Перайсьці да зьместу

Рамуальд Райс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рамуальд Райс
30 лістапада 1913(1913-11-30)30 сьнежня 1949(1949-12-30) (36 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца сьмерці
«Буры» і «Шчэпця»

Рамуа́льд А́дам Райс (па-польску: Romuald Adam Rajs; 30 лістапада 1913, Яблонка — 30 сьнежня 1950, Беласток), псэўданім «Буры» — польскі жаўнер Зьвязу ўзброенай барацьбы/АК (даводца 1-й штурмавой роты 3-й Віленскай брыгады АК (1944), даводца 2-га швадрону 5-й Віленскай брыгады АК (1945) і Нацыянальнага вайсковага задзіночаньня (даводца 3-й Віленскай брыгады НВЗ). У студзені-лютым 1946 году банда Райса зьдзейсьніла масавае забойства 79 беларусаў ва ўсходняй Польшчы, прызнанае актам генацыду.[1].

Скончыў агульную школу і гімназію ў Саноку, у 1929 паступіў ва унтэр-афіцэрскую школы пяхоты для малалетніх. У 1934 року ў званьні капрала камандзіраваны ў 85-ы полк пяхоты 19-й дывізіі пяхоты ў Новай Вялейцы (цяпер раён Вільні), а ў 1936 пераведзены ў 13-ы пяхотны полк. У 1938 пераведзены ў конны ўзвод 85-га пяхотнага палку.

У часе верасьнеўскай кампаніі 1939 85-ы полк дзейнічаў у раёне Ловічу ў складзе Арміі «Прусы». 5-6 верасьня пад Тамашавам Мазавецкім полк быў разьбіты, а рэшткі коннага аддзелу Райса былі разьбітыя 15 верасьня пад Люблінам. Група Райса была затрыманая беларускімі жаўнерамі пад Ковелем і накіраваная ў Бярозу-Картускую дзеля раззбраеньня. Неўзабаве Рамуальд Райс быў вызвалены і выехаў у Вільню.

У 1940 затрыманы і правёў два месяцы ў працоўным лягеры. Па вызваленьні дзейнічаў у складзе Зьвязу ўзброенай барацьбы, а пасьля Арміі Краёвай на Віленшчыне. Ад 1943 быў даводцам 1-й штурмавой роты 3-й Віленскай брыгады АК. Ваяваў адначасна зь немцамі і летувіскімі калябарантамі.

У ліпені 1944 браў удзел у вызваленьні Вільні. Пасьля арышту свайго камандзіра Грацыяна Фруга НКВДыстамі пераняў даводзтва і вывеў аддзел з савецкае аблогі ў Рудніцкую пушчу, а пасьля распусьціў. У кастрычніку 1944 пераехаў у Беласток і далучыўся пад фальшывым імем Ежу Гураль да Народнага войска польскага. Са студзеня 1945 узначальваў узвод у батальёне Аховы дзяржаўных лясоў у Гайнаўцы. У траўні 1945 скантактаваўся з маёрам Зыгмунтам Шэндзеляжам (псэўданім «Лупашка»), які ў той час ствараў на Беласточчыне V Віленскую брыгаду АК. Райс з 29 жаўнерамі дэзэртаваў з НВП і 9 траўня 1945 далучыўся да аддзелу Лупашкі.

7 верасьня 1945 року маёр Шэндзеляж выдаў загад пра самароспуск V Віленскай брыгады, аднак Райс адмовіўся выканаць загад і разам са сваім аддзелам перайшоў да Нацыянальнага вайсковага задзіночаньня і быў павышаны да званьня капітана. Ягоны аддзел, цяпер называны 3-й Віленскай брыгадай НВЗ, налічваў 228 жаўнераў і быў найвялікшым на Беласточчыне, правёўшы шмат пасьпяховых баёў з опэргрупамі польскай Управы бясьпекі, Корпусу ўнутранай бясьпекі і міліцыянтамі.

Масакра беларусаў у 1946 годзе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 студзеня 1946 року жаўнеры капітана Райса апынуліся ля вёскі Лазіцы, дзе цягам наступных дзён займаліся затрыманьнем сялянаў праваслаўнага вызнаньня і тых, што мелі добрага каня з возам. Пасьля затрыманыя атрымалі загад пад аховай вырушыць у кірунку Гайнаўкі. Па дарозе «Буры» вызваліў фурманаў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку[2] і згаварыць пацер па-польску.

29 студзеня жаўнеры «Бурага» зьдзейсьнілі напад на Гайнаўку, дзе забілі двух савецкіх жаўнераў і яшчэ двух паранілі, раззброілі міліцыянта і трынаццаць афіцэраў Чырвонай арміі. Пасьля гэтага аддзел скіраваўся ў ваколіцы Бельску.

30 студзеня ў лесе ля вёскі Старыя Пухалы 31 фурман быў забіты, прычым забойствы адбываліся абухамі сякераў, а стралялі толькі ў тых, хто спрабаваў уцячы. Наступнага дня жаўнеры зьдзейсьнілі напад на вёскі Заляшаны і Волька Выганоўская, дзе расстралялі 16 асобаў, у тым ліку жанчын і дзяцей.

2 лютага былі спаленыя вёскі Зані (24 жыхары забітыя) і Шпакі (9 забітыя)[3].

30 красавіка 1946 3-я Віленская брыгада НВЗ была разьбітая войскамі Корпусу ўнутранай бясьпекі. У лістападзе капітан Райс атрымаў адпачынак і выехаў сьпярша ў Эльблёнг, а ў сакавіку 1947 — у Карпач, дзе ўладкаваўся на працу ва ўправе гміны. Празь некалькі месяцаў набыў пральню, якой кіраваў разам з жонкаю.

17 лістапада 1948 быў арыштаваны. Падчас сьледзтва выдаў месцазнаходжаньне свайго намесьніка, падпаручніка К. Хмялёўскага, ілжыва абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў пацыфікацыі беларускіх вёсак і расстрэле дзеячоў КУП і міліцыянтаў пад Бжозавам. На паказальным працэсе ў Беластоку 1 кастрычніка 1949 быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Падчас працэсу віну не прызнаў, ва ўсім вінаваціўшы свайго намесьніка. Прысуд выкананы 30 сьнежня 1950 у Беластоку. Месца пахаваньня невядомае.

У 1995 року суд Варшаўскай вайсковай акругі скасаваў сьмяротны вырак Рамуальду Райсу на той падставе, што ён «змагаўся за незалежнасьць польскай дзяржавы», а загады, датычныя ў тым ліку пацыфікацыі беларускіх вёсак, выдаваў у сытуацыі «стану найвышэйшай неабходнасьці, які змушаў яго да прыняцьця дзеяньняў, не заўсёды этычна адназначных».

Нязгодныя з рэабілітацыяй «Бурага» заснавалі Камітэт сем’яў замардаваных фурманаў, які між іншага дабіўся ўсталяваньня помніку на месцы перапахаваньня ахвяраў гвалту.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]