Пахвала Вітаўту
«Пахвала́ Ві́таўту» (рус. Пахвала о великом князи Витовте) — помнік беларускай літаратуры пачатку XV стагодзьдзя, адзін зь першых твораў беларускай сьвецкай панегірычнай прозы.
Напісаная невядомым аўтарам у Смаленску ў канцы 1420-х. Вядомая ў чатырох рэдакцыях: 1-я (1428) зьмешчана ў кнізе словаў Ісака Сырына, перапісанай у Смаленску; 2-я, летапісная (каля 1430), захавалася ў асобных сьпісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446 року; 3-я (першая палова XVI стагодзьдзя) захавалася ў сьпісах кароткай і пашыранай рэдакцыяў «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (руская, скарочаная, XVI стагодзьдзе) ёсьць у розных гістарычных зборніках, што існавалі ў Расеі ў XVI—XVIII стагодзьдзях.
«Пахвала Вітаўту» 1428 — прыватны дзелавы запіс-пасьлямоўе да кнігі, зроблены прыхільнікам Вітаўта; летапісны — асабісты твор панегірычнага жанру; трэцяя — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «Пахвалы Вітаўта» з уступнай часткаю (расповед пра каранаваньне Вітаўта) Смаленскага летапісу.
Усхваляецца «вялікі й мудры» князь Вітаўт, якому служаць, ці зь якім сябруюць валадары Эўропы. Праслаўляецца палітыка аб’яднаньня ўсходнеславянскіх земляў на чале зь Вялікім Княствам Літоўскім.
Напісаная на падставе гістарычных фактаў урачыста-ўзьнёслым стылем з выкарыстаньнем старажытнарускіх літаратурных традыцыяў, кніжных кшталтаў і абаротаў, хоць без рытарычнай шматслоўнасьці й інфарматыўна.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ахрыменка П. П., Ларчанка М. Р. Старажытная беларуская літаратура. — Мн.: 1968.
- Дабрынін М. К. Беларуская літаратура. Старажытны перыяд. — Мн.: 1952.
- Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. — Мн.: 1975.
- Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — М.: 1973.
Гэта — накід артыкула па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |