Ісламскі банк разьвіцьця
Ісламскі банк разьвіцьця | |
араб. البنك الإسلامي للتنمية | |
Дзяржавы-ўдзельніцы (салатавым, 2021 год) | |
Абрэвіятура | ІБР |
---|---|
Дата ўтварэньня | 3 красавіка 1975 (49 гадоў таму) |
Тып | банк |
Юрыдычны статус | міжурадавая арганізацыя |
Мэта | гаспадарчае разьвіцьцё мусульманскіх супольнасьцяў у адпаведнасьці з шарыятам |
Штаб-кватэра | правінцыя Мэка, Джыда, акруга Нузла Яманія, 1-ы квартал, вул. Караля Халіда, д. 8111[1] |
Месцазнаходжаньне | Саудаўская Арабія |
Каардынаты | 21°28′32″ пн. ш. 39°12′7″ у. д. / 21.47556° пн. ш. 39.20194° у. д.Каардынаты: 21°28′32″ пн. ш. 39°12′7″ у. д. / 21.47556° пн. ш. 39.20194° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | 10 краінаў: Банглядэш, Інданэзія, Казахстан, Малайзія, Марока, Нігерыя, Сэнэгал, Турэччына, Уганда, Эгіпет (2022 год)[2] |
Сяброўства | 57 дзяржаваў (2022 год) |
Афіцыйныя мовы | арабская[3] |
Старшыня | Мухамэд Джасэр[4] |
Намесьнік па краінах | Мансур Мухтар |
Фінансавы дырэктар | Замір Ікбал[5] |
Кіроўны орган | Рада кіраўнікоў[6] |
Зьвязаныя кампаніі | Ісламская карпарацыя страхаваньня ўкладаньняў і экспартных пазыкаў, Ісламская карпарацыя разьвіцьця прыватнай галіны, Міжнародная ісламская карпарацыя фінансаваньня гандлю |
Бюджэт | ▼156,814 млн ісламскіх дынараў (2021 год)[7] |
Сайт | isdb.org |
Ісламскі банк разьвіцьця — міжурадавы банк, заснаваны ў красавіку 1975 году ў Джыдзе (Саудаўская Арабія).
На 2022 год налічваў 57 дзяржаваў-сябровак у 4-х частках сьвету, дзе пражывала 1/5 насельніцтва Зямлі. Меў падпісны капітал на 70 млрд даляраў ЗША і звыш 16 млрд даляраў абаротных сродкаў. Асноўныя прадстаўніцтвы працавалі Казахстане і Малайзіі, Марока і Сэнэгале. Краёвыя прадстаўніцтвы дзейнічалі ў Банглядэшы і Інданэзіі, Нігерыі і Турэччыне, а таксама ў Эгіпце[8]. У склад холдынгу ІБР уваходзілі: 1) Установа ІБР, заснаваная ў 1981 годзе, 2) Ісламская карпарацыя страхаваньня ўкладаньняў і экспартных пазыкаў, заснаваная ў 1994 годзе, 3) Ісламская карпарацыя разьвіцьця прыватнай галіны, утвораная ў лістападзе 1999 году, 4) Міжнародная ісламская карпарацыя фінансаваньня гандлю, утвораная ў 2006 годзе, 5) Сусьветная фундацыя ўтрыманьня, заснаваная ў 2001 годзе, 6) Фонд разьвіцьця ісламскай салідарнасьці, створаны ў 2007 годзе[9]. Паводле 53-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Ісламскага банку разьвіцьця», сродкі і ўласнасьць банку вызваляліся ад адбіраньня і ператрусу, як і яго архівы. Згодна зь 56-м артыкулам сродкі і ўласнасьць ІБР таксама вызвалілі ад ўсялякіх заканадаўчых абмежаваньняў. У 58-м артыкуле згадвалася вызваленьне ўсіх службоўцаў банку ад судовага перасьледу за службовую дзейнасьць. Паводле 59-га артыкула, ІБР таксама вызвалілі ад усіх мытаў і падаткаў, у тым ліку на дывідэнды і каштоўныя паперы. Тое самае тычылася заробкаў супрацоўнікаў банку[3].
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 2-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Ісламскага банку разьвіцьця» 1974 году, ІБР меў паўнамоцтвы:
- браць удзел у акцыйным капітале ўдалых прадпрыемстваў у краінах-сяброўках банку;
- укладаць у гаспадарча-грамадзкую інфраструктуру у краінах-сяброўках праз удзел у фінансаваньні;
- пазычаць прыватным і дзяржаўным удалым прадпрыемствам у краінах-сяброўках;
- заснаваць Фонд дапамогі мусульманскім супольнасьцям у староньніх краінах;
- распараджацца давернымі фондамі;
- прымаць уклады і зьбіраць сродкі;
- дапамагаць у прасоўваньні замежнага гандлю абсталяваньнем між краінамі-сяброўкамі банку;
- укладаць вольныя сродкі;
- аказваць тэхнічную дапамогу краінам-сяброўкам;
- пашыраць магчымасьці навучаньня пэрсаналу ў краінах-сяброўках;
- праводзіць дасьледаваньні магчымасьцяў гаспадарчай, фінансавай і банкаўскай дзейнасьці ў мусульманскіх краінах у адпаведнасьці з шарыятам;
- супрацоўнічаць з установамі, якія маюць падобныя задачы ў справе міжнароднай гаспадарчай супрацы[3].
Сяброўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год Ісламскі банк разьвіцьця налічваў 57 дзяржаваў-сябровак, якія бралі ўдзел у Арганізацыі ісламскай супрацы (Саудаўская Арабія). Сярод эўрапейскіх краінаў удзел брала Альбанія, а ў Паўднёвай Амэрыцы — Гаяна і Сурынам. Асноўную частку ўдзельнікаў складалі дзяржавы Азіі, найперш Паўднёва-Заходняй і Сярэдняй, а таксама Афрыкі, найперш Заходняй і Паўночнай. Больш за 1 % падпіскі на капітал ІБР мелі 14 дзяржаваў: 1) Саудаўская Арабія — 23,5 % (11,9 млрд даляраў ЗША), 2) Лібія — 9,4 % (4,8 млрд даляраў), 3) Іран — 8,3 % (4,2 млрд $), 4) Нігерыя — 7,7 % (3,9 млрд $), 5) Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 7,5 % (3,8 млрд $), 6) Катар — 7,2 % (3,6 млрд $), 7) Эгіпет — 7,1 % (3,6 млрд $), 8) Кувэйт — 6,9 % (3,5 млрд $), 9) Турэччына — 6,5 % (3,3 млрд $), 10) Альжыр — 2,5 % (1,3 млрд $), 11) Пакістан — 2,5 % (1,3 млрд $), 12) Інданэзія — 2,3 % (1,1 млрд $), 13) Малайзія — 1,6 % (823 млн $), 14) Банглядэш — 1 % (510 млн $)[10].
Паводле 3-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Ісламскага банку разьвіцьця», новых сябраў прымалі зь ліку ўрадаў-удзельнікаў Арганізацыі ісламскай супрацы пры падтрымцы большасьцю галасоў ад агульнага ліку ў Радзе кіраўнікоў, на якую прыпадала большасьць паёў ў капітале банку[3].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рада кіраўнікоў. Склікалася штогод. Складалася з кіраўніка і ягонага намесьніка ад кожнага ўраду-сябра. Правамоцная пры ўдзеле большасьці кіраўнікоў з прынамсі 2/3 вагі галасоў паводле долі паёў у капітале банку. Ухваляў пастановы большасьцю галасоў з улікам доляў у капітале. Кожны кіраўнік меў па 500 асноўных галасоў і па адным голасе за кожны пай, на які падпісаўся ягоны ўрад. Прымала новых сябраў і павялічвала статутны капітал банку. Упаўнаважвала на заключэньне пагадненьняў аб супрацы зь міжнароднымі арганізацыямі. Абірала старшыню 2/3 галасоў паводле доляў у капітале на 5 гадоў і выканаўчых дырэктараў банку. Вызначала заробкі і ўмовы працы старшыні і выканаўчых дырэктароў. Ухваляла гадавыя заявы аб балянсе і прыбытку пасьля справаздачы аўдытара. Вызначала запасы і разьмеркаваньне чыстага прыбытку, калі запасы перавышалі 25 % падпіснога капіталу.
- Рада выканаўчых дырэктараў. Складалася прынамсі зь 10 фінансістаў, якія не былі сябрамі Рады кіраўнікоў. Абіралася на 3 гады з правам перавыбраньня сябраў. Правамоцная пры ўдзеле большасьці выканаўчых дырэктараў з прынамсі 2/3 вагі галасоў паводле долі паёў у капітале банку. Ухваляў пастановы большасьцю галасоў з улікам доляў у капітале. Кожны выканаўчы дырэктар меў столькі галасоў, колькі за яго падалі пры абраньні. Ухваляла бюджэт банку і падаваў фінансавыя рахункі за год на ўхваленьне Радзе кіраўнікоў. Вяла справы банку ў адпаведнасьці з напрамкамі, ухваленымі Радай кіраўнікоў. Старшыня банку ўзначальваў Раду выканаўчых дырэктараў з правам голасу толькі пры роўнасьці пададзеных іншымі галасоў і прызначаў службоўцаў банку. На параду старшыні абірала ягоных намесьнікаў зь ліку грамадзянаў дзяржаўваў-сябровак, якія не былі кіраўнікамі і выканаўчымі дырэктарамі банку, як і сам старшыня[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12 жніўня 1974 году ў Джыдзе (Саудаўская Арабія) прадстаўнікі ўрадаў 25 дзяржаваў Азіі і Афрыкі падпісалі па-арабску, па-ангельску і па-француску Пагадненьне «Аб заснаваньні Ісламскага банку разьвіцьця». 24 жніўня 1974 году далучыўся ўрад Лібіі, а 21 кастрычніка — урад Бахрэйну. Паводле 68-га артыкула, Пагадненьне набыло моц пасьля яго ўхваленьня дзяржавамі з падпіскай на 500 (66 %) зь 750 млн ісламскіх дынараў статутнага капіталу ІБР. Згодна з 4-м артыкулам вартасьць ісламскага дынара адпавядала спэцыяльнаму праву запазычаньня ў Міжнародным валютным фондзе (ЗША). У самой дзейнасьці мелі выкарыстоўваць канвэртаваныя валюты. 3 красавіка 1975 году Ісламскі банк разьвіцьця пачаў сваю дзейнасьць. Першпачаткова найбольшыя долі паёў ІБР мелі: 1) Саудаўская Арабія — 200 млн дынараў (27 %), 2) Лібія — 125 млн (17 %), 3) Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 110 млн (15 %), 4) Кувэйт — 100 млн (13 %). Альжыр, Катар, Пакістан і Эгіпет мелі долі па 25 млн дынараў (3 %), Малайзія — 16 млн (2 %), Банглядэш, Судан і Турэччына — па 10 млн (1 %), Аман, Бахрэйн і Марока — па 5 млн, Ярданія — 4 млн. Паводле 5-га артыкула, найменшая падпіска на паі складала 2,5 млн дынараў, якую мелі астатнія 10 дзяржаваў: Гвінэя і (Паўночны) Емэн, Лібан і Малі, Маўрытанія і Нігер, Самалі і Сэнэгал, Туніс і Чад[3].
За 1975—1984 гады ІБР выдаў пазыкі на 4,4 млрд даляраў ЗША. У 2013—2022 гадох іх памер вырас да 81,5 млрд даляраў. За 1975—2022 гады ўклалі 165,6 млрд $, зь якіх 45 % — у краіны Азіі, 34 % — у краіны Паўночнай Афрыкі і 17 % — у краіны Чорнай Афрыкі на поўдзень ад пустыні Сахары. Пры гэтым, 63 % сродкаў атрымалі 10 краінаў: 1) Банглядэш — 14,4 %, 2) Эгіпет — 10,9%, 3) Пакістан — 9,1 %, 4) Турэччына — 7,3 %, 5) Марока — 4,1 %, 6) Іран — 3,7 %, 7) Інданэзія — 3,6 %, 8) Саудаўская Арабія — 3,3 %, 9) Туніс — 3,3 %, 10) Сэнэгал — 2,8 %. Больш за ўсё паводле галінаў уклалі ў: 1) энэргетыку — 68,2 млрд даляраў на 1427 пазыкаў, 2) прамысловасьць і здабычу — 24,5 млрд даляраў на 2272 пазыкі, 3) сельскую гаспадарку — 20,6 млрд даляраў на 1538 пазыкаў, 4) транспарт — 13,6 млрд даляраў на 541 пазыку, 5) фінансы — 13,6 млрд даляраў на 1549 пазыкаў, 6) водазабесьпячэньне — 7,8 млрд даляраў на 532 пазыкі, 7) ахову здароя — 5,8 млрд даляраў на 905 пазыкаў, 8) адукацыю — 5,4 млрд даляраў на 1936 пазыкаў, 9) нерухомасьць — 3 млрд даляраў на 60 пазыкаў, 10) сувязь — 1 млрд даляраў на 125 пазыкаў[11]. На канец 2021 году Ісламскі банк разьвіцьця меў 26,026 млрд ісламскіх дынараў сродкаў, зь якіх 63 % (16,278 млрд дынараў) прыпадала на праектныя сродкі, 32 % (8,237 млрд) — на скарбавыя сродкі і 5 % (1,358 млрд) — на ўкладаньні. Гэтыя сродкі забясьпечваліся на 63 % (16,482 млрд дынараў) за кошт абавязкаў і на 37 % (9,544 млрд) за кошт уласнага капіталу сябраў. У 2021 годзе даход банку скараціўся да 563 млн дынараў, а чысты прыбытак — да 107 млн[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьвесткі для сувязі (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Сядзібы (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ а б в г д е Пагадненьне «Аб заснаваньні Ісламскага банку разьвіцьця» (анг.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2019 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Старшыня (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Старэйшае кіраўніцтва (анг.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Рада кіраўнікоў (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ а б Валід Сабані. Фінансавая справаздачнасьць за 2021 год (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 27 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 27 траўня 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Хто мы (Пра нас) (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Холдынг ІБР (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Сяброўства (Краіны-сяброўкі ІБР) (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
- ^ Сьціслы агляд холдынгу ІБР (анг.) // Ісламскі банк разьвіцьця, жнівень 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (ар.) // Ісламскі банк разьвіцьця, 2022 г. Архіўная копія ад 26 кастрычніка 2022 г. Праверана 18 лістапада 2022 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |