Перайсьці да зьместу

Кубінскі крызіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кубінскі ракетны крызіс»)
Кубінскі крызіс
Дата: 16—28 кастрычніка 1962
Месца: Куба
Прычына: разьмяшчэньне ядзернай зброі СССР на Кубе
Вынік: вывад ядзернай зброі ЗША з Турэччыны, а савецкай з Кубы; абяцаньне ненападу ЗША на Кубу
Супернікі
ЗШАСССР
Камандуючыя
Джон КенэдзіМікіта Хрушчоў
Колькасьць
Вайскова-марскі флёт ЗШАВайскова-марскі флёт СССР
Страты
авіяпілёт Рудольф Андэрсэн64 чалавекі

Кубінскі крызіс — амэрыкана-савецкае супрацьстаяньне вакол таемнага разьмяшчэньня на Кубе савецкіх ядзерных ракетаў сярэдняй далёкасьці ў верасьні 1962 году.

Уяўляў найбольшую пагрозу для міжнароднага міру падчас халоднай вайны. 14 кастрычніка 1962 году амэрыканскі выведвальны самалёт У-2 выявіў савецкія ракеты на Кубе. 22 кастрычніка прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі запатрабаваў ад СССР вывесьці ракеты з Кубы і абвясьціў з 24 кастрычніка марскую блякаду Кубы, што доўжылася да 20 лістапада сіламі Вайскова-марскога флёту ЗША. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасьці стратэгічныя ядзерныя войскі, што стварыла пагрозу ядзернай вайны. 27 кастрычніка ў Нью-Ёрку прайшлі амэрыкана-савецкія перамовы з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і генэральнага сакратара ААН. 28 кастрычніка старшыня ўраду СССР Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вывад ракетаў з Кубы ў абмен на вывад амэрыканскіх ракетаў з Турэччыны і гарантыю ненападу на Кубу. Бакі наладзілі пастаянную прамую тэлефонную ўрадавую сувязь між Вашынгтонам і Масквой[1].

Разьмяшчэньне ракетаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 траўня 1962 году Прэзыдыюм Цэнтральнага камітэту (ЦК) КПСС зацьвердзіў рашэньне аб разьмяшчэньні савецкіх ракетаў сярэдняй далёкасьці (РСД) зь ядзернымі боегалоўкамі на тэрыторыі Рэспублікі Куба. 29 траўня сябар ЦК КПСС Шараф Рашыдаў(ru) прыляцеў на Кубу на чале савецкай дэлегацыі з удзелам галоўнакамандавальніка Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня (РВСП) Сяргеем Бірузовым(be). 30 траўня старшыня кубінскага ўраду Фідэль Кастра пагадзіўся разьмясьць савецкую ядзерную зброю ў сувязі з пагрозай амэрыканскага ўварваньня. Пры канцы чэрвеня ў Маскве міністар узброеных сілаў Кубы Рауль Кастра і міністар абароны СССР Радзівон Маліноўскі падпісалі міжурадавую Дамову «Аб разьмяшчэньні Савецкіх узброеных сілаў на тэрыторыі Рэспублікі Куба». 7 ліпеня старшыня савецкага ўраду Мікіта Хрушчоў зацьвердзіў плян «Анадыр», які прадугледжваў разьмяшчэньне 24 балістычных ракетаў Р-12(ru) з далёкасьцю дзеяньня каля 2000 км і 16 ракетаў Р-14 з удвая большай далёкасьцю. Абодва віды ракетаў мелі тэрмаядравыя боегалоўкі магутнасьцю па 1 мэгатоне ў тратылавым эквіваленце. 10 ліпеня першы карабель адплыў на Кубу, якой дасягнуў 25 ліпеня. Цягам 1—16 жніўня на Кубе загінула 64 савецкія грамадзяніны[2]. 9 верасьня ў порт Касільда (правінцыя Сьвятога Духа) даставілі першыя 6 ракетаў «Р-12». 15 верасьня — яшчэ 8 ракетаў «Р-12». 4 кастрычніка ў порт Марыэль (правінцыя Артэміса) прыбыў цеплаход «Індыгірка» з больш як 160 ядзернымі зарадамі, у тым ліку 60 боегалоўкамі да ракетаў «Р-12» і «Р-14». Да 24 кастрычніка для 51-й ракетнай дывізіі (в/ч 74345) пасьпелі даставіць 36 ракетаў «Р-12» і 36 галаўных частак зь ядзернымі боезарадамі да іх.

Спадарожна 1 кастрычніка 1962 году 4 савецкія дызэль-электрычныя падлодкі праекту 641 выйшлі з базы на Кольскім паўвостраве і накіраваліся на Кубу паводле апэрацыі «Кама» ў рамках пляну «Анадыр». 27 кастрычніка ў Саргасавым моры амэрыканскі авіяносец «Рэндальф» выявіў савецкую падлодку Б-59. Сьледам з савецкіх базаў выйшла 7 атамных падлодак з балістычнымі ракетамі. Пасьля выхаду з Баранцава мора на атамнай падлодцы «К-14» выйшла са строю актыўная зона рэактара левага борта. У выніку здарэньня экіпаж атрымаў вялікую дозу апрамяненьня і быў вымушаны спыніць удзел у паходзе[3].

27 верасьня 1962 году Кангрэс ЗША ухваліў сумеснае Рашэньне № 230 аб наданьні прэзыдэнту ЗША права выкарыстаць Узброеныя сілы ЗША супраць Кубы. 4 кастрычніка Кангрэс ЗША ўхваліў параду ўраду ЗША пачаць уварваньне на Кубу сіламі Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў(be) (Вашынгтон, ЗША). 14 кастрычніка амэрыканскі пілёт Рычард Хэйзэр з самалёта-выведніка У-2 зрабіў здымкі разьмяшчэньня савецкіх балістычных ракетаў Р-12 на Кубе. 15 кастрычніка іх апазналі па фотадаведніку савецкіх ракетаў, які ў 1961 годзе савецкі выведнік Алег Пянькоўскі(be) перадаў Цэнтральнай разьведвальнай управе ЗША. 22 кастрычніка амэрыканскі прэзыдэнт Джон Кенэдзі абвясьціў марскую блякаду Кубы з 24 кастрычніка.

24 кастрычніка старшыня савецкага ўраду Мікіта Хрушчоў даслаў Кенэдзі тэлеграму, дзе напісаў: «Савецкі ўрад лічыць, што парушэньне свабоды суднаходства ў міжнародных водах і паветранай прасторы складае чын агрэсіі, які кідае чалавецтва ў бездань сусьветнай ракетна-ядзернай вайны»[4]. 25 кастрычніка ЗША склікалі надзвычайнае паседжаньне Рады бясьпекі ААН. На паседжаньні амэрыканскі амбасадар Эдлі Стывэнсан паказаў паветраныя фатаздымкі савецкіх балістычных ракетаў «Р-12» на Кубе.

27 кастрычніка кубінскія вайскоўцы зьбілі амэрыканскі выведвальны самалёт «У-2» зэнітнай кіраванай ракетай С-75 «Дзясна». У выніку пілёт Рудольф Андэрсэн загінуў.

26 кастрычніка 1962 году старшыня савецкага ўраду Мікіта Хрушчоў даслаў тэлеграму амэрыканскаму прэзыдэнту Джону Кенэдзі, у якой прапанаваў: «Вы абвесьціце, што Злучаныя Штаты ня ўчыняць вайсковага ўварваньня на Кубу і ня будуць падтрымліваць усялякія сілы, што маюць намер уварвацца на Кубу. Тады патрэба ў прысутнасьці вайсковых адмыслоўцаў на Кубе зьнікне»[5]. 27 кастрычніка Хрушчоў упершыню згадаў зацікаўленасьць у вывадзе 15 амэрыканскіх балістычных ракетаў «Юпітэр» зь Ізьмірскай авіябазы ў Турэччыне. Іх далёкасьць складала 2400 км, а разьмяшчэньне адбылося ў 1961 годзе. У лісьце да Кенэдзі той напісаў: «Вы ўстрывожаныя наконт Кубы. Вы кажаце, што гэта турбуе Вас, бо тая за 90 марскіх міляў ад узьбярэжжа Злучаных Штатаў Амэрыкі. Але Турэччына мяжуе з намі. Нашыя памежнікі бачаць адзін аднаго пры дазоры. ... Вы разьмясьцілі разбуральную ракетную зброю, якую называеце наступальнай, у Турэччыне, літаральна побач з намі. ... Таму я раблю наступную прапанову. Мы гатовыя прыбраць з Кубы сродкі, які Вы лічыце наступальнымі. Мы гатовыя ажыцьцявіць гэта і прынесьці такое абяцаньне перад Аб'яднанымі народамі. Вашыя прадстаўнікі абвесьцяць, што Злучаныя Штаты са свайго боку прыбяруць свае адпаведныя сродкі з Турэччыны з улікам непакою і трывогі Савецкай дзяржавы. ... калі Вы згодныя з маёй прапановай, мы дашлем нашых прадстаўнікоў у Нью-Ёрк да Аб'яднаных народаў»[6].

27 кастрычніка ў Нью-Ёрку прадстаўнікі ЗША і СССР дасягнулі пагадненьня. 28 кастрычніка Хрушчоў апісаў вынікі сустрэчы ў сваім лісьце да Кенэдзі: «Амбасадар Дабрынін(ru) апавясьціў мяне пра сваю размову з Робэртам Кенэдзі, што адбылася 27 кастрычніка. У гэтай размове Робэрт Кенэдзі сказаў, што для Вас даволі складана ў цяперашні час публічна абмяркоўваць пытаньне закрыцьця ракетных базаў ЗША ў Турэччыне, бо разьмяшчэньне тых базаў у Турэччыне аформілі рашэньнем Рады АПАД. Гатоўнасьць дамовіцца па гэтым пытаньні, якое я ўзьняў у маім пасланьні да Вас 27 кастрычніка, была таксама падкрэсьленая. У гэтым кантэксьце Робэрт Кенэдзі сказаў, што вывад тых базаў з Турэччыны зойме ад 4 да 5 месяцаў»[7].

  1. ^ Карыбскі крызіс 1962, Кубінскі крызіс // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 113-114. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ 55 гадоў таму на Кубу былі дастаўленыя першыя савецкія балістычныя ракеты (рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 8 верасьня 2017 г. Праверана 10 сакавіка 2019 г.
  3. ^ Вераніка Канюта. Жыцьцё ў стыхіі вады // Плацдарм : газэта. — 9 кастрычніка 2013. — № 19 (27). — С. 3, 4.
  4. ^ 63. Ліст старшыні Хрушчова да прэзыдэнта Кенэдзі ад 24 кастрычніка 1962 г. (анг.) // Канцылярыя гісторыка Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, 2019 г. Праверана 10 сакавіка 2019 г.
  5. ^ 65. Тэлеграма з Амбасады Савецкага Саюзу ў Дзяржаўны дэпартамэнт ад 26 кастрычніка 1962 г. (анг.) // Канцылярыя гісторыка Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, 2019 г. Праверана 10 сакавіка 2019 г.
  6. ^ 66. Ліст старшыні Хрушчова да прэзыдэнта Кенэдзі ад 27 кастрычніка 1962 г. (анг.) // Канцылярыя гісторыка Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, 2019 г. Праверана 10 сакавіка 2019 г.
  7. ^ 70. Ліст старшыні Хрушчова да прэзыдэнта Кенэдзі ад 28 кастрычніка 1962 г. (анг.) // Канцылярыя гісторыка Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, 2019 г. Праверана 10 сакавіка 2019 г.
  • Апэрацыя «Анадыр» (рас.) // Ваенны энцыкляпэдычны слоўнік Мінабароны Расеі, 2019 г. Праверана 10 сакавіка 2019 г.