Перайсьці да зьместу

Барыс Кіт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Барыс Кіт

лац. Barys Kit
Барыс Кіт
Дата нараджэньня 24 сакавіка (6 красавіка) 1910
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1 лютага 2018(2018-02-01)[1] (107 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці пнэўманія
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак матэматык, хімік, фізык
Навуковая сфэра фізыка, матэматыка, астранаўтыка, хімія
Месца працы
Вядомы як канструктар ракетнай тэхнікі
Сябра ў Беларускае навуковае таварыства
Навуковы кіраўнік Антоні Зыгмунд

Бары́с Уладзі́меравіч Кіт (6 красавіка [ст. ст. 24 сакавіка] 1910, Пецярбург — 1 лютага 2018, Франкфурт-на-Майне) — беларускі і амэрыканскі грамадзкі дзяяч, настаўнік, матэматык, фізык, хімік. Доктар філязофскіх навук у галіне матэматыкі і гісторыі навукі.

Барыс Кіт, каля 1920 г.

Сям’я паходзіць зь вёскі Агароднікі Наваградзкага павету (цяпер Наваградзкі раён). У Петраградзе жылі на вуліцы Шамшава(ru)[3]. У 1918 зь Петраграду з бацькамі з эканамічных прычынаў вярнуўся на Наваградчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Наваградзкую беларускую гімназію (1928), фізычна-матэматычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту (1933).

Барыс Кіт, 1930-я гг.

Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, яе дырэктар у 1939. З восені 1939 стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Наваградку. Потым школьны інспэктар у Баранавіцкай вобласьці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.

У 1941 з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазьбегнуць арышту, некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладэчанскага раёну, адкуль была родам ягоная жонка і дзе пазьней настаўнічаў у мясцовай народнай школе[4]. У 1943 зладзіў настаўніцкія сэмінарыі ў Маладэчне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасьля закрыцьця гэтых навучальных установаў у 1944 Барыс Кіт арыштаваны гестапам, ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні А. Дасюкевіч і К. Касяк. У канцы вайны эміграваў у Нямеччыну, у 1945-48 вывучаў мэдыцыну ў Мюнхэнскім унівэрсытэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

З 1949 году жыў у ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але неўзабаве пераехаў у мястэчка Саўт-Рывэр, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амэрыканскі дапамогавы камітэт, які распачаў сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу. Барыс Кіт быў старшынём камітэту з 1949 па 1950. Пасьля пераяжджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня Часлава Найдзюка.

З 1972 году жыў у Нямеччыне, месцам свайго сталага жыхарства выбраў горад Франкфурт-на-Майне. Тут вярнуўся да пэдагагічнай працы.

Барыс Кіт зьяўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданьняў, кніг Майсея Сяднёва. У 1990-я гады наведваў Беларусь. Аўтар успамінаў.

Барыс Кіт у 105-гадовым веку ў доме састарэлых у Франкфурце-на-Майне

У апошні час жыў у Франкфурце-на-Майне ў доме для састарэлых.

Памёр 1 лютага 2018 году ў Франкфурце-на-Майне[5].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лос-Анджэлесе Барыс Кіт працаваў у фірме North American Aviation, дзе ажыцьцяўляліся касьмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было пасьпяховае дасьледаваньне якасьцяў вадкага вадароду як будучага касьмічнага паліва.

У 1958 Барыса Кіта запрасілі ў горад Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у аддзеле касманаўтыкі Міністэрства паветраных сілаў ЗША. Выконваў абавязкі экспэрта ў разьвіцьці міжнароднай касманаўтыкі, перадусім савецкай.

У 1960 з выхадам навукова-папулярнай кнігі «Дапаможнік па ракетных палівах» пачынаецца літаратурная дзейнасьць Барыса Кіта. У 1964 ён напісаў сваю другую кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі».

З 1963 Барыс Кіт працаваў у аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе дасьледвалі й будавалі спадарожнікі сувязі, што зьяўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амэрыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касьмічных караблёў.

Барыс Кіт выступаў з рэфэратамі, пісаў і публікаваў артыкулы, чытаў даклады на міжнародных кангрэсах па касманаўтыцы. Напрыканцы 1960-ых ён наведаў зь лекцыямі Японію, Індыю, Мэксыку, Гішпанію, Канаду, Ангельшчыну, Швэцыю, Фінляндыю, Нарвэгію, Нямеччыну й інш.

Па пераезьдзе ў Нямеччыну Барыс Кіт стаў прафэсарам Эўрапейскага аддзелу Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША) ў Франкфурце-на-Майне (яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Мэрылэндзкім унівэрсытэце). Тэмай доктарскай дысэртацыі ён выбраў жыцьцё і навуковую дзейнасьць польскага матэматыка Антоні Зыгмунда, свайго колішняга прафэсара ў Віленскім унівэрсытэце. Дысэртацыю «Антоні Зыгмунд, ягонае жыцьцё і фундуш у матэматыку XX стагодзьдзя» Барыс Кіт пасьпяхова абараніў у 1982 на вучонай радзе Рэгензбургскага ўнівэрсытэту і атрымаў за гэтую працу навуковае званьне доктара філязофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. У 1987 яму ўручылі дыплём заслужанага прафэсара, а ў 1990 — дыплём ганаровага прафэсара.

У 1991 яму быў уручаны дыплём акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт — сябра многіх навуковых таварыстваў сьвету.

Доктар філязофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, заслужаны прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, ганаровы доктар навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.

Найстарэйшы сябар Амэрыканскага таварыства астранаўтыкі, ганаровы сябар Брытанскага міжплянэтнага таварыства, чалец камітэту міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), уладальнік залатога мэдалю імя Обэрта, многіх прэстыжных міжнародных прэміяў.

Ганаровы грамадзянін Наваградку.

Васіль Быкаў назваў Барыса Кіта беларусам нумар адзін ва ўсім сьвеце[6].

  • Kit, Boris and Evered, Douglas S. Rocket Propellant Handbook. — 1st ed. — New York: The Macmillan Company, 1960.
Надмагільны крыж на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне

Барысу Кіту прысьвечаныя верш Вольгі Іпатавай «Настаўнік», чатырохрадкоўе Рыгора Барадуліна, дзьве кнігі беларускай пісьменьніцы Лідзіі Савік «Вяртаньне» і «Космас беларуса», карціна Анатоля Крывенкі «Барыс Кіт і Васіль Быкаў» і інш. творы.

Васіль Быкаў напісаў «Аповеды Барыса Кіта, расказаныя ім самім», дапамагаў Барысу Кіту пісаць біяграфію.

Рыгор Барадулін прысьвяціў Барысу Кіту чатырохрадкоўе, якое ўвайшло ў кнігу «Дуліна ад Барадуліна»:

Як ні сягне высока птах,
Ляцеціме ў гняздо наніз.
Зямля стаіць на трох кітах.
Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Імя Барыса Кіта закладзенае ў «капсуль часу» найлепшых навукоўцаў сусьветнай касманаўтыкі, умураваны ў сьцяну Капітолію ў Вашынгтоне.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]