Прэзыдэнцкі палац (Вільня)
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Прэзыдэнцкі палац
| |
Прэзыдэнцкі палац
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°41′00.66″ пн. ш. 25°17′08.64″ у. д. / 54.6835167° пн. ш. 25.2857333° у. д.Каардынаты: 54°41′00.66″ пн. ш. 25°17′08.64″ у. д. / 54.6835167° пн. ш. 25.2857333° у. д. |
Архітэктурны стыль | клясыцыстычная архітэктура[d] |
Аўтар праекту | Васіль Стасаў[d] і Лаўрын Гуцэвіч |
Дата заснаваньня | XIV стагодзьдзе |
Статус | Ахоўная зона |
Прэзыдэнцкі палац | |
Прэзыдэнцкі палац на Вікісховішчы |
Прэзыдэнцкі палац, гістарычны палац біскупа Масальскага або Біскупскі палац — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце побач з ансамблем Віленскага ўнівэрсытэту, на гістарычным Палацавым пляцы[a]. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Палацавы ансамбль мае замкнёны плян і складаецца з уласна палаца, параднага ўнутранага двара, які прылягае да парку, Калённай залі ў будынку ранейшай кардэгарды, гаспадарчых і адміністрацыйных пабудоваў. З 1997 году тут знаходзіцца афіцыйная рэзыдэнцыя прэзыдэнта Летувы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сваю гісторыю палац вядзе з XIV стагодзьдзя, калі вялікі князь Ягайла прывілеем ад 17 лютага 1387 году заснаваў Віленскае біскупства і надаў яму пляц: «каля места Вільні, у саду Гаштоўта». На гэтым пляцы знаходзіўся мураваны палац Гаштольдаў (Гаштоўтаў). Па пажары 1530 году, які зьнішчыў біскупскі дом каля званіцы Катэдры, біскупы перабраліся ў былы палац Гаштольдаў. Паводле іншых зьвестак, віленскі біскуп перасяліўся сюды ў 1543 годзе[1]. У XVI ст. вакол палаца пасадзілі вялікі сад.
У 1737 і 1738 гадох палац двойчы гарэў, па чым яго адбудаваў архітэктар Лаўрын Гуцэвіч дзеля біскупа Ігнація Якуба Масальскага. Апошняга павесілі ў час паўстаньня 1794 году за здраду нацыянальным інтарэсам Рэчы Паспалітай на карысьць Расейскай імпэрыі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады забралі палац у Віленскага біскупства. Тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя генэрал-губэрнатара «Паўночна-Заходняга краю». У 1797 годзе ў палацы спыняліся маскоўскі гаспадар Павал I і яго сыны вялікія князі Аляксандар і Канстанцін, а таксама былы кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, у 1804 годзе — будучы кароль Францыі Людовік XVIII, у 1812 годзе — кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм III з сынам Вільгельмам. У 1804 годзе палац перабудавалі і пашырылі паводле праекту архітэктара Караля Шыльдгаўза.
У палацы пэўны час жыў расейскі вайсковы дзяяч Міхаіл Кутузаў, які двойчы займаў пасаду літоўскага генэрал-губэрнатара (1800—1801, 1809—1811). У вайну 1812 году з красавіка тут знаходзіўся маскоўскі гаспадар Аляксандар I, па заняцьці Вільні французамі — Напалеон. У канцы году ў палац вярнуўся Кутузаў, ужо на пасадзе галоўнакамандуючага расейскай арміі, а перад палацам адбылася ўрачыстая сустрэча Аляксандра I. Пазьней тут зноў неаднаразова спыняўся маскоўскі гаспадар і яго наступнікі.
З 1819 году ў палацы дзейнічала царква Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) пад тытулам Аляксандра Неўскага.
У 1824—1832 гадох праводзілася чарговая рэканструкцыя палаца паводле праекту архітэктара Васіля Стасава. У выніку гэтай рэканструкцыі на тэрыторыі былога саду ўтварыўся Палацавы пляц, на якім у 1832 годзе збудавалі фантан.
У 1898 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады на месцы фантана паставілі помнік Мураўёву-вешальніку. У 1901—1915 гадох у будынку кардэгарды разьмяшчаўся музэй Мураўёва-вешальніка.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па Першай сусьветнай вайне ў палацы пэўны час жыў Юзэф Пілсудзкі. Будынак займаў фактычны кіраўнік Сярэдняй Літвы генэрал Люцыян Жалігоўскі, тут спыняліся прэзыдэнты міжваеннай Польскай Рэспублікі Станіслаў Вайцяхоўскі і Ігнацы Масьціцкі. На першым паверсе знаходзілася кватэра віленскага ваяводы, у залях на другім паверсе ладзіліся ўрачыстыя прыёмы.
Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перарабілі палац пад Дом афіцэраў. Тут дзейнічаў кінатэатар, у парку — летні тэатар[2]. У 1975 годзе праводзілася рэстаўрацыя палаца. У 1980-х гадох будынак выкарыстоўваўся як Палац працаўнікоў мастацтваў з чатырма залямі (Вялікай, Белай, Чырвонай, Зялёнай), гасьцінай і фае.
Па аднаўленьні незалежнасьці Летувы частку памяшканьняў палаца пэўны час займала амбасада Францыі. У канцы 1995 году пачаліся рэстаўрацыйныя працы, па сканчэньні якіх у 1997 годзе палац стаў афіцыйнай рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Летувы.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму, або ампіру. Мае сымэтрычна-восевую кампазыцыю і стрыманы дэкор. У выніку рэканструкцыі 1824—1832 гадоў заходнюю частку палаца разабралі да падмуркаў і ўлучылі ў склад новага будынка, а ўсходнюю — збудавалі наноў. Пры пераабсталяваньні пад прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю над галоўным фасадам разьмясьцілі герб Летувы. Над парапэтам з гербам узьнялі сьцяг, які сьведчыць пра знаходжаньне прэзыдэнта ў палацы і наогул у Вільні.
Палац — прастакутны ў пляне будынак з трыма рызалітамі. Галоўны фасад, які выходзіць на пляц, і дваровы фасад дэкаруюцца аднолькава ўрачыста, але маюць пэўныя адрозьненьні. На галоўным фасадзе рызаліты злучаюцца дзьвюма дарычнымі калянадамі ў адзін просты шэраг. Цэнтральны рызаліт завяршаецца парапэтам, рызаліты з краёў будынка — нізкімі трыкутнымі франтонамі. Сярэдні рызаліт дваровага фасаду вылучаецца іянічнай калянадай з васьмі калёнаў з бальконам — галерэяй другога паверху. Бакавыя рызаліты высоўваюцца наперад.
Першы паверх мае калідорны плян, на другім паверсе захавалася характэрны для палацаў такога тыпу анфілядны плян. Залі другога паверху, дэкараваныя ў XIX стагодзьдзі, маюць ляпныя кампазыцыі на столях.
Пры рэканструкцыі палаца пад рэзыдэнцыю прэзыдэнта Летувы ў памяшканьнях, у якіх захаваліся элемэнты дэкору або існавала інфармацыя пра характар гэтых элемэнтаў, аднаўляўся гістарычны інтэр’ер. У памяшканьнях першага паверху ранейшы дэкор не захаваўся: новая мэбля і абсталяваньне падбіраліся і вырабляліся з арыентацыяй на матэрыялы і формы, уласьцівыя позьняму клясыцызму. Зьнішчаныя пры ранейшых перабудовах інтэр’еры заходняй часткі другога паверху спраектавалі наноў.
Насупраць палаца стаіць 1-павярховы будынак кардэгарды з дарычным парталам.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Н. Цуі, 1812 г.
-
1820 г.
-
1820 г.
-
1820 г.
-
1820 г.
-
С. Смалікоўскі, 1832 г.
-
С. Смалікоўскі, 1833 г.
-
С. Смалікоўскі, 1833 г.
-
Ю. Азямблоўскі, 1833—1863 гг.
-
1834 г.
-
1834 г.
-
М. Янушэвіч, 1836 г.
-
1850 г.
-
1863 г.
-
Н. Орда, 1875 г.
-
Ф. Краўзэ, 1915—1918 гг.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
А. Сьвяйкоўскі, 1861—1866 гг.
-
В. Захарчык, 1865—1879 гг.
-
Ю. Чаховіч, 1869 г.
-
Ю. Чаховіч, 1870-я гг.
-
Ю. Чаховіч, 1871—1879 гг.
-
Ю. Чаховіч, 1873—1879 гг.
-
С. Флёры, каля 1900 г.
-
да 1901 г.
-
Я. Булгак, 1912—1915 гг.
-
Я. Булгак, 1912—1925 гг.
-
Я. Булгак, 1913 г.
-
Я. Булгак, 1913 г.
-
Я. Булгак, 1917 г.
-
1917 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
1925 г.
-
Я. Булгак, 1934 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1936 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
-
В. Буйка, да 1939 г.
-
В. Буйка, да 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Унутраны двор
-
Арка з праходам у Канцылярыю прэзыдэнта
-
Кардэгардыя (налева), цяпер Калённая заля
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — S. Daukanto a. 3