Перайсьці да зьместу

Леў Троцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леў Троцкі
па-расейску: Лев Давидович Троцкий
Народны камісар замежных справаў СССР
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 26 кастрычніка (7 лістапада) 1879[1][2]
Памёр: 21 жніўня 1940(1940-08-21)[3][1][2] (60 гадоў)
Партыя: камуністычная
Сужэнец: Натальля Сядова[d] і Аляксандра Сакалоўская[d]
Дзеці: Сяргей Сядоў[d], Зінаіда Волкава[d], Леў Сядоў[d] і Nina Nevelson[d]
Бацька: Давід Бранштэйн
Маці: Ганна Бранштэйн
Адукацыя:
Узнагароды:
ордэн Чырвонага Сьцяга
Выява аўтографу

Леў Даві́давіч Тро́цкі (сапраўднае імя Лейба Давідавіч Бранштэйн; па-расейску: Лейба Давидович Троцкий (Лев Давидович Бронштейн); 7 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] 1879 — 21 жніўня 1940) — расейскі рэвалюцыянэр, адзін з галоўных тэарэтыкаў расейскага сацыялізму і актыўны ўдзельнік кастрычніцкага перавароту, народны камісар замежных справаў СССР, адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Уладзімера Леніна і лідэр антысталінскай апазыцыі ў камуністычнай партыі ў 1920-я гады.

Дзяцінства й маладосьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Леў Троцкі. 1897 год

Леў Бранштэйн нарадзіўся 7 лістапада 1879 году ў сяле Янаўка, ва Ўкраіне, у сям’і Давіда і Ганны Бранштэйн. Яго бацька меў уласную гаспадарку, а маці паходзіла зь сям’і габрэйскіх інтэлігентаў. Ва ўзросьце васьмі гадоў Леў паехаў вучыцца ў Адэсу, дзе жыла сям’я пляменьніка яго маці. У 1896 годзе Леў Бранштэйн апынуўся ў Мікалаеве. Там ён зьбіраўся працягнуць сваю адукацыю, аднак менавіта там ён пазнаёміўся з расейскімі сацыялістамі, стаў наведваць іх таемныя зборы, вывучаць марксызм. Пасьля нядоўгай вучобы ў Адэскім унівэрсытэце Леў вярнуўся ў Мікалаеў з намерам працаваць у падпольных сацыялістычных арганізацыях.

У 1898 годзе Леў Бранштэйн быў упершыню арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасьць і правёў наступныя чатыры з паловай гады ў турме, а затым на пасяленьні ў Сыбіры. У 1902 годзе ён ўцёк з высылкі па падробленым пашпарце на імя Троцкага, якое і стала ягоным рэвалюцыйным псэўданімам. З Сыбіры ён накіраваўся ў Лёндан, дзе далучыўся да расейскіх сацыял-дэмакратаў, пазнаёміўся з Уладзімерам Ульянавым (Леніным) і пачаў працаваць у газэце «Іскра» («Искра»).

У ліпені 1903 году ў Брусэлі і Лёндане праходзіў вядомы 2-і зьезд Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі, на якім адбыўся раскол на бальшавікоў на чале зь Леніным і меншавікоў. Троцкі падтрымаў апошніх.

Падчас рэвалюцыі 1905 году Троцкі вярнуўся ў Расейскую імпэрыю, дзе прымаў непасрэдны ўдзел у працы савета працоўных дэпутатаў у Пецярбургу, у арганізацыі страйкаў і стачак. У 1906 годзе яго зноўку арыштавалі. У зьняволеньні Леў Троцкі напісаў адну са сваіх самых вядомых прац — «Падрахункі і пэрспэктывы» («Подсчеты и перспективы»), у якой разьвіў тэорыю пэрманэнтнай рэвалюцыі, якая павінна прыняць маштабы сусьветнага працоўнага руху. У 1907 годзе Леў Троцкі зноўку пасьпяхова ўцёк з Сыбіры, на гэты раз у Вену. З пачаткам Першай сусьветнай вайны Троцкі актывізаваў сваю рэвалюцыйную дзейнасьць, далучыўшыся да сацыялістаў. Першыя гады вайны Троцкі правёў у Швайцарыі, а затым у Парыжы. Аднак з-за антываеннай агітацыі яго выслалі з Францыі і пазбавілі права ўезду ў Гішпанію. Троцкі зьехаў у Нью-Ёрк, дзе ў студзені 1917 году пазнаёміўся зь Мікалаем Бухарыным, адным зь вядомых бальшавіцкіх тэарэтыкаў. У ЗША Троцкі займаўся выдавецтвам газэты «Новы Сьвет» («Новый Мир»).

Лютаўская рэвалюцыя ў Расеі была ўспрынятая Львом Троцкім як доўгачаканы пачатак пэрманэнтнай рэвалюцыі, пачатак «сусьветнага рэвалюцыйнага пажару». Ён прыехаў у Петраград у сярэдзіне траўня 1917 году і ўзначаліў кіраўніцтва левымі меншавікамі. Але за ўдзел у ліпеньскіх дэманстрацыях яго зноў арыштавалі. У жніўні, усё яшчэ знаходзячыся ў турме, Троцкі быў афіцыйна прыняты ў шэрагі бальшавікоў, больш за тое, ён адразу ж увайшоў у склад Цэнтральнага Камітэту РСДРП(б). Пасьля вызваленьня Троцкі быў абраны старшынём Петрасавету рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Пасьля захопу ўлады ў Петраградзе бальшавікамі і адкрыцьця II Зьезду Саветаў 25 кастрычніка 1917 году Троцкі быў прызначаны старшынём Вайсковага Рэвалюцыйнага Камітэта. У гэтай якасьці ён кіраваў падаўленьнем мецяжу Керанскага, які ў сярэдзіне лістапада 1917 году зрабіў спробу вяртаньня ўлады. У гэты жа час Леў Троцкі быў абраны наркамам замежных справаў. Яго першай і асноўнай задачай было любым коштам усталяваць сэпаратны мір зь Нямеччынай. У студзені 1918 году паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай было складзенае замірэньне. Пачаліся мірныя перамовы, і ўжо 3 сакавіка 1918 году ў Брэст-Літоўску была падпісаная мірная дамова, вельмі невыгодная для Расеі. Справа ў тым, што згодна з дамовай Расея губляла каля 3/4 сваёй эўрапейскай тэрыторыі, на якой знаходзіліся асноўныя вытворчыя рэсурсы. Беларусь паводле гэтай дамовы была незаконна (на перамовах адсутнічала беларуская дэлегацыя) разьдзеленая на дзьве часткі.

Стварэньне Чырвонай Арміі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Троцкі і Ленін з чырвонаармейцамі. Петраград, 1921 год

Пасьля падпісаньня міру Троцкі сышоў з пасады наркама замежных справаў, перадаўшы гэтую пасаду Георгію Чычэрыну, а сам узначаліў ваенны камітэт. Зараз перад ім стаяла ня меней складаная задача — фармаваньне Чырвонай Арміі. У аснову яго канцэпцыі па стварэньні войска быў пакладзены наступны прынцып: Чырвоная Армія можа быць нешматлікай, але цьвёрда дысцыплінаванай, прафэсійнай, выдатна навучанай і цалкам узброенай. Ён адмовіўся ад ідэі дэмакратызацыі войска, аддаючы перавагу найму былых царскіх афіцэраў, а не былых сялянаў або працоўных. Менавіта за гэта яго рэзка крытыкавалі. Сярод галоўных праціўнікаў пазыцыі Троцкага быў Ёсіф Сталін (Джугашвілі), які прэзэнтаваў ультра-левае крыло партыйных функцыянэраў. Трэба адзначыць, што супрацьстаяньне Троцкага і Сталіна пачалося ў часе абароны Царыцына, калі Сталін быў адхілены Троцкім ад кіраўніцтва гарадзкім гарнізонам. Шмат у чым дзякуючы гэтаму кроку горад быў утрыманы чырвонымі. Аднак схаваная варожасьць двух палітыкаў з таго моманту стала нарастаць, пэрыядычна выліваючыся ў канфлікты.

За гады Грамадзянскай вайны і ваеннага камунізму Троцкі ўпэўнена займаў другое пасьля Леніна месца ў партыі. Ён быў адным зь пяці сяброў Палітбюро ў момант яго стварэньня ў 1919 годзе. Маючы досыць добрую адукацыю і выдатны досьвед кіраваньня, Троцкі не баяўся спрачацца зь Леніным, адкрыта выказваць свой пункт гледжаньня. Менавіта ён стаяў у вытоках стварэньня Камінтэрну ў 1919 годзе, быў аўтарам яго першага Маніфэсту. Пасьля завяршэньня асноўных бітваў Грамадзянскай вайны ў 1920 годзе Троцкі, захоўваючы пасаду старшыні ваеннага камітэту, заняўся пабудовай савецкай эканомікі. Менавіта ён быў адным зь першых, хто прапанаваў часовы адыход ад палітыкі ваеннага камунізму, увод НЭПу. Аднак ён сутыкнуўся з жорсткай крытыкай.

Першы крызіс сыстэмы выліўся ў антыбальшавіцкае паўстаньне матросаў Кранштату (1921 год), жорсткае падаўленьне якога ўзначаліў Троцкі. Менавіта тады сталі зьяўляцца нясьмелыя заявы аб тым, што неабходны часовы адыход ад ідэяў камунізму на карысьць частковай лібэралізацыі рынку. Тады і ўспомнілі аб прапанове Троцкага. Ленін быў зь ім згодны. Аднак такое адзінства меркаваньняў ня выратавала Льва Троцкага ад частковага палітычнага фіяска на Х зьезьдзе партыі ў 1921 годзе.

У траўні 1922 году ў Леніна адбылося першае кровазьліцьцё ў мозаг. Гэтая падзея вывела на першы плян пытаньне аб палітычным правапераемстве ў партыі. Улічваючы папулярнасьць і заслугі Троцкага, ён лічыўся асноўным кандыдатам. Аднак апроч яго на гэтае месца прэтэндавалі многія, сярод якіх найболей актыўнымі выявіліся Рыгор Зіноўеў, Леў Каменеў і Ёсіф Сталін.

У сьнежні 1922 году здароўе Леніна троху палепшылася, і ён быў у стане прадыктаваць свой «Палітычны запавет», у якім даў характарыстыку кожнаму сябру Палітбюро. У ім Троцкі зваўся чалавекам «выключных здольнасьцяў», аднак ён адзначаў яго падвышаную самаўпэўненасьць, эгаістычнасьць і схільнасьць «захапляцца» адміністрацыйным бокам справы. У той жа час характарыстыка Сталіна не пакідала апошняму надзей на атрыманьне ўлады. Перад другім ударам Ленін запрасіў Троцкага да сябе, каб скласьці плян яго барацьбы са Сталінам. Справа ў тым, што Ленін выдатна разумеў небясьпеку вылучэньня Сталіна, які займаў вельмі фармальную ў тыя гады пасаду генэральнага сакратара партыі. Аднак Троцкі вырашыў не разьвіваць асобай актыўнасьці, ускладаючы вызначаныя надзеі на хаўрус зь Зіноўевым. А Сталін не губляў часу для нарошчваньня палітычнай вагі.

У красавіку 1923 году адбыўся XII зьезд партыі. У кастрычніку Троцкі адважыўся на адкрыты выступ супраць партыйнай апазыцыі, вінавацячы яе (а менавіта Сталіна) у парушэньні дэмакратычных прынцыпаў і адыходзе ад палітыкі НЭПа. Свае погляды ён выказаў у адкрытым лісьце, пасьля якога Сталін стаў вінаваціць Троцкага ў апартунізме. У гэты час Леў Троцкі захварэў, таму ня меў магчымасьці асабіста адбіць удар. На 13-й партканфэрэнцыі ў студзені 1924 году Троцкага ўжо вінавацілі ў спагадзе меншавікам і фракцыйнай барацьбе. Праз тыдзень памёр Ленін, што ўзмацніла ізаляцыю Троцкага. Справа ў тым, што ў гэты час ён знаходзіўся на лячэньні на Чорным моры. Яму запозна паведамілі аб сьмерці Леніна, таму ён не пасьпеў на яго пахаваньне. Гэта стала пачаткам яго палітычнага краху.

У траўні 1924 году адбыўся XIII зьезд партыі, на якім нападкі на Троцкага працягнуліся. У адказ на гэта ён апублікаваў артыкул «Урокі Кастрычніка» («Уроки Октября»), у якой нагадаў аб здрадзе Зіноўева і Каменева ўвосень 1917 году, калі тыя паведамілі ў прэсе аб плянах бальшавікоў, таксама зьвязваючы зь імі правал нямецкага камуністычнага паўстаньня 1923 году, ініцыяванага Саветамі. Партыйныя функцыянэры адрэагавалі на гэты артыкул новай хваляй крытыкі, проціпастаўленьнем трацкізма ленінізму, прыніжэньнем ролі Троцкага ў Рэвалюцыі 1917 году і ў абвяшчэньні тэорыі пэрманэнтнай рэвалюцыі «меншавіцкай ерасьсю». У 1925 годзе Троцкага пазбавілі пасады старшыні ваеннага камісарыята.

У 1926 годзе Троцкі вырашыў стварыць аб’яднаную апазыцыю разам са сваімі былымі палітычнымі апанэнтамі, Зіноўевым і Каменевым, якія пачалі барацьбу са Сталінам. Акцэнт у сваіх выступах яны рабілі на тэме дэмакратычных прынцыпаў партыі, эканамічным плянаваньні, асуджэньні лідэрскіх замашак Сталіна і яго тэорыі пабудовы сацыялізму ў асобна ўзятай краіне як перашкоды сусьветнай рэвалюцыі, ад якой Троцкі так і не адмовіўся.

Леў Троцкі з паплечнікамі незадоўга да забойства

Тым ня менш, у кастрычніку 1926 году Леў Троцкі быў выведзены з Палітбюро, праз год — з Цэнтральнага камітэту партыі, а пасьля дэманстрацыі ў гонар 10-годзьдзя Рэвалюцыі яго выключылі з партыі. У 1928 годзе Леў Троцкі і яго прыхільнікі былі сасланыя ў Сярэднюю Азію, у Алма-Ату, а ў 1929 годзе яго выслалі з СССР.

Ён пасяліўся спачатку ў Турэччыне, а затым на востраве Прынкіпо, дзе заняўся літаратурнай дзейнасьцю: завяршыў сваю аўтабіяграфію і напісаў кнігу пра кастрычніцкі пераварот. У 1933 годзе Троцкаму была дадзеная француская віза. Ён не пакідаў надзеі рэфармаваньня рэвалюцыйнага Інтэрнацыяналу, аднак прыход Гітлера да ўлады ў Нямеччыне пахаваў гэтыя пляны. Праўда, ён заклікаў сваіх прыхільнікаў ствараць уласныя рэвалюцыйныя аб’яднаньні, якія ў будучыні злучацца ў IV Інтэрнацыянал. У 1935 годзе Троцкі апынуўся ў Нарвэгіі, адкуль быў змушаны паехаць у Мэксыку, дзе ён пасяліўся ў мястэчку Каякан. У гэты час на радзіме яго таўравалі як здрадніка, які працаваў на розныя замежныя выведкі.

Замах і забойства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кабінэт, у якім быў забіты Троцкі

Першы замах на Троцкага быў няўдалы. Аднак другі, 20 жніўня 1940 году, выкананы Рамонам Мэркадэрам, быў удалы. Гэты гішпанскі камуніст, завэрбаваны савецкай выведкай, быў частым госьцем у хаце Троцкага. 20 жніўня ён ударыў яго ледарубам, і на наступны дзень, 21 жніўня, Леў Троцкі сканаў у сваёй хаце.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]