Ветразі (сузор’е)
Ветразі | |
Лацінская назва | Vela |
---|---|
· у родным склоне | Velorum |
· скарот | Vel |
Простае ўзьняцьцё | 9г |
Схіленьне | −50° |
Квадрант | SQ2 |
Плошча | 500 кв. гр. (32-е) |
Зорак паводле Баера/Флэмстыда | 50 |
Зорак з плянэтамі | 7 |
Зорак ярчэй за 3.00m | 5 |
Зорак у 10 пк (32,62 сьв. г.) | 2 |
Найярчэйшая зорка | γ Vel (1,75m) |
Найбліжэйшая зорка | Глізэ 367 (32,02 сьв. г., 9,82 пк) |
Памежныя сузор’і | |
Назіраецца ў шыротах паміж +30° і −90°. Найлепш назіраецца ў 21:00 на працягу сакавіка. |
Ве́тразі (па-лацінску: Vela, Vel) — сузор’е ў паўднёвай частцы зорнага неба, якое першапачаткова было часткай большага, цяпер скасаванага, сузор’я Карабель Арго. Цяпер Карабель Арго на небе прадстаўлены Ветразямі, побач з Кілем і Кармою.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карабель Арго, вельмі буйнае сузор’е на тагачасным небе, быў падзелены ў 1752 годзе францускім астраномам Нікаля Люі дэ Лякайлем на тры часткі: Кіль, Ветразі і Карму. Аднак Лякайль не пераразьмеркаваў зоркі паводле абазначэньняў Баера наноў: ён проста пакінуў старыя абазначэньні. Такім чынам, Кіль атрымаў зоркі α, β і ε старога сузор’я, Ветразі — γ і δ, а Карма — ζ і г. д.
Сузор’е Ветразі асобна не нясе міталягічных асацыяцыяў, таму міталёгію гэтай часткі неба можна чэрпаць толькі з гісторыі Карабля Арго.
Адметнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зоркі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найярчэйшай зоркай Ветразёў зьяўляецца γ Ветразяў — звышгігант з зорнай велічынёй 1,75. Зорка насамрэч зьяўляецца пяцікратнай зорнай сыстэмай, галоўны кампанэнт якой вядомы як найярчэйшая зорка Вольфа — Рае на небе. γ Ветразяў мае ўласную назву Рэгар.
κ Ветразяў (Маркеб) — падвойная зорка з зорнай велічынёй 2,48, якая знаходзіцца прыкладна ў 572 сьв. гады (175 пк) ад Зямлі.
Несапраўдны Крыж
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гэтым сэктары неба вядомы астэрызм пад назовам Несапраўдны Крыж, утвораны з зорак δ—κ Ветразяў і ι—ε Кіля. Сваёй назвай ён абавязаны таму факту, што мараплаўцы часам блытаюць яго з Паўднёвым Крыжом, што прыводзіць да памылак у астранавігацыі.[1]
Аб’екты глыбокага космасу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сузор’і Ветразяў увагу астраномаў прыцягвае плянэтарная туманнасьць NGC 3132 (пад мянушкай «Туманнасьць васьмі выбухаў»). Акрамя ў яе ў сузор’і знаходзяцца яшчэ 32 плянэтарныя туманнасьці.
Цікаўным зьяўляецца Звышновая Ветразяў — туманнасьць, што зьявілася па выбуху звышновай, які можна было назіраць зь Зямлі каля 10 000гадоў таму. Усярэдзіне рэштак звышновай знаходзіцца пульсар — першы, які ўдалося знайсьці аптычным шляхам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Looking For The South Celestial Pole? Follow The Southern Cross Constellation (анг.) Constellations And Planets
|