Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 219-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 11 лістапада 1998 (26 гадоў таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 26 лістапада 1998 (26 гадоў таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 15 сьнежня 1998 (26 гадоў таму) |
Уступ у сілу | 6 лістапада 1999 (25 гадоў таму) |
Першая публікацыя | 6 лістапада 1999 (25 гадоў таму) Ведамасьці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, № 13-14, ст. 195[1] |
Гаспада́рчы працэсуа́льны ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб судаводзтве па гаспадарчых справах, які набыў моц у лістападзе 1999 году.
Паводле 2-га артыкула, вызначаў «правасудзьдзе ў галіне прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасьці», што вынікала «з грамадзянскіх, адміністрацыйных, зямельных, фінансавых і іншых публічных правадачыненьняў». На 2021 год налічваў 335 артыкулаў у складзе 4-х разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Вядзеньне ў судзе, які разглядае эканамічныя справы, першай інстанцыі»; 3) «Вядзеньне па пераглядзе судовых пастановаў»; 4) «Вядзеньне, зьвязанае з выкананьнем судовых пастановаў, іншых рашэньняў і актаў». Сярод іншага, Кодэкс улучаў Дадатак «Прэтэнзійны парадак урэгуляваньня спрэчкі» з 8 пунктаў. На 2021 год Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Беларусі дзейнічаў з 28-ю амаль штогадовымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, за выняткам 2000—2001, 2010, 2012 і 2015 гадоў[2]. 27 кастрычніка 2021 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 17 ліпеня 2020 г. № 50- З[3].
Агульныя палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы разьдзел Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу зьмяшчаў 158 артыкулаў, што складала 47 % артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 17 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Асноўныя прынцыпы судаводзтва»; 3) «Склад суду»; 4) «Адводы»; 5) «Кампэтэнцыя суду»; 6) «Асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, і іншыя ўдзельнікі гаспадарчага працэсу»; 7) «Прадстаўніцтва ў судзе»; 8) «Доказы і даказваньне абставінаў па справе»; 9) «Забесьпячэньне позвы»; 10) «Міравое пагадненьне»; 11) «Судовыя выдаткі»; 12) «Працэсуальныя тэрміны»; 13) «Судовая карэспандэнцыя»; 14) «Прыпыненьне вядзеньня па справе»; 15) «Спыненьне вядзеньня па справе»; 16) «Пакіданне позвавай заявы без разгляду»; 17) «Прымірэнчая працэдура ў судаводзтве». Найбольшай была 8-я глава з 30 артыкулаў (84—112) пра: доказы па справе і сродкі даказваньня, пісьмовыя доказы і вяртаньне сапраўдных дакумэнтаў, захоўваньне рэчавых доказаў; агляд і дасьледаваньне хуткапсавальных рэчавых доказаў, а таксама распараджэньне імі, у тым ліку ў судзе; гука- і відэазапіс, тлумачэньні ўдзельніц і ўдзельнікаў у справе, прызначэньне і парадак правядзеньня экспэртызы, высновы экспэрта; дадатковую і паўторную, комплексную і камісійную экспэртызу, кансультацыі адмыслоўца, вочную стаўку і парадак допыт сьведкі; заключэньні дзяржаўнага органу, органу мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, прадмет і абавязак даказваньня, падачу і выпатрабаваньне доказаў, агляд і дасьледаваньне доказаў у іх месцы знаходжаньня; адноснасьць і дапушчальнасьць доказаў, заяву аб падложнасьці доказу, падставы вызваленьня ад даказваньня і вызваленьне ад даказваньня прызнаных бакамі абставінаў справы, ацэнку і забесьпячэньне доказаў; прымяненьне тэхнічных сродкаў для замацаваньня доказаў і парадак выкананьня судовага даручэньня. Паводле 83-га артыкула, «да сродкаў даказваньня адносяцца: пісьмовыя і рэчавыя доказы; гука- і відэазапісы; тлумачэньні асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе; кансультацыі спэцыялістаў; заключэньні экспэртаў; паказаньні сьведкаў; заключэньні дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня». Таксама «ў якасьці доказаў дапускаюцца тлумачэньні асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе, і іншых удзельнікаў гаспадарчага працэсу, атрыманыя шляхам выкарыстаньня сыстэмаў відэа-канферэнц-сувязі»[2].
Згодна з 84-м артыкулам «пісьмовымі доказамі ёсьць акты, дамовы, даведкі, таварна-транспартныя накладныя, дзелавая карэспандэнцыя і агульнадаступная інфармацыя, запісаная літарамі або выкананая ў форме лічбавага і графічнага запісу, разьмешчаная ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт». Пры гэтым, «калі копіі дакумэнтаў пададзеныя ў суд, які разглядае эканамічныя справы, у электронным выглядзе, суд можа запатрабаваць падаць арыгіналы гэтых дакумэнтаў». Таксама «пісьмовыя доказы, выкананыя цалкам або часткова на замежнай мове, маюць суправаджацца належным чынам завераным перакладам на адну зь дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь». Урэшце ўдзельнік справы накіроўвае іншым удзельнікам копіі пісьмовых доказаў, якія падае ў суд. У 85-м артыкуле прадугледжвалася, што «арыгінальныя дакумэнты, якія ёсць у справе, паводле хадайніцтва асобаў, якія іх падалі, могуць быць ім вернутыя пасьля ўступленьня ў законную сілу судовай пастановы, якой заканчваецца разгляд справы». Згодна з 87-м артыкулам «усе рэчыўныя доказы маюць быць падрабязна апісаныя ў пратаколе агляду і апячатаныя, а пры патрэбе — зафіксаваныя на фота- ці відэастужцы». Паводле 88-га артыкула, пасьля безадкладнага агляду хуткапсавальныя «рэчыўныя доказы падлягаюць вяртаньню асобе, якая падала іх», або асобам, за якімі суд прызнаў права на гэтыя прадметы. Пры гэтым, агляд і дасьледаваньне хуткапсавальных рэчыўных доказаў праводзяцца судом з паведамленьнем удзельніцам і ўдзельнікам справе. Аднак іх няяўка ў выпадку належнага апавяшчэньня «не перашкаджае правядзеньню агляду і дасьледаваньня». У 90-м артыкуле вызначалася, што «асобы, якія падаюць гука- і відэазапіс на электронных або іншых носьбітах ці хадайнічаюць аб іх выпатрабаваньні, абавязаныя пазначыць, калі, кім і ў якіх умовах ажыцьцяўляўся запіс»[2].
Паводле 91-га артыкула, тлумачэньні ўдзельніц і ўдзельнікаў справы пра вядомыя ім значныя для справы абставіны «падлягаюць праверцы і ацэнцы нароўні зь іншымі доказамі». Суд мае права лічыць высьветленымі абставіны на падставе звестак, што паведамляюцца адным бокам, «калі іншы бок утрымлівае ў сябе доказы і не падае іх на патрабаваньні суду». Пры гэтым, «прызнаньне адным бокам абставінаў, на якіх іншы бок грунтуе свае патрабаваньні або пярэчаньні, вызваляе іншы бок ад абавязку далейшага іх даказваньня. Аб прызнаньні абставінаў робіцца запіс у пратаколе судовага паседжаньня. Калі прызнаньне абставінаў выказана ў пісьмовай заяве, яна дадаецца да матэрыялаў справы». Урэшце, суд «мае права лічыць прызнаны факт высьветленым, калі ў яго няма сумненьняў, што прызнаньне факта адпавядае абставінам справы і ня зьдзейсьнена пад уплывам падману, гвалту, пагрозы, памылкі або дзеля скрываньня ісьціны». Згодна зь 92-м артыкулам удзельніцы і ўдзельнікі справы маюць права падаць у суд «пытаньні, якія маюць быць растлумачаныя пры правядзеньні экспэртызы». Таксама, «калі бок па справе адмаўляецца ад удзелу ў правядзеньні экспэртызы або стварае перашкоды яе правядзеньню (не зьяўляецца на экспэртызу і не падае экспэртам патрэбных прадметаў дасьледаваньня), а з-за абставінаў справы без удзелу гэтага боку або без пададзеных ім прадметаў дасьледаваньня экспэртызу правесьці немагчыма», суд «у залежнасьці ад таго, які з бакоў адхіляецца ад экспэртызы і якое значэньне для яго яна мае, мае права прызнаць факт, для высьвятленьня якога экспэртыза прызначалася, вызначаным або абвергнутым». У 93-м артыкуле прадугледжвалася, што «пры правядзеньні экспэртызы па-за экспэртнай установай экспэрт запрашаецца на судовае паседжаньне, дзе суд, які разглядае эканамічныя справы, сьведчыць яго асобу і спэцыяльнасьць, высьвятляе, ці няма падставаў для яго адводу, растлумачвае экспэрту яго правы і абавязкі і пад расьпіску папярэджвае яго аб крымінальнай адказнасьці за даваньне яўна ілжывага заключэньня, за адмову або ўхіленьне без уважлівых прычынаў ад выкананьня ўскладзеных на яго абавязкаў»[2].
Згодна зь 94-м артыкулам «заключэнне экспэрта выкладаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца экспэртам, якому было даручана правядзеньне экспэртызы. У заключэньні экспэрта маюць быць пазначаныя:
- час і месца правядзеньня экспэртызы;
- асоба (прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адукацыя, спэцыяльнасьць і займаная пасада), якая праводзіла экспэртызу;
- падставы правядзеньня экспэртызы;
- узоры і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца экспэртам;
- падрабязнае апісаньне праведзеных дасьледаваньняў», пастаўленыя судом пытаньні і матываваныя адказы на іх;
- «высновы па выніках правядзеньня экспэртызы»[2].
Пры гэтым, «заключэньне экспэрта дасьледуецца на судовым паседжаньні і ацэньваецца нароўні зь іншымі доказамі», а таксама «чытаецца ўголас на судовым паседжаньні». Урэшце экспэрт абавязаны даць тлумачэньне пра заключэньне ў судзе і адказаць на пытаньні суда і ўдзельнікаў справы. «Адказы экспэрта на пытаньні заносяцца ў пратакол судовага паседжаньня». Паводле 95-га артыкула, у выпадку недастатковай яснасьці або непаўнаты заключэньня экспэрта суд «мае права прызначыць дадатковую экспэртызу, якую праводзіць той самы або іншы экспэрт». Пры гэтым, «паўторная экспэртыза праводзіцца ў выпадках, калі заключэньне экспэрта, які праводзіў першапачатковую экспэртызу, недастаткова абгрунтаванае, яго высновы выклікаюць сумненьні, пададзеныя экспэрту матэрыялы прызнаныя недакладнымі або ёсьць супярэчнасьці між заключэньнямі некалькіх экспэртаў, а таксама калі былі парушаныя правілы правядзеньня экспэртызы». У 96-м артыкуле прадугледжвалася, што «комплексная экспэртыза прызначаецца, калі зрабіць якую-небудзь выснову, што мае значэньне для справы, можна толькі шляхам правядзеньня некалькіх дасьледаваньняў з выкарыстаньнем розных галінаў ведаў або розных навуковых дысцыплінаў у межах адной галіны ведаў». Такая «экспертыза праводзіцца прынамсі 2-ма экспэртамі розных спэцыяльнасьцяў». Пагатоў, «кожны экспэрт праводзіць дасьледаваньне самастойна, нясе за яго адказнасьць і дае заключэньне ў межах сваёй кампэтэнцыі». Урэшце, «агульную выснову робяць экспэрты, кампэтэнтныя ў ацэнцы атрыманых вынікаў і фармуляваньні высновы. У выпадку ўзьнікненьня рознагалосьсяў між экспэртамі кожны зь іх дае асобнае заключэньне аб пытаньнях, якія выклікалі рознагалосьсе». Сярод іншага, «складаныя экспэртызы могуць праводзіць камісіі экспэртаў адной спэцыяльнасьці. Калі па выніках праведзеных дасьледаваньняў меркаваньні экспэртаў аб пастаўленых пытаньнях супадаюць, экспэрты складаюць адзінае заключэньне»[2].
Суд першай інстанцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі разьдзел Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу Беларусі ўлучаў 108 артыкулаў (159—266) у складзе 14 главаў: 1) «Падача позвы», 2) «Падрыхтоўка справы да судовага разбору», 3) «Судовы разбор», 4) «Рашэньне суду», 5) «Прысуд суда», 6) «Агульныя палажэньні аб асобных відах вядзеньня ў судзе 1-й інстанцыі», 7) «Загаднае вядзеньне», 8) «Вядзеньне па справах аб праверцы законнасьці ненарматыўных прававых актаў і дзеяньняў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, іншых органаў і службовых асобаў», 9) «Вядзеньне па заявах наглядных органаў аб усталяваньні прыпыненьня дзейнасьці і працягу прыпыненьня вытворчасьці», 10) «Вядзеньне па справах аб вяўленьні прававых фактаў», 11) «Вядзеньне па разглядзе гаспадарчых спрэчак і іншых справаў з удзелам замежных асобаў», 12) «Вядзеньне па справах аб прызнаньні і прывядзеньні ў выкананьне рашэньняў замежных судоў і замежных арбітражных рашэньняў», 13) «Вядзеньне па справах аб абскарджаньні рашэньняў міжнародных і беларускіх трацейскіх судоў ды аб выдачы ваканаўчага дакумэнта», 14) «Іншыя віды вядзеньня ў судзе 1-й інстанцыі». Найбольшай была чацьвертая глава з 22-х артыкулаў (190—211), якія вызначалі: прыняцьце рашэньня гаспадарчым судом і пытаньні, якія вырашаюцца пры яго прыняцьці; выкладаньне і зьмест рашэньня суду, рашэньні гаспадарчага суду аб спагнаньні грошай і прысуджэньні маёмасьці, аб прызнаньні неналежным для выкананьня выканаўчага дакумэнту і аб заключэньні ці зьмяненьні дамовы; рашэньні суду пра абавязак адказчыка выканаць дзеяньні, а таксама на карысьць некалькіх пазоўнікаў або супраць некалькіх адказчыкаў, рашэньні суду па справе аб прызнаньні несапраўдным ненарматыўнага прававога акту і аб выяўленьні прававых фактаў і скаргах на натарыяльныя дзеяньні або адмову ў іх зьдзяйсьненьні; абвяшчэньне, складаньне матывавальнай часткі, накіраваньне ўдзельнікам справы копіяў і ўступленьне ў законную сілу рашэньня гаспадарчага суду; падлеглыя безадкладнаму выкананьню рашэньні і прысуды гаспадарчага суду, забесьпячэньне выкананьня, абскарджаньне і выкананьне рашэньня суду; дадатковае рашэньне гаспадарчага суду і растлумачэньне яго рашэньня, адтэрміноўку і растэрміноўку выкананьня судовай пастановы, зьмяненьне спосабу і парадку яе выкананьня[2].
Паводле 190-га артыкула, рашэньне гаспадарчага суду «прымаецца імем Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым, гаспадарчы суд «абгрунтоўвае рашэньне толькі на тых доказах, якія былі дасьледаваныя на паседжаньні». Таксама суд «складае тэкст рашэньня, прымае і падпісвае рашэньне ў дарадчым пакоі ва ўмовах, якія забясьпечваюць захаваньне таямніцы нарады судзьдзяў. У дарадчым пакоі могуць знаходзіцца толькі судзьдзі, якія ўваходзяць у склад суду», які разглядае справу. Пры разглядзе справы калегіяльным складам суду «рашэньне прымаецца большасьцю галасоў судзьдзяў». Пры гэтым, судзьдзя «ня мае права паведамляць каму б там ні было зьвесткі аб зьмесьце абмеркаваньня пры прыняцьці рашэньня, аб пазыцыі асобных судзьдзяў, якія ўваходзяць у склад суду», і іншым спосабам раскрываць таямніцу нарады судзьдзяў. Згодна са 191-м артыкулам пры прыняцьці рашэньня гаспадарчы суд: 1) ацэньвае доказы; 2) вызначае, якія абставіны, што маюць значэнне для справы, выяўленыя і якія ня выяўленыя; 3) вырашае, на падставе якіх законаў або іншых нарматыўных прававых актаў падлягае вырашэньню дадзеная спрэчка; 4) высьвятляе правы і абавязкі асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе; 5) вырашае, падлягае позва задавальненьню або не падлягае; 6) разьмяркоўвае судовыя выдаткі. Таксама суд вырашае пытаньні аб скасаваньні або захаваньні дзеяньня захадаў для забесьпячэньня позвы, «аб забесьпячэнні выкананьня рашэньня і аб распараджэньні рэчавымі доказамі, якія знаходзяцца ў судзе». У 192-м артыкуле прадугледжвалася, што рашэньне гаспадарчага суду «выкладаецца ў выглядзе асобнага дакумэнта і мае быць напісана ад рукі або выканана з дапамогай тэхнічных сродкаў. У выпадках, калі матывавальная частка рашэньня складзеная не ў дарадчым пакоі, яна мае быць выкладзена ў выглядзе асобнага дакумэнта і ўтрымліваць указаньне на рашэньне, у дачыненьні да якога складзеная». Таксама ў рашжньні «маюць быць пазначаныя матывы яго прыняцьця. Рашэньне мае быць выкладзена на мове, зразумелай для асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе, і іншых асобаў». Урэшце, «у выпадку разгляду справы калегіяльным складам суду» яго рашэньне падпісваецца «ўсімі суддзямі, якія ўдзельнічалі ў прыняцьці рашэньня, у тым ліку судзьдзёй, які мае асобную думку»[2].
Згодна са 193-м артыкулам рашэньне гаспадарчага суду «складаецца з уводнай, апісальнай, матывавальнай і рэзалютыўнай частак». Матывавальная чатка рашэньня складаецца:
- «па справах аб эканамічнай неплатаздольнасьці;
- па справах аб прызнанmні несапраўдным ненарматыўнага прававога акта дзяржаўнага органe, органe мясцовага кіравання і самакіраванmня, які не адпавядае заканадаўству і якім парушаюцца правы і законныя зацікаўленасьці юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў;
- калі асобай, якая ўдзельнічае ў справе, ёсьць замежная асоба»;
- калі «рашэньне не падлягае абскарджаньню ў апэляцыйным парадку;
- у сувязі з абскарджаньнем рашэньня ў апэляцыйным парадку»;
- пры разглядзе справаў, накіраваных на новы разгляд гаспадарчым судом касацыйнай або нагляднай інстанцыі;
- па справах аб выяўленьні прававых фактаў: па позвах аб прызнаньні права, аб абароне дзелавой рэпутацыі, аб прызнаньні аспрэчванай зьдзелкі несапраўднай, аб выяўленьні факта нікчэмнасьці зьдзелкі, аб ліквідацыі юрыдычных асобаў і спыненьні дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў;
- паводле пісьмовай заявы ўдзельнікаў справы, якая можа быць пададзена да выдалення суда ў дарадчы пакой або на працягу 10 дзён з дня абвяшчэньня рашэньня[2].
У матывавальнай частцы рашэньня гаспадарчага суду пазначаюцца пазначаюцца:
- выяўленыя абставіны справы;
- доказы, на якіх заснаваныя высновы суду аб гэтых абставінах;
- довады, паводле якіх суд адхіляе доказы і не прымяняе заканадаўчыя і іншыя НПА, на якія спасылаліся ўдзельнікі справы;
- акты заканадаўства, якімі суд кіраваўся пры прыняцьці рашэньня[2].
Рэзалютыўная частка рашэння гаспадарчага суду мае ўтрымліваць высновы аб задавальненьні кожнага заяўленага патрабаваньня ў цэлым ці яго часткі або аб адмове ў задавальненьні. Таксама пазначаюцца зьвесткі аб разьмеркаваньні між удзельнікамі справы судовых выдаткаў, права на абскарджаньне і тэрмін абскарджання рашэньня. Урэшце ў рашэньні мае быць пазначана наконт прымяненьня закону і права паводле аналёгіі. Пры адсутнасьці ў рашэньні матывавальнай часткі апісальная частка мае ўтрымліваць пазначэньне выяўленых абставінаў справы і спасылкі на акты заканадаўства, якімі суд кіраваўся пры прыняцьці рашэння. Паводле 194-га артыкула, пры задавальненьні позвы аб спагнаньні грашовых сродкаў у рэзалютыўнай частцы рашэньня гаспадарчы суд «пазначае агульны памер належных да спагнаньня сумаў з асобным вызначэньнем асноўнай запазычанасьці, стратаў, адсоткаў і няўстойкі (штрафу, пені)». Пры прысуджэньні маёмасьці суд пазначае найменьне маёмасці, якая падлягае перадачы, яе кошт і месцазнаходжаньне. Пагатоў, пры прысуджэнні маёмасьці ў натуры суд пазначае «кошт маёмасьці, які мае быць спагнаны з адказчыка, калі пры выкананьні рашэньня прысуджаная маёмасьць не апынецца ў наяўнасьці». Згодна са 196-м артыкулам суд пазначае ў рэзалютыўнай частцы рашэньня па спрэчках пры заключэньні і зьмяненьні дамовы выснову «па кожнай спрэчнай умове дамовы, а па спрэчцы аб прымусе заключыць дамову пазначаюцца ўмовы, на якіх бакі абавязаныя яго заключыць»[2].
Перагляд судовых пастановаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 58 артыкулаў (267—324) у складзе 4-х главаў: 1) «Вядзеньне ў судзе апэляцыйнай інстанцыі», 2) «Вядзеньне ў судзе касацыйнай інстанцыі», 3) «Вядзеньне па пераглядзе судовых пастановаў у парадку нагляду», 4) «Перагляд набылых моц судовых пастановаў праз адкрытыя наноў абставіны». Найбольшай была трэцяя глава зь 19 артыкулаў (300—318) наконт: службоўцаў з правам прынясеньня пратэсту ў парадку нагляду, суду нагляднай інстанцыі, права падачы скаргі ў парадку нагляду, формы і зьместу такой скаргі; вяртаньня скаргі ў парадку нагляду і прыняцьця такой скаргі да разгляду, прыпыненьня выкананьня судовай пастановы і разгляду скаргі ў парадку нагляду, прынясеньня і зьместу прастэсту ў парадку нагляду; пакіданьня пратэсту ў парадку нагляду без разгляду, парадку і тэрмінаў разгляду пратэсту ў судзе нагляднай інстанцыі; межаў разгляду справы ў парадку нагляду, падставаў для зьмяненьня і адмены судовых пастаноў у парадку нагляду; паўнамоцтваў і абавязковасьці указаньняў суду нагляднай інстанцыі, а таксама парадку прыняцьця пастановы такім судом. Паводле 300-га артыкула, набылыя моц пастановы гаспадарчых судоў у Рэспубліцы Беларусь «могуць быць перагледжаныя ў парадку нагляду паводле пратэсту службовых асобаў». Пры гэтым, «скарга ў парадку нагляду на судовую пастанову можа быць пададзеная асобай, якая мае права прынясеньня пратэсту, у тэрмін, ня большы за 1 год з дня ўступлення ў законную сілу судовай пастановы». Згодна з 301-м артыкулам пратэсты ў парадку нагляду на пастановы гаспадарчых судоў маюць права прыносіць: старшыня Вярхоўнага суду і генэральны пракурор Беларусі, а таксама іх намесьнікі. У 302-м артыкуле прадугледжвалася, што судом нагляднай інстанцыі ў дачыненьні да пастановаў гаспадарчых судоў 1-й, апэляцыйнай і касацыйнай інстанцыяў ёсьць Прэзыдыюм Вярхоўнага суду Беларусі[2].
Паводле 303-га артыкула, «скаргу ў парадку нагляду маюць права падаць асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, а таксама асобы, чые правы і законныя зацікаўленасьці парушылі судовай пастановай, вынесенай па справе. Скарга ў парадку нагляду прымаецца да разгляду, калі заяўнікам вычарпаныя ўсе наяўныя сродкі прававой абароны ў судах, якія разглядаюць эканамічныя справы, апэляцыйнай і касацыйнай інстанцыяў, а таксама калі прычыны, паводле якіх не была пададзеная апэляцыйная або касацыйная скарга, прызнаныя ўважлівымі». Згодна з 308-м артыкулам «скарга ў парадку нагляду разглядаецца службовай асобай, якая мае права прынясеньня пратэсту ў парадку нагляду, у тэрмін ня большы за 2 месяцы з дня яе паступленьня ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь і Генэральную пракуратуру». У 313-м артыкуле вызначалася, што суд нагляднай інстанцыі правярае правільнасьць прымяненьня і тлумачэньня нормаў матэрыяльнага і працэсуальнага права гаспадарчымі судамі 1-й, апэляцыйнай і касацыйнай інстанцыяў на падставе матэрыялаў, якія ёсьць у справе. Паводле 318-га артыкула, «Пастанова Прэзыдыюму Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятай, калі на яго паседжаньні прысутнічала больш за палову сябраў Прэзыдыюму і за пастанову прагаласавала большасьць ад агульнай колькасьці прысутных. Старшыня на паседжаньні галасуе апошнім»[2].
Вядзеньне выкананьня судовых пастановаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чацьверты разьдзел Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу налічваў 11 артыкулаў (325—335) у складзе 2-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Паварот выкананьня судовай пастановы». Большай была першая глава з 6 артыкулаў (325—330), якія акрэсьлівалі: кампэтэнцыю гаспадарчых судоў наконт выкананьня судовых пастановаў і актаў, выдачу судом судовага загаду, у тым ліку некалькіх такіх загадаў па адной судовай пастанове; зьмест судовага загаду, растлумачэньне спосабу і парадку выкананьня судовага загаду і іншага выканаўчага дакумэнту, выдачу дублікату судовага загаду. Паводле 325-га артыкула, гаспадарчыя суды:
- выдаюць судовыя загады і іх дублікаты;
- вырашаюць пытаньне аб павароце выкананьня судовай пастановы;
- аднаўляюць прапушчаны тэрмін падачы выканаўчага дакумэнта да выкананьня;
- разглядаюць — а) хадайніцтвы аб адтэрміноўцы і растэрміноўцы выкананьня судовай пастановы, заявы аб часовым абмежаваньні права грамадзяніна, індывідуальнага прадпрымальніка (ІП) і службовай асобы юрыдычнай асобы, якія ёсьць даўжнікамі, на выезд з Рэспублікі Беларусь, кіраваньне мэханічнымі транспартнымі сродкамі і маторнымі маламернымі суднамі ды на паляваньне, у наведваньні гульнявых установаў, у тым ліку віртуальных, і ўдзеле ў азартных гульнях; б) прадстаўленьні судовага выканаўцы; в) скаргі на пастановы і дзеяньні судовага выканаўцы і кіраўніка органа прымусовага выкананьня[2].
Згодна з 326-м артыкулам судовы загад выдаецца на падставе пастаноў гаспадарчых судоў і рашэньняў беларускіх і міжнародных трацейскіх судоў, рашэньняў замежных судоў і трацейскіх пагадненьняў. У 327-м артыкуле згадвалася, што некалькі судовых загадаў выдаецца тады, «калі судовая пастанова прынятая на карысьць некалькіх пазоўнікаў або супраць некалькіх адказчыкаў або калі выкананьне мае быць праведзена на тэрыторыі, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі розных органаў прымусовага выкананьня». Пры гэтым, у кожным з судовых загадаў пазначаецца адпаведная частка судовай пастановы, якая падлягае выкананьню. Пагатоў, «пры субсыдыярнай адказнасьці аднаго з даўжнікоў судовы загад аб спагнаньні з субсыдыярнага даўжніка выдаецца пасьля падачы спагнаньнікам доказаў немагчымасьці спагнаньня ўсёй прысуджанай сумы з асноўнага даўжніка»[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 1999 г. № 238-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 28 траўня 2021 г. Праверана 19 лістапада 2021 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о А. Лукашэнка. Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 15 сьнежня 1998 г. № 219-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 27 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лістапада 2021 г.
- ^ Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 27 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лістапада 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. Лукашэнка. Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 15 сьнежня 1998 г. № 219-З (аўтапераклад) // Партал «Эталён-Анлайн», 14 студзеня 2021 г. Праверана 19 лістапада 2021 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |