Перайсьці да зьместу

Дарт Вэйдэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Энакін Скайўокер»)
Дарт Вэйдэр
Пэрсанаж «Зорных войнаў»
Дарт Вэйдэр
Расачалавек
Родная плянэтаТатуін
Належыць даджэдай, потым сытх
ДзейнасьцьРыцар джэдай, потым Лорд сытхаў
Стацьмужчына
Рост185 см
Вочысьветлыя
Зброясіні, потым чырвоны сьветлавы меч
Здымкі
АкторДжэйк Лойд у першым фільме, Гэйдэн Крыстэнсэн у другім і трэцім эпізодах, Дэйвід Проўз у клясычнай трылёгіі, Сэбастыян Шоў у шостым эпізодзе без маскі
АгучкаДжэймз Эрл Джонз

Дарт Вэ́йдэр (па-ангельску: Darth Vader) — галоўны пэрсанаж выдуманага сусьвету «Зорных войнаў». На працягу ўсяго фільму гледачы назіраюць эвалюцыю асобы Энакіна Скайўокера зь ягонага дзяцінства на Татуіне да сьмерці на другой Зорцы сьмерці. Дарт Вэйдэр — гэта, пэўна, самы цікавы пэрсанаж у фільме: па-першае, яго грала найбольшая колькасьць розных актораў на працягу ўсёй кінасагі, па-другое, Дарт Вэйдэр уяўляе зь сябе, так бы мовіць, спалучэньне двух розных асобаў: добрага і самаадданага Энакіна Скайўокера, а з другога боку ліхога й тыранічнага Дарта Вэйдэра. Асоба Вэйдэра цікавая яшчэ й тым, што гісторыя ягонага нараджэньня нагадвае хрысьціянскую гісторыю нараджэньня Хрыста: як і ў выпадку Хрыста, бацькам для Энакіна зьяўляецца не чалавек, а звышнатуральная сутнасьць, якая ў сусьвеце «Зорных войнаў» мае назву Моц. То бок Энакін быў народжаны не ад чалавека, а ад Моцы, і сама прырода зьяўленьня прадвызначыла ягоны лёс: Энакіну ад нараджэньня было наканава зьнішчыць сытхаў й аднавіць балянс Моцы ў галяктыцы.

Героя Дарта Вэйдэра прыдумаў асабіста Джордж Лукас. Існуюць розныя вэрсіі ўтварэньня імя гэтага героя. Напрыклад, «Vader» перакладаецца зь нідэрляндзкай мовы як «бацька».

Дарт Вэйдэр не нараджаецца гэткім, ён нараджаецца Энакінам Скайўокерам — добрым хлапчуком у няволі на плянэце Татуін. Маці Энакіна Шмі Скайўокер знаходзіцца ў рабстве. Энакін таксама нараджаецца як раб, але рабом сябе ня лічыць. Энакін і ягоная маці належаць Ўоту. Ўота — гэта сквапны бізнэсоўца, бізнэс якога цалкам збудаваны на гандлі старымі прыладамі для касьмічных караблёў, які да ўсяго яшчэ мае вялікі ажар да азартных гульняў. Гісторыя Энакіна пачынаецца з моманту, калі на ягоную родную плянэту завітаў рыцар джэдай Квай-Гон Джын. Энакін прадбачыў прылёт джэдая ў сваіх снах. Сам Энакін зь дзяцінства быў здольны да вырашэньня складаных тэхнічных задачаў. Яшчэ ў маленстве ён зьбірае ўнікальнага дроіда C-3PO, а таксама сваю гоначную машыну. Ён мае добрую рэакцыю, бо здольны прадбачыць падзеі задоўга да іхняга зьдзяйсьненьня. Гэтая здольнасьць дапамагае яму абыйсьці старога пілёта Сыбулбу й перамагчы ў гонках. Такім чынам Энакін дапамагае Квай-Гону здабыць грошы на рамонт карабля. Квай-Гон заўважае здольнасьці Энакіна і, праверыўшы ягоную кроў на наяўнасьць у ёй мідыхлярыянаў, вырашае забраць яго зь сабой на Карусант. Квай-Гон Джын упэўнены, што Энакін як раз той, пра каго казала старажытнае вяшчунства джэдаяў. Энакін зь цяжкасьцю разьвітваецца з маці й ляціць на Карусант. На Карусанце Энакін знаёміцца зь сваім будучым настаўнікам Обі-Ванам Кенобі, каралевай Падмэ Амідалай ды сэнатарам Палпатынам. Энакіна зь цяжкасьцямі прымаюць у падаваны, бо ён ужо вельмі дарослы, і самае галоўнае: ён сумуе па маці. Джэдаі ведаюць, што самота вынікае з прывязанасьці, а прывязанасьць — гэта шлях на Цёмны бок Моцы. Але ж нягледзячы на гэта, дазваляюць Обі-Вану вучыць Энакіна. Зь цягам часу Энакін прывязваецца да сэнатаркі Падмэ, і яна становіцца ягоным адзіным каханьнем у жыцьці, што ў рэшце рэшт прывядзе яго на цёмны бок Моцы. Потым адбываецца шэраг падзей, якія стануць для Энакіна Скайўокера/Дарта Вэйдэра лёсавызначальнымі: сьмерць ягонае маці, якую ён прадбачыў, але ня змог папярэдзіць, сны пра Падмэ й сьмерць самой Падмэ. Падзеі з маці, сны пра Падмэ, блізкае сяброўства з Палпатынам, непавага да Ордэна і неверагоднае жаданьне любым чынам зьмяніць лёс іншых людзей, уратаваць іх ад сьмерці й заўжды падпарадкоўваць усё сваёй волі прывялі яго да сытха. У трэцім эпізодзе малады рыцар джэдай Энакін Скайўокер у памкненьні ўратаваць сваю жонку Падмэ й дзяцей ад сьмерці падпарадкоўваецца волі Палпатына, забівае магістра Мэйс Вінду і пераходзіць на цёмны бок Моцы. Ён накіроўваецца на вульканічную плянэту Мустафар, дзе забівае віцэ-караля Нута Ганрэя, адлучае армію дроідаў, а потым сустракаецца з сваім былым настаўнікам Обі-Ванам.

Бойка паміж Дартам Вэйдэрам і Обі-Ванам Кенобі, што адбылася на вулканічнай плянэце Мустафар

Паміж імі адбываецца бойка, гэтая бойка зьяўляецца самай доўгай (цягнецца цягам 10 хвілінаў) і фэерычнай ва ўсёй гісторыі «Зорных войнаў». Менавіта дзякуючы гэтаму бою Дарт Вэйдэр набыў свой клясычны зьнешні выгляд: маску, чорны кібарг-касьцюм і чорны плашч. У Вэйдэра так і не атрымоўваецца ўратаваць Падмэ, і ад гэтага ён яшчэ болей пачынае злавацца на ўсіх джэдаяў, бо ўпэўнены, што гэта яны вінаватыя ў сьмерці ягонай жонкі. Дарт Вэйдэр ня здолеў забіць Обі-Вана ў бойцы на Мустафары, але ў яго атрымоўваецца зьнішчыць фізычна яго на Зорцы сьмерці ў чацьвёртым эпізодзе.

На пачатку чацьвёртага фільма Паўстанцкі альянс пры дапамозе сэнатара Леі крадзе сакрэтныя пляны супэр зброі Імпэратара. Імгненная рэакцыя імпэрыі ні прымушае сябе доўга чакаць: Дарт Вэйдэр атакуе карабель паўстанцаў на якім ляціць Лея і бярэ ўсю каманду ў палон. Зьбегчы пасьпяваюць толькі два дроіда на выратавальнай шлюпцы, якая прызямляецца на Татуін. Падчас атакі Лея хавае пляны «Зоркі сьмерці» у робаце R2-D2, які ўжо на плянэце трапляе да дзядзькі Оўэна прыёмнага бацькі Люка і зводнага брата Энакіна. Такім чынам Люк далучаецца да паўстаньня. Пасьля забойства імпэрцамі прыёмных бацькоў Люка, яго ўжо ні што ня стрымлівае на Татуіне й ён разам з Обі-Ванам ляціць ратаваць Лею. Так урэшце адбываецца апошняя сустрэча Дарта Вэйдэра з Обі-Ванам Кенобі й першая сустрэча зь Люкам Скайўокерам. У Вэйдэра не атрымалася спыніць паўстанцаў і апошнія зьдзяйсьняюць атаку на Зорку сьмерці. У атацы ўдзельнічае Люк і ў вырашальны момант стрэлу Люка па Зорцы сьмерці, Дарт Вэйдэр адчувае ў ім Моц.

Дарт Вэйдэр — гэта вельмі дужы адэпт на цёмным баку Моцы. Ягоным аблюбаваным мэтадам забойства зьяўляецца ўдушэньне сваёй ахвяры. Дарт Вэйдэр вельмі добра валодае тэлекінэзам і здольны рухаць аб’екты, якія знаходзяцца на адлегласьці.

У новай трылёгіі Энакін Скайўокер валодае сінім сьветлавым мечам, але страчвае яго ў выніку бойкі з Обі-Ванам Кенобі ў трэцім эпізодзе. Пасьля Дарт Вэйдэр мае ўжо клясычны для ўсіх сытхаў чырвоны сьветлавы меч.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]