Вінцэнт ван Гог
Вінцэнт ван Гог | |
Аўтапартрэт | |
Імя пры нараджэньні | Vincent Willem van Gogh |
---|---|
Дата нараджэньня | 30 сакавіка 1853 |
Месца нараджэньня | Зюндэрт, Паўночны Брабант, Нідэрлянды |
Дата сьмерці | 29 ліпеня 1890 (37 гадоў) |
Месца сьмерці | Авэр-сюр-Уаз, Францыя |
Прычына сьмерці | агнястрэльная рана[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс |
Навуковая сфэра | малярства |
Месца працы | |
Сябра ў | Société française de gravure[d] |
Жанры | пэйзаж[2][3], натурморт[d][2][3], партрэт[2][3], мескі пэйзаж[d][3], interior view[d][3], аўтапартрэт[d][3] і хрысьціянскае мастацтва[d][3] |
Плынь | постімпрэсіянізм |
Працы | «Ядучы бульбу», «Сланечнікі», «Зорная ноч» |
Пад уплывам | Антон Маўвэ[d], Поль Гаген, Вілем Рулёфс[d], Поль Сэзан, Пітэр Паўль Рубэнс, Жан-Франсуа Міле[d] і Кацусіка Хакусай[4] |
Подпіс | |
Вінцэ́нт ван Гог (па-нідэрляндзку: Vincent Willem van Gogh; 30 сакавіка 1853 — 29 ліпеня 1890) — сусьветна вядомы нідэрляндзкі мастак, творчасьць якога належыць да кірунку постімпрэсіянізм. Фарбы служылі ван Гогу для выражэньня сваіх ўнутраных перажываньняў ў большай ступені, чым у іншых мастакоў. Ня меў прызнаньня сярод сваіх сучасьнікаў, зь сярэдзіны XX ст. і да цяперашняга часу мае вялікую папулярнасьць.
Дзіцячыя й юнацкія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 23 сакавіка 1853 году ў вёсцы Зюндэрт у нідэрляндзкім Брабанце, каля мяжы з Бэльгіяй. Бацька яго быў пратэстанцкім пастырам, а маці паходзіла зь сям’і мастакоў. Апрача яго ў сям’і было яшчэ пяцёра дзяцей: Ганна, Тэо, Элізабэта, Вільгельм і Карнэлія. У пятнаццаць гадоў скончыў сваю адукацыю. Маляваў зь дзяцінства, але сур’ёзна сутыкнуўся з гэтым мастацтвам у Гаазе, дзе, маючы 16 гадоў, працаваў у галерэі. Сюды яго скіравала маці. Напачатку меў цесную сувязь з мастацкай нідэрляндзкай традыцыяй, паказваючы асаблівасьці прадметаў праз багацьце гульні сьвятла. Выкарыстоўваў дастаткова цёмную, імпаставую манэру, тыповую, напрыклад, для Франса Гальса.
У 1873 (1874) годзе Вінцэнт ван Гог пачаў працу ў лёнданскім філіяле галерэі. Тут ён закахаўся ў дачку сваіх гаспадароў — Яўгенію Лоер. Аднак яна, будучы ўжо заручанай, адкідае прапанову сужэнства з боку мастака. Гэтае расчараваньне выклікае дэпрэсію й нэрвовы ўпадак, у выніку чаго ў 1876 годзе ван Гог страчвае працу ў галерэі й вяртаецца дадому. Гэта былі першыя праявы хваробы нэрвовай сыстэмы, якая будзе спадарожнічаць яму ўсё жыцьцё.
У 1876 годзе вярнуўся ў Ангельшчыну як інкасатар у адну зь лёнданскіх школ. Уражаны беднасьцю, адмовіўся зьбіраць грошы й таму ізноў стаў беспрацоўным.
У 1878—1880 гадох, жадаючы дапамагаць бедным і праводзіць місіянэрскую дзейнасьць, Вінцэнт ван Гог становіцца пратэстанцкім казнадзеем (абвяшчальнікам навукі), працягваючы сямейныя традыцыі. Ён вучыцца тэалёгіі, але навучаньне для яго было вельмі цяжкім. За дапамогу бедным шахцёрам у бэльгійскім вугальным басэйне ў Борынаж за кошт маёмасьці пратэстанцкай супольнасьці ў 1880 годзе яго звольнілі.
Рашэньне стаць мастаком
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ван Гог выяжджае ў Брусэль, дзе вырашае стаць мастаком. У 1881 годзе з-за далейшых фінансавых праблем вяртаецца да бацькоў у Этэн. Там ён стварае першыя карціны, якія пазьней стануць шырока вядомымі (напрыклад «Сейбіт»). У гэты час закахаўся ў сваю стрыечную сястру Кі Вос з дома Стрыкер, муж якой памёр. Нягледзячы на тое, што яна адкідае яго заляцаньні, Вінцэнт выяжджае за ёй у Амстэрдам. Паводзіны ван Гога выклікаюць частыя канфлікты. Пасьля сваркі наконт будучых плянаў, зрывае кантакты з бацькам і пераяжджае ў Гаагу. Там вучыцца маляваньню ў Антоніё Маўвэ. У 1882 годзе закахаўся ў Сіен Горнік з г. зв. вулічных жанчын, якая становіцца яго мадэльлю й сяброўкай па жыцьці. Ціск і абурэньне з боку сям’і выклікаюць у ван Гога нарастаючую дэпрэсію. У гэтым самым годзе зьяўляюцца першыя карціны, напісаныя алеем.
У жніўні 1883 году ван Гог адыходзіць ад Сіен, пакідае Гаагу й накіроўваецца ў Дрэнтэ ў паўночнай Галяндыі. Там, жывучы ў спартанскіх умовах, праводзіць шмат часу на прагулках па ваколіцах, малюючы пэйзажы й сцэны з жыцьця звычайных людзей. Яму не хапае сродкаў для набыцьця матэрыялаў для маляваньня, што вымушае яго вярнуцца дадому. Пад канец 1883 году згаджаецца з бацькамі й вырашае пасяліцца ў іх новым доме ў Ное. Там жыве да сьмерці бацькі ў 1885 годзе. У гэты пэрыяд былі створаны такія карціны як «Мёртвая натура з адчыненай Бібліяй», «Ядучы бульбу».
У лістападзе 1885 году Вінцэнт выяжджае ў Антвэрпэн, каб вучыцца ў Каралеўскай акадэміі мастацтваў. У гэты час ён вельмі хварэе, трывае ад сыфілісу, а хворы страўнік нішчыцца ад недахопу ежы. Ван Гог хутка адмаўляецца ад навукі, бо яго празьмерна індывідуальная тэхніка ня мае прызнаньня ў акадэміі. Расчараваны, ён едзе ў Парыж. У Парыжы жыве разам з малодшым братам Тэо на Манмартры. Вялікае ўражаньне на яго робяць працы імпрэсіяністаў. Некаторыя зь іх дапамагаюць ван Гогу, сярод іх: Эміль Брэнрад i Поль Гаген. Асабліва пасябраваў з Гагенам.
Ван Гога пачынаюць пакідаць сябры й знаёмыя, калі выпіваючы ён ужо ня можа кантраляваць сваіх паводзінаў. Вырашае выехаць з Парыжу. У тыя часы панавала захапленьне японскім мастацтвам, якое меў і ван Гог. Таму ён пераяжджае ў месца якое б нагадвала яму Японію.
Арль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1888 годзе перасяляецца ў Арль, Праванс. Там цалкам сфармаваўся яго стыль маляваньня, які характэрныя інтэнсіўныя колеры, якія адбіваюцца ад прадметаў ды кантрасная грубая фактура й дэфармацыя. Паўстае шмат цудоўных карцін. Ван Гог жадаў зрабіць з Арлю мастацкі цэнтар, пераконвае ў гэтым Поля Гагена, які прыбыў у Арль у кастрычніку 1888 году. Ван Гог наймае «жоўты дом», дзе працуе па шаснаццаць гадзін на суткі. Паміж Вінцэнтам і Гагенам здараюцца канфлікты. 23-га сьнежня мела месца сварка, падчас якой п’яны ван Гог атакуе Гагена брытвай. Той здолеў уцячы, ван Гог жа адразае сабе кавалак правага вуха. З гэтага моманту галюцынацыі й нэрвовыя зрывы здараюцца ў яго ўсё часьцей, пераплятаючыся зь пэрыядамі добрага самаадчуваньня й яснасьці думкі. У гэты час ён стварае найбольш сваіх знакамітых твораў.
У сакавіку 1889 году жыхары Арлю выправаджваюць ван Гога з гораду. У траўні ён добраахвотна лечыцца ў псыхіятрычным шпіталі ў Сэн-Рэмі. Там яму быў пастаўлены дыягназ эпілепсія, аднак цяпер лічыцца, што ён хварэў парфіраю.
Падчас больш спакойных месяцаў, калі хвароба, як выдавалася, адступала, яму дазвалялі пакідаць шпіталь, каб маляваць. У гэты час ван Гог стварае 200 карцін. На пачатку 1890 году была апублікавана першая пазытыўная ацэнка яго прац, аўтарам якой быў Альбэрт Ар’е.
Яшчэ раз ван Гог спрабуе пачаць нармальнае жыцьцё. Наведаўшы ў Парыжы любімага брата Тэо, яго жонку й сына, 21 траўня 1890 году прыяжджае ў Авэр-сюр-Уаз на поўначы Францыі й пасяляецца ў гатэлі. Знаходзіцца пад апекай доктара Гачэта, лекара й мэцэната мастакоў. У нанятым пакоі над кавярняй за некалькі дзён стварае каля 70-ці палотнаў. Сярод іх «Поле пшаніцы з крумкачамі», якое лічыцца апошнім творам мастака.
27 ліпеня 1890 году Вінцэнт ван Гог у наплыве дэпрэсіі, выйшаўшы з дому, з рэвальвэру стрэліў сабе ў грудзі. Ён вярнуўся дадому, дзе цэлую ноч праляжаў палячы трубку. Памёр 1 жніўня з-за атрыманых ран, не дазволіўшы аказаць сабе дапамогу.
Найбольш вядомыя творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Боты» (1885, алеем на палатне, 37,5 х 45 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
- «Ядучы бульбу» (1885, алеем на палатне, 82 х 114 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
- «Жоўты дом» (1888, алеем на палатне, 72 х 91,5 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
- «Рыбацкія лодкі на пляжы ў Saintes-Maries-de-la-Mer» (1888, алеем на палатне, 64 х 81,5 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
- «Крэсла Гагена» (1888, алеем на палатне, 90,5 х 72,5 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
- «Аўтапартрэт як мастака» (1888, алеем на палатне, 65,5 х 50,5 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
- «Сланечнікі» (1888, алеем на палатне, 92 х 73 см, Нацыянальная галерэя, Лёндан).
- «Зорная ноч» (1888, алеем на палатне, 73,7 х 92,1 см, Musée d’Orsay, Парыж).
- «Спальня ў Арль» (1889, Мастацкі інстытут, Чыкага).
- «Поле з кіпарысамі» (1889, Нацыянальная галерэя, Лёндан).
- «Аўтапартрэт» (1890, Jev de Paume, Парыж).
- «Пшанічнае поле з крумкачамі» (1890, алеем на палатне, 50,5 х 103 см, Музэй ван Гога, Амстэрдам).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вінцэнт ван Гог — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў