Злачынства і пакараньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Злачынства і пакараньне
Преступление и наказание
«Злачынства і пакараньне» ў часопісе «Русский вестник», 1866
Жанр: раман
Аўтар: Фёдар Дастаеўскі
Мова арыгіналу: расейская
Год напісаньня: 1866
Публікацыя: 1866
Папярэдні твор: Запіскі з падпольля
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Злачы́нства і пакара́ньне» — раман Фёдара Дастаеўскага, упершыню апублікаваны ў 1866 годзе ў часопісе «Русский вестник» (№ 1, 2, 4, 6—8, 11—12).

Раман друкуецца па частках у студзені — сьнежні. Увесь год Дастаеўскі працуе над раманам, сьпяшаючыся дадаць да чарговае кніжкі часопіса напісаныя главы. Асобным выданьнем раман (са зьмененым падзелам на часткі, некаторымі скарачэньнямі і стылістычнай праўкай) выйшаў у 1867 годзе.

Неўзабаве пасьля заканчэньня публікацыі рамана ў часопісе Дастаеўскі друкуе яго асобным выданьнем: «Роман в шести частях с эпилогом Ф. М. Достоевского. Издание исправленное». Для гэтага выданьня Дастаеўскі зрабіў у тэксьце значныя скарачэньні і зьмяненьні: тры часткі часопіснае рэдакцыі былі пераўтвораны ў шэсьць, часткова зьменены і падзел на главы.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сюжэт разгортваецца вакол галоўнага героя, Радыёна Раскольнікава, у галаве якога высьпявае тэорыя злачынства. Паводле яго задумы чалавецтва падзяляецца на «избранных» і «тварей дрожащих». «Выбраныя» (клясычным прыкладам зьяўляецца Напалеон) маюць права зьдзейсьніць забойства альбо некалькі забойстваў дзеля будучых вялікіх зьдзяйсьненьяў. Сам Раскольнікаў знаходзіцца ў вельмі благім матэрыяльным стане, ён ня здольны аплаціць ня толькі вучобу ва ўнівэрсытэце, але і ўласнае сваё пражываньне. Маці і сястра яго таксама жывуць у паўгалечы, але хутка ён даведваецца, што яго сястра (Аўдоцьця Раманаўна) гатовая выйсьці замуж за чалавека, якога не кахае, дзеля грошай, дзеля брата. Гэта было апошняй кропляй, і Раскольнікаў зьдзяйсьняе наўмыснае злачынства старухі-ліхвяркі («вош» паводле яго вызначэньня) і яе сястры, сьведкі. Але Раскольнікаў ня можа скарыстацца нарабаваным, ён хавае яго. З гэтага часу пачынаецца жахлівае жыцьцё злачынцы, утрапёнай, ліхаманкавай сьвядомасьці, яе спробы знайсьці апору і сэнс у жыцьці, апраўданьне ўчынка і яго ацэнка. Тонкі псыхалягізм, экзыстэнцыяльнае асэнсаваньне ўчынка і далейшага існаваньня Раскольнікава маляўніча пераданы Дастаеўскім. У дзеяньне рамана ўцягваюцца ўсё новыя і новыя асобы. Лёс сутыкае яго з самотнай, запалоханай, беднай дзяўчынай, у якой ён знаходзіць роднасную душу і падтрымку, Соняй Мармеладавай, якая стала на шлях самапродажу з прычыны галечнага стану. Соня, якая верыць у Бога, імкнецца, згубіўшы бацькоў, неяк пратрымацца ў жыцьці. Раскольнікаў знаходзіць таксама апору ва ўнівэрсытэцкім сябры Разуміхіну, закаханым у яго сястру Аўдоцьцю Раманаўну. Зьяўляюцца такія пэрсанажы, як сьледчы Парфіры Пятровіч, які зразумеў душу Раскольнікава і дасьціпна вывеў яго на чыстую ваду, Сьвідрыгайлаў, распусьнік і падлец — яркі ўзор «выбранага» чалавека (паводле тэорыі Раскольнікава), Лужын, адвакат і хітры эгаіст і інш. У рамане раскрываюцца сацыяльныя чыньнікі злачынстваў і бедзтваў, маральных супярэчнасьцяў, гнятучых акалічнасьцяў падзеньня, апісваецца жыцьцё пецярбурскае бядоты, п’янства й прастытуцыі, апісаны дзясяткі своеасаблівых пэрсанажаў, якія дзейнічаюць у рамане, на працягу якога, Раскольнікаў імкнецца зразумець, ці дастойным чалавекам ён зьяўляецца, ці мае ён права вяршыць суд над іншымі людзьмі. Ня вытрымаўшы цяжару свайго злачынства, галоўны герой прызнаецца ў зьдзейсьненым забойстве, напісаўшы чыстасардэчнае прызнаньне. Аднак ён бачыць віну ня ў тым, што зьдзейсьніў забойства, а ў тым, што пайшоў на яго, не ацаніўшы сваёй унутранай кволасьці й жаласнай маладушнасьці. Ён адмаўляецца ад прэтэнзіяў на выбранасьць. Раскольнікаў трапляе на катаргу, але Соня застаецца побач зь ім. Гэтыя дзьве самотныя асобы здабылі адна адно ў вельмі складаны пэрыяд жыцьця для абодвух. У рэшце рэшт, герой знаходзіць апору ў каханьні і рэлігійнай сьвядомасьці.

Месца дзеяньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне рамана адбываецца летам у Санкт-Пецярбургу. Адрасы дамоў, у якім нібыта жылі пэрсанажы рамана, вядомыя: «дом Раскольнікава» — Грамадзянская вуліца, 19 (на доме ўсталяваная памятная стэла); «дом Соні Мармяладавай» — канал Грыбаедава, 73; «дом старухі-ліхвяркі» — канал Грыбаедава, 104[1].

Пэрсанажы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Радыён Раманавіч Раскольнікаў, былы студэнт-жабрак, галоўны герой апавяданьня. Лічыць, што мае маральнае права зьдзяйсьняць злачынствы, і забойства — гэта толькі першая прыступка на бескампраміснай дарозе, якая прывядзе яго да вяршыні. Неўсьвядомлена абірае ў якасьці ахвяры самага слабага і безабароннага чальца грамадзтва, апраўдваючы гэта нікчэмнасьцю жыцьця старой-ліхвяркі, пасьля забойства якой сутыкаецца з найжорсткім псыхалягічным шокам: забойства ня робіць чалавека «выбраным».
  • Пульхерыя Аляксандраўна Раскольнікава, маці Радыёна Раскольнікава, прыязджае да яго ў Пецярбург у надзеі выдаць дачку за Лужына і ўладкаваць сямейнае жыцьцё. Разачараваньне ў Лужыне, боязь за жыцьцё і душэўны спакой Радыёна, няшчасьце дачкі прыводзяць яе да хваробы і сьмерці.
  • Аўдоцьця Раманаўна Раскольнікава, сястра Радыёна Раманавіча Раскольнікава. Разумная, прыгожая, цнатлівая дзяўчына, улюбёная ў свайго брата да самаахвяраваньня. Мае звычку ў моманты задумленасьці хадзіць з кута ў кут па пакоі. У барацьбе за яго шчасьце гатовая была пайсьці на шлюб па разьліку, але ня здолела пайсьці на сувязь са Сьвідрыгайлавым дзеля яго ўратаваньня. Выходзіць замуж за Разуміхіна, знайшоўшы ў ім шчырага й кахаючага чалавека, сапраўднага таварыша свайго брата.
  • Пётр Пятровіч Лужын, жаніх Аўдоцьці Раманаўны Раскольнікавай, адвакат, прадпрымальны і эгаістычны дзялок. Жаніх Аўдоцьці Раманаўны, які зрабіў яе сваёй рабыняй, абавязанай яму сваім станам і дабрабытам. Непрыязнасьць да Раскольнікава, жаданьне пасварыць яго зь сям’ёй правакуюць спробу зганьбаваць Мармяладаву, сфальсыфікаваць зьдзейсьнены быццам бы ёй крадзеж.
  • Дзьмітры Пракоф’евіч Разуміхін, былы студэнт, сябра Раскольнікава. Моцны, вясёлы, кемлівы малы, шчыры і непасрэдны. Глыбокая любоў і прыязнасьць да Раскольнікава тлумачаць пяшчоту аб ім. Улюбляецца ў Дунечку, даказвае сваёй дапамогай і падтрымкай сваё каханьне. Бярэ шлюб з Дуняй.
  • Сямён Захаравіч Мармеладаў, былы тытулярны саветнік, п’яніца, алькаголік. У ім адлюстраваныя рысы герояў ненапісанага Дастаеўскім твору «П'яненькія», да якога генэтычна ўзыходзіць напісаньне рамана. Бацька Соні Мармяладавай, сам цураецца сваёй прыхільнасьці да сьпіртных напояў, кволы, бязвольны чалавек, аднак, любячы сваіх дзяцей. Раздаўлены канём, пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілках.
  • Кацярына Іванаўна Мармяладава, жонка Сямёна Захаравіча Мармяладава, штаб-афіцэрская дачка. Хворая жанчына, якая вымушаная адна выхоўваць траіх дзяцей, не зусім здаровая душэўна. Пасьля хаўтураў мужа, пад’едзеная пастаяннай працай, клопатамі і хваробай, вар’яцее і памірае.
  • Соф’я Сямёнаўна Мармяладава, дачка Сямёна Захаравіча Мармяладава ад першага шлюбу, дзяўчына, якая наважылася на самапродаж. Нягледзячы на такі род заняткаў, чульлівая, сьціплая й сарамлівая дзяўчына, якая вымушана зарабляць такім непрывабным чынам. Разумее пакуты Радыёна, знаходзіць у ім апору ў жыцьці і сілы зноўку зрабіць зь яго чалавека. Зьязджае зь ім ў Сыбір, становіцца яго пажыцьцёвай сяброўкай.
  • Аркадзі Іванавіч Сьвідрыгайлаў, дваранін, былы афіцэр, абшарнік. Распусьнік, падлец, шулер. Уводзіцца ў супрацьвагу Раскольнікаву як узор чалавека, які не спыняецца ні перад чым дзеля дасягненьня сваіх мэтаў і ні на сэкунду не задумавецца аб мэтадах і «праве сваім» (пра такіх людзей і разважае Радыён у тэорыі). Аб’ектам жарсьці Сьвідрыгайлава стала Аўдоцьця Раманаўна. Спроба дамагчыся яе прыхільнасьці шляхам дапамогі Радыёна ня мела посьпеху. Скатваючыся ў вар’яцтва і бездань распусты, нягледзячы на боязь сьмерці, выстрэльвае сабе ў скронь.
  • Марфа Пятроўна Сьвідрыгайлава, яго жонка-нябожчыца, у забойстве якой западозраны Аркадзі Іванавіч, па сьцьвярджэньню якога зьяўлялася яму ў выглядзе прывіда. Ахвяравала Дуні тры тысячы рублёў, што дазволіла Дуні адпрэчыць Лужына ў якасьці жаніха.
  • Андрэй Сямёнавіч Лебезятнікаў, малады чалавек, які служыць у міністэрстве. «Прагрэсіст», сацыял-утапіст, аднак дурны чалавек, які не да канца ўсьведамляе і ўтрыруе многія з ідэяў будаваньня камунаў. Сусед Лужына.
  • Парфіры Пятровіч, прыстаў сьледчых справаў. Дасьведчаны майстар сваёй справы, тонкі псыхоляг, які раскусіў Раскольнікава і прапанаваў яму самому прызнацца ў забойстве. Але быў ня здольны даказаць віну Радыёна, з-за адсутнасьці доказаў.
  • Амалія Людзьвігаўна (Іванаўна) Ліпэвехзэль, здавала кватэру Лебезятнікаву, Лужыну, Мармяладавым. Дурная і тлумная жанчына, якая ганарыцца сваім татам, паходжаньне якога наогул невядомае.
  • Алёна Іванаўна, калеская сакратарша, ліхвярка. Суханькая і зласьлівая старушонка, забітая Раскольнікавым.
  • Лізавета Іванаўна, зводная сястра Алёна Іванаўны, якая знаходзіцца пад яе ўплывам і выконвае любые яе загады, выпадковая сьведка забойства, забітая Раскольнікавым.
  • Зосімаў, лекар, сябра Разуміхіна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Злачынства і пакараньнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў