Апокрысіс
«Апо́крысіс» (па-грэцку: άπόκρισις — «адказ») — антыўніяцкі палемічны твор XVI стагодзьдзя, выдадзены на польскай (1597) і старабеларускай (1598) мовах як адказ на творы П. Скаргі.
Поўная назва: «ΑΠΟΚΡΙΣΙΣ, abo odpowiedź na xiążki o Synodzie Brzeskim imieniem ludzi starożytney religiey Greckiey, przez Christophora Philaletha w porywczą dana» альбо «Апокрисис альбо Одповідь на книжки о соборі Берестейськім іменем людій віри старожитно-гречеської через Христофора Філалета врихлі дана».
Напісаны Хрыстафорам Філалетам. Існуе гіпотэза, што пад псэўданімам Філалет (грэц. φιλαλήτος) пісаў Марцін Бранеўскі — «паляк-пратэстант пад маскай праваслаўнага русіна»[1], вядомы польскі пісьменьнік і храніст, паплечнік князя К. Астроскага, сын Пракопа Бранеўскага.
У сваім вершы «Книжка до минаючих мовит», зьмешчаным у палемічным трактаце, ён зьвяртаецца да чытача вуснамі самой кнігі, якая «Ответ к римляном православных содержаще», і дакарае праціўнікаў каталіцызму за маўчаньне: «Иже егда прежде веру целу имяще // И неуничиженны отец преданиа, // Все бяху тогда желающе молчаниа»[2].
Тэмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўныя тэмы «Апокрысіса» — абарона Канстантынопальсай патрыярхіі і пераход Праваслаўнай царквы ВКЛ пад уладу Папы Рымскага.
Найперш з дапамогай гістарычных прыкладаў Х. Філалет аспрэчвае довад П. Скаргі пра тое, што кожная паняволеная Царква — бязбожная, варожая Госпаду, а яе рабаваньне паганымі нібыта зьяўляецца пацьверджаньнем Божага пакараньня за грахі. Аўтар «Апокрысіса» выказвае спадзяваньні, што Канстантынопаль з часам абавязкова скіне турэцкае ярмо і верне колішнюю веліч, таму ня варта пакідаць яго ў сапраўды чорную часіну і бегчы, шукаючы матэрыяльных дабротаў пад уладу Рыма. Х. Філалет пісаў, што праваслаўны люд Вялікага Княства ня страціў павагі да сваіх пастыраў — канстантынопальскіх патрыярхаў і не пяройдзе ў падпарадкаваньне рымскіх біскупаў.
Апалёгія Канстантынопальскай патрыярхіі суправаджалася вострай крытыкай Рыма. Адказваючы П. Скаргу, палеміст падкрэсьліваў, што менавіта ў Рымскім касьцёле, а ня ў Грэцкай царкве пашыраны сьвятакупствы і сіманія. На думку Х. Філалета, глыбокі крызіс ахапіў Каталіцкі касьцёл, прычым адрозьненьне ад паняволенай Царквы ў Касьцёле заганныя зьявы ўкараняюцца «добраахвотна, сьвядома і адмыслова». Выразную праяву крызісу Канстантынопальскага патрыярхату — частую зьмену патрыярхаў, варажнечу паміж імі, прызначэньне на пасад адразу некалькіх герархаў — аўтар адносіць да ўмешаваньня ў духоўныя справы турэцкіх тыранаў. Баронячы Канстантынопаль, пісьменьнік зазначыў, што ў каталікоў варажнечы нашмат болей і прыгадаў ажно 21 выпадак узброенай барацьбы біскупаў за рымскі пасад.
Таксама, асьвятляючы тэму падзелу хрысьціянскай царквы на Заходнюю і Ўсходнюю, Х. Філалет назваў гэта трагічнай недарэчнасьцю, найвялікшай бядою і ўсю віну за разрыў адзінай Царквы ўскладаў на рымскіх папаў. Паводле яго сьцьверджаньня, раскол зыходзіў менавіта ад рымскіх біскупаў, якія вызначаліся несумленнасьцю, фанабэрыяй і высокімі амбіцыямі.
Абапіраючыся на факты, Х. Філалет пераканаўча даказваў, што саюз уніяцкіх япіскапаў з рыма-каталіцкай царквой быў абумоўлены выключна зямнымі інтарэсамі: жаданьнем дамагчыся матэрыльных выгод, высокіх дзяржаўных пасад, рэлігійных прывілеяў i палітычных правоў. Таксама аўтар лічыў, што гвалтоўнае пашырэньне царкоўнай уніі i абмежаваньне правоў праваслаўнага беларускага насельніцтва могуць падштурхнуць дзяржаву ў полымя сялянскай вайны, падкрэсьліваў, што зьнявага інтарэсаў праваслаўнай апазыцыі i зьдзекі над яе сумленьнем непазьбежна прывядуць да клясавага антаганізму, у выніку якога рэлігійная барацьба перарасьце ў барацьбу сацыяльную[3].
Дакумэнты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сваім «Апокрысісе» Х. Філалет надрукаваў гістарычныя дакумэнты, якія выконвалі функцыю аргумэнтаў падчас ягоных дыскусій з апанэнтамі: два прывілеі Жыгімонта Аўгуста 1569 г. Кіеўскай і Валынскай землям, Канстытуцыю 1573 г., прывілеі Стэфана Баторыя 1576, 1584 і 1585 гг., прывілей Жыгімонта Вазы патрыярху Ерамію 1589 г. і інш. Філалет таксама выпісаў у Варшаве з соймавых кніг пратэстацыі кіеўскага ваяводы К. Астроскага і праваслаўных паслоў на чале з князем Юрыем Друцкім-Сакалінскім 1596 г. Вельмі каштоўныя як гістарычныя дакумэнты, упершыню зьмешчаныя ў гэтым творы — прывілеі караля Жыгімонта III Вазы ад 2 лістапада 1592 г., ад 18 сакавіка 1592 г. і ад 2 лістапада 1595 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ігор Шевченко. Україна між Сходом і Заходом. Нарис 10.
- ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 22—23. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9
- ^ Філалет // Спадчына
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 505—510
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апокрысіс — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў