Анры Матыс
Анры Матыс | |
Анры Матыс, 22 траўня 1933 | |
Дата нараджэньня | 31 сьнежня 1869 |
---|---|
Месца нараджэньня | Лё-Като-Камбрэзі, Францыя |
Дата сьмерці | 3 лістапада 1954 |
Месца сьмерці | Ніцца, Францыя |
Прычына сьмерці | інфаркт міякарда |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс, малюнак, скульптура, гравюра |
Сябра ў | Нацыянальная акадэмія прыгожых мастацтваў Аргенціны[d] |
Жанры | Дэкупаж[d], пэйзаж[2], жывапіс чалавека[d][2], натурморт[d][2] і партрэтнае маляваньне[d][2] |
Плынь | фавізм, мадэрнізм |
Працы | Жанчына ў капелюшы (Мадам Матыс) (1905) |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Анры́ Маты́с (франц. Henri Matisse; 31 сьнежня 1869, Лё-Като-Камбрэзі, дэпартамэнт Нор — 3 лістапада 1954, Ніцца) — францускі мастак і скульптар, які лічыцца адным з самых вядомых фавістаў.
Гадаваўся у Пікардыі. Першапачаткова Матыс займаўся правам, але ўжо ў дваццацічатырохгадовым узросьце паступіў у парыскую школу мастацтва. Вучыўся ў Гюстава Маро і спачатку пісаў карціны пад уплывам імпрэсіяністаў і японскай культуры. У 1905 годзе Матыс упершыню выставіў свае працы ў Восеньскім салёне. Дзьве зімы 1912 і 1913 гадоў, мастак правёў у Марока, дзе на яго творчасьць паўплывала ісламскае мастацтва. Хутка ён знайшоў уласны стыль. Сусьветную вядомасьць Матыс атрымаў ужо па сваёй сьмерці.
Акрамя карцінаў, вядомы яго выдатныя малюнкі, гравюры, скульптуры, малюнкі для тканіны. Адной зь вядомейшых працаў мастака сталі вітражы дамініканскай Капэлы Ружанцоў у Вансе (1951). Пасьля анкалягічнай апэрацыі ў 1941 годзе Матыс страціў мажлівасьць хадзіць і перамяшчаўся выключна ў інвалідным вазку, а замест маляваньня, пачаў займацца пераважна папяровымі калажамі. Анры Матыс захапляўся творчасьцю Паблё Пікаса, зазнаў уплыў Поля Сэзана, Гагена, Вінцэнта ван Гога, Поля Сыньяка ды шэрагу іншых.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Матыс нарадзіўся ў Лё-Като-Камбрэзі, у дэпартамэнце Нор на поўначы Францыі. Ён быў старэйшым сынам пасьпяховага гандляра збожжам[3]. Вырас Анры ў Баэн-ан-Вэрмандуа, Пікардыя. У 1887 годзе ён выправіўся ў Парыж, каб вывучаць права, каб потым працаваць у якасьці адміністратара суда ў Лё-Като-Камбрэзі пасьля атрыманьня кваліфікацыі. Упершыню пачаў пісаць маляваць у 1889 годзе, пасьля таго, як ягоная маці прынесла яму мастацкія прыналежнасьці ў пэрыяд акрыяньня пасьля прыступу апэндыцыту. Ён выявіў, што мастацтва вельмі прыцягвае яго[4], і вырашыў стаць мастаком, чым глыбока расчароўваў свайго бацьку[5][6].
У 1891 годзе ён вярнуўся ў Парыж, каб вывучаць мастацтва ў Акадэміі Жульена і стаў вучнем Вільяма-Адольфа Бугеро і Гюстава Маро. Першапачаткова ён пісаў натурморты і пэйзажы ў традыцыйным стылі, у якіх дасягнуў пэўных ведаў. Матыс знаходзіўся пад уплывам твораў раньніх майстроў, як то Жан-Батыст Шардэн, Нікаля Пусэн і Антуан Вато, а таксама сучасных мастакоў, як то Эдуар Манэ, і японскага мастацтва. Шардэн зьяўляўся адным з галоўных мастакоў, творчасьцю якога захапляўся Матыс. Як студэнт мастацтва ён зрабіў копіі чатырох карцін Шардэна ў Люўры[7].
У 1896 і 1897 гадох Матыс наведаў аўстралійскага мастака Джона Пітэра Расэла на востраве Бэль-Іль ля берагоў Брэтані. Расэл пазнаёміў Матыса зь імпрэсіянізмам і працамі Ван Гога, які быў сябрам Расэла, але быў зусім невядомым на той час. Стыль Матыса цалкам зьмяніўся. Пазьней ён сказаў, што Расэл стаў ягоным настаўнікам, і менавіта Расэл патлумачыў яму тэорыю колеру[6]. У 1896 годзе Матыс выставіў пяць карцін у салёне Нацыянальнага таварыства прыгожых мастацтваў, дзьве зь якіх былі набыты дзяржавай[8].
Разам з мадэлькай Каралін Жаблё ў яго была дачка, Маргарыта, якая нарадзілася ў 1894 годзе. Аднак, у 1898 годзе Матыс абраўся шлюбам з Амэлі Наэлі Параір, зь якой у Матыса нарадзілася два сына Жан у 1899 годзе і П’ер ў 1900 годзе. Маргарыта і Амэлі часьцяком служылі мадэлькамі для карцін Матыса[9].
У 1898 годзе Матыс, паводле рады Каміля Пісаро, адправіўся ў Лёндан, каб вывучаць карціны Ўільяма Тэрнэра, а затым выправіўся ў паездку на Корсыку. Па вяртаньні ў Парыж у лютым 1899 году, ён працаваў побач з Альбэрам Марке, а таксама пазнаёміўся з Андрэ Дэрэнам, Жанам Пюі і Жулем Фляндрэнам. Матыс захапіўся працамі іншых мастакоў і набраў доўг, бо набываў карціны, якімі ён захапляўся. Працы, якія ён павесіў у сваім доме ўключаюць гіпсавы бюст Агюста Радэна, карціны Поля Гагена, малюнкі Ван Гога і карціна Сэзана «Тры купальшчыцы». Менавіта у сэзанаўскай выяўленчай структуры і колеру Матыса знайшоў сваё асноўнае натхненьне[10].
Многія з карцін Матыса у пэрыяд з 1898 па 1901 гады была напісаны тэхнікай пуантылізму, якую ён пераняў пасьля таго, як прачытаў эсэ Поля Сыньяка «D'Eugène Delacroix au Néo-impressionisme»[11].
Фавізм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фавізм як стыль нарадзіўся каля 1900 году і жыў і пасьля 1910 году, але прыкметным гэты кірунак быў усяго некалькі гадоў з 1904 па 1908 год, за гэты час былі зладжаныя тры выставы[12][13]. Лідэрамі руху былі Матыс і Андрэ Дэрэн[12]. Першая пэрсанальная выстава Матыса адбылася ў галерэі Амбруаза Вальяра ў 1904 годзе[10], але прайшла яна без асаблівага посьпеху. Прыхільнасьць Матыса да зыркіх і выразных колераў стала больш акрэсьленай пасьля таго, як ён правёў лета 1904 году ў жывапісе ў Сэн-Трапэ разам з нэаімпрэсіяністамі Сыньякам і Анры-Эдмонам Кросам[11]. У гэтым годзе ён напісаў найбольш важны свой твор, створаны ў стылі нэаімпрэсіянізму, «Раскоша, супакой і пяшчота»[11]. У 1905 годзе ён зноў паехаў на поўдзень, каб працаваць з Андрэ Дэрэнам у Кальюры. Ягоныя карціны гэтага пэрыяду характарызуюцца плоскімі формамі і кантраляванымі лініямі, ён выкарыстоўваў у гэты час пуантылізм менш строга, чым раней.
Матыс і група мастакоў, якія цяпер былі вядомыя як фавісты, выстаўляліся разам у залі ў Восеньскім салёне ў 1905 годзе. Карціны выказвалі эмоцыі дзікімі, часта дысануючымі фарбамі, без уліку натуральных колераў суб’екту. Матыс выставіў ў салёне свае карціны «Адчыненае вакно» і «Жанчына ў капелюшы». Крытык Люі Ваксэль, наведаўшы выставу, ахарактарызаваў яе як оргія чыстых адценьняў, а ўлічваючы, што ў залі стаяла толькі адная скульптура сярод карцінаў, ён назваў яе «Данатэльлё сярод дзікіх зьвяроў» (франц. Donatello chez les fauves)[14], маючы на ўвазе рэнэсансавы стыль гэтае скульптуры[15]. Ягоны камэнтар быў надрукаваны 17 кастрычніка 1905 годзе ў штодзённай газэце «Жыль Бляс», і, такім чынам, выраз перайшоў у народны ўжытак, даўшы назву стылю — фавізм[12][15]. Выстава, аднак, выклікала рэзкую крытыку, але мела і некаторую станоўчую ўвагу[15]. Калі карціну, якую вылучылі да асаблівага асуджэньня, «Жанчына ў капелюшы», купілі Гертруда і Лео Стайны, маральны дух мастака значна палепшыўся[15].
Матыс быў прызнаны лідэрам фавістаў разам з Андрэ Дэрэнам. Яны былі прыязнымі супернікамі, кожны зь якіх меў уласных пасьлядоўнікаў. Іншымі чальцамі мастацкае плыні былі Жорж Брак, Рауль Дзюфі і Марыс дэ Влямінк. Мастак-сымбаліст Гюстаў Маро быў натхняльнікам і настаўнікам руху. Працуючы прафэсарам Парыскай школы прыгожых мастацтваў, ён падштурхоўваў сваіх студэнтаў думаць па-за межамі фармальнасьці і прытрымлівацца асабістага бачаньня. У 1907 годзе Гіём Апалінэр, камэнтуючы Матыса ў артыкуле, апублікаваным у «Ля Фалянж», адзначаў, што мастацтва мастака ёсьць надзвычай разумным[16]. Поруч з ухваленьнем мастак таксама сутыкаўся з жорсткай крытыкай, да таго ж яму было цяжка забясьпечваць сям’ю[6]. Ягоная карціна 1907 году «Сіняя галізна», якая літаральна шакавала публіку, была спаленае на Зброевай выставе ў Чыкага ў 1913 годзе[17].
Заняпад фавісцкага руху пасьля 1906 году не паўплываў на кар’еру Матыса, то бок многія ягоныя найлепшыя творы былі створаныя паміж 1906 і 1917 гадамі, калі ён быў актыўнай часткай вялікага збору мастацкіх талентаў у Манпарнасе, не зважаючы на тое, што мастак не зусім упісваўся ў ягоны кансэрватыўны лад і строгія буржуазныя звычкі. Ён працягваў засвойваць новыя ўплывы. Ён выправіўся ў Альжыр у 1906 годзе, вывучаючы афрыканскае мастацтва і прымітывізм. Пасьля прагляду вялікай выставы ісламскага мастацтва ў Мюнхэне ў 1910 годзе Матыс правёў два месяцы ў Гішпаніі, вывучаючы маўрытанскае мастацтва. Ён наведаў Марока ў 1912 і зноўку ў 1913 годзе, і, малюючы ў Танжэры, зрабіў некалькі зьменаў у сваю працу, у тым ліку таго, што тычыцца выкарыстаньня чорнага колеру[18][19]. Новай асаблівасьцю творчасьці Матыса сталася сьмеласьць у выкарыстаньні інтэнсіўнага і аднастайнага колеру, як у працы «Чырвонае атэлье» 1911 году[11].
Парыж
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыблізна ў красавіку 1906 году Матыс пазнаёміўся з Паблё Пікаса, які быў на 11 гадоў маладзейшы за Матыса[6]. Адобва сталіся сябрамі на ўсё жыцьцё, але таксама і супернікамі, бо іхныя творы часта параўноўваюць адзін з адным. Ключавым адрозьненьнем паміж імі зьяўляецца тое, што Матыс маляваў з натуры, у той час як Пікаса быў больш схільны працаваць з фантазіі. Тэмамі, якія часьцей за ўсё абіралі абодва мастакі, былі жанчыны і натурморты, прычым Матыс часьцей разьмяшчаў свае фігуры ў цалкам рэалізаваных інтэр’ерах. Упершыню працы Матыса і Пікаса былі выстаўленыя ў парыскім салёне Гертруды Стайн разам зь ейнай кампаньёнкай Алісай Бабэт Токлас. У першае дзесяцігодзьдзе ХХ стагодзьдзя амэрыканцы ў Парыжы — Гертруда Стайн, ейныя браты Лео Стайн, Майкл Стайн і ягоная жонка Сара — былі важнымі калекцыянэрамі і прыхільнікамі карцінаў Матыса. Акрамя таго, дзьве амэрыканскія сяброўкі Гертруды з Балтымара, сёстры Кларыбэл і Эта Коўн, сталіся галоўнымі заступніцамі Матыса і Пікаса, сабраўшы сотні іхных карцін і малюнкаў. Зараз калекцыя Коўн экспануецца ў Балтымарскім мастацкім музэі[20].
У той час як шматлікія мастакі наведвалі салён Стайн, многія з гэтых мастакоў не былі прадстаўленыя сярод карцінаў на сьценах па адрасе салёну. Калі працы Рэнуара, Сэзана, Матыса і Пікаса дамінавалі ў калекцыі Лео і Гертруды Стайнаў, калекцыя Сары Стайн асабліва падкрэсьлівала творчасьць Матыса. Матыс і Пікаса часьцяком наведвалі сям’ю Стан, баваючы ў ніх час суботамі. Да іх час ад часу далучаліся знаёмыя Паблё Пікаса, як то палюбоўніца Пікаса Фэрнанда Аліўе, Жорж Брак, Андрэ Дэрэн, паэты Макс Жакоб і Гіём Апалінэр, палюбоўніца Апалінэра мастачка Мары Лярэнсэн і Анры Русо.
Сябры мастака зфундавалі і прафінансавалі Акадэмію Матыса ў Парыжы — прыватную і некамэрцыйную школу, у якой Матыс навучаў маладых мастакоў. Установа працавала з 1907 па 1911 гады. Ініцыятыва стварэньня акадэміі была з боку сям’і Стайнаў і Дам’е, пры ўдзеле Ганса Пурмана, Патрыка Гэнры Бруса і Сары Стайн[21]. У наступным Матыс правёў сем месяцаў у Марока, падрыхтаваўшы там каля 24 карцін і шматлікія малюнкі. Да гэтага пэрыяду можна аднесьці ягоныя частыя арыенталісцкія тэмы наступных карцінаў, як то выявы адаліскаў[22].
Пасьля Парыжу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1917 годзе Матыс пераехаў у Сым’е на Францускай Рывіеру, у прадмесьце Ніццы. Ягоныя працы каля наступнага дзесяцігодзьдзя па пераезду паказваюць зьмякчэньне ягонага падыходу. Гэтае «вяртаньне да парадку» ёсьць характэрным большасьці прадстаўнікоў мастацтва па заканчэньні Першай сусьветнай вайны, і ў гэты час яго можна параўнаць з нэаклясыцызмам Пікаса і Стравінскага, а таксама вяртаньнем да традыцыяналізму Дэрэна. У гэты пэрыяд характэрны арыенталістычныя адалістычныя карціны Матыса, і не зважаючы на тое, што ў той час яныя творы былі папулярнымі, некаторыя сучасныя крытыкі палічылі іх нязначнымі і дэкаратыўнымі[24]. У 1918 годзе ў галерэі Гіём прайшла сумесная выстава Матыса і Пікаса. У Ніццы ён пазнаёміўся з Агюстам Рэнуарам і П’ерам Банарам. У 1920 годзе на просьбу Сяргея Дзягілева ён стварыў эскізы касьцюмаў і дэкарацыяў дзеля балету «Песьня салоўкі» на музыку Ігара Стравінскага ў харэаграфіі Леаніда Мясіна. Прэм’ера адбылася ў Парыжы ў лютым 1920 году. Пазьней, у 1937 годзе, ім таксама былі зробленыя эскізы дэкарацыяў дзеля балета «Чырвонае і чорнае» на музыку Дзьмітрыя Шастаковіча ў харэаграфіі таго ж Леаніда Мясіна. У 1927 годзе сын мастака, П’ер Матыс, які стаў галерыстам, арганізаваў выставу бацькі ў Нью-Ёрку, і ў тым жа годзе мастак атрымаў прэмію Інстытута Карнэгі ў Пітсбургу за карціну «Збан і кветкі»[25].
У канцы 1920-х гадох Матыс зноўку актыўна супрацоўнічаў зь іншымі мастакамі. Ён працаваў ня толькі з французамі, галяндцамі, немцамі і гішпанцамі, але і зь некалькімі амэрыканцамі і нядаўнімі амэрыканскімі імігрантамі. Пасьля 1930 году ў ягоных творах зьявілася новая энэргія і больш сьмелае спрашчэньне. Амэрыканскі калекцыянэр мастацтва Альбэрт Кумз Барнз пераканаў Матыса падрыхтаваць вялікую карціну дзеля Фонду Барнза «Танец II», якая была завершаная ў 1932 годзе. Фонду таксама належыць некалькі дзясяткаў іншых карцінаў Матыса. Гэты крок да спрашчэньня поруч з прадвесьцем абстракцыйнай тэхнікі ёсьць відавочным у ягонай карціне «Вялікая ляжачая аголеная жанчына» (1935). Матыс працаваў над гэтай карцінай некалькі месяцаў і зафіксаваў прагрэс за працай сэрыяй з 22 фатаздымкаў, якія ён адправіў Эце Коўн[26]. У гэты час Матыс пагадзіў на працу ў сакратаркі маладую расейскую эмігрантку Лідзію Дзелякторскую, якая да таго ж часам выступала ў ролі мадэлькі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
- ^ а б в г RKDartists (нід.)
- ^ Spurling, Hilary (2000). «The Unknown Matisse: A Life of Henri Matisse: The Early Years, 1869–1908». University of California Press, 2001. — С. 4—6. — ISBN 0-520-22203-2.
- ^ Leymarie, Jean; Read, Herbert; Lieberman, William S. (1966), «Henri Matisse», UCLA Art Council. — С. 9.
- ^ Bärbel Küster. «Arbeiten und auf niemanden hören». Süddeutsche Zeitung, 2007.
- ^ а б в г «The Unknown Matisse...». ABC Radio National.
- ^ Spurling, Hilary. «The Unknown Matisse: A Life of Henri Matisse, the Early Years, 1869–1908». Knopf, 2005 — С. 86. — ISBN 0-375-71133-3.
- ^ «Henri and Pierre Matisse». Cosmopolis, No 2.
- ^ «Matisse, Marguerite». The Androom Archives.
- ^ а б Leymarie, Jean; Read, Herbert; Lieberman, William S. (1966), «Henri Matisse», UCLA Art Council. — С. 10.
- ^ а б в г Matisse, Henri. Oxford Art Online.
- ^ а б в Elderfield, John (1976) «The „Wild Beasts“ Fauvism and Its Affinities». Museum of Modern Art. — С. 13. — ISBN 0-87070-638-1
- ^ Freeman, Judi, et al. (1990). «The Fauve Landscape». Abbeville Press. — С. 13. — ISBN 1-55859-025-0.
- ^ Vauxcelles, Louis (1905). «Le Salon d'Automne». Gil Blas.
- ^ а б в г «Fauvism». The Oxford Dictionary of Art.
- ^ Rubin, William (1989). «Picasso and Braque pioneering cubism». Museum of Modern Art. New York. — С. 348. — ISBN 0-87070-676-4.
- ^ «Henri Matisse». Encyclopædia Britannica.
- ^ «Matisse in Morocco: The Paintings and Drawings, 1912—1913». National Gallery of Art.
- ^ «Matisse and the Mark Left on Him by Morocco». The New York Times.
- ^ «Cone Collection». Baltimore Museum of Art.
- ^ Green, Christopher (2003). «Art in France, 1900—1940». Pelican History of Art Series, Yale University Press. — С. 64. — ISBN 0300099088.
- ^ Cowart, Jack; Schneider, Pierre; Elderfield, John (1990). «Matisse in Morocco: The Paintings and Drawings, 1912—1913».
- ^ Joseph, Charles M. (2002) «Stravinsky and Balanchine, A Journey of Invention». New Haven: Yale University Press.
- ^ Cowart, Jack; Fourcade, Dominique (1986). «Henri Matisse: The Early Years in Nice 1916—1930». Henry N. Abrams, Inc. — С. 47. — ISBN 978-0810914421.
- ^ «Анри Матисс». Биографии знаменитых людей.
- ^ «Henri Matisse Photographic documentation of 22 progressive states of Large Reclining Nude, 1935». The Jewish Museum.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Анры Матыс. Encyclopædia Britannica.
- Матыс і ягоныя каты.
- Анры Матыс: біяграфія і працы.
- Музэй Матыса ў Ніццы.
- Нарадзіліся 31 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1869 годзе
- Памерлі 3 лістапада
- Памерлі ў 1954 годзе
- Выпускнікі Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў
- Выпускнікі Акадэміі Жуліяна
- Кавалеры ордэна Ганаровага легіёну
- Нарадзіліся ў Францыі
- Францускія мастакі і мастачкі
- Францускія скульптары
- Памерлі ад інфаркту міякарда
- Памерлі ў Ніццы