Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў (Віцебск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў, 1860-я
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў, 1860-я
Краіна Беларусь
Места Віцебск
Каардынаты 55°11′35.60″ пн. ш. 30°12′24.49″ у. д. / 55.1932222° пн. ш. 30.2068028° у. д. / 55.1932222; 30.2068028Каардынаты: 55°11′35.60″ пн. ш. 30°12′24.49″ у. д. / 55.1932222° пн. ш. 30.2068028° у. д. / 55.1932222; 30.2068028
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснаваньня XVII стагодзьдзе
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Commons-logo.svg Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Язэпа[a] і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVIII ст. у Віцебску. Знаходзіўся на левым беразе ракі Віцьбы, на тэрыторыі Ніжняга Замка, на рагу Задунаўскай і Вялікай вуліцаў. Твор архітэктуры барока. У 1872 годзе сьвятыня пацярпела ад маскоўскай перабудовы. У 1956 годзе савецкія ўлады зруйнавалі помнік архітэктуры, да нашага часу захаваліся падмуркі.

Займаў вялікі пляц на зьбегу вуліцаў Вялікай, Задунаўскай і Замкавай, на заходнім баку якога разьмяшчаліся касьцёл і будынак калегіюму, што ўваходзілі ў адзіны комплекс і складалі замкнёны прастакутны двор. Усходні бок займаў вялікі сад і агарод. Паміж садам і будынкамі касьцёла і калегіюму знаходзіўся гаспадарчы двор, пэрымэтрам якога стаялі мураваныя і драўляныя 1-павярховыя службовыя збудаваньні. На поўдзень ад гэтай тэрыторыі праз вуліцу знаходзілася 2-павярховая мураваная езуіцкая школа. Ля моста празь Віцьбу стаяла мураваная брама з капліцай, дзе штодня праводзіліся набажэнствы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Айцы-езуіты зьявіліся ў Віцебску ў 1637 годзе. У 1640—1644 гадох з фундацыі ваяводы смаленскага Аляксандра Корвін-Гасеўскага тут збудавалі першы драўляны касьцёл Сьвятога Язэпа, спалены ў 1708 годзе разам з усім местам на загад цара маскоўскага Пятра I[1].

Езуіцкі кляштарны комлекс хутка стаў значным асьветніцкім асяродкам: пры ім дзейнічала сэмінарыя для дзяцей зьбяднелай шляхты, друкарня і тэатар[1]. У 1682 годзе адкрыўся калегіюм, уводзіліся курсы філязофіі і маральнай тэалёгіі[2].

У 1716 годзе на сродкі кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла, якое завяршылася ў асноўным да 1731 году. Кіраваў працамі італьянскі дойлід К. Англіяніні, аўтар алтара сьвятыні і выкладнік тэорыі архітэктуры ў калегіюме[3]. Асьвячэньне касьцёла адбылося ў 1751 годзе па аздабленьні інтэр’еру.

Плян комплексу, 1841

Мураваныя будынкі калегіюму ўзводзіліся ў 1691—1714 і 1737—1755 гадох. Яны значна пацярпелі ад пажараў у 1757 і 1762 гадах[2]. Аднаўленьне калегіюму вялося да 1799 году, у выніку чаго ён набыў рысы пераходнага стылю ад барока да клясыцызму.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект перабудовы касьцёла

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) касьцёл і калегіюм працягвалі дзейнічаць. У 1820 годзе расейскія ўлады ліквідавалі ордэн езуітаў. У 1822—1839 гадох будынкі займалі базыляны (уніяты). Па забароне Грэцка-Каталіцкай Царквы, у 1843 годзе ўлады перадалі комплекс Маскоўскаму патрыярхату, а касьцёл Сьвятога Язэпа перабудавалі і пераасьвяцілі ў сабор Сьвятога Мікалая (у гонар расейскага імпэратара). Зьявіўся праект замены фігурных завяршэньняў вежаў і цэнтральнага купала з «заломам», бачных на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст., на паўсфэрычныя купалы, а над гадзіньнікавай вежай мусіў зьявіцца высокі ампірны шпіль. Аднак праект не ажыцьцявілі.

Праект перабудовы калегіюму

У 1872 годзе ў час капітальнага рамонту комплексу вежу калегіюму цалкам разабралі, а вежы касьцёла перабудавалі ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неаднаразовыя перабудовы значна зьмянілі аўтэнтычны выгляд помніка, аднак яго значэньне ў арганізацыі прасторы і сылюэтнай панарамы цэнтру Віцебску як і раней заставалася істотным. Разам з комплексам бэрнардынскага кляштару калегіюм езуітаў ствараў адзіны архітэктурны ансамбль — нібы люстэркавую сымэтрыю Рынку і зьбегу вуліцаў Вялікай, Задунаўскай і Замкавай. Аднак у 1956 годзе (паводле іншых зьвестак у 1957[2]) бальшавікі зьнішчылі абодва кляштарныя комплексы з мэтай «упарадкаваньня і рэканструкцыі» цэнтру места[4].

У наш час улады Віцебску зьбіраюцца адбудаваць колішні езуіцкі комплекс з далейшай перадачай будынкаў Маскоўскаму патрыярхату. Плянуецца, што аднаўленьне сьвятыні адбудзецца не ў пачатковым барокавым выглядзе, а з пазьнейшымі маскоўскімі перабудовамі (залатыя купалы-цыбуліны над вежамі і барабанам, зьнявечаны франтон галоўнага фасаду і інш.).

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак школы

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — помнік архітэктуры позьняга барока. Гэты была 2-вежавая 3-нэфавая базыліка з паўкруглай апсыдай і бакавымі закрысьціямі. Над асноўным аб’ёмам узвышаўся магутны 8-гранны сьветлавы барабан, які завяршаўся высокім ліхтаром[3]. 2-ярусны галоўны фасад завяршаў плястычна выгнуты франтон, з бакоў фасаду ўзвышаліся 2-ярусныя 8-гранныя вежы (па перабудове пад царкву Маскоўскага патрыярхату набылі завяршэньні ў выглядзе купалоў-цыбулінаў з макаўкамі). Аналягічныя галоўнаму фігурныя франтоны завяршалі крылы трансэпту. Другі ярус галоўнага фасаду падзяляўся аркавымі аконнымі праёмамі ў плястычных ліштвах і пілястрамі, перадапошні ярус вежаў — аркавымі прасьветамі-званамі. Пад будынкам была скляпеністая крыпта[5].

Калегіюм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фасад П-падобнага 2-павярховага корпусу калегіюму, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы вуліцы Вялікай, побач з касьцёлам, падзяляўся сымэтрычным ўваходным аб’ёмам, які завяршаўся 3-яруснай вежай з гадзіньнікам (у 1872 годзе пры капітальным рамонце гэтую вежу цалкам разабралі).

Будынак меў калідорны плян. На 1-м паверсе разьмяшчаліся пакоі навучэнцаў, архіў, рэфэктар з кухняй, на 2-м — кельлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе — гаспадарчыя службы. Памяшканьні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеньнямі, а залі рэфэктару і капліцы над ім — люстэркавымі скляпеньнямі з падугамі (найбольш пашыраны тып скляпеньня пэрыяду барокавага клясыцызму)[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да перабудовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па перабудове[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншыя варыянты імя Сьвятога: Юзэф, Ёсіф

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 167.
  2. ^ а б в Пазднякоў В. Віцебскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 454.
  3. ^ а б Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 171.
  4. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 168.
  5. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 230.
  6. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 167—168.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў (Віцебск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў