Санта Брэмар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Санта-Брэмар»)

Каардынаты: 52°8′41″ пн. ш. 23°40′19″ у. д. / 52.14472° пн. ш. 23.67194° у. д. / 52.14472; 23.67194

«Санта Брэмар»
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Заснаваная 1998 (24 гады таму)
Заснавальнікі Міхаіл Машэнскі
Уласьнікі Аляксандар Машэнскі
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Берасьце
Адрас Ленінскі раён, вул. Кацін Бор, д. 106[1]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя водарасьці, ікра, кансэрва, марозіва, морапрадукты, напоі, паўфабрыкаты, рыба, салата, спрэд і сурымі
Лік супрацоўнікаў 5500 (2021 год)
Матчына кампанія холдынг «Санта»
Даччыныя кампаніі «Расейскае мора» (Балашыха, Маскоўская вобласьць)

«Са́нта Брэ́мар»сумеснае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сакавіку 1998 году ў Берасьці.

На 2021 год выпускала звыш 1000 найменьняў харчаваньня 13 відаў: селядзец, чырвоная рыба, ікра, спрэд, морапрадукты, сурымі, кансэрва, салата, водарасьці, паўфабрыкаты, марозіва, вада і напоі. Вырабы збывалі ў 45 краінах. Беларуска-нямецкае прадпрыемства наймала звыш 5500 працаўнікоў. За 2020 год на 6 заводах у Беларусі і Расеі выпусьцілі звыш 120 000 тонаў выбараў пад 7-ю таварнымі знакамі: «Санта Брэмар», «Расейскае мора» і «Маціяс» (рыба), «Бабуля Гануля» (варэнікі і пяльмені), «Юкі», «Топ» і «Салета» (марозіва)[2]. Морапрадукты і рыбу закупалі ў 20 краінах[3]. Замежныя гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 4 краінах Эўропы — Малдове (Кішынёў і Рышкань), Нямеччыне (Брэмэгафэн), Расеі (Балашыха, Маскоўская вобласьць) і Ўкраіне (Сьвятапятроўскае сяло, Кіева-Сьвятошынскі раён)[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1998 году начальнік канструктарскага бюро заводу Міхаіл Машэнскі разам з сынам Аляксандрам заснаваў у Берасьці беларуска-нямецкае прадпрыемства «Санта Брэмар»[5], якое стала выпускаць філе селядца пад таварным знакам «Маціяс»[6]. У сакавіку 1998 году прадпрыемства ўступіла ў свабодную эканамічную зону «Берасьце»[7]. У 2000 годзе пачалі вырабляць марозіва «Топ» у вафэльных кубках. У 2001 годзе запусьцілі вытворчасьць марозіва «Юкі» ў выглядзе брыкетаў, тартоў і эскімо. У 2002 годзе сталі вырабляць ікру мойвы ў падліве. У 2003 годзе вытворчасьць пашырылі за кошт пяльменяў «Бабуля Гануля». Пазьней да іх дадалі бліны, варэнікі, клёцкі, сырнікі і цеста. У 2004 годзе першымі ў Беларусі пачалі выпуск крабавых палачак з сурымі. Пазьней вытворчасьць дапоўнімі салатамі «Самы час» і такімі морапрадуктамі ў алеі і заліўцы, як васьміногі, кальмары, каракаціцы, крэвэткі і мідыі. У 2006 годзе пачалі вырабляць прыпраўлены ласось, у тым ліку сёмгу і фарэль з Нарвэгіі. Яго сталі выпускаць без кансэрвантаў на 4-ы дзень пасьля ўлову. У 2010 годзе запусьцілі новую вытворчасьць філе селядца[6]. У 2013 годзе «Санта Брэмар» набыла прадпрыемства «Расейскае мора»[8].

У 2015 годзе пачалася вытворчасьць крэм-пасты з антарктычнага крылю[6]. На сакавік 2015 году «Санта Брэмар» вырабляла звыш 500 найменьняў харчаваньня, якое пастаўлялі ў краіны Азіі, Паўночнай Амэрыкі, Эўропы і Новую Зэляндыю[9]. Таксама «Санта Брэмар» было даччыным прадпрыемствам СП «Санта Імпэкс Берасьце»[7]. На красавік 2015 году прадпрыемства налічвала 5 цэхоў і наймала звыш 3500 чалавек. Звыш паловы збыту прыпадала на Беларусь. «Санта Брэмар» быў найбольшым вытворцам ікры, морапрадуктаў і рыбы ў Беларусі[10]. На лістапад 2015 году «Санта Брэмар» перапрацоўваў да 100 тонаў селядца штодня[11]. На чэрвень 2017 году «Санта Брэмар» вырабляў 60 тонаў марозіва за содні, большасьць якога складаў плямбір 15-адсоткавай тлустасьці. Сярод іншага, выпускалі жэлейны лёд, лёд з мармэлядам, марозіва-суфле, ёгуртнае марозіва, шматслойныя рулеты і торты зь бісквітам. У Беларусі збывалі 25 % марозіва, а большасьць пастаўлялі ў Расею, Ізраіль, Малдову, Грузію, Канаду і Кітай[12]. 18—22 лютага ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) «Санта Брэмар» прадставіў свае вырабы на Міжнароднай выставе харчаваньня Заліва[13]. 1 сакавіка 2019 году падчас «Вялікай размовы ў прэзыдэнта» ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» кіраўнік прадпрыемства «Санта Брэмар» Аляксандар Машэнскі згадаў: «Першы калгас, у які мы пайшлі з інвэстыцыямі — гэта парадку 40 мільёнаў даляраў — толькі зараз, пасьля 10 гадоў, пачаў даваць аддачу»[14]. 23 кастрычніка 2019 году Галоўная мытная ўправа Кітаю акрэдытавала «Санта Брэмар» для паставак рыбы[15]. Па выніках 2020 году «Санта Брэмар» увайшоў у 10-ку найбольшых падаткаплатнікаў Берасьцейскай вобласьці[16]. У 2021 годзе адчынілі безадкідавую таварню[6]. На 2021 год «Санта Брэмар» выпускаў звыш 1000 найменьняў харчаваньня[17].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кантакты(рас.) // ТАА «Санта Брэмар», 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  2. ^ Мы сёньня(рас.) // ТАА «Санта Брэмар», 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  3. ^ Як мы гэта робім(рас.) // ТАА «Санта Брэмар», 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  4. ^ Збытавыя падразьдзяленьні(рас.) // ТАА «Санта Брэмар», 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  5. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». «Нашыя дынастыі. Машэнскі» глядзіце сёньня пасьля «Панарама» // Белтэлерадыёкампанія, 5 траўня 2017 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  6. ^ а б в г Гісторыя адной мары(рас.) // ТАА «Санта Брэмар», 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  7. ^ а б Тацяна Грыгаровіч. ПАР зацікаўленая ў стварэньні сумеснага прадпрыемства з «Санта Брэмар» па лоўлі і перапрацоўцы рыбы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 сакавіка 2015 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  8. ^ Вольга Мядзьведзева. «Мы разам павінныя імкнуцца да таго, каб эканамічны саэз запрацаваў» // Зьвязда : газэта. — 28 сьнежня 2013. — № 244 (27609). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Ільля Крыжэвіч. Не закрыюць, але правераць // Зьвязда. — 3 сакавіка 2015. — № 40 (27898). — С. 5.
  10. ^ Вікторыя Патоня, тэлеканал «Беларусь 1». «Санта Брэмар» зьнізіла адпускныя цэны на ўсю прадукцыю ад 5 да 22% // Белтэлерадыёкампанія, 30 красавіка 2015 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  11. ^ Сьвятлана Барысенка. Селядзец з гарбузом і каляндрай // Зьвязда. — 27 лістапада 2015. — № 230 (28088). — С. 4.
  12. ^ Сьвятлана Барысенка. На сьвежых вяршках // Зьвязда. — 28 чэрвеня 2017. — № 121 (28485). — С. 4.
  13. ^ Дамоўленасьці аб экспартных пастаўках беларускай прадукцыі дасягнутыя на выстаўцы харчаваньня Заліва ў Дубаі // БелТА, 20 лютага 2018 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  14. ^ Надзея Анісовіч, Марыя Дадалка, Вольга Мядзьведзева. Шчырая размова аб нашым жыцьці // Зьвязда. — 28 чэрвеня 2017. — № 42 (28909). — С. 14.
  15. ^ Кітай акрэдытаваў сем беларускіх рыбных прадпрыемстваў // Белтэлерадыёкампанія, 23 кастрычніка 2019 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  16. ^ Пятую частку даходаў Берасьцейскай вобласьці ў 2020 годзе забясьпечылі 10 арганізацый // Газэта «Зьвязда», 11 лютага 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.
  17. ^ Брэнды Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 5 жніўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]