Анры Матыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Анры Матыс
Анры Матыс, 22 траўня 1933
Анры Матыс, 22 траўня 1933
Нарадзіўся: 31 сьнежня 1869
Лё-Като-Камбрэзі, Францыя
Памёр: 3 лістапада 1954
Ніцца, Францыя
Заняткі: жывапіс, малюнак, скульптура, гравюра
Плынь: фавізм, мадэрнізм
Працы: Жанчына ў Капелюшы (Мадам Матыс) (1905)

Анры́ Маты́с (франц. Henri Matisse; 31 сьнежня 1869, Лё-Като-Камбрэзі, дэпартамэнт Нор — 3 лістапада 1954, Ніцца) — францускі мастак і скульптар, які лічыцца адным з самых вядомых фавістаў.

Вырас у Пікардыі. Першапачаткова Матыс займаўся правам, але ўжо ў дваццацічатырохгадовым узросьце паступіў у парыскую школу мастацтва. Вучыўся ў Гюстава Маро і спачатку пісаў карціны пад уплывам імпрэсіяністаў і японскай культуры. У 1905 годзе Матыс упершыню выставіў свае працы ў «Асеньнім салёне». Дзьве зімы (1912 і 1913 г.г.), мастак правёў у Марока, дзе на яго творчасьць паўплывала ісламскае мастацтва. Хутка ён знайшоў уласны стыль. Сусьветную вядомасьць Матыс атрымаў ужо пасьля сваёй сьмерці.

Акрамя карцінаў, вядомы яго выдатныя малюнкі, гравюры, скульптуры, малюнкі для тканіны. Адной зь вядомейшых працаў мастака сталі вітражы дамініканскай Капэлы Ружанцоў у Вансе (1951). Пасьля анкалягічнай апэрацыі (1941) Матыс страціў мажлівасьць хадзіць і перамяшчаўся выключна ў інвалідным крэсьле, а замест маляваньня, пачаў займацца пераважна папяровымі калажамі. Анры Матыс захапляўся творчасьцю Паблё Пікаса, зазнаў уплыў Поля Сэзана, Гагена, Вінцэнта ван Гога, Поля Сыньяка ды шэрагу іншых.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Матыс нарадзіўся ў Лё-Като-Камбрэзі, у дэпартамэнце Нор на поўначы Францыі. Ён быў старэйшым сынам пасьпяховага гандляра збожжам[1]. Вырас Анры ў Баэн-ан-Вэрмандуа, Пікардыя. У 1887 годзе ён выправіўся ў Парыж, каб вывучаць права, каб потым працаваць у якасьці адміністратара суда ў Лё-Като-Камбрэзі пасьля атрыманьня кваліфікацыі. Упершыню пачаў пісаць маляваць у 1889 годзе, пасьля таго, як ягоная маці прынесла яму мастацкія прыналежнасьці ў пэрыяд акрыяньня пасьля прыступу апэндыцыту. Ён выявіў, што мастацтва вельмі прыцягвае яго[2], і вырашыў стаць мастаком, чым глыбока расчароўваў свайго бацьку[3][4].

У 1891 годзе ён вярнуўся ў Парыж, каб вывучаць мастацтва ў Акадэміі Жульена і стаў вучнем Вільяма-Адольфа Бугеро і Гюстава Маро. Першапачаткова ён пісаў нацюрморты і пэйзажы ў традыцыйным стылі, у якіх дасягнуў пэўных ведаў. Матыс знаходзіўся пад уплывам твораў раньніх майстроў, як то Жан-Батыст Шардэн, Нікаля Пусэн і Антуан Вато, а таксама сучасных мастакоў, як то Эдуар Манэ, і японскага мастацтва. Шардэн зьяўляўся адным з галоўных мастакоў, творчасьцю якога захапляўся Матыс. Як студэнт мастацтва ён зрабіў копіі чатырох карцін Шардэна ў Люўры[5].

У 1896 і 1897 гадох Матыс наведаў аўстралійскага мастака Джона Пітэра Расэла на востраве Бэль-Іль ля берагоў Брэтані. Расэл пазнаёміў Матыса зь імпрэсіянізмам і працамі Ван Гога, які быў сябрам Расэла, але быў зусім невядомым на той час. Стыль Матыса цалкам зьмяніўся. Пазьней ён сказаў, што Расэл стаў ягоным настаўнікам, і менавіта Расэл патлумачыў яму тэорыю колеру[4]. У 1896 годзе Матыс выставіў пяць карцін у салёне Нацыянальнага таварыства прыгожых мастацтваў, дзьве зь якіх былі набыты дзяржавай[6].

Разам з мадэлькай Каралін Жаблё ў яго была дачка, Маргарыта, якая нарадзілася ў 1894 годзе. Аднак, у 1898 годзе Матыс абраўся шлюбам з Амэлі Наэлі Параір, зь якой у Матыса нарадзілася два сына Жан у 1899 годзе і П’ер ў 1900 годзе. Маргарыта і Амэлі часьцяком служылі мадэлькамі для карцін Матыса[7].

У 1898 годзе Матыс, паводле рады Каміля Пісаро, адправіўся ў Лёндан, каб вывучаць карціны Ўільяма Тэрнэр, а затым выправіўся ў паездку на Корсыку. Па вяртаньні ў Парыж у лютым 1899 году, ён працаваў побач з Альбэрам Марке, а таксама пазнаёміўся з Андрэ Дэрэнам, Жанам Пюі і Жулем Фляндрэнам. Матыс захапіўся працамі іншых мастакоў і набраў доўг, бо набываў карціны, якімі ён захапляўся. Працы, якія ён павесіў у сваім доме ўключаюць гіпсавы бюст Агюста Радэна, карціны Поля Гагена, малюнкі Ван Гога і карціна Сэзана «Тры купальшчыцы». Менавіта у сэзанаўскай выяўленчай структуры і колеру Матыса знайшоў сваё асноўнае натхненьне[8].

Многія з карцін Матыса у пэрыяд з 1898 па 1901 гады была напісаны тэхнікай пуантылізму, якую ён пераняў пасьля таго, як прачытаў эсэ Поля Сыньяка «D'Eugène Delacroix au Néo-impressionisme».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Spurling, Hilary (2000). «The Unknown Matisse: A Life of Henri Matisse: The Early Years, 1869–1908». University of California Press, 2001. — С. 4—6. — ISBN 0-520-22203-2.
  2. ^ Leymarie, Jean; Read, Herbert; Lieberman, William S. (1966), «Henri Matisse», UCLA Art Council. — С. 9.
  3. ^ Bärbel Küster. «Arbeiten und auf niemanden hören». Süddeutsche Zeitung, 2007.
  4. ^ а б «The Unknown Matisse...». ABC Radio National.
  5. ^ Spurling, Hilary. «The Unknown Matisse: A Life of Henri Matisse, the Early Years, 1869–1908». Knopf, 2005 — С. 86. — ISBN 0-375-71133-3.
  6. ^ «Henri and Pierre Matisse». Cosmopolis, No 2.
  7. ^ «Matisse, Marguerite». The Androom Archives.
  8. ^ Leymarie, Jean; Read, Herbert; Lieberman, William S. (1966), «Henri Matisse», UCLA Art Council. — С. 10.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Анры Матыссховішча мультымэдыйных матэрыялаў