Перайсьці да зьместу

Будзяніцкая Рудня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рудня Будзеніцкая»)
Будзяніцкая Рудня
трансьліт. Budzianickaja Rudnia
Першыя згадкі: 19 стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Іканскі
Вышыня: 190 м н. у. м.
Насельніцтва: 17 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222135
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°30′51.01″ пн. ш. 28°16′44.00″ у. д. / 54.5141694° пн. ш. 28.2788889° у. д. / 54.5141694; 28.2788889Каардынаты: 54°30′51.01″ пн. ш. 28°16′44.00″ у. д. / 54.5141694° пн. ш. 28.2788889° у. д. / 54.5141694; 28.2788889
Будзяніцкая Рудня на мапе Беларусі ±
Будзяніцкая Рудня
Будзяніцкая Рудня
Будзяніцкая Рудня
Будзяніцкая Рудня
Будзяніцкая Рудня
Будзяніцкая Рудня

Будзяні́цкая Ру́дня[1]вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на рацэ Сасна, за 6 км на паўночны ўсход ад Іканаў і шашы Р3. Будзяніцкая Рудня ўваходзіць у склад Іканскага сельсавету.

Месцазнаходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы Барысаўшчыны.

На Барысаўшчыне вядома некалькі вёсак, якія мелі назву Рудня. Такі айконім тлумачыцца здабычай жалезнай (балотнай) руды, зь якой атрымлівалі мэтал. Месцы, дзе гэта рабілі, здаўна называлі Руднямі. У далейшым, каб ня блытацца зь імі, пачалі іх прывязваць да найбліжэйшых вёсак. Так у свой час да назвы адной зь вёсак Рудня было дададзена Будзяніцкая. У афіцыйны ўжытак падвоеная назва вёскі ўвайшла толькі напрыканцы ХІХ — самым пачатку ХХ стагодзьдзя. Але і па сёньняшні час нельга сказаць, што такая назва сфармавалася канчаткова. Цяпер выкарыстоўваюцца формы назвы як Рудня Будзяніцкая, так і Будзяніцкая Рудня.

Цяпер немагчыма сказаць пра тое, калі была заснавана вёска Рудня ля Будзенічаў. Дакладна вядома, што ў першай палове ХІХ стагодзьдзя яна існавала. Па стане на 1870 год у ёй жыло 46 «душ». Сяляне вёскі адносіліся да Будзеніцкага сельскага таварыства. Само пасяленьне на пачатку ХХ стагодзьдзя ўваходзіла ў межы Зэмбінскай воласьці.

Блізкасьць маёнтку ў Будзенічах вельмі моцна ўплывала на эканамічнае разьвіцьцё Рудні. Тут яго гаспадаром на рацэ Сасна яшчэ ў панскія часы быў пабудаваны вадзяны млын. Аднак блізкасьць Будзенічаў мела і нэгатыўныя для Рудні наступствы. Так, тут ніколі не было ні царквы, ні капліцы. Нават кірмашы свае тут ніколі не праводзілі.

Па стане на 1909 год у Рудні Будзеніцкай было 13 хат, у якіх жыў 101 чалавек.

Перамены ХХ стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У савецкія часы ў Рудні была зроблена школа. Напрыканцы 30-х гадоў у навакольлях вёскі пачалі зьліквідоўваць хутары. Людзей перасялялі ў Рудню. Гэта прывяло да істотнага яе росту. Новыя ж пасяленьні, што пачалі ўтварацца перасяленцамі з хутароў, мясцовыя жыхары паміж сабой называлі «прылепкамі». У 1940 г. у Рудні было 176 жыхароў, 36 хат[2].

У апошнюю вайну Рудня ля Будзенічаў апынулася ў зоне моцнага партызанскага ўплыву. Пасьля яе заканчэньня колькасьць насельніцтва вёскі істотна паменшылася.

Панскі млын у Рудні працягваў працаваць яшчэ пэўны час пасьля вайны. Але потым ня змог вытрымаць канкурэнцыю з электрычнасьцю і быў разабраны. Возера ж, якое існуе ў вёсцы і якое ўтвараў млын сваёй плацінай, першапачаткова мела меншыя памеры чым цяпер. Яно было штучна раскапана.

Апошнія дзесяцігодзьдзі колькасьць насельнікаў вёскі ўвесь час зьмяншаецца. Каля 1980-га году тут была закрыта школа. У Рудні ля Будзенічаў цяпер «жылых» усяго 15—17 хат.

Але ёсьць у вёсцы і станоўчыя для яе моманты. У прыватнасьці, у Рудні працуе адзіная на навакольныя вёска крама, куды раз на тыдзень завозяць тавары. Таму яе ніяк нельга назваць самай непэрспэктыўнай вёскай гэтага краю.

  • 1870 год — 46 жыхароў
  • 1909 год — 101 жыхар, 13 двароў
  • 1940 год — 176 жыхароў, 36 двароў[2]
  • 1999 год — 31 жыхар
  • 2008 год — 20 жыхароў, 14 двароў
  • 2010 год — 17 жыхароў

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Вадзяны млын (пач. 20 ст.)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 72
  2. ^ а б С. В. Марцэлеў і інш. Будзяніцкая Рудня // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 77