Сьветлы бок Сілы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сьве́тлы бок Мо́цы — у выдуманым сьвеце «Зорных войнаў» адзін са спосабаў пазнаньня і сьледаваньня Моцы — энэргіі, якой запоўнены Сусьвет, супрацьлегласьць цёмнаму боку.

Спазнаньне гэтага шляху ў рыцараў-джэдаяў (ордэн якіх зьяўляецца найвялікшым аб’яднаньнем ейных адэптаў) заснаванае на павольным разьвіцьці сваіх уменьняў пад наглядам майстра. Калі падаван сканчае навучаньне, яго пасьвячаюць у рыцары джэдаяў. Аднак джэдаі ня ёсьць адзінымі выкарыстальнікамі сьветлага боку Моцу, вядомыя і меншыя групоўкі. Пэўныя асобы маглі спазнаць Моц і самастойна, хоць гэта і даволі цяжка (прыкладам можа быць Люк Скайўокер, якому джэдаі паказалі толькі асновы сваіх ведаў, аднак гэта нельга назваць сапраўдным навучаньнем).

Канчатковаю мэтай кожнага, хто стаў на шлях спазнаньня сьветлага боку Моцы, ёсьць вызваленьне свайго духу з-пад уплыву прывязанасьцяў і нэтагыўных эмоцыяў (гневу і нянавісьці), каб напоўніцу выкарыстаць свой патэнцыял у добрых справах і дзеля дапамогі іншым. Шлях да гэтага — шматгадовая мэдытацыйная практыка і трэніраваньне самадысцыпліны, аднаго з найістотнейшых аспэктаў жыцьця джэдая. На службе сьветламу боку вельмі непажаданыя ўсемагчымыя эмацыйныя сувязі зь іншымі людзьмі, бо існуе небясьпека зьяўленьня моцнай прывязанасьці і пераходу на цёмны бок.

Сьветлы бок характарызуе вера ў Дабро і Зло як у дзьве абсалютныя вартасьці, трактаваньне Моцы як трансцэндэнтнае існасьці, што стварае і падтрымлівае сусьвет, і падкрэсьліваньне таго, што ён служыць Моцы (а не наадварот, як у вызнаўцаў цёмнага боку), а таксама любоў да кожнага стварэньня. Джэдай можа забіваць толькі дзеля абароны сябе ці іншых і ніколі не ўжывае дзеля гэтага Моц, якая патрэбная толькі дзеля абароны і спазнаньня (за некаторымі выняткамі, напрыклад, джэдай можа атакаваць сытха, калі разьвязаньне канфлікту без выкарыстаньня гвалту немагчымае, а сам сытх не атакуе, але аказвае супраціў). Для адэпта сьветлага боку Моцы вельмі істотная ўмова — разьвіцьцё цярплівасьці, якая асьцерагае ад пасьпешных рашэньняў, прагі ўлады і хуткага разьвіцьця ўласных здольнасьцяў, якія могуць стаць прычынай пераходу на цёмны бок. Гэтыя ўмовы апісаныя ў кодэксе джэдая.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]