Валеры Шкаруба
Валеры Шкаруба | |
Дата нараджэньня | 10 сьнежня 1957 |
---|---|
Месца нараджэньня | Барысаў, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Дата сьмерці | 19 лістапада 2020[1] |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Адукацыя | Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1981) |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс |
Навуковая сфэра | малярства[2] |
Плынь | магічны рэалізм |
Працы | сэрыя краявідаў «Спрадвечнае» |
Пад уплывам | Людміла Міронава |
Уплыў на | Вольга Шкаруба |
Узнагароды | |
Вале́ры Фё́даравіч Шкару́ба (1957, Барысаў, Менская вобласьць, цяпер Беларусь — 2020, Менск, Беларусь) — беларускі мастак-жывапісец.
Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002) за сэрыю краявідаў «Спрадвечнае». Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (2014). Сябра Беларускага саюзу мастакоў (1989). Узнагароджаны мэдалём (2008)[3] і ордэнам Францішка Скарыны (2020)[4].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гадаваўся ў сям'і вайскоўца ў вайсковым мястэчку Барысава. Пачаў маляваць з 4-х гадоў і бавіў за маляваньнем шмат часу ў самоце, бо пазьбягаў аднагодкаў празь дзіцячае заіканьне, пакуль ня вылечыўся[4]. У 6 гадоў стаў маляваць алоўкамі[5]. У сьнежні 2007 году Валеры Шкаруба прыгадваў: «маленства прайшло на ўскрайку Барысава, у прыватным доме. Я жыў у амаль вясковым асяродку. Побач — Бярэзіна, лес, палі. Шмат і з асалодай пісаў навакольныя краявіды... ў Барысаве была адкрытая студыя выяўленчага мастацтва. Я меў магчымасьць атрымаць першапачатковую мастацкую адукацыю»[6]. У 1965—1973 гадох займаўся ў выяўленчым гуртку Дома піянэраў у Барысаве, пасьля чаго 3 гады навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ў Барысаве. Вучыўся ў сярэдняй школе № 16 Барысава, якую скончыў у 1975 годзе[7].
У ліпені 2018 году Шкаруба заўважыў: «у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут я паступіў толькі з 4-га разу», хоць меў «11 гадоў заняткаў у студыі выяўленчага мастацтва ў Барысаве»[8]. Пры гэтым, Шкаруба адзначаў, што «паступіў на дызайнэрскае аддзяленьне тэатральна-мастацкага інстытуту» (БДТМІ), але «меў посьпехі ў жывапісных штудыях, наведваў вячэрнія заняткі па малюнку. У інтэрнаце жыў і сябраваў толькі з жывапісцамі». У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце істотны ўплыў аказала выкладніца Людміла Міронава, якая «складвала ў шапку 15—20 паперак з назвамі мастацкіх стыляў, а мы выцягвалі іх па адной. Камусьці трапляў імпрэсіянізм, камусьці кубізм або сюррэалізм. А пасьля звычайны нацюрморт мы мусілі напісаць у прапанаваным варыянце. Гэта было няпроста. Мы гадзінамі чыталі кнігі ў бібліятэцы, вывучалі тэорыю. Напісаўшы твор, павінныя былі тлумачыць сваю пазыцыю перад усёй групай. Гэта навучыла адстойваць свае перакананьні, дапамагло, калі цалкам перайшоў у станковы жывапіс»[6]. У 1981 годзе скончыў дызайнэрскае аддзяленьне БДТМІ. У 1984 годзе пачаў удзельнічаць у мастацкіх выставах[7].
Пра вяртаньне да жывапісу Шкаруба прыгадваў: «У якасьці дызайнэра у НДІ ЭВМ працаваў 10 гадоў. Распрацоўваў выгляд першых кампутараў, якія тады называліся ПВМ — пэрсанальныя вылічальныя машыны. Маю пачак прамысловых вынаходніцтваў». Пры гэтым, «кожны вечар вёў дзіцячую студыю, займаўся жывапісам». Пазьней перайшоў да працы мастаком: «Празь 5 гадоў паступіў у моладзевае аб’яднаньне, праз 8 — у Саюз мастакоў (1989). З таго моманту цалкам заняўся жывапісам». Наконт свайго падыходу да маляваньня Шкаруба згадваў: «Пішу працы доўга. Магу над адной карцінай шчыраваць цэлы месяц. ... Да адной працы магу напісаць, напрыклад, 5 эскізаў і толькі тады адчуць сябе гатовым выйсьці на вялікі памер»[6]. У 1980-я гады жыў у менскім мікрараёне Зялёны Луг і хадзіў маляваць з натуры ў Севастопальскі парк і яблыневы сад каля сучаснай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[5]. Таксама маляваў Цнянскае вадасховішча і краявіды лецішчаў Менскага раёну, Браслаўскія азёры і Слабодку ў Браслаўскім раёне. У 1991 годзе ў 34-гадовым веку зрабіў першую асабістую выставу. У 2002 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за сэрыю карцінаў «Спрадвечнае». На атрыманыя ад прэміі грошы набыў некалькі дзясяткаў мастацкіх альбомаў, якія перадаў у бібліятэку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2005 годзе быў прадстаўніком ад Беларусі на 1-м Вэнэцыянскім біенале (Італія) з творамі ў жанры магічнага рэалізму[4].
За 1988—2007 гады правёў асабістыя выставы пэйзажу за мяжой у 2 краінах Азіі — Кітаі і Японіі, а таксама ў 6 краінах Эўропы — Аўстрыі, Бэльгіі, Італіі, Нямеччыне, Расеі і Францыі. Атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за сэрыю краявідаў «Спрадвечнае». У карцінах пераважна адлюстроўваў пераходныя станы ў прыродзе — апошні прамень сонца і вечар, зьмярканьне і туман. Часта маляваў зімовыя відарысы. Сьвятло служыла сродкам колеравага пераходу ў працах «Апошняе сьвятло», «Водбліскі», «Да сьвятла», «Раніца», «Тамленьне» і «Чорны лес». У карцінах «Адліга», «Дарога», «Смуга» і «Цёплы сьнег» выяўляў аддаленыя абрысы ў тумане. Спалучаў у творах аскетычнасьць колеравага вырашэньня і графічную дакладнасьць. У выніку тонкія градацыі амаль манахромнага калярыту давалі адчуваньне каляровасьці ды ўзнаўлялі вільготнае восеньскае паветра і туманную смугу сырой халоднай раніцы. Задуменнасьцю і смуткам пранізаныя ягоныя палотны «Дакрананьне», «Мэлёдыя цішыні» і «Прымірэньне». На карцінах «Напружаньне», «Павявае холадам» і «Халодны змрок» выяўляліся трывога і хваляваньне. У кампазыцыях «Белы сьнег», «Вечар», «Прыналежнасьць» і «Роздум» зьвярталася ўвага на шорах і шэпт. Частку твораў прысьвяціў дарозе, праз вобраз якой выяўляў пачуцьцё хваляваньня («Дарога») і страху («У цемру»), няўтульны выбар («На раздарожжы» і «Непазьбежнасьць») ды трывогу («Да невядомага» і «На павароце»). Сярод іншага, маляваў нацюрморты і партрэты[9].
У студзені 2008 годзе на асабістай выставе ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі прадставіў звыш 50 працаў жывапісу[5]. 6 лютага 2014 году атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі[10]. На лістапад 2015 году карціны Шкарубы знаходзіліся ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, абласных і раённых музэях Беларусі, а таксама ў музэях Кітаю і Нямеччыны. Сярод іншага, творы мастака захоўваліся ў прыватных зборах ЗША і 3-х краінаў Азіі — Кітаю, Турэччыны і Японіі, а таксама ў 10 краінах Эўропы — Аўстрыі, Бэльгіі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Славеніі і Францыі[3]. Пагатоў, Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі меў 8 працаў Шкарубы, у тым ліку карціну «Белае зьмярканьне» 1991 году, якую падарыла намесьніца старшыні Камітэту Шагала — Мерэт Мэер-Грабэр[11]. У студзені 2018 годзе атрымаў годнасьць ганаровага грамадзяніна Менскай вобласьці[12]. 14—18 лютага 2018 году ўзяў удзел у штогадовай Выставе сталічнага мастацтва ў Парыжы пад апякунствам прэзыдэнта Францыі[13].
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 лістапада 2015 году ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Каладзеева разьмясьцілі Карцінную галерэю Валерыя Шкарубы. «Беларуснафта-Менскаблнафтапрадукт» выдаткавала на ўладкаваньне памяшканьня 600 млн рублёў (37 000 даляраў). Валеры Шкаруба перадаў у Галерэю 30 сваіх карцінаў вартасьцю 60 000 даляраў[3].
24 студзеня 2018 году на тэлеканале «Беларусь 3» адбылася прэм'ера 10-сэрыйнага фільма Алега Лукашэвіча «Сучаснае мастацтва Беларусі», 1-я частка якога прысьвячалася Валерыю Шкарубу[14]. На 2020 год Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі меў 12 карцінаў Валерыя Шкарубы[4]. На 2021 год імянная галерэя Валерыя Шкарубы ў Барысаўскай раённай бібліятэцы налічвала 35 твораў Шкарубы[15].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Валеры Шкаруба. Жывапіс: альбом. — Менск: Белпрынт, 2007. — 151 с. — ISBN 978-985-459-100-1
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Сышоў з жыцьця Валеры Шкаруба // Белтэлерадыёкампанія, 19 лістапада 2020 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
- ^ Škaruba, Valeryj Fedaravìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в Тацяна Лазоўская. Галерэя Валерыя Шкарубы ў Барысаве // Зьвязда : газэта. — 19 лістапада 2015. — № 224 (28082). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г Надзея Вусава. Лінія жыцьця Валерыя Шкарубы // Зьвязда. — 24 лістапада 2020. — № 229 (29343). — С. 9.
- ^ а б в Іна Беразінская. Пра вечнае, пра гармонію сусьвету // Літаратурная Беларусь. — Студзень 2008. — № 14–15. — С. 30.
- ^ а б в Н.Ш. Валеры Шкаруба: «Імкнуся перадаваць нябачнае» // Мастацтва. — Сьнежань 2007. — № 12 (297).
- ^ а б Ад каронавіруса памёр беларускі мастак Валеры Шкаруба // Радыё «Рацыя», 19 лістапада 2020 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
- ^ Ганна Курак.. Валеры Шкаруба: «Па натуры я перфекцыяніст» // Газэта «Зьвязда», 30 ліпеня 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
- ^ Валеры Жук. Красамоўства маўчаньня // Мастацтва : часопіс. — Сьнежань 2007. — № 12 (297).
- ^ Заслужаным людзям — заслужаныя ўзнагароды // Зьвязда. — 7 лютага 2014. — № 23 (27633). — С. 1.
- ^ Ірына Сьвірко. Восеньскае сьвятло Валерыя Шкарубы // Рэспубліка : газэта. — 20 лістапада 2015. — № 6372. — ISSN 1991-5322.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Заслужаны дзеяч мастацтваў Валеры Шкаруба - ганаровы грамадзянін Менскай вобласьці // Белтэлерадыёкампанія, 31 студзеня 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
- ^ Аб удзеле беларускіх мастакоў у салёне «Арт Капіталь» у г.Парыжы // Амбасада Беларусі ў Францыі, 17 лютага 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
- ^ Фільм Алега Лукашэвіча пра сучаснае мастацтва пакажуць на беларускім ТБ // Радыё «Спадарожнік», 19 студзеня 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Валерыя Шкарубу ўспамінаюць сёньня ў Барысаве // Белтэлерадыёкампанія, 10 сьнежня 2021 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 10 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1957 годзе
- Памерлі 19 лістапада
- Памерлі ў 2020 годзе
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
- Кавалеры ордэна Францішка Скарыны
- Узнагароджаныя мэдалём Францішка Скарыны
- Нарадзіліся ў Барысаве
- Мастакі-пэйзажысты
- Беларускія мастакі
- Сябры Беларускага саюзу мастакоў
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі
- Магічны рэалізм
- Памерлі ў Менску