Перайсьці да зьместу

Ірына Рынейская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ірына Рынейская
па-беларуску: Ірына Мікалаеўна Рынейская[1]
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га і 7-га скліканьняў
11 кастрычніка 2016 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас, Раман Галоўчанка
Папярэднік: Мікалай Плаксіцкі
Начальніца ўправы адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкаму
2014 — 11 кастрычніка 2016
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 6 жніўня 1972 (52 гады)
Бабруйск, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Грамадзкае аб’яднаньне: Беларускі саюз жанчынаў[2]
Сужэнец: замужам
Дзеці: 2 сыны
Адукацыя: Віцебскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1995), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі
Узнагароды: Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Беларусі

Ірына Мікалаеўна Рынейская (нар. 1972, Бабруйск, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўная дзяячка Беларусі.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га і 7-га скліканьняў (зь 2016 году) ад Бабруйска-Ленінскай акругі № 78[3]. Займала ў Палаце прадстаўнікоў пасаду намесьніцы старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.

У 1995 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут з атрыманьнем прафэсіі настаўніцы біялёгіі і хіміі. Працавала настаўніцай хіміі ў сярэдняй школе № 9 Бабруйска, дзе пазьней стала намесьніцай дырэктара ў выхаваўчай працы. Затым працавала вядучай спэцыялісткай аддзелу ідэалягічнай працы ў Бабруйскім гарадзкім выканаўчым камітэце, дзе пазьней заняла пасаду галоўнай спэцыялісткі. Пасьля перайшла на пасаду намесьніцы начальніка аддзелу адукацыі Бабруйскага гарвыканкаму, пасьля чаго стала начальніцай таго аддзелу. Урэшце, уладкавалася начальніцай управы адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкаму. Скончыла Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі па спэцыяльнасьці «кіраваньне дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі»[4].

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 верасьня 2016 году абралася дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га скліканьня ад Бабруйска-Ленінскай акругі № 78. Цягам тэрміну паўнамоцтваў ад 18 кастрычніка 2016 году[5] па 4 сьнежня 2019 году займала пасаду намесьніцы старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Была сяброўкай 3-х працоўных групаў Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацы з замежнымі парлямэнтамі — Банглядэшу, Баўгарыі і Ўзбэкістану[4]. Адказвала за законапраект, прыняты 16 траўня 2019 году ў адным чытаньні на прапанову Савету міністраў Беларусі «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Малдова аб супрацоўніцтве ў сфэры адукацыі»[6].

17 лістапада 2019 году пераабраралася ў Палату прадстаўнікоў 7-га скліканьня ад Бабруйска-Ленінскай акругі № 78[7]. Стала сяброўкай дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Міжпарлямэнцкай асамблеі дзяржаваў—удзельніц Садружнасьці незалежных дзяржаваў, дзе ўваходзіла ў склад Пастаяннай камісіі па культуры, інфармацыі, турызьме і спорце[8]. Таксама была сяброўкай 5 працоўных групаў Нацсходу Беларусі па супрацы з замежнымі парлямэнтамі — Баўгарыі, Ірану, Турэччыны, Узбэкістану і Швайцарыі. Адказвала за 2 законапраекты, прынятыя на прапанову Савету міністраў Беларусі[9]: 1) 11 чэрвеня 2020 году ў адным чытаньні «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў аб правядзеньні Сумеснай канфэрэнцыі высокага ўзроўню Рэспублікі Беларусь і ААН «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і ўзнікаючых тэхналёгіяў»[10]; 2) 7 красавіка 2021 году ў 2-м чытаньні «Аб зьмяненьні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб Сьледчым камітэце Рэспублікі Беларусь»[11].

10 лістапада 2017 году выступіла супраць прапановы міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі ўраўнаваць гімназіі і школы: «Абазначылася такая схема — сярэдняя школа, гімназія, ліцэй, як прыклад. І я лічу, што гэтая адукацыйная сетка павінна захавацца менавіта ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер». Рынейская даводзіла: «У стройным ланцужку гадаваньня таленавітых дзяцей гімназіі — гэта ключавы від адукацыйных установаў. Яны пацьвярджаюць мэтазгоднасьць і эфэктыўнасьць свайго існаваньня. Якія тут плюсы? Найперш якасьць ведаў выпускнікоў. Сёньня атэстат гімназіста перавышае атэстат вучня звычайнай школы. І гэта бясспрэчны факт. Калі паглядзець вынікі цэнтралізаванага тэставаньня, то і тут гімназіст апярэджвае звычайнага вучня на 20-30-40, а часам і болей балаў. Далей, возьмем рэспубліканскія алімпіяды ды іншыя інтэлектуальныя конкурсы. І тут перавага на баку гімназістаў. Затым яны едуць на міжнародныя конкурсы. І там таксама паказваюць сябе вельмі прыстойна. А гэта спрыяе іміджу нашай краіны. І вось усё гэта робіцца на базе гімназіі. Гімназічнае асяродзьдзе матываванае на дасягненьне высокіх посьпехаў, на перамогі на алімпіядах ды конкурсах, з пэрспэктывай навуковых дасягненьняў». Разам з тым, дэпутатка заўважыла: «можна казаць толькі пра неабходнасьць забясьпечыць працэдуру празрыстасьці адбору і залічэньня дзяцей у гімназіі. Але гэта ўжо задача адміністрацыі гімназіі і органаў кіраваньня адукацыяй, мясцовай выканаўчай улады. Тады і ня будзе конкурсу бацькоўскіх партманэтаў. А будзе конкурс інтэлекту»[12].

  1. ^ http://house.gov.by/by/deputies-by/view/rynejskaja-iryna-716/
  2. ^ Беларускі саюз жанчынаў даў старт мерапрыемствам да Дня Канстытуцыі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 сакавіка 2022 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  3. ^ У Беларусі выбраны парлямэнт шостага скліканьня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 верасьня 2016 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  4. ^ а б Рынейская Ірына Мікалаеўна (шостае скліканьне) // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  5. ^ Пастаянныя камісіі сфармаваныя ў Палаце прадстаўнікоў // БелТА, 18 кастрычніка 2016 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  6. ^ «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Малдова аб супрацоўніцтве ў сфэры адукацыі» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  7. ^ ЦВК абнародавала прозьвішчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня // БелТА, 18 лістапада 2019 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Міжпарлямэнцкай асамблеі дзяржаваў — удзельніц Садружнасьці незалежных дзяржаваў // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Рынейская Ірына Мікалаеўна (сёмае скліканьне) // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  10. ^ «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў аб правядзеньні Сумеснай канфэрэнцыі высокага ўзроўню Рэспублікі Беларусь і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і ўзнікаючых тэхналёгіяў» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 11 чэрвеня 2020 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  11. ^ «Аб зьмяненьні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб Сьледчым камітэце Рэспублікі Беларусь» // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 7 красавіка 2021 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.
  12. ^ Уладзімер Глод. Намесьніца старшыні парлямэнцкай камісіі: «Гімназіі апраўдалі сябе і павінны захавацца» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 лістапада 2017 г. Архіўная копія ад 10 лістапада 2017 г. Праверана 15 сакавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]