Ёда
| Ёда | |
| Пэрсанаж «Зорных войнаў» | |
| Раса | невядомая |
|---|---|
| Родная плянэта | невядомая |
| Належыць да | джэдай |
| Стаць | мужчынская |
| Рост | 66 см |
| Валасы | карычневыя, пасьля сівыя |
| Вочы | карычневыя |
| Зброя | кароткі сьветлавы меч зялёнага колеру |
| Здымкі | |
| Актор | Лялька, кампутарная графіка |
| Агучка | Фрэнк Оз |
Ёда (896 ДБЯ — 4 ПБЯ; па-ангельску: Yoda) — пэрсанаж і адзін з галоўных герояў сусьвету «Зорных войнаў», наймацнейшы і наймудрэйшы джэдай. Фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паходжаньне і раса Ёды невядомыя. Ён навучаўся джэдайскаму майстэрству ў майстроў, выхаваных непасрэдна ў традыцыі часоў Новых войнаў сытхаў(pl). Пасьля гэтага шмат стагодзьдзяў сам займаўся навучаньнем рыцараў-джэдаяў, разам з мабільнай акадэміяй Чу’унтар лётаў па галяктыцы ў пошуках новых адэптаў Моцы, пакуль карабель не разьбіўся на Датаміры.
З часам Ёда стаў наймагутнейшым і найстарэйшым джэдаем у галяктыцы, увайшоў у Раду джэдаяў на Карусанце, дзе працягваў трэніраваць падаванаў і маладзейшых адэптаў. Большасьць джэдаяў пэрыяду канцу старой рэспублікі на тым ці іншым этапе навучаньня праходзілі празь ягоныя рукі. Ёда навучаў найбольш магутных джэдаяў: графа Дуку, Мэйса Вінду, Кі-Адзі-Мундзі, Кіта Фіста і Люка Скайўокера.
У фільмах
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
На экране Ёда ўпершыню зьяўляецца ў V эпізодзе як настаўнік Люка Скайўокера, а ўвогуле фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.
У «Атацы клонаў» Ёда выпраўляецца на плянэту Каміна з мэтаю ўзяць на ўзбраеньне Рэспублікі войска клонаў. На чале вялізнай арміі Ёда прыбывае на Геанозіс — прытулак сэпаратыстаў, — такім чынам распачынаючы клянічныя войны. Тут адбываецца ягоны паядынак з правадыром сэпаратыстаў Дартам Тыранусам, які сканчаецца ўцёкамі сэпаратыста.
У заключнай фазе клянічных войнаў, прадстаўленай у III эпізодзе, Ёда з батальёнам клонаў выпраўляецца на родную плянэту вукаў — Кашыіік — дзеля каардынацыі дзеяньняў супраць сэпаратыстаў. Акурат у гэты час канцлер Палпатын уводзіць у дзеяньне загад 66, накіраваны на вынішчэньне джэдаяў, аднак Ёда здолеў ацалець, забіўшы пасланых да яго клонаў-асасынаў.
Пасьля ўтварэньня імпэрыі і паразы ў бітве з Палпатынам, у якой ён страціў свой сьветлавы меч, Ёда сыходзіць у падпольле на забагненую плянэту Дагоба. Тут у 3 року ПБЯ яго адшуквае Люк Скайўокер, прысланы духам Обі-Вана Кенобі дзеля навучаньня джэдайскаму майстэрству. Ёда працягвае ягонае навучаньне да ўласнага скону ў «Вяртаньні джэдая» ва ўзросьце 900 гадоў. Па сьмерці аб’яднаўся з Моцай і ператварыўся ў дух, які можа зьяўляцца жывым асобам, што прадэманстравана напрыканцы VI эпізоду.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паводле задумкі Лукаса, Ёда мусіць заставацца загадкавай асобаю, таму пра яго амаль нічога не вядома. Імя Ёды можа быць узята са старажытнае зямное мовы; так, на санскрыце «yoddha» азначае «жаўнер», а «yodea» на іўрыце — «той, хто ведае».
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Выклікае цікавасьць таксама своеасаблівая гаворка Ёды, багатая на разнастайныя інвэрсіі. На галяктычнай асноўнай мове ён размаўляе, выкарыстоўваючы парадак словаў «Аб’ект — суб’ект — дзеяслоў». Напрыклад, сябе ён характарызуе Люку Скайўокеру так:
| Памер значэньня ня мае. Паглядзі на мяне. Мяркуеш пра мяне па росьце ты? Га? Гм… А не павінен ты. Бо мой хаўрусьнік — Моц, і магутны хаўрусьнік гэта. | ||
Здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У першай трылёгіі ролю Ёды выконвала лялька, якою кіраваў і агучваў Фрэнк Оз. У першай сэрыі трылёгіі-прыквэла Ёда часткова быў анімаваны кампутарна, часткова выкананы лялькай. У наступных сэрыях ён ужо выключна згенэраваны кампутарна.
Узнагароды і адзнакі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Ёда ня браў удзелу ў «Новай надзеі», але ягонае імя згадвалася ў сцэнары.
- Паводле задумкі Лукаса, Ёда павінен заставацца загадкаваю, нераскрытаю цалкам істотаю. Ягонае паходжаньне і мінулае забаронена апісваць ва ўсіх кнігах, мультфільмах, гульнях ды іншых творах па матывах «Зорных войнаў».
- Італьянскія прыхільнікі «Зорных войнаў», асабліва дзеці, часта называюць Ёду «першым сардынцам» або «тым, хто гаворыць па-сардынску». Гэта тлумачыцца тым, што пры перакладзе фільмаў на італьянскую мову манера размовы Ёды вельмі нагадвала сардынскі акцэнт, які лічыцца ў Італіі дзіўным і нават бязглуздым.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Empire's The 100 Greatest Movie Characters (анг.). Empire Magazine. Архіўная копія ад 2012-06-01 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Ёда ў афіцыйнай энцыкляпэдыі StarWars.com
- Ёда (анг.) ў Вукіпэдыі — вікі-энцыкляпэдыі «Зорных войнаў»
| |||||||||||
| |||||||||||||||||
| |||||||||||||||||
| ||||||||||||||
| |||||||||||||||||
| |||||||||||||||||