ITV (тэлеканал)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
ITV
Краіна Ангельшчына
Зона вяшчаньня Брытанія, Ірляндыя, Ліхтэнштайн і Швайцарыя
Створаны 22 верасьня 1955 (63 гады таму)
Заснавальнік Управа незалежнага тэлебачаньня(en)
Уладальнік ТАА «Незалежнае тэлебачаньне»(en)
Кіраўніцтва Пітэр Бэзэлджэт(en), Адам Крозьер(en)
Слоган Заходзьце
Афіцыйны сайт itv.com/hub/itv

ITV (анг. Independent Television — «Незалежнае тэлебачаньне») — прыватны тэлеканал Ангельшчыны, заснаваны ў верасьні 1955 году ў Лёндане. З 2005 г. зьяўляўся найбольш прагляданым тэлеканалам Брытаніі (на 2015 г. 13,27% гледачоў паводле Вяшчальніцкай рады дасьледаваньня аўдыторыі(en)). На 2016 г. меў 64 асноўныя перадачы, зь іх 17 ранішніх і дзённых, 22 вечаровыя, 8 начных і 17 выхадных.

Разьмяшчэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. тэлеканал «Незалежнае тэлебачаньне» меў 10 сядзібаў СМІ «НТБ»:

На 2016 г. «Незалежнае тэлебачаньне» мела 8 вытворчых студыяў «НТБ»(en) у 7 краінах, дзе ствараліся перадачы і фільмы: Ангельшчына (Лёнданская студыя(en), раён Ўотэрлу, акруга Лэмбэт), Аўстралія (Сыднэй), ЗША (2: Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія; Нью-Ёрк, раён Мангэтан), Нямеччына (Кёльн, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія), Кітай (Ганконг, акруга Ваньчай), Францыя (Булёнь-Біянкур, дэпартамэнт Вярхоўі Сэны, рэгіён Іль-дэ-Франс), Швэцыя (Стакгольм)[2].

За мяжой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачатку 2015 г. тэлеканал «Незалежнае тэлебачаньне» паказвалі праз кабэльныя сеткі ў Ірляндыі, Ліхтэнштайне і Швайцарыі. 23 сакавіка 2013 г. Брытанская вайсковая вяшчальная служба(en) пачала перадаваць тэлеканал брытанскім вайскоўцам, раскватараваным у 6 заморскіх уладаньнях Брытаніі (Бэрмуды, Гібральтар, Мансэрат, востраў Ушэсьця, Фолклэндзкія астравы, архіпэляг Чагас) і 10 заморскіх краінах (Бахрэйн, Брунэй, Бэліз, Канада, Катар, Кенія, Кіпр, Нямеччына, Нэпал, Сынгапур).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 1954 г. Парлямэнт Вялікабрытаніі, у якім з 1951 г. пераважала Кансэрватыўная партыя(en), зацьвердзіў Закон аб тэлебачаньні(en) для стварэньня камэрцыйнага тэлеканала. 4 жніўня 1954 г. ўрад Брытаніі ўтварыў Ўправу незалежнага тэлебачаньня(en) (УНТ) пад старшынствам Кенэта Кларка(en) (1954—1957). 14 верасьня 1954 г. старшыня УНТ Кенэт Кларк прызначыў 1-м кіраўніком УНТ аўстралійца Робэрта Браўна-Фрэйзэра(en) (1954—1970). У студзені 1955 г. для навіновага забесьпячэньня будучага тэлеканала ў Лёндане стварылі прадпрыемства «Незалежныя тэлевізійныя навіны»(en) (НТН).

Увечары (а 22:00) 22 верасьня 1955 г. «Незалежнае тэлебачаньне» пачало вяшчаньне зь сядзібы прадпрыемства «Аб'яднаная радыёфікацыя»(en) (Лёндан, раён Вэстмінстэр, вул. Олдўіч), якое атрымала прывілей на суправаджэньне перадачы рэклямай у сталіцы і ваколічных графствах з ахопам 12 млн насельніцтва. 17 лютага 1956 г. прадпрыемства «Аб'яднанае тэлебачаньне»(en) (графства Гартфэрдшыр) пачало перадаваць тэлеканал на графствы краю Мідлэндс. 3 траўня 1956 г. ТАА «Гранада»(en) (Манчэстэр) пашырыла вяшчаньне «Незалежнага тэлебачаньня» на поўнач Ангельшчыны. 31 жніўня 1957 г. ТАА «Шатляндзкае тэлебачаньне»(en) (Глазга) першым пачало паказ тэлеканала «Незалежнае тэлебачаньне» па-за межамі Ангельшчыны — у сярэднім поясе(en) Шатляндыі. 14 жніўня 1958 г. «Тэлебачаньне Ўэйлзу і Захаду»(cy) (Кардыф) пашырыла вяшчаньне тэлеканала на поўдзень Ўэйлза і захад Ангельшчыны. 30 жніўня 1958 г. «Паўднёвае тэлебачаньне»(en) (Саўтгэмптан, графства Гэмпшыр) пачало перадаваць тэлеканал на поўдзень і паўднёвы ўсход Ангельшчыны. 15 студзеня 1959 г. «Тайн-Ціскае тэлебачаньне»(en) (Ньюкасл-на-Тайне, графства Нортумбэрлэнд; цяпер графства Тайн і Ўэар) — на паўночны ўсход Ангельшчыны. 15 студзеня 1959 г. «Тэлебачаньне Англіі»(en) (Норыдж, графства Норфалк) — на ўсход Ангельшчыны.

Трымальнікі прывілеяў на 1962 г.

31 кастрычніка 1959 г. «Ольстэрскае тэлебачаньне»(en) (Бэлфаст) пашырыла вяшчаньне тэлеканала на Паўночную Ірляндыю. 29 красавіка 1961 г. «Заходняе тэлебачаньне»(en) (Плімут, графства Дэван) пачало перадаваць тэлеканал на паўднёвы захад Ангельшчыны. 1 верасьня 1961 г. «Памежнае тэлебачаньне»(en) (Карлайл, графства Камбрыя) — на сумежнае з Шатляндыяй графства Камбрыя, востраў Мэн (Ірляндзкае мора) і 3 сумежныя з Ангельшчынай шатляндзкія графствы (Дамфрыс(gd), Росброіг(gd) і Бэрвік(gd)). 30 верасьня 1961 г. «Грампіянскае тэлебачаньне»(en) (Абэрдын) стала перадаваць тэлеканал на паўночны ўсход Шатляндыі. 1 верасьня 1962 г. «Тэлебачаньне Праліва»(en) (Сэнт-Гэльер, бэйлівік Джэрзі) — на Нармандзкія астравы. 14 верасьня 1962 г. «Тэлебачаньне Ўэйлза»(cy) (Кардыф) — на поўнач і захад Ўэйлза.

26 студзеня 1964 г. «Тэлебачаньне Ўэйлзу» разарылася праз адкладаньне на 1963 г. пуску 2 з 3 тэлеперадавальнікаў: на паўночным захадзе (Арвон(en)) і паўночным усходзе (Моэлі-Парк(cy)) Ўэйлза. У выніку «Тэлебачаньне Ўэйлзу і Захаду» выкупіла яго прывілей на перадачу «Незалежнага тэлебачаньня» на поўнач і захад Ўэйлза. 20 траўня 1968 г. «Харлехскае тэлебачаньне»(en) (Кардыф, Ўэйлз) пераняло прывілей перадаваць тэлеканал на поўдзень Ўэйлзу і захад Ангельшчыны ў «Тэлебачаньня Ўэйлзу і Захаду». 29 ліпеня 1968 г. «Ёркшырскае тэлебачаньне»(en) (Лідс, цяпер графства Заходні Ёркшыр) пачало перадачу тэлеканала на графства Ёрк. 30 ліпеня 1968 г. «Тэмзенскае тэлебачаньне»(en) (Лёндан, акруга Рычманд-на-Тэмзе, раён Тэдынгтан), якое на 51% належала «Аб'яднанай брытанскай кінакарпарацыі»(en) (Боэрэмўуд, графства Гартфэрдшыр), пераняло вяшчаньне на Лёндан і ваколіцы ў «Аб'яднанай радыёфікацыі».

Разьмеркаваньне прывілеяў на 1974 г.

На жнівень 1968 г. Надзвычайная нацыянальная служба «НТБ»(en) (Лёндан, раён Тэдынгтан) пераймала вяшчаньне ў сувязі са стачкай тэхнікаў пасьля зьмены ўласьнікаў прывілеяў на тэлеперадачу (наймальнікаў). 15 лістапада 1969 г. «Незалежнае тэлебачаньне» перайшло на каляровае відэа ў кадоўцы Парадковага зьмяненьня фазы (ПЗФ; анг. PAL), што складалася з 625 радкоў. 13 лістапада 1970 г. — 8 лютага 1971 г. тэлеканал часова вяртаўся да чорна-белага відэа ў сувязі з Каляровай стачкай(en) тэхнікаў. 12 чэрвеня 1972 г. брытанская каралева Лізавета II падпісала Закон аб гукавым вяшчаньні, паводле якога УНТ стала Ўправай незалежнага вяшчаньня(en) (УНВ). У 1978 г. на «Незалежным тэлебачаньні» запусьцілі тэлетэкст «Оракл»(en), які выкарыстоўваўся да 31 сьнежня 1992 году. 10 жніўня — 24 кастрычніка 1979 г. тэлеканал перапыняў паказ большасьці перадачаў у сувязі са стачкай электраманцёраў.

Дзель гледачоў «НТБ» (1981—2008 гг.) паводле ВРДА(en)

1 студзеня 1982 г. «Тэлебачаньне Поўдня»(en) (Саўтгэмптан) пераняло прывілей на перадачу на поўдні Ангельшчыны ад «Паўднёвага тэлебачаньня». Адначасна «Тэлебачаньне Паўднёвага Захаду»(en) (Плімут) пераняло прывілей на паўднёвым захадзе Ангельшчыны ад «Заходняга тэлебачаньня». 1 лютага 1983 г. «ТБ-ранак»(en) (Лёндан, акруга Кэмдэн; анг. TV-am) атрымаў прывілей на ранішнія паказы тэлеканала (6:00-10:00). Пры канцы 1988 г. тэлеканал перайшоў на кругласодневае вяшчаньне. 1 лістапада 1990 г. Брытанскі парлямэнт, дзе панавалі кансэрватары (Маргарэт Тэтчэр), зацьвердзіў Закон аб вяшчаньні(en). У выніку 1 студзеня 1991 г. Камісія незалежнага тэлебачаньня(en) (КНТ) замяніла УНВ. «Незалежнае тэлебачаньне» дэ-юрэ стала называцца «Канал 3». Абласным трымальнікам прывілеяў на перадачу тэлеканала дазволілі злучацца ў адно прадпрыемства[3]. 1 студзеня 1993 г.: 1) «Карлтан-Сувязь»(en) (Лёндан) пераняла прывілей на перадачу тэлеканала на Лёндан у «Тэмзенскага тэлебачаньня»; 2) «Дабранкавае тэлебачаньне»(en) (Лёндан, акруга Лэмбэт, раён Ўотэрлу) пераняло ранішняе вяшчаньне ў «ТБ-ранка»; 3) «Мэрыдыяннае вяшчаньне»(en) (Саўтгэмптан, графства Гэмпшыр) пераняло этэр на паўднёвым усходзе Ангельшчыны ў «Тэлебачаньня Поўдня»; 4) «Заходнекраёвае тэлебачаньне»(en) (Плімут) — на паўднёвым захадзе ў «Тэлебачаньня Паўднёвага Захаду».

Трымальнікі прывілеяў на 1993 г.

У студзені 1994 г. «Карлтан-Сувязь» набыла за 750 млн фунтаў стэрлінгаў «Цэнтральнае незалежнае тэлебачаньне»(en) (Бірмінггэм), якое перадавала канал на Мідлэндс з 1 студзеня 1982 году замест «Аб’яднанага тэлебачаньня». 25 лістапада 1996 г. «Карлтан-Сувязь» набыла «Заходнекраёвае тэлебачаньне» за £85 млн. У чэрвені 1997 г. «Шатляндзкае тэлебачаньне» (Глазга) набыла «Грампіянскае тэлебачаньне» (Абэрдын), якое перадавала тэлеканал на паўночны ўсход Шатляндыі. У ліпені 1997 г. ТАА «Гранада» (Манчэстэр) набыла за £800 млн «Ёркшырска-Тайн-Ціскае тэлебачаньне»(en), якое з чэрвеня 1992 г. мела прывілей на перадачу тэлеканала на паўночны ўсход Ангельшчыны. У 2000 г. «Гранада» набыла «Мэрыдыяннае вяшчаньне» і «Тэлебачаньне Англіі» ў ТАА «Аб'яднаныя навіны і СМІ»(en) (Лёндан). Адначасна «Карлтан-Сувязь» набыла прывілей «Харлехскага тэлебачаньня» (Кардыф, Ўэйлз), якое перадавала тэлеканал на Ўэйлз і захад Ангельшчыны. У ліпені 2001 г. «Гранада» перакупіла ў «Сталічнага радыё»(en) за £50,5 млн «Памежнае тэлебачаньне» (Карлайл, графства Камбрыя), якое перадавала канал на графства Камбрыя, востраў Мэн (Ірляндзкае мора) і 3 сумежныя з Ангельшчынай шатляндзкія графствы. 11 жніўня 2001 г. тэлеканал «Незалежнае тэлебачаньне» зьмяніў назоў на «НТБ1» (анг. ITV1).

19 сакавіка 2002 г. каралева Лізавета ІІ падпісала Закон аб Ведамстве лініяў сувязі(en), якое замяніла Камісію незалежнага тэлебачаньня (КНТ) 29 сьнежня 2003 году. 2 лютага 2004 г. «Гранада» (Манчэстэр) і «Карлтан-Сувязь» (Лёндан) злучыліся ў ТАА «Незалежнае тэлебачаньне»(en), дзе акцыянэры атрымалі 68% і 32% паёў адпаведна. У выніку ТАА «Незалежнае тэлебачаньне» («НТБ») засяродзіла ў сваіх руках прывілей на перадачу тэлеканала «НТБ1» ва ўсёй Ангельшчыне і Ўэйлзе. 23 лістапада 2011 г. ТАА «НТБ» набыла ў «Ятэндонскай групы»(en) (вёска Ятэндон, графства Бэркшыр) «Тэлебачаньне Праліва» (Сэнт-Гэльер, бэйлівік Джэрзі), якое перадавала тэлеканал на Нармандзкія астравы. 14 студзеня 2013 г. тэлеканал «НТБ1» вярнуў сабе ранейшы назоў «НТБ» («Незалежнае тэлебачаньне»). 29 лютага 2016 г. ТАА «НТБ» набыла ў «Ольстэрскага ТБ-СМІ»(en) (Бэлфаст) за £100 млн «Ольстэрскае тэлебачаньне», якое перадавала тэлеканал на Паўночную Ірляндыю.

Лягатып[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьвяжыцеся з намі(анг.) // СМІ «НТБ», 19 жніўня 2016 г. Праверана 23 жніўня 2016 г.
  2. ^ Кантакты(анг.) // Студыі «НТБ», 16 жніўня 2016 г. Праверана 23 жніўня 2016 г.
  3. ^ Мінуўшчына(анг.) // ТАА «НТБ», 27 ліпеня 2016 г. Праверана 23 жніўня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]