Гісторыя Ружанаў
Ружаны — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны, колішняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Сапегаў. Да нашага часу тут захаваліся руіны палацавага комплексу, вядзецца ягоная рэстаўрацыя.
XVI стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўспамін пра Ружаны (Ражаная) датаваны 1552 годам. Мясьціна ўваходзіла ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Тышкевічаў. Праз паселішча праходзіла так званая Вітаўтава дарога, што злучала Воршу зь Люблінам. Пазьней гэтая дарога завецца «гасьцінцам вялікім»[1].
З ускосных зьвестак вынікае, што ўжо ў XVI стагодзьдзі тут існавала вялікая жыдоўская грамада[2].
У 1598 канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп ад Барташа Брухнальскага, каб уладкаваць тут адну з галоўных рэзыдэнцыяў роду.
XVII стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 чэрвеня 1637 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць сьв. Казімера з крыжам і лілеяй у руках»[3]. Новыя ўласьнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 року падканцлер Казімер Леў Сапега прымаў у ім караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. За часамі Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 Віленская капітула, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, зьмясьціла ў палацы мошчы сьв. Казімера — нябеснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.
Станам на 1687 у Ружанах было 427 будынкаў і 2 рынкі; царква, касьцёл зь невялікім шпіталём, базыльянскі манастыр, кляштары дамініканцаў і кармэлітаў (1617, у 1850 разбураны), базыльянская школа, кафельны і цагляны заводы.
У вайну шляхты з Сапегамі ў 1698 мястэчка значна пацярпела.
Крывавая абмова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За некалькі дзён да Пасхі 1657 року ў жыдоўскім квартале быў знойдзены труп хрысьціянскага дзіцяці. Як сьцьвярджала абвінавачаньне, хлопчык стаў «ахвярай прагі жыдоў да крыві».
Намагаючыся спыніць хваляваньні, Сапегі паабяцалі, што падазраваныя будуць аддадзеныя пад суд. Тым ня меней, самасуд усё ж адбыўся, паводле аднае вэрсіі, з-за невыкананьня Сапегам абяцаньня, а паводле другое — падчас ягонай адсутнасьці ў мястэчку. У 1659 на сьвята Рош Га-Шана хрысьціянскія насельнікі атакавалі жыдоў падчас малітвы ў сынагозе і запатрабавалі выдаць двух ганаровых чальцоў суполкі. Былі выбраныя рэб Ізраэль, сын Шалома, і рэб Тобія, сын Ёсэфа. На наступны дзень яны былі забітыя, іхняя магіла знаходзіцца на ружанскіх могілках. Жыды-ўраджэнцы Ружанаў адзначаюць іхнюю памяць да гэтага часу запальваньнем зьнічак на другі дзень Рош Га-Шаны[4].
XVIII стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Паўночную вайну 1700—1721 мястэчка ізноў разбуранае, пацярпеў у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 року ў Ружанах спыняўся Карл XII.
За Аляксандрам Міхалам Сапегам мястэчка стала асяродкам вялікасьвецкага жыцьця для ўсіх вакольных земляў. Для замежных гасьцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, фаервэркі. Архітэктар Ян Самуэль Бэкер разбудаваў Ружанскі палац у позьнебарокавым стылі. Цягам 1765—1791 гадоў тут дзейнічаў адзін з найслыньнейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на год ладзіліся кірмашы. У 1784 годзе канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіліся цэнтрам воласьці Слонімскага павету Слонімскай, з 1797 Літоўскай, урэшце з 1801 — Гарадзенскай губэрняў.
XIX стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1812 року францускія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 годзе расейскія ўлады канфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладаньні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 разьмясьцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства.
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 каля Ружанаў адбыўся бой з расейскімі карнікамі. У 1875 року ў мястэчку ўсчаўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і зьнішчыў у тым ліку жыдоўскую сынагогу XVI стагодзьдзя[2].
У XIX стагодзьдзі ў мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 праваслаўныя царквы, школа, касьцёл. На 1897 год тут было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, народная вучэльня.
-
Палац, галоўны фасад
-
Палац, брама
-
Палац, тыльны фасад
-
Палац, бакавы фасад
XX стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Станам на 1910 у Ружанах дзейнічала Талмуд Тора, у 1914 было 26 прадпрыемстваў.
У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1914 пажар зьнішчыў галоўны корпус палаца.
У студзені 1919 году мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Ўладыслава Дамброўскага[5]. 7 чэрвеня 1919 году мястэчка ўвайшло ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[6]. У 1920—1921 дзейнічаў лягер для інтэрнаваных №18, дзе знаходзіліся жаўнеры 3 Данскога казацкага палку і цывільныя асобы (850—900 чалавек). Пасьля пераводу інтэрнаваных у Остраў-Камарова лягер быў зачынены[7].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва.
У 1939 годзе Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і зрабіліся цэнтрам раёну (з 1962 году ў Пружанскім раёне). У 1940 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бэтонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасьць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клюб, амбуляторыя, аптэка, кінатэатар, лазьня, пошта, тэлеграф.
У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Тут было створанае гета, насельнікі якога пасьля былі зьнішчаныя ў лягеры сьмерці Трэблінка. У 1944 годзе пажар зьнішчыў будынкі тэатру і манэжу палацавага комплексу.
-
Рынак, касьцёл
-
Рынак, царква
-
Палац, агульны выгляд
-
Палац, брама
-
Палац, фрагмэнт
-
Палац, фрагмэнт
-
Касьцёл Сьв. Казімера
-
Кляштар базылянаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Первые владельцы местечка «Рожаная» (рас.) Всё о Ружанах Праверана 29 лютага 2012 г.
- ^ а б Sokolovsky M. History of the City of Ruzhany // [1] / Edited by: Meir Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 7.
- ^ Ружаны(недаступная спасылка) // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Ruzhany According to the Jewish Encyclopedia // Rozana: a Memorial Book to the Jewish Community (Ruzhany, Belarus) / Edited by: M. Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 8-9.
- ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. ISBN 978-83-11-11934-5. — S. 52—53.
- ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
- ^ История Ружан (XX в.). 1900—1938 гг. (рас.) Всё о Ружанах Праверана 29 лютага 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Różana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 852—853.