Мясцовы час (гурт)
Мясцовы час | |
Гады | 1987—1992, 1997—2000 |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Наваполацак |
Мова | беларуская мова і расейская мова |
Жанр | Рок |
Выдавец | Каўчэг, БМАgroup |
Удзельнікі | Алесь Кузьмін Вячаслаў Макас Валеры Драко Аляксандар Сьвідрыцкі Руслан Парфёнаў |
«Мясцо́вы ча́с» — беларускі рок-гурт з Полацку.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак творчасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гурт нарадзіўся ў 1987 годзе ў Полацку. Заснавальнікамі гурту былі Алесь Кузьмін (Алуф) і Вячаслаў Макас — навучэнцы Полацкага палітэхнікума. Гурт першапачаткова меў назву «Местное время» і сьпяваў на расейскай мове. У тым жа годзе да гурту далучыліся бубнач Аляксандар Сьвідрыцкі і гітарыст Валеры Драко.
Гурт робіць свой першы дэма-запіс «Местное время» і прымае ўдзел у некалькіх канцэртах, на якіх знаёміцца з «Мрояй». Пад уплывам «Мроі», а таксама Сержука Сокалава-Воюша і Алеся Аркуша, гурт пачынае сьпяваць па-беларуску і мяняе назву на «Мясцовы час».
З траўня 1990 году гурт пачаў сталае супрацоўніцтва з Алесем Аркушам. Тэксты ў гурце пісалі Аляксандар Сьвідрыцкі і Алесь Кузьмін па-маскальску, на беларускую мову іх перакладаў Алесь Аркуш, пераклаў тэксты песень з альбомаў «Мой дом» (1990) і «Наша ўскраіна» (1991).
Першыя посьпехі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1988 годзе «Мясцовы час» удзельнічае ў Наваполацкім гарадзкім фэсьце дзе атрымлівае прыз «Надзея фэсту», прыз глядацкіх сымпатыяў і прыз за найлепшую аўтарскую песьню.
Песьня «Наш шлях» трапляе на гіт-парад радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» і перамагае па выніках галасаваньня. Пазьней песьні «Вартаўнік» і «Будзе так» трапляюць на складанку Гіт-Парад беларускай Маладзёжнай, якую выдавала ўсесаюзная фірма «Мэлёдыя».
У 1989 годзе запісваецца першы альбом Слота, гурт удзельнічае ў фэсьце «Рок-крок». У тым жа годзе ў гурце зьяўляецца клявішнік Руслан Парфёнаў.
У красавіку 1990 году гурт удзельнічае ў фэсьце «Рок-кола» і запісвае другі альбом Мой дом. У 1991 Мясцовы час прымае ўдзел у Менскім фэсьце «Тры колеры», дзе знаёміцца з мазырскім гуртам «Отражение», які ў той час ствараў уласную гуказапісваючую студыю. На гэтай студыі Мясцовы час запісвае свой самы пасьпяховы альбом Наша ўскраіна. У гэтым жа годзе гурт удзельнічае ў фэсьце беларускай музыкі «Басовішча» (прыз «Лепшая група»), праводзіць акустычны канцэрт у Полацкай Сафіі. Таксама музыкі прымаюць удзел ў вялікім канцэрце «Рок за незалежнасьць», што праводзіўся на плошчы Леніна ў Менску.
У 1992 годзе гурт зноў удзельнічае ў «Басовішчы», праводзіць канцэрты ў Менску і Мазыры.
Распад гурту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паступова ў гурце зьяўляюцца фінансавыя праблемы, пагаршаюцца адносіны паміж музыкамі. Алесь Кузьмін і Руслан Парфёнаў спрабуюць запісаць дэма для швэдзкай гуказапісваючай кампаніі. У канцы 1992 году гурт распадаецца.
У 1997 годзе Алесь Кузьмін, Аляксандар Сьвідрыцкі і Валеры Драко спрабуюць ізноў аднавіць гурт. Замест бас-гітарыста Вячаслава Макаса прыходзіць Уладзіслаў Пальшын. З новым саставам гурт запісвае новы альбом Халі-галі, удзельнічае ў канцэрце «АнтыСНІД», фэсьце «Стракаты сусьвет» і ў «Славянскім базары».
У 1999 годзе Аляксандар Сьвідрыцкі трапляе за краты. У 2001 годзе вакаліст Алесь Кузьмін зьяжджае ў Нямеччыну. Гурт распадаецца канчаткова.
У 2012 годзе трагічна загінуў Аляксандар Свідрыцкі. У 2023 годзе ў пажары загінуў Валеры Драко.
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алесь Кузьмін — гітара, сьпеў
- Вячаслаў Макас — бас-гітара, сьпеў (да 1992)
- Валеры Драко — гітара, памёр у 2023 г.
- Аляксандар Сьвідрыцкі — бубны (да 1999) памёр у 2012 г.
- Руслан Парфёнаў — клявішныя (1989—1992)
- Уладзіслаў Пальшын — бас-гітара (1997—2000)
- Аляксей Павукоў — бубны (1999—2000)
- Сяргей Часнакоў — гітара (2000)
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Альбомы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Местное время (1987)
- Слота (1989)
- Мой дом (1990)
- Наша ўскраіна (1991)
- Халі-галі (1997)
Складанкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гіт-Парад беларускай Маладзёжнай (1990) — «Вартаўнік», «Будзе так»
- Вольныя танцы: слухай сваё (1999) — «Песьня пра любоў»
- Генералы айчыннага року (2004) — «Наш шлях»
- Песьні свабоды (2006) — «Я жыў»
- Песьні свабоды-2 (2006) — «Наша ўскраіна»
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Д.П. «МЯСЦОВЫ ЧАС» // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 194. — 368 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-6783-42-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Мясцовы час» на радыё Свабода
- Мясцовы час» Заля славы беларускага рок-н-ролу. «Тузін Гітоў». Праверана 22 студзеня 2016 г. Архіўная копія
- Лідэр «Мясцовага часу» — герой мінулага(недаступная спасылка)