Камбоджа
Камбоджа ព្រះរាជាណាចក្រកម្ពុជា Preăh Réachéa Nachâk Kâmpŭchea | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Нацыя, Рэлігія, Кароль | |||||
Дзяржаўны гімн: «Nokoreach» | |||||
Афіцыйная мова | кгмэрская | ||||
Сталіца | Пнампэнь | ||||
Найбуйнейшы горад | Пнампэнь | ||||
Форма кіраваньня | канстытуцыйная манархія Нарадом Сіхамоні Хун Манэт | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
88-е месца ў сьвеце 181 035 км² 2,5% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2014) • шчыльнасьць |
65-е месца ў сьвеце 15 548 000 (ацэнка)[1] 85,9/км² | ||||
СУП • агульны (2012) • на душу насельніцтва |
89 месца ў сьвеце $36.010 млрд[2] $2361 | ||||
Валюта | Рыель (KHR) | ||||
Незалежнасьць — ад Францыі |
9 лістапада 1953 | ||||
Аўтамабільны знак | К | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .kh | ||||
Тэлефонны код | +855 | ||||
Камбо́джа, Карале́ўства Камбоджа (па-кгмэрску: កម្ពុជា, вымаўл. [kɑmˈpuˈciə]) — краіна, разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй Азіі, на паўвостраве Індакітай на ўзьбярэжжы Тайляндзкай затокі. Мяжуе з Тайляндам, Лаосам і Віетнамам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1867 да 1953 году Камбоджа была калёніяй Францыі.
Падчас Другой сусьветнай вайны (ад 1941 да 1945 году) Камбоджа была акупаваная Японіяй і знаходзілася ў складзе Японскай імпэрыі.
9 лістапада 1953 году Камбоджа атрымала незалежнасьць ад Францыі і стала канстытуцыйнай манархіяй на чале з каралём Нарадомам Сіянукам.
Падчас вайны ў Віетнаме камбаджыйскія ўлады прытрымліваліся палітыкі нэўтралітэту. Падчас замежнай паездкі караля ў 1970 годзе ў краіне адбыўся ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў праамэрыканскі генэрал Лон Нол.
З 1967 да 1975 году Камбоджа ахопленая грамадзянскай вайною.
У 1975 годзе да ўлады ў краіне прыйшлі камуністычна арыентаваныя чырвоныя кгмэры на чале з Полам Потам. Ацэнкі трагедыі панаваньня гэтага рэжыму для краіны розныя. Лічыцца, што падчас тэрору гэтых уладаў у краіне загінула як найменш 1 700 000 людзей[3], існуюць меркаваньні і пра 3 000 000 ахвяраў[4].
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палітычнае жыцьцё Камбоджы рэгулюецца ў адпаведнасьці з канстытуцыяй, прынятай у 1993 годзе, існуе парлямэнт, улада караля абмежаваная. Прэм’ер-міністар Камбоджы — кіраўнік ураду, а кароль зьяўляецца кіраўніком краіны, увасабляе сымбаль краіны і ня мае значнай улады. Прэм’ер-міністар прызначаецца каралём пры ўхваленьні Нацыянальнай асамблеі, прэм’ер-міністар і яго міністры прадстаўляюць выканаўчую ўладу. Заканадаўчая ўлада прадстаўлена дзьвюхпалатным парлямэнтам: Нацыянальнай асамблеяй Камбоджы і Сэнатам.
У кастрычніку 2004 году Нарадом Сыгамоні быў абраны каралём спэцыяльным тронным кансыліюмам. Абраньне было зацьверджана прэм’ер-міністрам Гун Сэнам, сьпікерам Нацыянальнай асамблеі прынцам Нарадомам Ранарыдхам і двума ўдзельнікамі троннага кансыліюму. Ён каранаваўся ў Пнампэні 29 кастрычніка.
Адміністрацыйны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Камбоджа падзеленая на 24 правінцыі (khett) і сталіцу Пнампэнь.
Правінцыі:
- Бантэаймэант’ей
- Батамбанг
- Кампангчам (у тым ліку раён Тбангкгум)
- Кампангчгнанг
- Кампангспы
- Кампангтгом
- Кампот
- Кандаль
- Кагконг
- Кэп
- Крацьэг
- Мандалькіры
- Одармэант’ей
- Пайлін
- Пнампэнь
- Сіянуквіль
- Прэагвігеа
- Пурсат
- Прэйвэнг
- Ратанакіры
- Сіемрэап
- Стынгтраенг
- Свайрыенг
- Такеа
Пнампэнь — самы вялікі горад краіны, яго насельніцтва складае 1 млн чалавек з 15 млн агульнага насельніцтва Камбоджы. Мандалькіры, правінцыя на мяжы зь Віетнамам, самая вялікая па плошчы (14 288 км²)[5], але мае самую малую колькасьць насельніцтва 44,7 тыс. чал. у 2008 годзе[5].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Камбоджа займае плошчу 181 035 км², мае межы з Тайляндам працягласьцю 800 кілямэтраў на поўначы і захадзе, з Лаосам працягласьцю 541 кілямэтар на паўночным усходзе і зь Віетнамам на ўсходзе і паўночным усходзе. Марскі бераг Камбоджы (Тайляндзкая затока) складае 443 кілямэтры.
Найбольш значнай геаграфічнай асаблівасьцю Камбоджы зьяўляецца так званая азёрная раўніна, сфармаваная ў выніку затапленьняў Вялікага Возера, якое ў Камбоджы завецца Тонл Сап. Гэтае возера займае плошчу каля 2590 квадратных кілямэтраў падчас сухога сэзону і плошчу каля 24 605 квадратных кілямэтраў падчас сэзону дажджоў. Гэтая раўніна шчыльна заселеная і шырока выкарыстоўваецца для вырошчваньня рысу. Такім чынам яна зьяўляецца сэрцам краіны.
Большая частка краіны (каля 75%) ляжыць на ўзвышшах большых за 100 мэтраў над узроўнем мора, у астатнім тэрыторыя занятая Кардамомскімі горамі (найвышэйшы пункт якіх знаходзіцца на вышыні 1813 мэтраў) і іхнім працягам — г. зв. Слановымі горамі (вышыня ад 500 да 1000 мэтраў), а таксама Дангрэскім узвышшам (сярэдняя вышыня 500 мэтраў), якое знаходзіцца на мяжы з Тайляндзкім рэгіёнам Ісан. Самы высокі пункт Камбоджы — Фном Аорал — знаходзіцца каля гораду Пурсат (сталіцы аднайменнай правінцыі) у цэнтры краіны.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2011 годзе СУП Камбоджы складаў $2470 на аднаго жыхара краіны пры разьліку на парытэт пакупніцкай здольнасьці, намінальны — $1040. Гадавы даход на аднаго жыхара Камбожды хутка павялічваецца, але застаецца нізкім у параўнаньні з астатнімі краінамі рэгіёну. Большасьць дамашніх гаспадарак грунтуюцца на сельскай гаспадарцы і зьвязаных галінаў. Рыс, рыба, дрэва, вопратка ды гума — асноўныя пункты экспарту Камбоджы.
Паводле зьвестак Міжнароднага валютнага фонду, сярэдні рост СУП Камбоджы ад 2001 да 2010 быў 7,7%, сярод 10 краінаў з самым высокім паказчыкам у сьвеце. Найбольш хутка ў Камбоджы разьвіваецца турызм (колькасьць турыстаў павялічылася ад 219000 у 1997 годзе да 2 млн у 2007 годзе). У 2004 годзе інфляцыя складала 1,7%, экспарт — $1,6 млрд.
Галоўнай крыніцай прамых замежных інвэстыцый зьяўляецца Кітай, які плянаваў укласьці $8 млрд у 360 праектаў цягам першых 7 месяцаў 2011 году. Ад яго ж паступае самая вялікая грашовая дапамога, якая склала $600 млн у 2007 годзе і $260 млн у 2008.
Нацыянальны Банк Камбоджы — цэнтральны банк каралеўства, які рэгулюе банкаўскую сыстэму краіны і часткова адказны за прыцягненьне інвэстыцыяў.
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Камбоджа пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны пачала прыцягваць вялікую колькасьць замежных турыстаў. Галоўная славутасьць краіны — храмавы комплекс Ангкор-Ват, прысьвечаны індуісцкаму богу Вішну, непадалёк ад гораду Сіемрэап, у цэнтры краіны.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Cambodia (анг.) britannica.com
- ^ Зьвесткі пра Камбоджу на старонцы Міжнароднага валютнага фонду (анг.)
- ^ David Chandler Галасы з S21: Тэрор і гісторыя ў сакрэтнай турме Пола Пота = Voices From S21: Terror and History in Pol Pot’s Secret Prison. — Berkeley and Los Angeles: University of California Press, 1999.
- ^ Крэйг Этчэсан «The Number» — Quantifying Crimes Against Humanity in Cambodia (анг.). Дакумэнтацыйны цэнтр Камбоджы.
- ^ а б Мосяков Д. В., Алексеева Н. Н. и др. КАМБОДЖА // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2016); https://web.archive.org/web/20201122145706/https://bigenc.ru/geography/text/2037904 Дата обращения: 04.08.2020