Гіпатэрыёз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гіпатэрыёз
Азызласьць павекаў і невыразны твар пры цяжкім гіпатэрыёзе (2014 г.)
Азызласьць павекаў і невыразны твар пры цяжкім гіпатэрыёзе (2014 г.)
Сынонімы паніжаная шчытавідка, недастатковасьць шчытавіднай залозы
Спэцыяльнасьць эндакрыналёгія
Сымптомы зябкасьць, слабасьць, запоры, дэпрэсія
Ускладненьні прыдуркаватасьць, малакроўе
Звычайна праяўляецца пасьля 60 гадоў
Віды першасны, другасны
Прычыны недахоп ёду, запаленьне шчытавіднай залозы
Фактары рызыкі рэдкае ўжываньне марской рыбы
Мэтад дыягностыкі біяхімічны аналіз крыві
Прафіляктыка спажываньне ёдаванай солі і морапрадуктаў
Лекі леватыраксін натру
Частасьць 2% людзей (2017 г.)
Гіпатэрыёз у Вікісховішчы

Гіпатэрыёз (грэц. ὑπό + лац. thyreoidea — унізе + шчытавідная залоза) — паніжаны ўзровень гармонаў шчытападобнай залозы: трыёдтыраніну і тыраксіну (тэтраёдтыраніну).

Віды: першасны (парушэньне працы шчытавіднай залозы), другасны (зьніжэньне выпрацоўкі тырэатропнага гармону мазгавым прывескам, што ўплывае на працу шчытавіднай залозы). Выклікае зябкасьць і слабасьць, бо гармоны шчытападобнай залозы падтрымліваюць абмен рэчываў[1]. Найчасьцей хварэюць пажылыя людзі (7%)[2].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню хваробы спрыяе саленьне ежы ёдаванай сольлю напрыканцы гатаваньня, бо ёдыд калю разбураецца пры награваньні. Таксама пазьбегнуць недахопу ёду дапамагае ўжываньне марской рыбы і іншых морапрадуктаў, грэцкіх арэхаў і хурмы (штодня да 0,3 міліграму ёду). Карысна харчавацца ежай, багатай на амінакісьлю тыразін (3-4 грамы тыразіну штодня): гарбузовае насеньне, бананы, кунжут, мяса, рыба, мігдалы і малочныя вырабы. Для паўнавартаснай працы шчытападобнай залозы варта спажываць да 0,15 міліграму сэлену, які зьмяшчаюць: часнок, цыбуля, піўныя дрожджы, мяса, асабліва кураціна, морапрадукты і цэльнае збожжа. Зь іншага боку, варта абмяжоўваць спажываньне соі, бо тая зьмяшчае ізафлявоны (фітаэстрагены), якія замінаюць фэрмэнту шчытавіднай залозы — пэраксыдазе — акісьляць іёны ёду ў атамарны ёд. Таксама карысна абмежавана ўжываць крыжакветную гародніну (брокалі, гарчыца, кальрабі, рэпа, белакачанная, брусэльская і каляровая капуста, бручка), бо ў ёй зьмяшчаюцца гарчычныя алеі (ізатыяцыянаты), якія зьніжаюць пранікальнасьць мэмбранаў вузаў шчытападобнай залозы[1].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню хваробы спрыяе запаленьне шчытавіднай залозы, што парушае ўтварэньне яе тканкі і сынтэз гармонаў. Пажыцьцёвую немач выклікае апэратыўнае (хірургічнае) выдаленьне шчытавіднай залозы. Адмоўна ўплывае рэдкае ўжываньне марской рыбы і морапрадуктаў, і наадварот частае ўжываньне крыжакветнай гародніны (капусты). Таксама варта зважаць на расьліны, вырашчаныя на дзярновых і дзярнова-падзолістых глебах, бо тыя ня могуць накапліваць ёд[1]. Урэшце хваробу могуць выклікаць прыроджаная недаразьвітасьць шчытападобнай залозы і ўзьдзеяньне радыяактыўнага ёду[2].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плямістасьць скуры і адутлаватасьць твару пры гіпатэрыёзе (2014 г., ЗША)

Хвароба выяўляецца праз запаволенасьць, млявасьць і абыякавасьць. Твар губляе выразнасьць і становіцца адутлаватым. Голас становіцца нізкім і хрыплым. Маўленьне — запаволеным і блытаным. Становіцца цяжка вымаўляць словы. Захварэлы чалавек пастаянна мерзьне па прычыне зьніжэньня абмену рэчываў (часам на 35-40%) — вузавага дыханьня, за якое адказваюць гармоны шчытавіднай залозы. Адзначаюцца хуткая стамляльнасьць і слабасьць, запоры, перапады артэрыяльнага ціску, ацёкі канцавінаў, сухасьць скуры і выпадзеньне валасоў. Суправаджаецца зьніжэньнем памяці і разважлівасьці, дрымотнасьцю. Таксама ў 2/3 пацярпелых сустракаецца дэпрэсія, што выклікае павышаную раздражняльнасьць, плаксівасьць і трывожнасьць[1]. Урэшце разьвіваецца малакроўе і парэстэзія. Парушаецца слых і становіцца цяжка дыхаць праз нос. Хвароба ўскладняецца атлусьценьнем, атэрасклерозам і запавольваньнем сэрцабіцьця (брадыкардыя)[2].

Дыягностыка і лячэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для вызначэньня парушэньня працы шчытавіднай залозы робяць біяхімічны аналіз крыві, дзе ў зьвязаным стане знаходзіцца большая частка 2 гармонаў, якія выпрацоўвае шчытавідная залоза — трыёдтыранін (Т3) і тыразін (тэтраёдтыранін, Т4). Вымяраюцца свабодныя фракцыі гармонаў, якія ўплываюць на жыцьцядзейнасьць. Прыкметай хваробы ёсьць вынік, пры якім тыраксін складае менш за 0,8 нанаграм/дэцылітар (нг/дл), або 10 пікамоль/літар (пмоль/л). Для трыёдтыраніну такі паказьнік складае менш за 3 пікаграм/мілілітар (пг/мл). Для выяўленьня другаснага гіпатэрыёзу дасьледуюць узровень тырэатропнага гармону (ТТГ), які выпрацоўвае мазгавы прывесак. Пра хваробу сьведчыць паказьнік менш за 4 міліадзінкі дзеяньня/мілілітар (АД/мл)[1].

Пры выяўленьні хваробы лекары прызначаюць замяшчальнае лячэньне сынтэтычным гармонам шчытападобнай залозы (леватыраксінам натру) з улікам узроўню свабоднага тыраксіну і тырэатропнага гармону ў крыві[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Кацярына Вяргейчык-Лабецкая. Вераломны гіпатырэёз // Партал «Здаровыя людзі», 6 траўня 2018 г. Праверана 17 траўня 2018 г.
  2. ^ а б в Вольга Барташэвіч. І марская капуста ў дапамогу. 25 мая – Сусьветны дзень захворваньняў шчытападобнай залозы // Газэта «Ляхавіцкі весьнік», 24 траўня 2017 г. Праверана 21 траўня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]