Перайсьці да зьместу

Судзімонт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Судзімонт
лац. Sudzimont
Асабістыя зьвесткі
Памёр 1394(1394)

Судзімонт (? — 1394) — літоўскі князь.

Судмунд (Sudhmund) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова суд- (сут-) (імёны ліцьвінаў Судзіла, Судар, Сутарт; германскія імёны Sudila, Suderus, Sutardus) паходзіць ад гоцкага sauþa 'вобраз'[3] або ад стараісьляндзкага sudhr 'поўдзень'[4], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[5] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[6]. Такім парадкам, імя Судзімонт азначае «вобраз гарлівасьці»[7].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Sudemund von Wesisken (30 студзеня 1384 году[8])[9], Sudemont de Wesisken (20 красавіка 1393 году)[10]; Sudemunt[11], Sedemunt[12] (Хроніка Віганда).

Быў сваяком вялікага князя літоўскага Вітаўта (магчыма, братам яго жонкі Ганны).

У 1382—1384 гадох быў на баку Вітаўта ў час яго змаганьня зь Ягайлам. Адзначыўся як сьведка на акце Вітаўта да 30 студзеня 1384 году, якім той прызнаў сябе леньнікам Тэўтонскага ордэну і перадаў крыжакам Жамойць і Коўна. Увесну 1384 году браў удзел у выправе Вітаўта на Вялікае Княства Літоўскае, быў у складзе аддзелу комтура Рагнеты. У ліпені 1384 году вандраваў разам з Вітаўтам, калі той перайшоў на бок вялікага князя Ягайлы. У канцы 1389 году заставаўся прыхільнікам Ягайлы і паведаміў князю Карыбуту, які ахоўваў Вільню, пра пляны Вітаўта захапіць места, што дазволіла прадухіліць захоп. У час нападу крыжакоў зь Вітаўтам на ВКЛ у 1394 годзе браў удзел у абароне княства. У жніўні 1394 году каля Папарцяў трапіў палон да крыжакоў, якія павесілі яго за ногі як здрадцу.

Паводле легенды на пячаці (SUDEMONT DE WESISKEN), валодаў Вяйшышкамі (магчыма Эйшышкамі[13]), лякалізацыя якіх няпэўная[14].

  1. ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 505.
  2. ^ Sveriges medeltida personnamn — förnamnsregister Abbe-Øxvidh, Institutet för språk och folkminnen
  3. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 25.
  4. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 203.
  5. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18, 25.
  8. ^ Договор между Витовтом и Тевтонским орденом о передаче Жемайтии, Селонии и Судовии (1384), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  9. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. P. 4.
  10. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. P. 32.
  11. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 626, 640—641.
  12. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 657.
  13. ^ Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 88.
  14. ^ Валеры Пазднякоў, Судзімонт, Электронная энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]