Нясьвіскі каледж
Нясьвіскі каледж | |
Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, Нясвіжскае педагагічнае вучылішча імя Якуба Коласа, Нясвіжскі дзяржаўны каледж, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа | |
Заснаваны | 2 ліпеня 1875 (149 гадоў таму) |
---|---|
Тып | дзяржаўны |
Дырэктар | Алена Жураўлёва |
Колькасьць пэрсаналу | 63 (2018 г.) |
Колькасьць студэнтаў | 478 (2018 г.) |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 53°12′56″ пн. ш. 26°40′53″ у. д. / 53.21556° пн. ш. 26.68139° у. д.Каардынаты: 53°12′56″ пн. ш. 26°40′53″ у. д. / 53.21556° пн. ш. 26.68139° у. д. |
Горад | Нясьвіж |
Вобласьць | Менская |
Краіна | Беларусь |
Былыя назвы | Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя (да 1944 г.), Нясьвіская пэдагагічная вучэльня (да 1956 г.), Нясьвіская школа-інтэрнат (да 1984 г.) |
Знаходзіцца ў складзе | Управа адукацыі Менскага аблвыканкаму |
Вэб-сайт | nesvizh-sspk.minsk-region.edu.by |
Нясьвіскі каледж |
Нясьвіскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа — сярэдняя спэцыяльная навучальная ўстанова ў Нясьвіжы (Менская вобласьць), заснаваная ў ліпені 1875 году ў якасьці Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі.
Спэцыяльнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год Нясьвіскі каледж рыхтаваў школьных настаўнікаў, выхавальнікаў дзіцячых садкоў і экскурсаводаў. Дзённае навучаньне настаўнікаў і выхавальнікаў складала 4 гады, экскурсаводаў — 3 гады. Настаўнікаў рыхтавалі па 4 спэцыяльнасьцях: дызайн (з 2009 году), замежная мова (ангельская; з 1999 году), пачатковая адукацыя і фізычная культура (з 2003 году). Пры паступленьні на дызайн патрабавалася здаць экзамэн па маляваньні, на фізкультуру — фізнарматывы. На іншыя спэцыяльнасьці прымалі паводле конкурса сярэдняга балу ў пасьведчаньні аб адукацыі[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ліпені 1875 году ў Нясьвіжы (Менская губэрня, Паўночна-Заходні край) адчынілі настаўніцкую сэмінарыю, якой вылучылі будынак былога дамініканскага манастыра[2]. У сэмінарыі выкладалі Кандрат Шчансновіч, С.А. Кулагін, І.Ф. Нікалаеўскі, Пётар Бывалькевіч, Л.К. Лычкоўскі, Ф.В. Лукашэвіч, С.А. Гурыновіч, Фядот Кудрынскі і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Тэрмін навучаньня складаў 3—5 гадоў. Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя мела фізычны і прыродазнаўчы кабінэты, хімічную лябараторыю, актавую залю, клясу для заняткаў ручной працай і інтэрнат для навучэнцаў. Пры сэмінарыі дзейнічала пэдагагічная вучэльня. З 1900 году працавала мэтэаралягічная станцыя. У 1910 годзе адчынілі музэй. На 1914 год фундамэнтальная бібліятэка сэмінарыі налічвала 3630 тамоў кніг, вучнёўская бібліятэка — 1710. У жніўні 1915 году сэмінарыю перавезьлі ў Вязьму (Смаленская губэрня), дзе навучацца прымалі пераважна беларускіх бежанцаў. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ў сэмінарыю сталі прымаць жанчынаў і людзей неправаслаўнага веравызнаньня. Таксама стварылі беларускі вучнёўскі гурток «Прасьвета». Улетку 1917 году сэмінарыю вярнулі ў Нясьвіж. У часе польскай акупацыі 1919 году Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У сэмінарыі навучаліся Антось Галіна (Міхась Міцкевіч), Адам Багдановіч, Павал Дземідовіч, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), В. Камлюк, А. і Васіль Сташэўскія, Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны). У сьнежні 1919 году сэмінарыю часова зачынілі[3].
Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя працягвала працаваць да 1944 году. 24 верасьня 1944 году Выканаўчы камітэт Баранавіцкай вобласьці зацьвердзіў Пастанову аб заснаваньні Нясьвіскай пэдагагічнай вучэльні. 3 сакавіка 1946 году вучэльні надалі імя Якуба Коласа. У 1956 годзе на месцы вучэльні адчынілі школу-інтэрнат[4]. У 1984 годзе ў Нясьвіжы аднавілі пэдагагічную вучэльню, якую ў 1994 годзе пераўтварылі ў каледж. На 1999 год Нясьвіскі каледж рыхтаваў настаўнікаў пачатковых клясаў і замежнай мовы (ангельскай і нямецкай) для базавай школы. На навучаньне асобаў з базавай адукацыяй прымалі на 3 гады і 10 месяцаў навучаньня. Людзей зь сярэдняй адукацыяй навучалі 2 гады і 10 месяцаў[5]. У 2007 годзе сталі рыхтаваць экскурсаводаў і настаўнікаў маляваньня па спэцыяльнасьці дызайн[4]. У 2008 годзе Нясьвіскаму каледжу вярнулі імя Якуба Коласа.
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арцём Саўчанка (1944—1956)
- Валянцін Бруй (з 1984-га)[4]
- Алена Жураўлёва (з 2000-х)
Выпускнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Флярыян Бохвіц (пасьля 1810-га) — філёзаф
- Адам Багдановіч (1882) — этнограф
- Аляксандар Сержпутоўскі (1884) — этнограф і чалец Інстытуту беларускай культуры (1925)
- Павал Дземідовіч (1890) — стваральнік і загаднік беларускай гімназіі ў Менску (1919), сябра этнаграфічнай сэкцыі Інбелкульту (1925)
- Антон Лёсік (1897) — мовазнавец і выдавец 8-га выданьня правапісу Тарашкевіча (1943)
- Якуб Колас (1902) — народны паэт Беларусі (1926)
- Аляксандар Сянкевіч (1902) — 2-і народны камісар аховы здароўя БССР (1921—1922)
- Язэп Шнаркевіч (1907) — заснавальнік Нясьвіскай беларускай гімназіі (1921) і сакратар Таварыства беларускай школы (1924)
- Янка Нёманскі (1909) — акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928) і 1-ы кіраўнік Інстытуту эканомікі БелАН (1931—1932)
- Алесь Вініцкі (1910) — гісторык беларускай эміграцыі
- Васіль Сташэўскі (1914) — драматург
- Міхась Міцкевіч (1917) — пісьменьнік і перакладнік, брат Якуба Коласа
- Аляксандар Надсан (1943) — апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (1986—2015)
- Іраіда Царук (1948) — 9-ы дэкан гістарычнага факультэту БДУ (1973—1986)
- Іван Ралько (1951) — паэт і кандыдат філялягічных навук (1961)
- Павал Атрушкевіч (1952) — чалец-карэспандэнт Акадэміі навук Казахстану
- Іван Антановіч (1955) — 3-і міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусь (1997—1998)
- Настасься Азарка (2003) — паэтка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Спэцыяльнасьці (рас.) // УА «Нясьвіскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа», 2018 г. Праверана 4 траўня 2018 г.
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 4 ліпеня 2013. — № 121 (27486). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Ляхоўскі. Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 415. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ а б в Соф’я Любанец. Нясьвіскі каледж — старадаўні і малады // Газэта «Нясьвіскія навіны», 29 кастрычніка 2014 г. Праверана 7 траўня 2018 г.
- ^ Нясьвіскі пэдагагічны каледж // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 419. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нясьвіскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа // Настаўніцкая газэта, 26 кастрычніка 2017 г. Праверана 4 траўня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |