобрынскі |
Сельсавет: | Хідрынскі |
Насельніцтва: | 408 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1642 |
Паштовы індэкс: | 225866 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°6′34.4″ пн. ш. 24°22′39.8″ у. д. / 52.109556° пн. ш. 24.377722° у. д.Каардынаты: 52°6′34.4″ пн. ш. 24°22′39.8″ у. д. / 52.109556° пн. ш. 24.377722° у. д. |
± Корчыцы |
Ко́рчыцы[1] (таксама — Ко́рчычы[2]) — вёска ў Беларусі, каля каналу Боны. Уваходзяць у склад Хідрынскага сельсавету Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзяцца за 12 км на поўдзень ад гораду і чыгуначнай станцыі Кобрыня, за 56 км ад Берасьця; каля аўтамабільнай дарогі Кобрынь — Дзівін. Фактычна складаюцца зь дзьвюх вёсак: Вялікія Корчыцы (Забужкі) і Малыя Корчыцы (Кіганы).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1491 годзе княгіня Фядора (Тэадора) Іванаўна (з роду Рагацінскіх, жонка князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага) запісала сяло Корчычы з усімі даходамі манастырскай царкве Сьвятога Спаса ў Кобрыні. Гэтае наданьне ў 1512 годзе пацьвердзіў вялікі князь Жыгімонт Стары, у 1633 годзе — яго жонка каралева Бона, у 1647 годзе — кароль Уладзіслаў Ваза і г. д. У 1549 годзе сяло Корчыцы «два жеребіи а Римоновских дымы» і «другой жеребій Здавновских». На 1668 год Корчыцы — фундушавае сяло Кобрынскай архімандрыі, якое згодна з унівэрсалам Міхала Казімера Паца вызвалялася ад вайсковых пабораў і пастою.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Корчыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыяй, у Кобрынскім павеце, з 1801 году ў Гарадзенскай губэрні. На 1846 год існавалі 2 вёскі: Корчыцы-Забужкі — 23 двары, і Корчыцы-Кіганы — 12 двароў, у складзе фальварку Антаніну, збудаванага ў 1839 годзе ва ўрочышчы Палоннай архіяпіскапам менскім і бабруйскім Антоніем. На 1890 год вёскі Корчыцы-Кіганы, 421 1/2 дзес. зямлі, і Корчыцы-Забужкі, 601 1/2 дзес. зямлі, Верхалескай воласьці Кобрынскага павету Гарадзенскай губэрні.
Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у вёсцы Кіганах (Корчыцах) 30 двароў, існавалі царква на могілках і хлебазапасны магазын; у вёсцы Забужках (Корчыцах) — 42 двары, хлебазапасны магазын. На 1911 год вёска Корчыцы была ў Навасёлкаўскай воласьці Кобрынскага павету.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Корчыцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Корчыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[3]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Корчыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час існавалі дзьве вёскі: Корчыцы Вялікія, 26 двароў, і Корчыцы Малыя, 21 двор. У 1930-я гады працавалі школа і вячэрнія курсы.
У 1939 годзе Корчыцы ўвайшлі ў БССР, з 15 студзеня 1940 году ў Дзівінскім раёне Берасьцейскай вобласьці, з 12 кастрычніка 1940 да 30 кастрычніка 1959 году ў Верхалескім сельсавеце, з 8 жніўня 1959 году ў Кобрынскім раёне. На 1940 год у Корчыцах Вялікіх было 64 двары, у Корчыцах Малых — 42 двары; працавала пачатковая школа. У нямецка-савецкую вайну Корчыцы акупавалі нямецкія войскі з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 году. У 1949 годзе савецкія ўлады арганізавалі калгасы: імя Варашылава ў вёсцы Корчыцах Вялікіх (старшыня М. Кірылюк), імя Чапаева ў вёсцы Корчыцах Малых (25 гаспадарак, старшыня Ф. Кірылюк).
На 1999 год у Корчыцах было 187 гаспадарак, цэнтар калгасу «Сьцяг Перамогі» (з 2004 СВК «Раданескі»), у які ўваходзяць вёскі Ляхчыцы і Навасадкі. На 2005 год — 182 двары.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1846 год — 199 чал. у Корчыцах-Забужках і 93 чал. у Корчыцах-Кіганах; 1897 год — 215 чал. у Кіганах і 304 чал. у Забужках
- XX стагодзьдзе: 1911 год — 569 чал.; 1921 год — 166 чал. у Корчыцах Вялікіх і 77 чал. у Корчыцах Малых; 1940 год — 315 чал. у Корчыцах Вялікіх і 179 чал. у Корчыцах Малых; 1959 год — 260 чал. у Корчыцах Вялікіх і 160 чал. у Корчыцах Малых; 1970 год — 262 чал. у Корчыцах Вялікіх і 144 чал. у Корчыцах Малых; 1999 год — 499 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 490 чал.; 2010 год — 408 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працуюць дзіцячы сад, клюб, бібліятэка, базавая школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, крама, пошта, вэтэрынарны ўчастак.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Корчыцах нарадзіўся Мікалай Казюк (1898—1979) — беларускі літаратурны крытык, палкоўнік, выкладнік вайскова-паветранай акадэміі імя Гагарына.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 191.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 192.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памяць: Кобрынскі раён. Мінск: БЕЛТА, 2002.