Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод
Каардынаты: 53°35′23″ пн. ш. 31°55′43″ у. д. / 53.58972° пн. ш. 31.92861° у. д.
«Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1858 |
Заснавальнікі | Карл Камінскі |
Уласьнікі | «Белдзяржхарчпрам» |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Магілёўская вобласьць |
Адрас | Клімавічы, Набярэжная вул., д. 10 |
Ключавыя фігуры | Эдуард Арэшка, Андрэй Чышчэня |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | гарэлка, джын, настойка, этаноль |
Абарачэньне | ▼336,057 млрд недэнам. руб[1] (2015 г.; $20,959 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼-27,476 млрд недэнам. руб (2015 г.; -$1,714 млн) |
Чысты прыбытак | ▲-667 тыс. рублёў (2017 г.; -$334 тыс.) |
Лік супрацоўнікаў | 667 (2018 г.) |
Матчына кампанія | ААТ «Менск Крышталь» |
Даччыныя кампаніі | Касьцюковіцкі сьпіртзавод |
«Клі́мавіцкі лікёра-гарэ́лачны заво́д» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1858 годзе ў Клімавічах шляхціцам Карлам Камінскім.
На 2018 год завод выпускаў гарэлку «Альфа лінія», «Каласы» і «Срэбраныя ключы», этаноль і настойкі, у тым ліку «Клімград» з мацункам 22%. Прадпрыемства было найбольшым у Клімавіцкім раёне паводле колькасьці супрацоўнікаў. На яго прыпадала 10% алькагольнага рынку Беларусі. Звыш паловы выручкі заводу ішло на падаткі[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1858 годзе шляхціц Карл Камінскі заснаваў у Клімавічах (Магілёўская губэрня) рэктыфікацыйны завод на беразе ракі Лабжанка. На завод паступаў сьпірт-сырэц з сырцовых заводаў Клімавіцкага павету, якія належалі Камінскаму. Сьпірт-сырэц дастаўлялі гужавымі павозкамі ў бочках, але вымярэньні ажыцьцяўлялі ў вёдрах. Выраблены сьпірт-рэктыфікат адпраўлялі ў Чэрыкаў (Магілёўская губэрня), дзе зь яго выраблялі гарэлку. У лістападзе 1917 году бальшавіцкі ўрад Расеі нацыяналізаваў завод. У 1934 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў пладавінзавод, дзе выраблялі джэм, яблычнае пюрэ й сочыва, пладова-ягаднае віно. У 1935 годзе аднавілі выпуск гарэлкі з разьлівам у пляшкі па 0,1 літра, 0,5 літра, 1 літар і 3 літры. У 1937 годзе ўсталявалі канвэер. Пасьля ўсталяваньня 2-га канвэера вытворчасьць вырасла да 5000 дэкалітраў за год. У 1939 годзе на канвэеры працавала 12 чалавек. Ваду пампавалі з ракі Лабжанкі і артэзіянскай сьвідравіны пры дапамозе паравых помпаў. У кацельні дзейнічаў кацёл Шухава-Бэрліна, які забясьпечваў завод парай. Крыніцай электраэнэргіі служыла паравая машына. Заводу падпарадкавалі гарэлачную краму ў Клімавічах, што да 1939 году належала Цэнтрасьпірту — саюзнаму аб’яднаньню дзяржаўных вінакурняў. У 1943 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады вывезьлі ў Нямеччыну рэктыфікацыйны апарат і падарвалі завод[3].
У 1944 годзе на заводзе аднавілі вытворчасьць гарэлкі са сьпірту-сырцу, які прадавалі ў бочках. У 1947 годзе пабудавалі кацельню з 2 катламі на торфе. У 1948 годзе аднавілі разьліў гарэлкі ў пляшкі. У 1950 годзе аднавілі цэх рэктыфікацыі, пабудавалі лікёрны ўчастак і аддзяленьне посуду. У 1953 годзе ўкаранілі аўтаматычную лінію разьліву на 3000 пляшак за гадзіну, сталі выпускаць гарэлку трох мацункаў — 40%, 50% і 56% — а таксама лікёры і настойкі. У 1955 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну. У 1958 годзе рэктыфікацыйны апарат замянілі на новы магутнасьцю 750 дэкалітраў за содні з адначасным аддзяленьнем сівушнага алею і этэраальдэгіднай фракцыі (ЭАФ). Цэх разьліву налічваў 4 аўтаматычныя лініі, на трох зь якіх разьлівалі ў паўлітровыя пляшкі. На яшчэ адной лініі разьлівалі ў пляшкі па 0,25 літра. У 1959 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну на 6000 пляшак за гадзіну і прыпынілі выраб гарэлкі мацункам 40%. У 1960 годзе лікёрны цэх пераабсталявалі ў вінны магутнасьцю 8000 дэкалітраў за месяц. У 1966 годзе пабудавалі дадатковую артэзіянскую сьвідравіну з выдаткам 60 м³ вады за год. У 1967 годзе налічвалася 312 супрацоўнікаў, зь іх 274 работнікі, 24 інжынэры і тэхнікі, 14 службоўцаў. У 1968 годзе ўсталявалі 5 аўтаматычных ліній разьліву гарэлкі магутнасьцю на 6000 пляшак за гадзіну. У 1980 годзе ўзьвялі будынак з рэктыфікацыйнай устаноўкай на 2000 дэкалітраў за содні і 3-павярховы адміністрацыйны корпус. У 1984 годзе магутнасьць віннага цэху дасягула 1,41 млн дэкалітраў за месяц. У красавіку 1987 году Клімавіцкаму лікёра-гарэлачнаму заводу падпарадкавалі Касьцюковіцкі сьпіртзавод. У 1987 годзе ў Клімавічах наладзілі выраб безалькагольнага кактэйлю «Рубінавы». У будынках аўтабазы стварылі кандытарскі цэх, дзе пачалі выпускаць такія ўсходнія ласункі, як фруктовы лукум (250 тонаў за год) і газінакі (100 тонаў). У 1989 годзе прадпрыемства налічвала 310 супрацоўнікаў[3].
У 1992 годзе пабудавалі цэх з прэс-формамі для вырабу скрыняў з поліэтылену нізкага ціску. У 1994 годзе пусьцілі нямецкую аўтаматычную лінію «Нагема» на 6000 пляшак за гадзіну з укупоркай «пад шруб». У 1996 годзе скончылі будаўніцтва сьпіртасховішча на 150 000 дэкалітраў. Уласны аўтапарк дастаўкі сыравіны налічваў 68 грузавікоў. У 1997 годзе пусьцілі аўтаматычныя майстэрні. У 1999 годзе кацельню перавялі з вадкага паліва на прыродны газ. У 2001 годзе ўсталявалі італьянскую лінію разьліву «Маг» для пляшак ад 0,25 літра да 1 літра з магчымасьцю прымяняць кроненкорку для ўкупоркі і 2-пазыцыйнай этыкеткі. Таксама паставілі лінію разьліву віна. У 2002 годзе паставілі 3 прэсы «Бухер» для перапрацоўкі 15 тонаў яблыкаў за гадзіну і вакуўм-выпарную ўстаноўку для вырабу канцэнтраванага соку. У 2004 годзе набылі газавы храматограф для вызначэньня мікрадамешкаў у сьпірце і гарэлцы. У 2005 годзе заклалі сад на 110 гектараў з 7 відамі расьлінаў: алыча, вішня, чарнаплодная рабіна, чорныя і чырвоныя парэчкі, яблыня. У 2006 годзе УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м паводле велічыні вытворцам гарэлкі ў Беларусі. Вытворчая магутнасьць заводу складала: па сьпірце-сырцы — 2,87 дэкалітраў за содні і 876 000 дэкалітраў за год; па сьпірце-рэктыфікаце — 4000 дэкалітраў за содні і 1,25 млн дэкалітраў за год; па гарэлцы — 2,5 млн дал за год; па настойках — 180 000 дал за год; па вінаградным віне — 271 200 дал за год. Гадавая магутнасьць па вырабе ўсходніх ласункаў складала 204 тонаў, у тым ліку грыльяжу, газінакаў і лукуму. Гадавая магутнасьць па выпуску поліэтыленавых скрыняў складала 280 000 адзінак[3].
У 2007 годзе набылі аўтаматычны станок для прастаўленьня этыкетак і акцызных марак. У 2008 годзе адрамантавалі сьвідравіну і паставілі ўстаноўку зьмякчэньня вады і фільтар абезжалезваньня. У 2009 годзе на Касьцюковіцкім сьпіртзаводзе замянілі 3-калённую брагарэктыфікацыйную ўстаноўку на 6-калённую. У чэрвені 2010 году ў Касьцюковічах увялі новае варачнае аддзяленьне. У верасьні 2010 году пусьцілі ўстаноўку срэбранай фільтрацыі. У студзені 2011 году паставілі ўстаноўку паліравальнай фільтрацыі. У верасьні 2013 году УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» асвоіла выпуск сьпірту з найвышэйшай у Беларусі ступеняй ачысткі «Белальфа», што прадугледжвала зьмяшчэньне ня больш як 0,003% бясколернай атруты мэтылавага сьпірту ў пераліку на бязводны сьпірт. Пагатоў дагэтуль выкарыстоўвалі сьпірт вышэйшай ачысткі, дзе дапускалася 0,03% бясколернай атруты мэтылавага сьпірту[4]. 17 ліпеня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэньні і дзейнасьці холдынгу па вытворчасьці алькагольнай прадукцыі» пад кіраўніцтвам ААТ «Менск Крышталь», якому падпарадкавалі ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»[5]. На час улучэньня ў холдынг «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м найбольшым падаткаплатнікам Магілёўскай вобласьці. 16 траўня 2018 году Магілёўскі абласны суд зацьвердзіў 1,5-гадовы плян санацыі заводу ў сувязі зь неплатаздольнасьцю па запазычанасьці на 59 млн рублёў[2].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Камінскі (1914—1917)
- Цехін (1929)
- Арлоўскі (да 1935 году)
- В. К. Мянькоў (1935—1941)
- Арсень Дзянісаў (1944—1948)
- Языкоў (1948)
- Кавалёў (1-я палова 1950-х)
- Лявонаў (2-я палова 1950-х)
- С. І. Анжэнка (да 1962 году)
- Нічыпар Гнедчык (1962—1970)
- Уладзімер Патоцкі (1970—1981)
- Міхаіл Белавусаў (1981—2003)[3]
- Вячаслаў Рамашкевіч (2003—2005)
- Мікалай Бялко (8 чэрвеня 2010 — красавік 2014 году)
- Алег Буянаў (красавік 2014 — люты 2017)
- Мікалай Акулік (люты — жнівень 2017)[6]
- Эдуард Арэшка (са жніўня 2017 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
- ^ а б На Магілёўшчыне ратуюць лікёра-гарэлачны завод // Радыё «Свабода», 16 траўня 2018 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
- ^ а б в г Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод // Магілёўская абласная бібліятэка, 2006 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
- ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 19 верасьня 2013. — № 176 (27541). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 г. № 326 «Аб стварэньні і дзейнасьці холдынгу па вытворчасьці алькагольнай прадукцыі» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт партал Рэспублікі Беларусь, 22 ліпеня 2015 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
- ^ Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод заявіў пра банкруцтва // Радыё «Свабода», 24 жніўня 2017 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронная форма звароту грамадзянаў (рас.) // ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод», 2018 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.