Патсдамская канфэрэнцыя
Патсдамская канфэрэнцыя адбылася ў Патсдаме ў палацы Цэцыліенгоф з 17 ліпеня па 2 жніўня 1945 году з удзелам кіраўнікоў трох найбуйнейшых дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусьветнай вайне з мэтай вызначыць далейшыя крокі пасьляваеннага ўладкаваньня Эўропы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта была трэцяя і апошняя сустрэча «вялікай тройкі» антыгітлераўскай кааліцыі. Першыя дзьве адбыліся ў канцы 1943 году ў Тэгеране (Іран) і ў пачатку 1945 году ў Ялце (Савецкі Саюз).
У канфэрэнцыі ўдзельнічалі кіраўнікі ўрадаў трох дзяржаваў — прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн (старшыняваў на ўсіх пасяджэньнях), старшыня Савету Народных Камісараў СССР і старшыня Дзяржаўнага Камітэту Абароны СССР І. В. Сталін і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль (падчас канфэрэнцыі пацярпеў паразу на выбарах, і ў Патсдам прыбыў яго пераемнік Клемэнт Этлі).
Разьмяшчэньне дэлегацыяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]36 з 176 памяшканьняў палацу былі адведзены для правядзеньня канфэрэнцыі. Дэлегацыі разьмяшчаліся не ў Цэцыліенгофе, а на вілах у Патсдамскім раёне Бабэльсбэрг — савецкая дэлегацыя разьмясьцілася на віле, якая раней належала генэралу Людэндорфу. Рабочым пакоем амэрыканцаў служыў былы салён кронпрынца, былы кабінэт кронпрынца служыў рабочым пакоем савецкай дэлегацыі.
Цяпер у палацы Цэцыліенгоф знаходзіцца гатэль і рэстарацыя, а таксама мэмарыяльны музэй Патсдамскай канфэрэнцыі.
Пастановы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтамі акупацыі Нямеччыны саюзьнікамі абвяшчаліся яе дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя, дэмакратызацыя, дэцэнтралізацыя і дэкартэлізацыя. Была таксама абвешчана мэта аб захаваньні адзінства Нямеччыны.
У адпаведнасьці з пагадненьнем аб кантрольным мэханізьме ў Нямеччыне вярхоўная ўлада ў гэтай краіне будзе ажыцьцяўляцца галоўнакамандуючымі ўзброеных сілаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Злучанага Каралеўства і Францускай рэспублікі, кожным ў сваёй зоне акупацыі, па інструкцыях сваіх адпаведных урадаў, а таксама сумесна па пытаньнях, якія закранаюць Нямеччыну ў цэлым, што дзейнічаюць у якасьці чальцоў кантрольнай рады.
Па пастанове Патсдамскай канфэрэнцыі ўсходнія межы Нямеччыны былі перанесены на захад да лініі Одэр-Найсэ, што скараціла яе тэрыторыю на 25% у параўнаньні з 1937 годам. Тэрыторыі на ўсход ад новай граніцы складаліся з Усходняй Прусіі, Сылезіі, Заходняй Прусіі, і дзьве траціны Памяраніі. Гэта ў асноўным сельскагаспадарчыя раёны, за выключэньнем Верхняй Сылезіі, якая зьяўлялася другім паводле велічыні цэнтрам нямецкай цяжкай прамысловасьці. Большая частка тэрыторыяў, адабраных ад Нямеччыны, увайшла ў склад Польшчы. У склад Савецкага Саюзу разам са сталіцай Кёнігсбэрг (які ў наступным годзе быў перайменаваны ў Калінінград) увайшла адна траціна Ўсходняй Прусіі, на тэрыторыі якой была створана Кёнігсбэрская (з сакавіка 1946 — Калінінградзкая) вобласьць РСФСР.
22—23 ліпеня Сталін і Молатаў прадставілі на канфэрэнцыі тэрытарыяльныя прэтэнзіі СССР да Турцыі і патрабаваньне адмысловага рэжыму для СССР у Чарнаморскіх пралівах. Гэтыя прэтэнзіі не былі падтрыманыя брытанскім і амэрыканскім бокам (хоць заключны пратакол канфэрэнцыі згадвае перагляд канвэнцыі Мантрэ з улікам меркаваньня турэцкага боку).
Былі прызначаны рэпарацыйныя плацяжы.
На Патсдамскай канфэрэнцыі Сталін пацьвердзіў сваё абавязацельства не пазьней за тры месяцы пасьля капітуляцыі Нямеччыны (датай чаго Сталін лічыў толькі 8 траўня) абвясьціць вайну Японіі. Ваюючыя зь Японіяй ЗША, Вялікабрытанія і Кітай таксама падпісалі Патсдамскую дэклярацыю (апублікавана 26 ліпеня), запатрабаваўшы ад Японіі безагаворачнай капітуляцыі. 8 жніўня (пасьля канфэрэнцыі) да дэклярацыі далучыўся СССР і абвясьціў Японіі вайну.
Па папярэдняй дамове Карэя апынулася падзелена на савецкую і амэрыканскую зоны акупацыі, хоць афіцыйна на пасяджэньнях карэйская пытаньне не ўзьнімалася.
Вострым пытаньнем, якая выклікала дыскусію, была праблема падзелу нямецкага флёту[1].
У завяршальны дзень канфэрэнцыі кіраўнікі дэлегацыяў прынялі асноватворныя пастановы па ўрэгуляваньні пасьляваенных пытаньняў, ухвалены 7 жніўня 1945 гады з пэўнымі агаворкамі Францыяй, не запрошанай на канфэрэнцыю.
У Патсдаме абазначыліся шматлікія супярэчнасьці паміж саюзьнікамі, якія прывялі неўзабаве да халоднай вайны.
Атамная зброя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напярэдадні канфэрэнцыі адбылося першае выпрабаваньне ядзернай зброі ў ЗША. 24 ліпеня 1945 ў Патсдаме Трумэн як бы «паміж іншым» паведаміў Сталіну, што ў ЗША «цяпер ёсьць зброя незвычайнай разбуральнай моцы». Па ўспамінах Чэрчыля, Сталін пасьміхнуўся, але ня стаў цікавіцца падрабязнасьцямі. З гэтага Трумэн і Чэрчыль зрабілі выснову, што Сталін нічога не зразумеў і ня ў курсе падзеяў. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі лічаць, што гэта была тонкая гульня Сталіна. У той жа вечар Сталін загадаў Молатаву перагаварыць з Курчатавым аб паскарэньні работ па распрацоўцы атамнай зброі.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- На Патсдамскую канфэрэнцыю спэццягнік дэлегацыі СССР быў дастаўлены ня паравозам, а цеплавознай цягай.
- Брытанская дэлегацыя прыбыла на самалёце, а дэлегацыя ЗША пераплыла Атлянтычны акіян на крэйсэры «Кўінсі» да ўзьбярэжжа Францыі, а адтуль дабралася да Бэрліну на самалёце прэзыдэнта ЗША «Сьвяшчэнная карова».
-
Памятная манэта РФ, 2000
-
Паштовая марка СССР, 1985
-
Паштовая марка Расеі, 1995
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Доклад специальной комиссии по выработке рекомендаций относительно распределения германского военно-морского и торгового флота. М.: Издательство политической литературы, 1984. (1945-07-31). Праверана 2013-04-10 г. Архіўная копія ад 2013-04-17 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Патсдамская канфэрэнцыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў