Менск Крышталь
Каардынаты: 53°53′34″ пн. ш. 27°34′12″ у. д. / 53.89278° пн. ш. 27.57° у. д.
наркам. Мінск Крышталь | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1893 |
Заснавальнікі | Янкель і Зэльман Ракаўшчыкі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Ленінскі раён, Кастрычніцкая вул., д. 15[1] |
Ключавыя фігуры | Ігар Шустаў, Андрэй Чырко |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | брэндзі, віно, віскі, гарэлка, джын, кальвадос, настойка, ром, сьлівовіца і тэкіла |
Абарачэньне | ▼1295,736 млрд бел.рублёў[2] (2015 г.; $79,72 млн)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼6,005 млрд руб (2015 г.; $0,37 млн) |
Чысты прыбытак | ▼0,664 млрд руб (2015 г.; 0,041 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 1588 (2016 год) |
Матчына кампанія | канцэрн «Белдзяржхарчпрам»[4] |
Даччыныя кампаніі | ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод», заводы «Белалка», «Прыдзьвіньне» і «Радамір» |
«Менск Крышта́ль» — дзяржаўны лікёра-гарэлачны завод Беларусі, заснаваны ў 1893 годзе ў Менску братамі Янкелем і Зэльманам Ракаўшчыкамі.
Ёсьць найбуйнейшым вытворцам гарэлкі ў Беларусі. На 2020 год у склад ААТ «Менск Крышталь» уваходзілі: 3 сьпіртзаводы — Бярэзінскі, Урэцкі (Любанскі раён) і Хотаўскі (Стаўпецкі раён); Сноўскі крухмальны завод (Нясьвіскі раён) і агракамбінат «Туча» (Клецкі раён)[5]. Зь 2015 году «Менск Крышталь» узначальваў холдынг, у склад якога ўваходзілі 7 дзяржаўных ААТ альгакольнай галіны: Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзьвіньне», Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», «Гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод», «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» (Магілёўская вобласьць), «Мазырскі сьпіртагарэлачны завод» (Гомельская вобласьць) і Харчовы камбінат «Весялова» (Барысаўскі раён)[6]. У Беларусі налічвалася 105 уласных крамаў «Менск Крышталь» — 38 у Менску; 19 у Менскай вобласьці, зь іх 2 у Маладэчне; 13 у Віцебскай вобласьці, зь іх 4 у Віцебску, 3 у Воршы і па 2 у Наваполацку і Полацку; 12 у Магілёўскай вобласьці, зь іх 5 у Магілёве і 4 у Бабруйску; 10 у Гарадзенскай вобласьці, зь іх 3 у Горадні; 8 у Гомельскай вобласьці, зь іх 2 у Гомелі; 5 у Берасьцейскай вобласьці[7]. Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 3 краінах: Армэніі — ТАА «Ар-Бе» (Ераван), Латвіі — ТАА «Белхарчпрам» (Рыга) і Расеі — ТАА «МКР» (Масква)[8].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2020 год ААТ «Менск Крышталь» вырабляла:
- сьпіртовыя напоі — бальзам, брэндзі, віно, віскі, гарэлку («Белая Русь»), джын, кальвадос, настойку, ром, сьлівовіцу і тэкілу;
- бакалею — кісель, кукурузныя крупы і бульбяныя чыпсы[9].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1893 годзе браты Янкель і Зэльман Ракаўшчыкі адчынілі на Ніжне-Ляхаўскай вуліцы Менску дрожджа-вінакурны завод, якім меў паравую машыну і 20 супрацоўнікаў. У 1905 годзе вырабы прадпрыемства адзначылі Залатым мэдалём выставы ў Парыжы (Францыя). У 1906-м узнагародзілі Залатым мэдалём Растоўскай выставы пастаўшчыкоў імпэратарскага двара. У 1910 годзе на заводзе ўсталявалі дынама-машыну, лякамабіль і газагенэратар. У 1911 годзе гарэлку завода адзначылі Галоўнай узнагародай Рымскай выставы (Італія). Да 1913 году завод зрабіўся найбольшым вытворцам гарэлкі на тэрыторыі Беларусі. У 1918 годзе расейскія бальшавікі нацыяналізавалі завод, які выкарыстоўвалі ў якасьці складоў. У 1924 годзе ўрад Беларускай ССР аднавіў сьпіртзавод у якасьці дзяржаўнага прадпрыемства. У 1964 годзе Менскі дрожджа-вінны камбінат утварыў аб'яднаньне «Крышталь», у якое ўвайшлі 4 лікёра-гарэлачныя заводы. У 1976 годзе на яго аснове стварылі аб'яднаньне сьпіртавой і лікёра-гарэлачнай прамысловасьці, куды ўліліся яшчэ 9 сьпіртзаводаў[10].
У 2002 годзе Менскі вінна-гарэлачны завод пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства «Менск Крышталь». У 2011 годзе 59% экспарту прыпала на Летуву праз гандлёвы дом ТАА «Белхарчпрам». Яшчэ 18% экспартавалі праз ТАА «Рэйпэр» у Турэччыну. У 2012 годзе 95% продажаў у Беларусі прыпадала на Менск. У 2013 годзе на галаўным прадпрыемстве «Менск Крышталь» усталявалі бракеражныя аўтаматы і дэпалетызатары. У філіі «Туча» (Клецкі раён) ўзьвялі бульбасховішча на 15 000 тонаў. На Сноўскім крухмальным заводзе (Нясьвіскі раён) дабудавалі ачышчальныя збудаваньні. У 2013 годзе акцыз складаў 70% цаны гарэлкі «Крышталь», цана якой вырасла за год з 25 000 ($2,8) да 52 000 рублёў ($5,8) за пляшку. У выніку прадпрыемства ўвайшло ў лік найбольшых падаткаплатнікаў Менску і выплаціла 1,6 трлн беларускіх рублёў ($178,4 млн) падаткаў. ААТ «Менск Крышталь» павялічыў сваю долю на рынку Беларусі з 30% да 36%. Аднак падзеньне продажаў гарэлкі ў Беларусі склала 25% да ўзроўню 2012 году. У 2013 годзе «Менск Крышталь» увёў пасады абласных кіраўнікоў продажамі і адчыніў абласныя гуртовыя склады. Сыравіну ў цэх рэктыфікацыі пастаўлялі 3 даччыныя сьпіртзаводы: Бярэзінскі, Урэцкі (Любанскі раён) і Хотаўскі (Стаўпецкі раён). Частку збожжа нарыхтоўвалі на даччынай СВФ «Туча». Для гарэлкі выкарыствоўвалі ваду, апрацаваную крэмнам. Саму гарэлку фільтравалі срэбрам праз 2 устаноўкі. Налічвалася 24 фірмовыя крамы. Гандлёва-лягістычны цэнтар займаў 0,7 гектару і мог зьмяшчаць ад 350 000 дэкалітраў гарэлкі[10].
17 ліпеня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэньні і дзейнасьці холдынга па вытворчасьці алькагольнай прадукцыі», паводле якога прызначыў яго «кіраўнічай кампаніяй — ААТ «Менск Крышталь». У склад холдынга пастанаўлялася да 1 верасьня 2015 году ўлучыць 7 дзяржаўных ААТ: Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзьвіньне», Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», «Гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод», «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» (Магілёўская вобласьць), «Мазырскі сьпіртагарэлачны завод» (Гомельская вобласьць) і Харчовы камбінат «Весялова» (Барысаўскі раён). Паводле падпункту 2.7 Указу, «дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў не распаўсюджваецца на алькагольную прадукцыю, што вырабляецца арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад холдынга». Таксама паводле падпункту 2.4 холдынгу адтэрмінавалі выплату акцызаў на 90 дзён зь дня адгрузкі сьпіртовых вырабаў[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Агульныя зьвесткі (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Будова (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Пра нас (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Крамы (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Партнэры (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ Бакалея (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
- ^ а б Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. «Нельга проста «сядзець» на традыцыях — патрэбна іх разьвіваць» // Зьвязда : газэта. — 16 лістапада 2013. — № 216 (27581). — С. 6-7. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 году № 326 «Аб стварэньні і дзейнасьці холдынга па вытворчасьці алькагольнай прадукцыі» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 22 ліпеня 2015 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронны зварот грамадзянаў (рас.) // ААТ «Менск Крышталь», 2020 г. Праверана 19 сакавіка 2020 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |