Люк Скайўо́кер (па-ангельску: Luke Skywalker) — найвыбітнейшы герой сусьвету «Зорных войнаў». Рыцар-джэдайНовай рэспублікі, герой паўстаньня. Люк зьяўляецца ўпершыню ў Эпізод IV: Новая надзея. Ён жыве з Оўэнам Ларсам і яго жонкай Бэру, якая замяніла Люку родную маці. Праўду пра сваіх сапраўдных бацькоў і сваё гістарычнае прызначэньне ў будучыні Люк пачынае даведвацца пасьля пакупкі ў мясцовых гандляроў двух дроідаў, якія насамрэч належаць паўстанцам.
Ролю Люка Скайўокера ў фільме згуляў актор Марк Гэміл.
У Люка Скайўокера на працягу арыгінальнай трылёгіі было два сьветлавыя мячы: першы меч дастаўся Люку ў спадчыну ад свайго бацькі Энакіна Скайўокера. Меч меў сіні колер. Обі-Ван Кенобі ўручае гэтую зброю джэдая Люку ў пачатку IV эпізоду, на плянэце Татуін. На плянэце Бесьпін Люк упершыню скрыжоўвае свой меч з чырвоным мечам Вэйдэра. У гэтай жорсткай бітве Дарт Вэйдэр сьцяў Люку правую руку. У выніку чаго малады Скайўокер губляе свой першы меч. У VI эпізодзе Люк робіць сабе новы сьветлавы меч, які вельмі нагадвае па канструкцыі меч свайго бацькі. Колер гэтага меча зялёны. Акрамя сьветлавога меча Люк у бойках з клонамі выкарыстоўвае бластэр.