Перайсьці да зьместу

Паўлюк Шукайла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўлюк Шукайла
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1904
в. Малая Лапеніца, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня (цяпер — Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласьць)
Памёр 14 красавіка 1939 (35 гадоў)
Масква
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, крытык, празаік
Мова беларуская

Паўлюк (Павал Захаравіч) Шукайла (1904, в. Малая Лапеніца, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня (цяпер — Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласьць) — 14 красавіка 1939) — беларускі паэт, крытык, празаік. Прафэсар (1933).

У пачатку 1920-х г. удзельнік падпольнага рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У канцы 1924 або на пачатку 1925 перайшоў цераз граніцу ў БССР. У 1925 апынуўся ў Слуцку, дзе арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газэты. Потым пераехаў у Расоны, працаваў сакратаром райкама партыі, адначасова быў старшынём Нацыянальнай камісіі пры акруговым камітэце партыі і выканкаме па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне. Відавочцы прыгадваюць, што новае месца працы ён аздобіў двума партрэтамі: Маркса і сябе самога[1]. У 1926 паступіў вучыцца на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 5 студзеня 1927 году на сходзе філіі «Маладняка» ў памяшканьні Полацкага пэдтэхнікуму ён прачытаў даклад на тэму «Літаратура і рэвалюцыя», у якім, імаверна, выклаў творчыя прынцыпы, сугучныя Леваму фронту мастацтваў. Неўзабаве пакінуў арганізацыю, пратэстуючы супраць неразуменьня кіраўніцтвам «новай плыні».

Увосень 1927 арганізаваў у Менску аб’яднаньне «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (існавала да вясны 1928), у якую ўваходзілі таксама Апанас Атава, Пятрусь Броўка, Уладзімер Варава, Ян Скрыган, Алесь Гародня, Уладзімер Прыбыткоўскі, Язэп Сукала, Макар Шалай і іншыя літаратары. Камуна пасьпела выдаць два нумары часопіса «Росквіт». У 1928 адкамандзіраваны на вучобу ў Камуністычную акадэмію (Масква), скончыў там так званы факультэт «чырвонай прафэсуры» (1930).

Арыштаваны АДПУ СССР ў верасьні 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; яму ўдалося адвесьці ад сябе абвінавачаньні, справа была спыненая. У 1930—1931 паліткарэктар у Галоўліце СССР, працаваў загадчыкам катэдры мэтадалёгіі мастацтва ў Інстытуце кінэматаграфіі. Да 1931 кіраваў Беларускай сэкцыяй Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Быў рэдактарам маскоўскай газэты «Кино», дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. З 1932 — віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Ленінград). З 1936 зноў у Маскве, працаваў паводле ўмовы з фабрыкай «Межрабпомфильм» пісьменьнікам-сцэнарыстам. 1 лістапада 1938 году арыштаваны ў Маскве. 13 красавіка 1939 году Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляны 14 красавіка таго ж году. Пахаваны на могілках «Камунарка» пад Масквой.

Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 14 красавіка 1959. Дзьве дачкі паэта на цяперашні момант жывуць у Расеі[2].

У беларускім друку выступаў з 1925. Першая і адзіная кніга паэзіі — «Акрываўленая зямля» (1930), у якую ўвайшлі вершы, паэмы «Акорды дзён» і «Партызанка Люба». Аўтар шэрагу літаратурна-крытычных артыкулаў. Арыентаваўся на ідэйна-эстэтычную плятформу часопіса «Новый ЛЕФ», займаў ваяўнічую і непрымірымую бальшавіцкую пазыцыю, зыходзячы зь якой крытыкаваў паэзію А. Вольнага, А. Дудара, У. Жылкі, Т. Кляшторнага, В. Маракова, Я. Пушчы, П. Труса і інш.

Паводле В. Жыбуля, не зважаючы на імкненьне выглядаць футурыстам ці, у шырокім сэнсе — наватарам, у многіх вершах, асабліва раньніх («Думкі асеньнія», «Песьня жаўра», «Плятуцца вянкі», «Вясновае» і інш.) паэт выкарыстоўваў пераважна традыцыйныя фальклёрныя матывы і стылістычныя фігуры, прыродную вобразнасьць. Разам з тым П. Шукайла, як і «сапраўдныя» футурысты, намагаўся апяваць будучыню і, хоць зрэдку, але цягнуўся да гарадзкой тэматыкі. Апублікаваны ў кастрычніку 1925 г. верш «Маё каханьне» замест чаканага ўзору інтымнай лірыкі падае своеасаблівы маніфэст урбаністычнай паэзіі, які адмаўляў традыцыйную сялянскую вобразнасьць. У пазьнейшай паэме «Акорды дзён» аўтар больш вынаходлівы і просталінейны: «Трэба ўмець і шпалы кахаць, / і цалаваць сэмафор»[3]. Гэтая паэма зьяўляецца квінтэсэнцыяй ідэйна-мастацкіх пошуказ пісьменьніка: амбітныя спробы даць узор новай рэвалюцыйна-авангардысцкай паэтыкі, і палеміка з г. зв. упаднікам[4].

У альманаху «Наддзьвіньне» П. Шукайла апублікаваў адны з найвядомейшых ягоных твораў: «На Беларусі» і «Марыльцы». Радкі першага зь іх («На Беларусі / вада з крыві, / палеткі / з курганоў і крыжоў») Міхась Зарэцкі хацеў паставіць эпіграфам да свайго раману «Крывічы», але крытыкі ўшчувалі паэта «нацыянальна-дэмакратычны» ўхіл. Янка Скрыган (пад псэўданімам Крушына) надрукаваў сяброўскі шарж-пародыю, у якой зьлёгку пакпіў з найбольш характэрных рысаў Шукайлавай паэзіі.

Скандальныя ўчынкі Паўлюка Шукайлы надоўга запомніліся ягоным сучасьнікам, якія згадвалі пра гэтаў мэмуарах. У іх паэт паўстае амбітным маладым чалавекам з «агнявой натурай» і «партызанскай зухаватасьцю». Дзякуючы прыроднаму артыстызму ягоныя паэтычныя выступы завяршаліся громам аплядысмэнтаў, а прамовы на пісьменьніцкіх сходах сьмяшылі прысутных, але разам з тым і прымушалі задумацца. Нярэдка задзірыстасьць і бескампраміснасьць П. Шукайлы выклікалі ў публікі хвалю абурэньня[4].

Сучасьнікі давалі розныя ацэнкі асобе П. Шукайлы: «літаратурны клоўн» (М. Лужанін), «галасісты, крыкун, нахабны, бесцырымонны» (С. Грахоўскі), «тыповы авантурыст і гістэрык» (Б. Мікуліч). І разам з тым — «здатны паэт, добры беларус, неблагі арганізатар і ўвогуле вельмі цікавы чалавек» (Ю. Віцьбіч)[1].

  1. ^ а б Жыбуль В. Два галоўныя скандалісты 20-х // ARCHE. — 2004. — № 3.
  2. ^ Алесь Аркуш «Мяне прывабліваюць другарадныя асобы». Гутарка зь Віктарам Жыбулем. // Наша Ніва. — 2006.
  3. ^ Шукайла П. Акрываўленая зямля. — Менск: ДВБ, 1930. С. 108
  4. ^ а б Жыбуль В. Партызан-футурыст Паўлюк Шукайла // Роднае слова. — 2004. — № 12. — С. 11—12.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўлюк Шукайласховішча мультымэдыйных матэрыялаў