Перайсьці да зьместу

Касаблянка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Касаблянка
Населены пункт
Герб
Краіна
Рэгіён Касаблянка-Сэтат
Кіраўніцтва і ўлада
Кіраўнік адміністрацыі Набіла Рмілі[d]
Геаграфія
Плошча
Вышыня НУМ 115 м
Каардынаты 33°32′ пн. ш. 7°35′ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Афіцыйная мова арабская мова і Standard Moroccan Tamazight[d]
Этнахаронімы Casablancan, Casablancaise[4], Casablancais[4], casablanqués і casablanquesa
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 22 і 21
Паштовы індэкс 20000–20200
Сайт casablancacity.ma/… (фр.)
Касаблянка на мапе Марока
Касаблянка
Касаблянка
Касаблянка

Касабля́нка (па-арабску: الدار البيضاء) — горад у заходнім Марока, самы населены ў краіне. Гэты найбуйнейшы ў Марока порт стаіць на беразе Атлянтычнага акіяна, непадалёк ад сталіцы Рабату. Колькасьць насельніцтва ацэньваецца ў блізу 3,22 мільёнаў чалавек. Гэта значны фінансавы цэнтар краіны. Фондавая біржа Касаблянкі займае трэці радок у Афрыцы паводле рынкавай капіталізацыі[7]. Буйныя мараканскія кампаніі, а таксама многія з найбуйнейшых амэрыканскіх і эўрапейскіх кампаніяў, якія працуюць у краіне, маюць свае прадстаўніцтвы і прамысловыя аб’екты ў Касаблянцы. У Касаблянцы месьціцца галоўная вайскова-марская база Каралеўскага мараканскага флёту.

Анфа на старажытнай выяве.

Тэрыторыя, дзе сёньня стаіць горад, здаўна была заселеная бэрбэрамі[5]. Да XV стагодзьдзя паселішча на месцы сучаснай Касаблянкі, якое згадваў Леў Афрыканскі і Ібн Хальдун, называлася Анфа. У пачатку XV стагодзьдзя места мела незалежнасьць, дзе знайшлі для сябе бясьпечную гавань піраты. У выніку партугальцы ў 1468 годзе зьнішчылі горад[6]. Новае места, якой узьнікла на гэтым месцы, атрымала ад партугальцаў назву Каса-Бранка, што па-партугальску азначае «белы дом». Горад быў канчаткова быў адноўлены паміж 1756 і 1790 гадамі султанам Магамэдам бэн Абдалом. У XIX стагодзьдзі насельніцтва места пачало павялічвацца, бо горад стаў буйным пастаўніком воўны для тэкстыльнай прамысловасьці Вялікабрытаніі. У выніку пашырэньня суднаходзтва паміж местам і Брытанскімі астравамі ў Марока была імпартаваная гарбата, які мараканцы запарвалі поруч зь мятай, што стварыла сучасны нацыянальны напой Марока[7]. Да 1860-х гадоў у месьце налічвалася ўсяго каля 5000 жыхароў, але да канца 1880-х гадоў насельніцтва павялічылася ў два разы[8]. Касаблянка заставалася невялікім портам цягам некалькіх гадоў па францускім уварваньні і прыбыцьця францускіх калянізатараў у 1906 годзе. Да 1921 года колькасьць жыхароў узрасла да 110 тысяч чалавек[9], галоўным чынам за кошт зьяўленьня трушчобаў.

Сядзіба, пабудаваная адмыслова для Юбэра Льютэ.

Францускі кантроль над Касаблянкай быў афіцыйна зацьверджаны ў сакавіку 1912 году, калі паводле Фэскага дагавору быў створаны францускі пратэктарат[10]. У самым пачатку XX стагодзьдзя Рабат быў зроблены адміністрацыйнай сталіцай краіны, а Касаблянка была пераўтвораная на ейны эканамічны цэнтар[11]. Генэрал Юбэр Льютэ даручыў плянаваньне новага каляніяльнага партовага гораду Анры Просту. Як і ў іншых мараканскіх гарадах, Прост распрацаваў эўрапейскія новыя кварталы па-за межамі старажытных сьценаў. У той час эўрапейцы складалі амаль палову насельніцтва Касаблянкі[12]. Пасьля таго, як Філіп Петэн узгодніў перамір’е з нацыстамі, ён загадаў францускім войскам у калёніях абараняць тэрыторыю Францыі ад любых агрэсараў, якія ўжывалі палітыку «асымэтрычнага нэўтралітэту»[13]. Францускія каляністы ў Марока агулам падтрымлівалі Петэна, у той час як мараканцы схільныя былі да дэ Голя і хаўрусьнікаў[14]. Апэрацыя «Факел», якая пачалася 8 лістапада 1942 года, была брытанска-амэрыканскім уварваньнем у францускую Паўночную Афрыку ў час Паўночнаафрыканскай кампаніі Другой сусьветнай вайны. Заходняя апэратыўная група, якая складалася з войскаў ЗША, накіравалася ў Мэгдыю, Фэдгалу і Асьфі. Амэрыканскія войскі захапілі Касаблянку, але марская бітва пры Касаблянцы яшчэ трывала некаторы час, пакуль не была зьнішчаны нямецкі падводны човен 16 лістапада 1942 году[15].

У студзені 1943 году ў Касаблянцы адбылася канфэрэнцыя, дзе прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль і прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт абмеркавалі хаду вайны. На сустрэчы таксама прысутнічалі генэралы Вольнай Францыі Шарль дэ Голь і Анры Жыро, хоць яны адыгралі нязначную ролю і ня бралі ўдзелу ў ваенным плянаваньні. Менавіта на гэтай канфэрэнцыі хаўрусьнікі ўхвалілі дактрыну «безумоўнай капітуляцыі», што азначала, што зь дзяржавамі Восі будуць змагацца да іхняй паразы. Рузвэлт таксама прыватна сустрэўся з султанам Мугамадам V і выказаў сваю падтрымку незалежнасьці Марока па вайне[16]. Гэта стала паваротным момантам, бо мараканскія нацыяналісты наважыліся адкрыта імкнуцца да поўнай незалежнасьці[16]. Марока атрымала незалежнасьць ад Францыі ў 1956 годзе, пасьля чаго адбыліся значныя гарадзкія пераўтварэньні і сацыяльна-эканамічныя зрухі[17].

Сучасны бізнэсовы цэнтар Касаблянкі.

Рэгіён Вялікай Касаблянкі ўважаецца за лякаматыў разьвіцьця мараканскай эканомікі. Тут сканцэнтраванае 32% вытворчых адзінак краіны і 56% прамысловай працы. У рэгіёне спажываецца 30% ад нацыянальнай вытворчасьці электраэнэргіі. З аб’ёмам экспарту ў 93 мільярды мараканскіх дыямаў рэгіён робіць унёсак у памеры 44% у агульную прамысловую вытворчасьць каралеўства. Блізу 33% нацыянальнага прамысловага экспарту ці 27 мільярдаў мараканскіх дыямаў у грашовым эквіваленце прыяпадае на Вялікую Касаблянку. Таксама гэта галоўны цэнтар банкаўскай справы ў Марока[18].

Адным з найважнейшых экспартных тавараў Касаблянкі ёсьць фасфаты. Іншыя галіны прамысловасьці ўлучаюць рыбалавецтва, вытворчасьць рыбных кансэрваў, нарыхтоўку лесу, вытворчасьць мэблі, будаўнічых матэрыялаў, шкла, тэкстылю, электронікі, тавары з апрацаванай скуры, харчовыя прадукты, сьпіртныя напоі, безалькагольныя напоі і цыгарэты[19]. На марскія парты Касаблянкі і Магамэдыі прыпадае палова ўсіх міжнародных камэрцыйных апэрацыяў у Марока. Касаблянка ўважаецца за важны фінансавы цэнтар краіны і Афрыкі.

Аўтобус у Касаблянцы.

У горадзе працуе трамвай, сетка якога ў 2024 годзе складалася з чатырох лініяў працягласьцю 74 км з 110 прыпынкамі[20][21][22]. У Касаблянцы таксама ўкаранёная сыстэма хуткаснага аўтобуснага транспарту. З 1970-х гадоў улады места плянавалі пабудаваць сыстэму мэтро, каб неяк разьвязаць праблемы затораў і дрэннай якасьці паветра[23][24]. Аднак у 2014 годзе гарадзкая рада прагаласавала за адмову ад праекту праз высокія выдаткі і пастанавіла наўзамен працягнуць пашырэньне ўжо дзейнай трамвайнай сыстэмы[25].

Транспартная кампанія Марока прапануе прыватныя міжгароднія аўтобусы з рознымі маршрутамі, якія абслугоўваюць найбольш вядомыя мараканскія гарады, а таксама шэраг эўрапейскіх гарадоў. Аўтобусы гэтай кампаніі адыходзяць з аўтобуснага вакзала на вуліцы Лява Афрыканскага ля Цэнтральнага рынку ў самым цэнтры гораду. Яшчэ адная кампанія, вядомая як Supratours, таксама прапануе аўтобусныя перавозкі з крыху больш нізкай цаною, але іхныя аўтобусы рушаць ад вакзала на вуліцы Віляд-Зіян[26]. Далей на той жа вуліцы ёсьць яшчэ адзін аўтобусны вакзал пад назвай Вілад-Зіян. Гэты вакзал ёсьць найбуйнейшым у краіне і штодня абслугоўвае больш за 800 аўтобусаў, арыентуючыся ў першую чаргу на бяднейшае насельніцтва Марока[27][28].

  1. archINFORM (ням.) — 1994.
  2. https://www.casainvest.ma/fr/casablanca-settat/provinces
  3. 2024 Moroccan census / пад рэд. High Commission for Planning — 7
  4. 1 2 http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  5. Casablanca. Jewishvirtuallibrary.org. Архіўная копія ад 17.07.2011 г.
  6. Guide to places of the world. — Reader’s Digest Association. — ISBN 9780276398261
  7.  Srhir, Khalid Ben Britain And Morocco During The Embassy Of John Drummond Hay, 1845–1886. — RoutledgeCurzon. — ISBN 978-0-7146-5432-4
  8. Pennel, CR (2003). «Morocco from Empire to Independence». Oneworld, Oxford. — С. 121.
  9. Pennel, CR (2003). «Morocco from Empire to Independence». Oneworld, Oxford. — С. 149.
  10.  Miller, Susan Gilson A history of modern Morocco. — New York: Cambridge University Press. — ISBN 978-1-139-62469-5
  11. Arabic in the city: issues in dialect contact and language variation. — London; New York: Routledge. — ISBN 978-0-415-77311-9
  12. Hourani, Albert A history of the Arab peoples. — Harvard University Press, 2002. — ISBN 0-674-01017-5
  13. Relations internationales Paris. — Société d’études historiques des relations internationales contemporaines. — С. 358.
  14.  Miller, Susan Gilson A history of modern Morocco. — New York: Cambridge University Press. — С. 142. — ISBN 9781139624695
  15. 1942: November 8–16: Naval Battle of Casablanca. U.S. Naval History and Heritage Command.
  16. 1 2  Miller, Susan Gilson A history of modern Morocco. — New York: Cambridge University Press. — С. 144. — ISBN 9781139624695
  17. Strava, C. (2021). «Precarious modernities: Assembling State, Space and Society on the Urban Margins in Morocco». Bloomsbury Publishing. — С. 3
  18. Les bonnes raisons d’investir à Casablanca. Casainvest.ma. Архіўная копія ад 22.07.2011 г.
  19. Casablanca, capitale economique du Maroc. Topbladi.com. Архіўная копія ад 28.11.2010 г.
  20. Casablanca tram contracts awarded. Railway Gazette. Архіўная копія ад 14.11.2011 г.
  21. Inauguration Officielle De La Ligne T2 Du Tramway De Casablanca Et De L’extension De La Ligne T1. Casa Transport SA (23.01.2019). Архіўная копія ад 04.02.2019 г.
  22. Boujnane, Imane. Transport en commun : voici le réseau du tramway et busway à Casablanca // Medias24
  23. Korso, Merouane (07.07.2014) Le métro fantôme de Casablanca disparaît de nouveau… au profit du Tramway. Maghreb Emergent. Архіўная копія ад 25.11.2015 г.
  24. Baldé, Assanatou (04.07.2014) Maroc: le métro de Casablanca tombe à l’eau…. Afrik.com. Архіўная копія ад 09.09.2018 г.
  25. Le tram, mais pas de métro aérien à Casablanca // Le Figaro, 03.07.2014 г. Архіўная копія ад 22.07.2018 г.
  26. Page d’accueil. www.supratours.ma. Архіўная копія ад 26.02.2020 г.
  27. Planet, Lonely Land transport in Casablanca. Lonely Planet. Архіўная копія ад 01.03.2020 г.
  28. مشاكل "محطة أولاد زيان" تشغل جماعة البيضاء. Hespress (22.09.2019). Архіўная копія ад 01.03.2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]