Перайсьці да зьместу

Хан страляе першы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Хан страля́е пе́ршы» — выраз, якім фаны «Зорных войнаў» апісваюць неадназначную зьмену ў сцэне з IV эпізоду, калі Хан Сола сутыкаецца ў бары Мос Эйсьлі Кантына з паляўнічым на галовы Грыдам. Зьмена ў эпізодзе адбылася ў 1997 року.

Хан вінны грошы галяктычнаму злачыннаму аўтарытэту Джабу Хату за тое, што выкінуў груз, які меў даставіць Джабе, і цяпер Грыда намерваецца даставіць Хана Джабе. У часе гутаркі Хан сьцьвярджае, што мае грошы, і Грыда пагаджаецца адпусьціць Хана наўзамен на грошы. Хан і Грыда сядзяць адзін насупраць другога за сталом, у руцэ Грыда блястэр, накіраваны на Хана. Хан падчас гутаркі паціху дастае пад сталом уласны блястэр.

Іхні дыялёг сканчаецца наступным чынам:
— Нават я часам трапляюся. Думаеш, у мяне быў выбар? — пытаецца Хан.
Грыда адказвае:
— Раскажы гэта Джабу. Магчыма, ён усяго толькі забярэ твой карабель.
— Праз мой труп.
Грыда пагаджаецца:
— Гэта ідэя. Я так доўга гэтага чакаю.

У пачатковай вэрсіі фільму пасьля гэтых словаў камэра паказвае Грыда ў воблаку дыму, і чутны стрэл блястэру. Пасьля таго, як камэра вяртаецца з паказу рэакцыі наведнікаў бару, у расьсеяным дыме бачны труп Грыды на стале. У 1997 року гэты эпізод быў перамантажаваны ўстаўкай яшчэ аднаго стрэлу перад зьяўленьнем воблака дыму (стрэл дубляваны з таго ж самага, ад якога памірае Грыда). Такім чынам, цяпер Хан і Грыда страляюць адзін у аднаго, прычым Грыда на некалькі імгненьняў раней, аднак умудраецца не пацэліць з адлегласьці меншай за два мэтры[1][2]. Такім чынам, фраза «Хан страляе першы» — дасьціпны адказ лукасавай вэрсіі пра тое, што «Грыда страляе першы».

Неабходнасьць зьмяненьня пачатковага варыянту ставілася пад сумнеў фанамі «Зорных войнаў», ствараліся нават онляйнавыя пэтыцыі з патрабаваньнем скасаваць гэтую зьмену[3]. У перавыданьні 2004 року на DVD гэтая сцэна ізноў была зьмененая. У гэтай вэрсіі стрэлы Хана і Грыды гучаць амаль адначасна, тым ня меней Грыда ўсё адно не патрапляе, а Хан з дапамогай кампутарнай графікі нібыта «адхіляецца» ў бок ад стрэлу.

  1. ^ Howell, Peter. «At last, Han shot first» // Toronto Star. — May 12, 2006.
  2. ^ Tocci, Jason. «The Well-Dressed Geek: Media Appropriation and Subcultural Style», Massachusetts Institute of Technology, April 29, 2007
  3. ^ Han Shoots First (анг.) hanshootsfirst.org Праверана 2006-12-03 г.