Васіль Гурка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Гурка
8 траўня 186411 лютага 1937
Месца нараджэньня Царскае Сяло, Санкт-Пецярбурская губэрня, Расейская імпэрыя
Месца сьмерці Рым, Італія
Прыналежнасьць Расейская імпэрыя
Род войскаў коньніца
Гады службы 1885—1917
Званьне генэрал ад кавалерыі (1916)
Частка Гарадзенскі гусарскі полк (1885—1889 і 1893—1896, Варшава)
Камандаваў Усурыйская конная брыгада (1904), Забайкальская казачая брыгада (1905—1906), 1-я кавалерыйская дывізія (1911—1914), 6-ы армейскі корпус (1914—1915), 5-я армія (1915—1916), Асаблівая армія (1916), Заходні фронт (1917)
Бітвы/войны Расейска-японская вайна: бітва пад Ляоянам і бітва на рацэ Шахэ (1904), Мукдэнская бітва (1905); Першая сусьветная вайна: Усходне-Пруская апэрацыя (1914), Нарачанская апэрацыя (1916)
Узнагароды
Ордэн Сьвятога Георгія 3 ступені
Ордэн Сьвятога Георгія 3 ступені
Ордэн Сьвятога Ўладзімера II ступені
Ордэн Сьвятога Ўладзімера II ступені
Ордэн Сьвятой Ганны I ступені
Ордэн Сьвятой Ганны I ступені
Ордэн Сьвятога Станіслава I ступені
Ордэн Сьвятога Станіслава I ступені
Сувязі графіня Эмілія Камароўская (1911—1918 пам.), Соф'я Гурка (дзяв. Габрыэла Трар'ё-д'Эгмон, з 1930 году)

Васі́ль Ёсіфавіч Гу́рка (1864, Царскае Сяло, цяпер Пушкін у складзе Санкт-Пецярбурга — 1937, Рым, Італія) — расейскі вайскавод беларускага паходжаньня.

Увесну 1917 году ў Менску загадваў Заходнім фронтам расейскага войска ў ходзе Першай сусьветнай вайны. Генэрал ад кавалерыі (1916)[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Царскім Сяле Санкт-Пецярбурскай губэрні ў сям’і генэрал-фэльдмаршала Ёсіфа Гуркі. Паходзіў з патомным дваранаў Магілёўскай губэрні. У 1883 годзе скончыў Рышэльеўскую гімназію ў Адэсе (Хэрсонская губэрня). 31 жніўня 1883 году паступіў у малодшую адмысловую клясу Пажаўскага корпусу ў Санкт-Пецярбургу, які скончыў 25 верасьня 1884 году камэр-пажам. 7 жніўня 1885 году стаў карнэтам у Гарадзенскім гусарскім палку лейб-гвардыі, што разьмяшчаўся ў Варшаве (Прывісьлінскі край). У 1889 годзе паступіў у Мікалаеўскую акадэмію Генэральнага штаба ў Санкт-Пецярбургу. У 1892 годзе скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба па 1-м разрадзе. Пасьля выпуску стаў обэр-афіцэрам па даручэньнях пры загадніку Варшаўскай вайсковай акругі. У лістападзе 1892 году заняў пасаду старэйшага ад'ютанта па страявой частцы штаба 8-й пяхотнай дывізіі, што месьцілася ў месьце Пултуску Варшаўскай губэрні. 1 лістапада 1893 году пачаў загадваць 1-м эскадронам Гарадзенскага гусарскага палка. 9 жніўня 1896 году ў званьні падпалкоўніка стаў штаб-афіцэрам для асаблівых даручэньняў пры загадніку Варшаўскай вайсковай акругі. У 1899—1900 гадах быў вайсковым агентам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Аранжавай Свабоднай дзяржаве падчас 2-й ангельска-бурскай вайны. 7 жніўня 1900 атрыманьне званьне палкоўніка. У 1899—1900 гадах працаваў у канцылярыі Вайскова-ўліковага камітэту Вайсковага міністэрства Расейскай імпэрыі. 1 студзеня 1900 году атрымаў ордэн сьвятога Ўладзімера 4-й ступені. У красавіку—лістападзе 1901 году быў вайсковым агентам у Нямецкай імпэрыі.

Войны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 1904 году ў сувязі з пачаткам Расейска-японскай вайны стаў штаб-афіцэрам для даручэньняў пры генэрал-кватэрмайстры Манчжурскай арміі(ru), што разьмяшчалася ў Ляояне (Кітай). Да траўня быў начальнікам штаба 1-га Сыбірскага армейскага корпуса. 1—2 (14—15) чэрвеня 1904 году падчас бою пад Вафангоў быў памагатым камандзіра корпуса Георгія Штакельбэрга. З канца чэрвеня загадваў вайсковай цэнзурай пры штабе арміі. 20 ліпеня 1904 году заняў пасаду начальніка Ўсурыйскай коннай брыгады ў Нікольск-Усурыйску (Прыморская вобласьць) і коньніцы Паўднёвага атрада. Прыкрываў адступленьне Паўднёвага атрада да Ляояна. 24 жніўня — 3 верасьня ў бітве пад Ляоянам ахоўваў левы флянг і 6-вёрставы адцінак між 1-м і 3-м Сыбірскім карпусамі. 5—17 кастрычніка 1904 году падчас бітвы на рацэ Шахэ ў якасьці начальніка штаба 1-га Сыбірскага корпуса заняў Пуцілаўскую сопку. У лістападзе ўзначаліў штаб Цынхічэнскага атрада Паўла Рэнэнкампфа, які 19 лютага — 10 сакавіка 1905 году ўдзельнічаў у Мукдэнскай бітве. Ад 25 сакавіка 1905 году да 20 красавіка 1906-га — начальнік Забайкальскай казачай брыгады. З красавіка 1906 году — начальнік 2-й брыгады 4-й кавалерыйскай дывізіі. У 1906—1911 гадах — старшыня Вайскова-гістарычнай камісіі па апісаньні Расейска-японскай вайны. У 1911 годзе пабраўся 1-м шлюбам з аўдавелай у 1901 годзе графіняй Эміліяй Камароўскай (1860—1918, Парыж).

Васіль Гурка (1912 год)

12 сакавіка 1911 году стаў загадваць 1-й кавалерыйскай дывізіяй, разьмешчанай у Маскве. На пачатку Першай сусьветнай вайны ў 1914 годзе дывізію перамясьцілі на Паўночна-Заходні фронт у Сувалкі. 17 жніўня — 15 верасьня дывізія ўдзельнічала ва Ўсходне-Прускай апэрацыі. 9 лістапада 1914 году ўзначаліў 6-ы армейскі корпус, які ў чэрвені 1915 году перадалі 11-й арміі Зьмітра Шчарбачова на Паўднёва-Заходні фронт. У Галічыне сіламі 6-га і 22-га карпусоў разьбіў 2 нямецкія корпусы Аўгуста Макензэна ды ўзяў каля 12 000 ваеннапалонных. Да лістапада 1915 году яго 6-ы корпус сумесна зь 17-м правёў наступ на рацэ Серэт, у ходзе якога захапіў звыш 10 000 ваеннапалонных. 3 лістапада 1915 году атрымаў ордэн сьвятога Георгія 3-й ступені. 6 сьнежня стаў загадваць 5-й арміяй. 8—12 сакавіка 1916 году армія страціла 38 000 чалавек пры наступе ад Якабштата да Панявежы ў ходзе няўдалай Нарачанскай апэрацыі. 14 жніўня атрымаў пасаду камандзіра Асаблівай арміі, якая 17 верасьня трапіла пад удар нямецкай групы арміяў пад загадам Георга Марвіца. 19—22 верасьня Асаблівая армія сумесна з 8-й правяла 5-ю Ковельскую бітву, а пры канцы верасьня і 6-ю, якія апынуліся безвыніковымі. На 150-кілямэтровым адцінку арміі супрацьстаялі 23 нямецкія і аўстра-вугорскія дывізіі. Ад 11 лістапада 1916 да 17 лютага 1917 году быў начальнікам штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Скараціў лік батальёнаў у дывізіях з 16 да 12 і ўтварыў 60 дывізіяў 4-й чаргі. 19 студзеня — 7 лютага 1917 году ўдзельнічаў у Петраградзкай канфэрэнцыі Антанты. 31 сакавіка ў Менску стаў загадваць войскамі Заходняга фронту. 15 траўня падаў заяву старшыні Часовага ўраду Расеі Аляксандру Керанскаму пра зьняцьцё зь сябе адказнасьці «за шчаснае вядзеньне справы» пасьля зацьвярджэньня Загаду аб увядзеньні Палажэньняў аб асноўных правах вайскоўцаў ад 11 траўня. 22 траўня Часовы ўрад ухваліў Указ аб яго зьняцьці з пасады.

Высылка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1917 году Часовы ўрад зацьвердзіў Пастанову аб яго зьняволеньні на месяц у Трубяцкім бастыёне Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Петраградзе. 8 верасьня яму абвясьцілі высылку ў Фінляндыю, але празь немагчымасьць яго паўторна арыштавалі. Праз тыдзень яму дазволілі адплыць праз Архангельск у Ангельшчыну, куды прыбыў 15 кастрычніка. У 1924 годзе ўступіў у Расейскі агульнаваярскі саюз (РАВС) і ўзначаліў Саюз інвалідаў. З 1929 году друкаваўся ў парыскім часопісе РАВС «Вартаўнік». Пабраўся 2-м шлюбам з францужанкай Габрыэлай Трар’ё-д’Эгмон, якая ў праваслаўі ўзяла імя Соф’я Гурка (1900—1981, Рабат, Марока). У шлюбе нарадзіліся 2 дачкі: Марыя Гурка (1931, Парыж — 2014, Касаблянка, Марока), якая з 1961 году жыла ў Касаблянцы, бо пераехала ў 1946 годзе ў Марока з маці; Кацярына Гурка (1935, Бэльгія — 2013, Парыж), якая ў 1983 годзе прыняла манаскі пострыг пад імем Марыя ад заходнеэўрапейскага экзарха Філарэта (Вахрамеева). Пераехаў жыць у Італію. Пахаваны ў Рыме на могіках Тэстача (1937).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вячаслаў Бандарэнка. Дзіўны выбар // Зьвязда : газэта. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 4. — ISSN 1990-763x.