Чубака паходзіць з роднае плянэты вукі — Кашыііку, адкуль яго забралі ў рабства імпэрцы. Калі імпэрскі лейтэнант Хан Сола выратоўвае ягонае жыцьцё, Чубака пакляўся ў пажыцьцёвай адданасьці свайму збаўцу. Сола і Чубака становяцца найлепшымі сябрамі і кантрабандыстамі на касьмічным караблі Сола «Тысячагадовы сокал». Як і ўсе вукі, Чубака неймаверна адданы тым, каго лічыць сваім сябрам, і дзеля іх гатовы ахвяраваць нават уласным жыцьцём.
Чубака вельмі высокі, мускулісты і ўвесь пакрытыю кудлатаю поўсьцю. Адзінай Чубакавай вопраткай ёсьць пас, перакінуты празь левае плячо, на якім трымаецца торба з боепрыпасамі і ягоная ўлюбёная зброя — арбалет. Ён разумее агульную мову, аднак сам здольны размаўляць толькі рыканьнем, якое разумеюць толькі Хан Сола, магістры-джэдаі Ёда ды Квай-Гон Джын.
Паколькі Чубака — выдатны мэханік, дык часта рамантуе «Тысячагодавага сокала». Аднак ён таксама выдатны пілёт і адважны ваяр. Падчас аднаго з палётаў на «Тысячагадовым сокале» яны сустракаюцца зь Люкам Скайўокерам і прынцэсай Леяй, што ў канчатковым выніку прыводзіць іх на бок паўстанцаў.
Чубака удзельнічаў у змаганьнях зь Імпэрыяй да сканчэньня грамадзянскае вайны. Разам з Ханам Солам пілятаваў карабель у бітве з Зоркай сьмерці. Калі Сола быў замарожаны ў карбаніце, Чуі адыграў значную ролю ў ягоным уратаваньні. Ён быў таксама ўдзельнікам штурмавое групы, якой удалося вывесьці са строю шчытавы генэратар на Эндары, што прывяло да зьнішчэньня другой Зоркі сьмерці і паразе Імпэрыі. У «Помсьце сытхаў» толькі ён і ягоны правадыр ацалелі пасьля атакі клонаў; астатнія вукі загінулі пры абароне майстра-джэдаяЁды. Пазьней яны дапамаглі яму пакінуць Кашыіік.
Чуі памёр на плянэце Сэрнпідаль, узарванай юужан вонгамі, калі прыляцеў з Ханам ды Энакінам Сола дапамагчы эвакуяваць уцекачоў. Перад сьмерцю ён уратаваў Энакінава жыцьцё, а сам загінуў ад сутыкненьня плянэты з адным зь ейных спадарожнікаў.