Перайсьці да зьместу

Абраз Маці Божай Барунскай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абраз Маці Божай Барунскай,
Суцяшальніцы засмучаных
,

Абраз Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных — адна з найбольш шанаваных хрысьціянскіх сьвятынь Беларусі. Знаходзіцца ў касьцёле Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Іканаграфія абраза — Адзігітрыя з апранутым у белы хітон дзіцем на левай руцэ, якое зьлёгку адхілена ад маці. Дзева Марыя ў хітоне вішнёвага колеру і сіне-зялёным мафорыі, нізка апушчаным на лоб. Вакол галоў слабае асьвятленьне з праменямі. Фон карычневы, з кірылічнымі манаграмамі Маці Божай і Хрыста.

У пачатку ХІХ ст. быў адным з самых шанаваных на Віленшчыне. Спачатку належаў базылянскаму манаху Язафату Бражыцу. У 1666 годзе падчас эпідэміі а. Бражыц захварэў, і сьведкі сьцьвярджалі, што сьвятар памёр, але праз некалькі гадзін ажыў. Сам Бражыц казаў, што гэта Маці Божая аздаравіла яго. У 1671 годзе ён стаў ігуменам манастыра ў Полацку і памёр у 1683 годзе ў Віцебску.

Базылянскі гісторык Ігнат Сьцябельскі паведамляе, што Бражыц перад сьмерцю аддаў абраз набожнаму сваяку — Мікалаю Песьляку, з просьбаю шанаваць абраз, але той закруціў яго ў палатно і схаваў у скрыню. Праз пяць гадоў Мікалай Песьляк цяжка захварэў і ўжо чакаў сьмерці, калі яму аб’явілася Панна Марыя і нагадала пра словы манаха. Знайшоўшы абраз, ён паабяцаў Маці Божай пабудаваць у яе гонар капліцу. Цудоўным чынам знайшліся і месца для сьвятыні — у цёмным бары (на месцы сучаснага мястэчка Баруны), і грошы для будоўлі. Неўзабаве Песьляк выздаравеў.

У 1692 г. у амаль дабудаваную ўніяцкую царкву сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ўрачыста ўнесьлі абраз. Сьведчаньняў пра цуды, што адбыліся пры абразе Маці Божай у Барунах, станавілася ўсё больш, многія атрымлівалі менавіта цялесныя аздараўленьні.

У 1702 г. падчас Паўночнай вайны базыляне для бясьпекі перадалі абраз у полк гетмана вялікага князя літоўскага Міхала Вішнявецкага. З таго часу абраз вандраваў разам з войскам і праславіўся шматлікімі цудамі ў месцах знаходжаньня арміі. У 1709 годзе ён вярнуўся ў Баруны, якія былі зьнішчаныя пажарам. У 1715 годзе абраз быў каранаваны каронамі, зафундаванымі земскім начальнікам з Наваградку Баканоўскім і зьмешчаны ў асобным алтары адбудаванага храма.

Упершыню абраз згадваецца ў 1705 годзе, а ў 1712 годзе ў Супрасьлі надрукавана кніга мітрапаліта Лявона Кішкі аб яго цудах (перавыдадзена там жа ў 1742 годзе). Вядома гравюра абраза з XVIII ст.

Паводле В. Навакоўскага, у 1832 годзе, пасьля скасаваньня Уніі, базыляне перадалі арыгінал цудатворнай іконы ў дом сям’і Важынскіх у вёсцы Аляны, а ў алтары храму зьмясьцілі копію. Неўзабаве ў царкве Барунскага манастыра базылянаў пачалі правіць набажэнствы праваслаўныя, і так працягвалася амаль 80 гадоў, пакуль у 1919 годзе храм не перадалі католікам. Абраз Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных у 1922 г. вярнуўся з Вільні ў Баруны. 14 кастрычніка ад чыгуначнага вакзалу ў Ашмяне ўрачыстай працэсіяй цудатворны абраз быў перанесены ў Жупраны. Тут адбылося ўсяночнае чуваньне, а раніцою 15 кастрычніка працэсія з іконай Багародзіцы рушыла ў Баруны. Пасьля ўрачыстай Сумы цудоўны абраз Маці Божай быў зьмешчаны на былым сваім месцы, у алтары бакавой навы храму. У 1927 годзе ікону адрэстаўравала віленская мастачка Г. Шрамоўна.

У каталёгу Віленскай дыяцэзіі (1935) абраз характарызуецца як наяўны і цудадзейны. Лёс абразу пасьля 1939 году дакладна ня высьветлены. Магчыма, цяперашні абраз у Барунскім касьцёле — толькі яго копія. Паводле вусных зьвестак, арыгінал загінуў у час Другой сусьветнай вайны ў выніку неадпаведных умоў захоўваньня.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]