Перайсьці да зьместу

Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў (Нясьвіж)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Касьцёл Божага Цела (Нясьвіж)»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў
Касьцёл Божага Цела
Касьцёл Божага Цела
Краіна Беларусь
Места Нясьвіж
Каардынаты 53°13′14.49″ пн. ш. 26°41′1.53″ у. д. / 53.2206917° пн. ш. 26.6837583° у. д. / 53.2206917; 26.6837583Каардынаты: 53°13′14.49″ пн. ш. 26°41′1.53″ у. д. / 53.2206917° пн. ш. 26.6837583° у. д. / 53.2206917; 26.6837583
Канфэсія Каталіцкая царква
Эпархія Менска-Магілёўская архідыяцэзія 
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Аўтар праекту Ян Марыя Бэрнардоні
Заснавальнік Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка»
Дата заснаваньня 1593
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сайт niasvizh-kasciol.by/ru/
Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў
Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў
Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў
Касьцёл Божага Цела і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Цела Божага і калегюім езуітаў — помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя ў Нясьвіжы. Знаходзіцца ў цэнтры Старога Места, на гістарычным Фарным пляцы[a]. Твор архітэктуры барока і рэнэсансу. Касьцёл дзее. У XIX стагодзьдзі ўлады Расейскай імпэрыі зруйнавалі рэнэсансавы будынак калегіюму, на падмурках якога збудавалі кашары дзеля расейскага войска. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Нясьвіскі Фарны касьцёл — першы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і другі ў Эўропе барокавы касьцёл, родавая пахавальня князёў Радзівілаў. Утварае адзіны ансамбль з Замкавай вежай, капліцай Булгарына і плябаніяй.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будаваньне мураванага касьцёла ў Нясьвіжы вялося ў 1584—1593 гадох італьянскім архітэктарам Янам Марыяй Бэрнардоні ў комплексе зь езуіцкім калегіюмам. Прататыпам касьцёла стала рымская базыліка Іль Джэзу, збудаваная ў 1584 годзе. Фундатарам комплексу выступіў Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка». У 1586 годзе пачалося будаваньне калегіюму, а ў 1599 годзе, як паведамляе хроніка, скончылі будаваць яго чацьвертую паўднёвую частку. 7 кастрычніка 1601 году папскі нунцыюш Клаўдыа Рангоні асьвяціў касьцёл. У 1611—1615 гадох на сродкі мясцовага шляхціца Андрэя Скарульскага ў касьцёле паставілі першы арган.

Каля 1705 году зь ініцыятывы Караля Станіслава Радзівіла пачаліся рамонтныя працы і рэканструкцыя касьцёла, якія завяршыліся за Міхалам Казімерам Радзівілам «Рыбанькам». У 1747 годзе ў двары касьцёла асобна паставілі капліцу Булгарына. У 1750—1760-я гады касьцёл з удзелам мастака Ксавэрыя Дамініка Гескага аздобілі фрэскамі.

У 1773 годзе з скасаваньнем ордэну езуітаў і закрыцьцём калегіюму, касьцёл стаў фарным (парафіяльным).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Калегіюм езуітаў, канец XVIII ст.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1830-я гады расейскія ўлады зруйнавалі будынак калегіюму дзеля пабудовы вайсковых кашараў.

Расейскія кашары на месцы калегіюму, пачатак XX ст.

У 1900—1902 гадох фрэскі на скляпеньнях, у вежы і купале адрэстаўраваў маляр Францішак Бруздовіч. У 1912 годзе ў будынку касьцёла ўсталявалі мэмарыяльную дошку з партрэтам паэта Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі).

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе касьцёл атрымаў пашкоджаньні, па вайне яго аднавілі парафіяне.

У пачатку 1990-х гадох праводзілася рэстаўрацыя карціны ў галоўным алтары. У 2016 годзе пры рэстаўрацыі фасада касьцёла на ім выявілі фрэскі[1].

Карціна «Таемная вячэра»

Помнік архітэктуры барока. Гэта 3-нэфавая купальная базыліка з адной апсыдай. Галоўны фасад мае 2-ярусную кампазыцыю з выяўленымі вэртыкальнымі і гарызантальнымі падзеламі. Вэртыкальныя падзелы ажыцьцяўляюцца пілястрамі, гарызантальныя — разьвітымі паясамі карнізаў. Першы ярус, які займае шырыню трох нэфаў, падзяляецца пілястрамі на пяць частак, бакавыя зь якіх вылучаюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі. Уваходны партал завяршаецца лучковым франтонам. Другі ярус займае шырыню цэнтральнага нэфу, падзяляецца пілястрамі на тры часткі, завяршаецца трыкутным франтонам зь люкарнай. Абодва ярусы кампазыцыйна аб’ядноўваюцца ўвагнутымі бакавымі прыбудовамі, аздабляюцца 4-аркавымі эксэдрамі з скульптурнымі выявамі Сьвятых Мікалая, Крыштапа, Ігнацыя Ляёлі, Францішка Ксавэрыя. На 8-гранным сьветлавым барабане ўзвышаецца гранёны купал, завершаны ліхтаром зь фігурным шлемам. На фасадзе знаходзіцца надпіс на лацінскай мове: «Пакланіся сьвятому храму твайму ў страху сваім».

Сярэдні падоўжны нэф перакрываецца цыліндрычнымі скляпеньнямі зь люнетамі, бакавыя нэфы, падзеленыя на квадраты, — крыжовымі скляпеньнямі. Шэсьць масіўных слупоў успрымаюць цяжар сьценаў сярэдняга нэфу. Ва ўнутранай аздобе ў большай ступені выкарыстоўваецца малярства і разьбярства, у меншай — сродкі архітэктурнай плястыкі.

Ансамбль росьпісаў касьцёла ёсьць прыкладам значнага выкарыстаньня кампазыцыйных схемаў Рубэнса. На скляпеньні прэзьбітэрыюму разьмяшчаецца фрэска «Апатэоз Каталіцкай царкве», у трансэпце — сцэны з жыцьця Маці Божай і Хрыста, «Ecce homo», «Ecce Mater», «Сьвятая Сям’я», «Салямон і царыца Саўская». На скляпеньнях цэнтральнага нэфу шэраг сюжэтных сцэнаў, прысьвечаных каталіцкім сакрамэнтам. У паўночным нэфе сцэна «Вяртаньне блуднага сына». У прасьценках сьветлавога барабана купала ў 2 ярусы выявы сьвятых на фоне архітэктурных кулісаў (магутных калёнаў з капітэлямі, нішамі і праёмамі). У кампазыцыі фрэсак картушы зь вершаванымі строфамі і спасылкамі на Біблію.

Галоўны алтар аздабляецца карцінай «Таемная вячэра» мастака Ксавэрыя Дамініка Гескі. У крылах трансэпта разьмяшчаюцца мармуровыя алтары Сьвятога Крыжа і Панны Марыі. У розныя часы фундаваліся шматлікія меншыя алтары: сьвятых Ігнацыя Ляёлі, Францішка Ксавэрыя, Станіслава Косткі, Барбары, Кацярыны, Фларыяна, Роха, Сэбастыяна ды іншыя.

Над уваходам — хоры з арганам. Парапэт хораў аздабляецца фрэскавымі росьпісамі з выявамі музычных інструмэнтаў ракайльным картушам у цэнтры.

Крыпта Радзівілаў

У інтэр’еры 4 мэмарыяльныя дошкі-надмагільлі: фундатара касьцёла Мікалая Крыштапа Радзівіла «Сіроткі», яго жонкі Альжбеты Яўхіміі зь Вішнявецкіх, іх двух сыноў — Мікалая і Крыштапа Мікалая. На пліце фундатара месьціцца яго барэльеф у адзеньні пілігрыма. Над барэльефам — лацінская сэнтэнцыя «Перад тварам сьмерці кожны ня рыцар, а толькі пілігрым-вандроўнік».

У падлозе прэзьбітэрыюму знаходзіцца ўваход у фамільную крыпту-пахавальню Радзівілаў. Першае пахаваньне датуецца 1616 годам, апошняе — 1936 годам, калі тут спачыў апошні ардынат Нясьвіжу Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце захоўваецца 70 саркафагаў, адзін зь іх — рытуальны, а таксама адна урна з прахам нашчадка нясьвіскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная зь Лёндану 8 чэрвеня 2000 году. Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода. Крыпта Радзівілаў — трэцяя колькасьцю дынастычных пахаваньняў у Эўропе пасьля Габсбургаў у Капуцынэркірхе і Бурбонаў у Сэн-Дэні.

Помнік архітэктуры рэнэсансу. Гэта быў П-падобны ў пляне будынак пад 2-схільнымі дахамі зь фігурнымі франтонамі на тарцах. Роўнічныя сьцены франтальнага фасада падзяляліся прастакутнымі і аркавымі аконнымі праёмамі, наверсе апярэзваліся фігурнымі атыкамі дробнага хвалепадобнага і арнамэнтальнага характару — дэкаратыўныя шчыты валютнай абмалёўкі, пілястравы дэкор, фігурныя фрызы, цэнтральная вежачка-эркер з курантамі і шатром з флюгерам. Бакавыя фасады мелі спрошчаны роўнічны разьвязак з рытмам прастакутных і аркавых аконных праёмаў.

Першы паверх — адкрытая галерэя-аркада з бакоў цэнтральнага скразнога праезду. Паўночны і паўднёвы карпусы мелі галерэйны плян, усходні — калідорны. На першым паверсе паўднёвай часткі разьмяшчаліся 4 школьныя класы, бібліятэка з друкарняй і асобны ўнутраны двор, у паўночнай частцы — 4 кельлі, кухня, камора і трапезная, якія мелі выхад у асобны абгароджаны глухой сьцянон двор. Усходняе тыльнае крыло мела калідорны плян і ўлучала кельлі, камору, гасьцёўню ды іншае. Да яго пэрпэндыкулярна далучалася крыло дзеля прыслугі, лябараторыі, аптэкі. Другі паверх адводзіўся пад кельлі манахаў, апартамэнты рэктара і капліцу. Інтэр’еры шэрагу памяшканьняў аздабляліся фрэскамі[2].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Гейсіка, 1
  1. ^ На фасадзе касьцёла Божага цела ў Нясьвіжы знайшлі старадаўнія фрэскі, Радыё Свабода, 7 сакавіка 2016 г.
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 267.

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Бажэнава, Вольга. Нясвіжскі касцёл Божага Цела / фота Дрыбас, Анатоль. — Менск: Беларусь, 2006. — 95 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0620-4
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Гаршкавоз В. Д. Да пытання аб мастацкіх асаблівасцях інтэр'ера фарнага касцёла г. Нясвіжа. / рэдактар С. В. Марцэлеў // Помнікі культуры: новыя адкрыцці : зборнік артыкулаў. — Менск: Навука і тэхніка, 1985. — С. 24—30.
  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 2: Другая палова XVI — канец XVIII стагоддзя / [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Я. М. Сахута] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1988. — 383 с. : іл. ISBN 5-343-00342-7 — С. 251—257.
  • Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска. Абраз. Партрэт / аўтар уступнага тэксту Н. Ф. Высоцкая ; складальнікі: Н. Ф. Высоцкая, Т. А. Карповіч; рэдкалегія: А. В. Аладава і інш. ; фота: Г. Ліхтаровіч і інш.. — Менск: Беларусь, 1980. — С. 8—10. — 315 с. — 50 000 ас.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  610Г000465