Перайсьці да зьместу

Пэрвіс Эступіньян

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэрвіс Эступіньян
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 21 студзеня 1998(1998-01-21)[1][2][3][…] (28 гадоў)
Рост 175 см[4]
Вага 79 кг
Пазыцыя абаронца
Клюбная інфармацыя
Клюб Мілян
Нумар 2
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2015—2016 ЛДУ 40 (0)
2016—2020 Ўотфард 0 (0)
2016—2017 Гранада 2 (0)
2016—2017 Гранада Б[d] 21 (2)
2017—2018 Альмэрыя 26 (0)
2018—2019 Мальёрка 12 (2)
2019—2020 Асасуна 36 (1)
2020—2022 Вільярэал 53 (0)
2022—2025 Брайтан энд Гоўв 84 (4)
2025—4 Мілян 6 (0)
Зборныя
2015 Эквадор (да 17)[d] 14 (3)
2017 Эквадор (да 20)[d] 12 (4)
2019—4 Эквадор 50 (4)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
8 лістапада 2025.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
11 кастрычніка 2025.

Пэрвіс Хасуэ Эступіньян Тэнорыё (па-гішпанску: Pervis Josué Estupiñán Tenorio; нар. 21 студзеня 1998 году) — эквадорскі футбаліст, левы абаронца італьянскага клюбу «Мілян» і нацыянальнай зборнай Эквадору.

Не зважаючы на тое, што гулец паходзіць з гораду Эсьміральдас, ён у 2011 годзе далучыўся да акадэміі сталічнага клюбу ЛДУ. Дэбютаваў у складзе клюбу 1 лютага 2015 году ў матчы эквадорскага першынства супраць «Эль-Насьяналю», зьявіўшыся на пляцоўцы ў другой палове гульні. Клюб атрымаў перамогу ў тым хатнім матчы зь лікам 1:0. Футбаліст адразу замацаваўся ў складзе клюбу, і нават дэбютаваў у Паўднёваамэрыканскім кубку, згуляўшы супраць вэнэсуэльскай «Саморы» і аргентынскага «Рывэр Плэйту». У наступным годзе абаронца дэбютаваў у Кубку Лібэртадорэс.

29 ліпеня 2016 году гулец далучыўся да ангельскага «Ўотфарду»[5], аднак згуляць за клюб ён гэтак і ня здолеў. Увесь час футбаліст знаходзіўся ў арэндах у шэрагу гішпанскіх клюбаў, як то «Гранада», «Альмэрыя», «Мальёрка» і «Асасуна». Першы свой матч у Ля-Лізе Эступіньян правёў 5 красавіка 2017 году ў нічыйнай сустрэчы супраць «Дэпартыва». Менавіта з «Асасунай» гулец прыцягнуў да сябе ўвагу, бо клюб выступаў у найвышэйшым дывізіёне, а эквадорац меў месца ў асноўным складзе. У выніку, 16 верасьня 2020 году правы на гульца былі набытыя гішпанскім «Вільярэалам». Як паведамлялася, кошт гульца склаў 15 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў[6].

16 жніўня 2022 году Эступіньян падпісаў пяцігадовы кантракт з клюбам Прэм’ер-лігі «Брайтанам энд Гоўв Альбіёнам»[7]. Ужо праз чатыры дні гулец упершыню апрануў кашулю каманды, замяніўшы на 63-й хвіліне матчу супраць «Ўэст Гэму Юнайтэд» Адама Лалану[8]. 27 жніўня гулец выйшаў у пачатковым складзе на матч супраць «Лідс Юнайтэду» (1:0) і не дазволіў супернікам пацэліць мяч у браму брайтанцаў.

13 кастрычніка 2019 году Эступіньян дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай Эквадору ў таварыскім матчы супраць зборнай Аргентыны. Эквадорцы атрымалі зьнішчальную паразу зь лікам 6:1[9]. На Кубку Амэрыкі 2021 году абаронца быў адным з ключовых футбалістаў зборнай, правёўшы ўсе 5 матчаў зборнай. У матчы супраць зборнай Пэру Эступіньян учыніў галявую перадачу. У дадатак, абаронца быў улучаны ў сымбалічную зборную турніру[10].

«Вільярэал»:

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]