Перайсьці да зьместу

Мао Дзэ-дун

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мао Цзэдун»)
Мао Дзэ-дун
па-кітайску: 毛澤東
па-кітайску: 毛泽东
Партрэт
Партрэт
1-ы Старшыня Камуністычнай партыі Кітаю
20 сакавіка 1943 — 9 верасьня 1976
Папярэднік: няма
Наступнік: Хуа Гафэн
1-ы Старшыня КНР
27 верасьня 1954 — 27 красавіка 1959
Папярэднік: няма
Наступнік: Лю Шаоцы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 26 сьнежня 1893(1893-12-26)[1][2][3][…]
Памёр: 9 верасьня 1976(1976-09-09)[4][5][6][…] (82 гады)
Партыя: Камуністычная партыя Кітаю
Сужэнец: Люо Ісю[d][7], Ян Кайхуэй[d][7], Хэ Цзычжэнь[d][7] і Цзян Цын[d][8]
Дзеці: Мао Аньін[d][9][10][11], Мао Аньцын[d][9][10][11], Мао Аньлун[d][10], Ян Юэхуа[d], Лі Мінь[d][7] і Лі На[d][7]
Бацька: Мао Жэньшэн
Маці: Вэнь Цымэй
Адукацыя:
Узнагароды:

Мао Дзэ-дун (па-кітайску: 毛澤東; 26 сьнежня 1893 — 9 верасьня 1976) — кітайскі дзяржаўны дзяяч, старшыня Камуністычнай партыі Кітаю (1943—1976) і КНР (1954—1959). Адзін з найбольш вядомых дыктатараў XX стагодзьдзя.

Падчас грамадзянскай вайны й барацьбы зь Японіяй у 1930-я апынуўся на чале падпарадкаваных камуністам раёнаў Кітаю. Быў ідэолягам партызанскай барацьбы. Падчас замірэньня КПК і Гаміньдану для барацьбы супраць Японіі рыхтаваўся да вайны з Гаміньданам. Пасьля перамогі ў грамадзянскай вайне, 1 кастрычніка 1949 году была абвешчана Кітайская Народная Рэспубліка. Доўгі час супрацоўнічаў з СССР, аднак хутка пасьля асуджэньня культа асобы Сталіна адыйшоў ад супрацоўніцтва зь ім і абвінавачваў СССР у здрадзе марксіцкім прынцыпам. Ва ўнутранай палітыцы Мао Дзэ-дун быў ініцыятарам «вялікага скоку наперад» і «культурнай рэвалюцыі», якія не дасягнулі сваіх мэтаў і значна пагоршылі становішча кітайцаў.

Мао зьяўляецца даволі супярэчлівай постацьцю, але й адной з самых выбітных у сучаснай сусьветнай гісторыі[12]. Ён таксама вядомы як палітычны тэарэтык, ваенны стратэг і паэт. Прыхільнікі адзначаюць, што Мао спрыяў выгнаньню імпэрыялізму з Кітаю, мадэрнізацыі нацыі ій перабудовы яе ў сусьветную дзяржаву, павышэньню статусу жанчынаў у грамадзтве, паляпшэньню адукацыі й аховы здароўя, а таксама павелічэньню працягласьці жыцьця[13]. Зь іншага боку, ён стаяў на чале таталітарнага рэжыму, які практыкаваў масавыя рэпрэсіі й зьнішчэньне рэлігійных і культурных каштоўнасьцяў і аб’ектаў. Паводле ацэнак, за гады панаваньня Мао было катавана ад 30 да 70 мільёнаў чалавек[14].

Імя Мао Дзэ-дуна складаецца з двух частак — Дзэ й Дун. Слова Дзэ мае падвойнае значэньне: першае — «вільгаць і ўвільгатненьне», другое — «ласка, дабро, дабрадзейства». Другі герогліф — «Дун» азначае «ўсход». Імя цалкам можна пераклаьсьці «дабрадзейнасьць Усходу». Адначасова дзіцяці па традыцыі далі й неафіцыйнае імя. Яно павінна было выкарыстоўвацца ў асаблівых выпадках як паважлівае «Юнчжы». «Юн» азначае «ўхваляць», а «Чжы» — ці, дакладней, «чжылянь» — «архідэя». Такім чынам другое імя азначала «ўхвалёная архідэя».

Дом Мао Дзэ-дуна. Цяпер музэй.

Мао Дзэ-дун нарадзіўся 26 сьнежня 1893 году ў пасёлку Шаошань правінцыі Хунань, непадалёк ад сталіцы правінцыі, гораду Чанша. Бацька Дзэ-дуна, Мао Ічан, належыў да дробных землеўладальнікаў, і сям’я ягоная была досыць забясьпечанай. Строгі нораў бацькі-канфуцыянца абумовіў канфлікты з сынам і адначасова прыхільнасьць хлопчыка да мяккай па характары маці-будыстке, Вэнь Цымэй. Прытрымліваючыся прыкладу маці, маленькі Мао стаў будыстам.

У юнацтве Мао атрымаў клясычную пачатковую кітайскую адукацыю ў мясцовай школе, якая ўключала ў сябе знаёмства з вучэньнем Канфуцыя й вывучэньне старажытнакітайскай літаратуры. «Я ведаў клясыку, але не любіў яе», — прызнаваўся пазьней Мао Дзэ-дун у інтэрвію Эдгару Сноў. Страсьць да чытаньня й нелюбоў да клясычных філязофскіх трактатаў у юнака захавалася й пасьля таго, як у 13 гадоў ён кінуў школу й вярнуўся ў бацькоўскі дом. Прычынай таму быў строгі нораў настаўніка, які ўжываў суровыя мэтады выхаваньня й часьцяком біў вучняў. Мао Ічан натхнёна сустрэў вяртаньне сына, спадзяючыся што той стане яму апорай у хатніх справах і вядзеньні гаспадаркі. Аднак ягоныя чаканьні не спраўдзіліся: Мао супрацівіўся любой фізычнай працы й увесь вольны час праводзіў за чытаньнем кнігаў.

У канцы 1907 — пачатку 1908 году ў сям’і Мао адбыўся чарговы канфлікт паміж бацькам і сынам. На гэты раз ягонай прычынай быў шлюб, які Мао Ічан зладзіў для свайго сына. У нявесты Дзэ-дуну была абраная траюрадная сястра Мао — Ло Ігу. Па словах Мао Дзэ-дуна, жонку ён ня прыняў і жыць зь ёй адмовіўся. Неўзабаве пасьля вясельля Мао зьбег з дому й каля паўгода пражыў у гасьцёх у аднаго знаёмага беспрацоўнага студэнта, там жа ў Шаошані. Ён працягваў захоплена чытаць: на гэты час прыходзіцца ягонае знаёмства з клясычнай кітайскай гістарыяграфіяй — «Гістарычнымі цыдулкамі» Сыма Цяні й «Гісторыяй дынастыі Хань» Бань Гу.

Пры ўсёй напружанасьці адносінаў з бацькам, калі восеньню 1910 году Дзэ-дун запатрабаваў ад бацькі грошай на працяг адукацыі, Мао Ічан ня змог адмовіць і забясьпечыў сыну навучаньне ў Дуншанскай пачатковай школе вышэйшай прыступкі. У школе Мао быў сустрэты варожа: астатніх вучняў раздражняла ягоная зьнешнасьць (ён меў нетыповы для паўднёўца рост 177 см), паходжаньне (большасьць вучняў былі сынамі буйных землеўладальнікаў) і мова (Мао да канца жыцьця казаў на мясцовым сянтанскім дыялекце). Урэшце, гэта не адмяняла ўпартасьці й стараннасьці, зь якімі новы вучань падышоў да заняткаў. Мао мог пісаць добрыя сачыненьні ў клясычнай манеры, быў руплівым і, як звычайна, шмат чытаў. Тут ён упершыню пазнаёміўся з геаграфіяй і стаў чытаць працы па замежнай гісторыі. Ён упершыню даведаўся аб такіх вядомых гістарычных дзеячаў як Напалеон, Кацярына II, Пётар I, Вэлінгтан, Гладстан, Русо, Мантэск’ё й Лінкальн. Галоўнымі жа кнігамі для яго ў той час сталі выданьні, якія распавядаюць аб кітайскіх рэфарматарах Лян Цычао й Кан Ювэі. Іхныя ідэі канстытуцыйнага манархізму зрабілі велізарны ўплыў на школьніка Мао, які цалкам прыняў погляды лідэраў рэфарматарскага руху.

Мао Дзэ-дун у 1913 годзе.

Сінхайская рэвалюцыя застала маладога Мао ў Чанша, куды той ува ўзросьце васемнаццаці гадоў перабраўся з Дуншаню. Юнак стаў сьведкам кровапралітнай барацьбы розных груповак, а таксама жаўнерскіх паўстаньняў, і на кароткі час сам прымыкае да войска губэрнатара правінцыі. Праз паўгода ён пакінуў войска, каб працягнуць навучаньне, на гэты раз у Першай правінцыйнай сярэдняй школе ў Чанша. Але й тут ён не затрымаўся надоўга. Мао прысьвяціў сябе самаадукацыі й паўгода займаўся ў Хунанскай правінцыйнай бібліятэцы, асноўную ўвагу надаючы геаграфіі, гісторыі й філязофіі Захаду. Аднак незадаволены бесклапотным жыцьцём свайго сына Мао Ічан спыніў высылаць грошы, пакуль Мао не здабудзе годны занятак. Сам жа юнак зарабляць на жыцьцё адмаўляўся й у выніку вясной 1913 году быў вымушаны запісацца ў студэнты толькі што адчыненага Чацьвёртага правінцыйнага пэдагагічнага вучылішча гораду Чанша, пазьней аб’яднанае зь Першым правінцыйным пэдагагічным вучылішчам.

У 1917 годзе зьяўляецца ягоны першы артыкул у часопісе «Новая Моладзь», у вучылішчы Мао сфармаваў гурток рэвалюцыйна настроенай моладзі. Годам пазьней ён, прытрымліваючыся свайго настаўніка Яну Чанцзі, перабіраецца ў Пэкін, дзе ў бібліятэцы Пэкінскага ўнівэрсытэту працуе асыстэнтам Лі Дачжао, які стаў пазьней адным з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітаю. У Пэкіне Мао ў ліку іншых кітайскіх студэнтаў прадставілася магчымасьць адправіцца на навучаньне ў Францыю, але гэтым шанцам юнак так і не скарыстаўся: чыньнікам таму сталі нелюбоў да фізычнай працы й няздольнасьць да вывучэньня замежных моваў.

У Пэкіне на фармаваньне палітычных поглядаў маладога Мао вялікі ўплыў зрабіла знаёмства зь Лі Дачжао й Чэнь Дусю, а таксама знаёмства з ідэямі анархізму, у прыватнасьці творы Пётра Крапоткіна. Пасьля завяршэньня курсаў падрыхтоўкі да навучаньня ў Францыі Мао канчаткова прыйшоў да высновы, што застанецца ў Кітаі й будзе ўладкоўваць сваю кар’еру тут.

Пачатак палітычнай дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пакінуўшы Пэкін у сакавіку 1919 году, юнак Мао падарожнічаў па краіне, займаўся паглыбленым вывучэньнем працаў заходніх філёзафаў і рэвалюцыянэраў, жыва цікавіўся падзеямі ў Расеі й прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі рэвалюцыйнай моладзі Хунані. Узімку 1920 году ён наведаў Пэкін у складзе дэлегацыі ад Нацыянальнага Сходу правінцыі Хунань, якая патрабавала зьняцьця карумпаванага й жорсткага губэрнатара Чжан Цзіньяо[15]. Дэлегацыя не дамаглася калі-небудзь значных посьпехаў, аднак у хуткім часе Чжан пацярпеў паразу ад прадстаўніка іншай мілітарыскай клікі, У Пэйфу, і быў вымушаны пакінуць Хунань.

Дзэ-дун у 1924 годзе.

Што тычыцца Мао, то ён пакінуў Пэкін 11 красавіка 1920 году, а 5 траўня таго ж году прыбыў у Шанхай, маючы намер працягнуць барацьбу за вызваленьне Хунань з-пад улады тырана, а таксама за скасаваньне ваеннага губэрнатарства. Насуперак ягоным уласным, больш позьнім заявам, паводле якіх да лета 1920 гаду ён перайшоў на камуністычныя пазыцыі, гістарычныя матэрыялы сьведчаць аб іншым: падзеі ў Расеі, зносіны з прыхільнікамі камунізму, Лі Дачжао й Чэнь Дусю, мелі на Мао вялікі ўплыў, аднак у той час ён усё яшчэ ня мог да канца разабрацца ў ідэалягічных плынях і канчаткова выбраць для сябе адзіны напрамак[16]. Канчатковае станаўленьне Мао як камуніста адбылася восеньню 1920 году. Да таго часу ён цалкам пераканаўся ў палітычнай інэртнасьці сваіх суайчыньнікаў і прыйшоў да высновы, што толькі рэвалюцыя расейскага ўзору здольная карэнным чынам зьмяніць сытуацыю ў краіне. Устаўшы на бок бальшавікоў, Мао працягнуў падпольную дзейнасьць, зараз накіраваную на распаўсюджаньне марксізму ленінскага толку. У сярэдзіне лістапада 1920 году ён прыступіў да стварэньня падпольных аддзелаў у Чанша: спачатку ім быў створаны аддзел Сацыялістычнага зьвяза моладзі, а крыху пазьней, па радзе Чэнь Дусю, і камуністычны гурток па тыпу ўжо існаваўшага ў Шанхаі[17].

У ліпені 1921 году Мао прыняў удзел ува ўстаноўчы зьездзе, на якім была заснавана Камуністычная партыя Кітаю. Праз два месяцы, па вяртаньні ў Чанша, ён стаў сакратаром хунанскага аддзяленьня КПК. У той жа час Мао пашлюбаваўся зь Ян Кайхуэй, дачкой Яна Чанцзі. На працягу наступных пяці гадоў у іх нарадзіліся тры сыны — Аньін, Аньцын і Аньлун.

З прычыны крайняй неэфэктыўнасьці арганізацыі працоўных і залучэньня новых сябраў партыі ў ліпені 1922 году Мао адхілілі ад удзелу ў II зьздзе КПК[18]. На патрабаваньні Камінтэрну КПК была вымушана ўступіць у зьвяз з Гаміньданам. Мао Дзэ-дун да таго часу цалкам пераканаўся ў нястаннасьці рэвалюцыйнага руху Кітая й на III зьезьдзе КПК падтрымаў гэтую ідэю. Падтрымаўшы лінію Камінтэрну, Мао высунуўся ў першыя шэрагі кіраўнікоў КПК: на тым жа зьезьдзе ён быў уведзены ў склад Цэнтральнага выканаўчага камітэта партыі зь дзевяці чальцоў і пяці кандыдатаў. Акрамя таго, ён увайшоў у вузкае Цэнтральнае бюро зь пяці чалавек. І самае важнае — быў абраны сакратаром і загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦВК.

Вярнуўшыся ў Хунань, Мао актыўна ўзяўся за стварэньне мясцовага аддзела Гаміньдана. Як дэлегат ад хунанской арганізацыі Гаміньдана ён прымаў удзел у I зьезьдзе Гаміньдана, які прайшоў у студзені 1924 году ў Кантоне. У канцы 1924 году Мао пакінуў бурлівы палітычнай жыцьцём Шанхай і вярнуўся ў родную вёску. Да таго часу ён быў моцна зьнясілены фізычна й маральна. На думку гісторыка Панцова, яго стомленасьць была выкліканая паралізаванай працай шанхайскага аддзяленьня Гаміньдана, якое практычна спыніла працу з-за рознагалосьсяў паміж камуністамі й гаміньданаўцамі, а таксама з-за спыненьня фінансаваньня, якое паступала з Кантону. Мао падаў у адстаўку з пасады сакратара аргсэкцыі й папрасіў водпуск у сувязі з хваробай[19]. Па вэрсіі гісторыкаў Юн Чжан і Галідэя, Мао зрушылі з пасады, вывелі з Цэнтральнага камітэта й не запрасілі на наступны зьезд КПК, які быў заплянаваны на студзень 1925 году[20]. Як бы там ні было, Мао сапраўды пакінуў свой пост за некалькі тыдняў да правядзеньня IV зьезду КПК і 6 лютага 1925 году прыбыў у Шаошань.

Грамадзянская вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савецкая Рэспубліка ў Цзянсі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мао ў 1927 годзе.

У красавіку 1927 году Чан Кайшы, заняўшы з дапамогай камуністаў Шанхай, пачаў праводзіць у горадзе палітыку бязьлітаснага тэрору супраць учорашніх хаўрусьнікаў. Тысячы чальцоў КПК былі арыштаваныя альбо забітыя. У гэты час Мао Дзэ-дун арганізаваў ў навакольлях Чанша сялянскае паўстаньне «Восеньскага ўраджаю». Паўстаньне было задушана лякальнымі ўладамі зь вялікай жорсткасьцю, Мао быў вымушаны зьбегчы з рэшткамі свайго войска ў горы Цзінганшань на мяжы Хунань і Цзянсі. Неўзабаве атакі Гаміньдану прымушаюць групы Мао, а таксама разьбітых падчас Нанчанскага паўстаньня Чжу Дэ, Чжоў Эньлая й іншых вайсковых лідэраў КПК, пакінуць гэтую тэрыторыю. У 1928 годзе, пасьля доўгіх перасяленьняў, камуністы трывала ўгрунтаваліся на захадзе правінцыі Цзянсі. Там Мао стварыў досыць моцную савецкую рэспубліку. Пасьля ён правёў шэраг аграрных і сацыяльных рэформаў — у прыватнасьці, канфіскацыю й пераразьмеркаваньне зямлі, лібэралізацыю правоў жанчын.

Між тым, Кампартыя Кітая перажывала цяжкую крызу. Колькасьць ейных чальцоў скарацілася да 10 тысячаў, зь іх толькі 3% ставіліся да працоўнай клясы. Новы лідэр партыі Лі Лісань, з прычыны некалькіх сур’ёзных паразаў на ваенным і ідэалягічным фронце, а таксама рознагалосьсяў са Сталіным, быў выключаны з ЦК. На гэтым фоне пазыцыя Мао, які рабіў упор на сялянства й дзейнічаў у гэтым кірунку адносна пасьпяхова, узмацнілася ў партыі, нягледзячы на ​​частыя канфлікты з партыйнай верхавінай. Са сваімі супернікамі на лякальным узроўні ў Цзянсі Мао расправіўся ў 1930—1931 гадох з дапамогай рэпрэсіяў, падчас якіх многія мясцовыя кіраўнікі былі забітыя альбо кінуты ў турмы як агенты выдуманага таварыства «АБ-Туан». Справа «АБ-Туан» стала, па сутнасьці, першай «чысткай» у гісторыі КПК[21].

У той жа час Мао перажываў асабістую страту: агентам Гаміньдана ўдалося схапіць ягоную жонку, Ян Кайхуэй. Яна была пакарана ў 1930 годзе, а некалькі пазьней малодшы сын Мао Аньлун памёр ад дызэнтэрыі. Другі ягоны сын ад Кайхуэй, Мао Аньін, загінуў у ходзе Карэйскай вайны.

Увосень 1931 году на тэрыторыі 10 савецкіх раёнаў Цэнтральнага Кітая, кантраляваных Кітайскай Чырвонай арміяй і блізкімі да яе партызанамі, была створана Кітайская Савецкая Рэспубліка. На чале Часовага цэнтральнага савецкага ўрада (Савета народных камісараў) ўстаў Мао Дзэ-дун.

Да 1934 году сілы Чан Кайшы атачалі камуністычныя раёны ў Цзянсі й пачалі рыхтавацца да масіраванага нападу. Кіраўніцтва КПК прыняло рашэньне аб сыходзе з дадзенага раёну. Апэрацыя па прарыву чатырох шэрагаў гамінданаўскіх умацаваньняў рыхтавалася й праводзілася Чжоў Энлаем — Мао ў дадзены момант зноўку быў у няміласьці. Галоўныя пазыцыі пасьля адхіленьня Лі Лісаня займалі «28 бальшавікоў» — групоўка блізкія да Камінтэрна й Сталіна маладых функцыянэраў на чале з Ван Мінам, якія праходзілі навучаньне ў Маскве. Зь вялікімі стратамі камуністам атрымалася прарвацца праз заслоны нацыяналістаў і сысьці ў горныя раёны Гуйчжоў. Падчас кароткага перапынку ў мястэчку Цзуньі прайшла легендарная партыйная канфэрэнцыя, на якой партыяй былі афіцыйна прынятыя некаторыя тэзісы, якія былі прадстаўлены Мао; сам ён стаў сталым чальцом палітбюро, а групоўка «28-мі бальшавікоў» падвергнулася адчувальнай крытыцы[22]. Партыя прыняла рашэньне ўхіліцца ад адкрытага сутыкненьня з Чан Кайшы шляхам кідка на поўнач, празь цяжкапраходныя горныя раёны.

Росьпіска Мао ў атрыманьні 300 тыс. амэрыканскіх даляраў.

Праз год пасьля пачатку Доўгага маршу, у кастрычніку 1935 году Кітайская Чырвоная армія дасягнула камуністычнага раёну ШэньсіГаньсуНінся у тым ліку буйнога гораду Яньань, які было вырашана зрабіць новым фарпостам Камуністычнай партыі. У ходзе Доўгага маршу падчас ваенных дзеяньняў, з-за эпідэміі, няшчасных выпадкаў у горах і балотах, а таксама з-за дэзэртэрства камуністы страцілі больш за 90% з таго складу, які пакінуў Цзянсі. Тым ня менш, ім атрымалася хутка аднавіць свае сілы. Да таго часу галоўнай мэтай партыі пачала лічыцца барацьба супраць ўзмацьнёнай Японіяй, якая замацавалася ў Манчжурыі й правінцыі Шаньдун. Пасьля таго, як у ліпені 1937 году ўспыхнулі адкрытыя ваенныя дзеяньні, камуністы, па загаду Масквы, пайшлі на стварэньне адзінага патрыятычнага фронту з Гаміньданам.

У самым разгары антыяпонскай барацьбы Мао Дзэ-дун ініцыяваў рух пад назвай «выпраўленьне нораваў» («чжэнфэн») у 1942—1943 гадоў. Чыньнікам таму стаў рэзкі рост партыі, які папаўняўся перабежчыкамі з войска Чан-Кайшы й сялянамі, не знаёмымі з партыйнай ідэалёгіяй. Рух уключаў у сябе камуністычную індактрынацыю новых сябраў партыі, актыўнае вывучэньне працаў Мао, а таксама кампаніі па «самакрытыкі», якія асабліва закранулі галоўнага суперніка Мао — Ван Міна, у выніку чаго сярод камуністычнай інтэлігенцыі фактычна здушылася вальнадумства. Вынікам руху чжэнфэн сталася поўная канцэнтрацыя ўнутрыпартыйнай улады ў руках Мао Дзэ-дуна[23]. У 1943 годзе ён быў абраны старшынёй Палітбюро й Сакратарыята ЦК КПК, а ў 1945 годзе — старшынёй ЦК КПК. Гэты пэрыяд стаўся першым этапам фармаваньня культу асобы Мао.

Мао вывучаў клясыку заходняй філязофіі, у асаблівасьці, марксізм. На аснове марксізму-ленінізму, а таксама некаторых аспэктаў традыцыйнай кітайскай філязофіі й, не ў апошнюю чаргу, уласнага вопыту й ідэяў, Мао атрымалася з дапамогай асабістага сакратара Чэнь Бода стварыць і «тэарэтычна абгрунтаваць» новы кірунак марксізму — маоізм. Маоізм задумваўся як больш прагматычная форма марксізму, якая была бы больш прыстасаваная да кітайскіх рэаляў таго часу. Галоўнымі ягонымі асаблівасьцямі могуць быць пазначаны адназначная арыентыроўка на сялянства, а не пралетарыят, а таксама вялікаханскі нацыяналізм[24]. Уплыў традыцыйнай кітайскай філязофіі на марксізм у маоісцкім варыянце выявілася ў вульгарызацыі дыялектыкі.

Перамога камуністаў у грамадзянскай вайне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мао Дзэ-дун з прадстаўнікамі хуацяо ў 1949 годзе.

У вайне зь Японіяй камуністы дзеялі больш пасьпяхова чым Гаміньдан. З аднаго боку, гэта тлумачылася распрацаванай Мао партызанскай вайной, якая дазваляла ладзіць апэрацыі ў тыле праціўніка, а зь іншага боку, асноўныя ўдары японскага вайскага рабіліся на армію Чан Кайшы, якая была лепей узброенай і ўспрымалася японцамі як галоўны апанэнт. У канцы вайны ўрад ЗША спрабаваў устялваць дачыненьні з кітайскімі камуністамі, бо амэрыканцы расчараваліся ў Чан Кайшы, які цярпеў адну паразу за іншай.

Да сярэдзіны 1940-х гадоў усе дзяржаўныя інстытуты Гаміньдану, уключна з арміяй, знаходзіліся на скрайняй стадыі раскладаньня. Паўсюль квітнелі карупцыя, самавольства й гвалт, а эканоміка й фінансавая сыстэма краіны фактычна больш не давала рады. Катэгарычная адмова Чан Кайшы наладзіць жыцьцё ў краіне па заканчэньні вайны ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі нормамі й хваля рэпрэсіяў у дачыненьні да іншадумцаў вызначылі поўную страту падтрымкі Гаміньдану сярод насельніцтва й нават уласнага войска[25][26]. Аднак, 19 сакавіка 1947 году гаміньданскія войскі захапілі горад Яньань, які лічыўся камуністычным апірышчам краіны. Дзэ-дун з сваім вайсковым камандаваньнем мусіў зьбегчы. Тым ня менш, Гаміньдан ня здолеў дасягнуць асноўнай стратэгічнай мэты — зьнішчыць асноўныя сілы камуністаў і захапіць іхныя базы. Пасьля гэтага пачалася актыўная фаза грамадзянскай вайны, у якой камуністы здолелі завалодаць усёй тэрыторыяй кантынэнтальнага Кітаю за 2,5 гады, не зважаючы на тое, што Чан Кайшы меў падтрымку ЗША. 1 кастрычніка 1949 году яшчэ да заканчэньня ваенных дзеяньняў у паўднёвых правінцыях Мао Дзэ-дун абвесьціў аб стварэньні Кітайскай Народнай Рэспублікі з сталіцай у Пэкіне. Сам Мао стаўся старшынём урада навастворанай краіны.

Мао агалошвае пра стварэньне Кітайскай Народнай Рэспублікі.

На погляды Мао як марксіста моцна паўплываў Уладзімер Ленін, асабліва ў дачыненьні да авангардызму[27]. Мао лічыў, што толькі слушнае кіраваньне Камуністычнай партыі можа перасунуць Кітай у сацыялізм[27]. І наадварот, Мао таксама лічыў, што дзеля праверкі працы бюракратыі неабходныя масавыя рухі й масавая крытыка[27].

Дзэ-дун поруч з сваёй чацьвертай жонкай у 1946 годзе.

Дзэ-дун падштурхнуў партыю зладзіць кампанію рэфармаваньня грамадзтва й узмацненьня кантролю. Адпаведныя захады былі зробленыя ў кастрычніку 1950 году, калі Мао пастанавіў накіраваць Кітайскую добраахвотніцкую армію, якая была адмысловым падраздзяленьнем Народна-вызвольнай арміі Кітаю, каб дапамагчы Карэйскай народнай арміі ў Карэйскай вайне. ЗША ў адказ наклалі гандлёвае эмбарга ў Кітай за ўдзел у вайне. Гэтыя абмежаваньні меліся ажно да паляпшэньня стасункаў пры Рычарду Ніксану. У выніку як меней 180 тысяч кітайскіх войскаўцаў загінулі на вайне[28].

Мао кіраваў апэрацыямі, распрацоўваючы нават самыя дробныя дэталі. Кітайскі кіраўнік на той час быў ня толькі старшынём партыі й КНР, але яшчэ быў старшынём Цэнтральнай вайсковай камісіі й вярхоўным камандзірам войска. Кітайскія войскі ў Карэі знаходзіліся пад агульным камандаваньнем тагачаснага прэм’ера Чжоў Эньлая, а непасрэдна палявое камандваньне й абавязкі палітычнага камісара выконваў генэрал Пэн Дэхуай[29].

Сацыяльныя рэформы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мао прысутнічаў на ўрачыстасьцях у Маскве з нагоды 70-годзьдзя Ёсіфа Сталіна.

У першыя гады па перамозе над Гаміньданам былі зробленыя эканамічныя й сацыяльныя рэформы. Мао надаў асаблівую ўвагу аграрнай рэформе й разьвіцьцю цяжкой прамысловасьці. Практычна ўсе рэформы кітайскіх камуністаў былі чыніліся на ўзор мадэлі Савецкага Саюза, які ў пачатку 1950-х меў вялікі ўплыў на КНР. СССР судзейнічаў рэформам праз маштабную эканамічную й вайсковую дапамогу. Паводле пляну першай пяцігодкі, выкарыстоўваючы спэцыялістаў з СССР, рэалізаваўся шэраг буйных прамысловых праектаў. Мааісты канфіскавалі зямлю ў буйных землеўладальнікаў. Таксама за час зямельнай рэформы вялікая колькасьць арэндадаўцаў і заможных сялянаў былі забітыя на масавых сходах, арганізаваных Камуністычнай партыяй, а іхняя зямля была была перададзеная бедным сялянам, што значна зьнізіла эканамічную няроўнасьць[30]. Мао згуляў асабістую ролю ў арганізацыі масавых рэпрэсіяў і стварыў сыстэму квотаў на рэпрэсіі[31], якія часта перавышаліся. Ён ухваляў гэтыя забойствы празь неабходнасьць забесьпячэньня ўлады[32]. Кітайскі ўрад аб’явіў барацьбу з опіюмам у 1950-х гадах таксама з выкарыстаньнем нястрымных рэпрэсіяў і сацыяльнай рэформы[33][34]. Дзесяць мільёнаў наркаманаў былі прыцягнутыя да прымусовага лячэньня, а дылеры былі забітыя. Рэгіёны, дзе за звычай выраблялі опіюм, былі засаджаныя новымі культурамі.

Па сьмерці Ёсіфа Сталіна й XX зьезда КПСС, у самых высокіх эшалёнах кітайскай улады, таксама ўзьніклі рознагалосьсі адносна лібэралізацыі краіны й дапушчальнасьці крытыкі ў адносінах да партыі. Спачатку Мао вырашыў падтрымаць лібэральнае крыло, на якое Чжоў Эньлай (прэм’ер дзяржаўнай рады КНР), Чэнь Юнь (намесьнік старшыні КПК) і Дэн Сяопін (генэральны сакратар КПК). У 1956 годзе, у сваёй прамове Мао заклікаў адкрыта выказваць сваё меркаваньне й ўдзельнічаць у дыскусіях, кінуўшы лёзунг: «Няхай сто кветак квітнеюць, няхай спаборнічаюць сто школаў». Аднак, у хуткім часе на партыю й Дзэ-дуна асабіста абрынуўся шквал крытыкі. Інтэлігенты й звычайныя людзі рэзка асуджалі дыктатарскі стыль рады КПК, парушэньне правоў чалавека й свабодаў, карупцыю, некампетэнтнасьць і гвалт. Такім чынам, ужо ў ліпені 1957 году кампанія «Ста кветак» была згорнутая, і замест гэтага была зладжаная кампанія супраць правага ўхілу. Каля 520 тысяч чалавек былі арыштаваныя й рэпрэсаваныя, а па ўсёй краіне адбылася хваля самагубстваў[26].

«Вялікі скок наперад»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мао на абедзе ў Пэкіне поруч зь Мікітам Хрушчовым, Ха Шы Мінам і Сун Цынлінь у 1959 годзе.

У студзені 1958 году Мао распачаў рэалізацыю другога пяцігадовага пляну, вядомага як «Вялікі скок наперад». Згодна з спадзевамі кітайскага кіраўніцтва краіна мусіла за пяць гадоў ператварыцца з аграрнай краіны ў прамысловую. Пры гэтым, у адрозьненьні ад СССР, партыя выступала за наданьне асаблівай увагі разьвіцьцю цяжкай прамысловасьці. Паводле прапановаў эканамічнае праграмы, адносна невялікія сельскагаспадарчыя калектывы былі хутка аб’яднаныя ў значна большыя грамады, якія акрамя працы на зямлі павінны былі працаваць над масіўнымі інфраструктурнымі праектамі й на вытворчасьці жалеза й сталі. Абмяжоўвалася вырошчваньне прадуктаў харчаваньня на ўласных падворках, а быдла й сельскагаспадарчыя прылады перайшлі ў калектыўную ўласнасьць[35].

Зь «Вялікім скокам наперад» Мао ды іншыя партыйныя лідэры загадалі укараніць новыя недаказаныя й ненавуковыя сельскагаспадарчыя тэхнікі. Камбінаваны эфэкт адцягненьня сялянаў да вытворчых і інфраструктурных праектаў, а таксама цыклічныя прыродныя катастрофы прывялі да паніжэньня прыблізна на 15% вытворчасьці збожжа ў 1959 годзе з наступным зьніжэньнем на 10% налета. У 1961 годзе аднаўленьня ў вытворчасьці збожжа бракавала.

Кіраўнік дзяржавы сустракаецца зь сялянамі ў полі ў 1959 годзе.

Імкнучыся здабыць прыхільнасьць начальства й пазьбегнуць чыстак, кожны партыйны дзяяч на кожным узроўні перабольшваў колькасьць вырабленага збожжа. Зыходзячы з ілжывай статыстыкі, якая сьведчыла аб посьпеху, партыйным кадрам было загадана забраць лішкі ўраджаю, якіх насамрэч не было, у камунаў дзеля дзяржаўнага выкарыстаньня, у першую чаргу дзеля накіраваньня іх у гарады, а таксама на экспарт. У дадатак да таго ў некаторых раёнах была сухмень, а іншыя пакутавалі на паводкі, у выніку чаго сяляне сутыкнуліся зь недахопам ежы. Гэтак пачаўся Вялікі кітайскі голад, калі мільёны людзей па ўсёй краіны галадалі ажно да сьмерці. Людзі ў гарадах атрымлівалі карткі на ежу штомесяц, а, як чакалася, сяляне мусілі здабыць уласныя харчы на сваіх падворках. У выніку колькасьць сьмерцяў у сельскіх раёнах Кітаю перасягнула колькасьць загінулых у гарадах. Акрамя таго, кітайскі ўрад працягваў экспартаваць ежу, не зважаючы на гаротны стан уласнага насельніцтва[36]. Голад стаў беспасярэдняй прычынай сьмерці каля 30 мільёнаў кітайскіх сялянаў паміж 1959 і 1962 гадамі[37]. Акрамя таго, многія дзеці, якія пакутвалі на недаяданьне ў гады цяжкасьцяў, памерлі ўжо пасьля таго як скончыўся «Вялікі скок наперад».

У канцы восені 1958 году Мао асудзіў практыку, якія выкарыстоўваліся падчас другой пяцігодкі, як то прымус сялян рабіць зьнясільную працу без дастатковай колькасьці ежы й адпачынку, што прывяло да эпідэміяў і голаду. Ён таксама прызнаў, што барацьба з правым ухілам быў асноўнай прычынай прагі вытворчасьці за кошт сродкаў да існаваньня. Аднак, Дзэ-дун адмовіўся згарнуць праграму «Вялікага скоку наперад». Унутраная палітычная сытуацыя ў Кітаі пачала значна зьмяняцца. Пасьля катастрофы праграмы многія лідэры як найвышэйшага, гэтак і мясцовага ўзроўню пачалі адмаўляць Мао ў падтрымцы. 27 красавіка 1959 году Дзэ-дун саступіў пасаду кіраўніка краіны Лю Шао-цы, але пакінуў за сабой пасаду камуністычнай партыі. Пасьля Лушанскага пленуму партыі ў ліпені 1959 году, дзе частка партыйнага кіраўніцтва на чале з Пэнам Дэхуаем, Мао распачаў новую кампанію супраць сваіх супернікаў. У вынікі Дэхуай і шэраг іншых дзеячаў страцілі свае пасады. У тым жа 1959 годзе леварадыкальныя погляды Мао прыводзяць да разрыву стасункаў Кітаю з Савецкім Саюзам. Ён з самага пачатку вельмі адмоўна ставіўся да лібэральнай палітыкі Мікіты Хрушчова і, асабліва, да ягоных тэзаў аб мірным суіснаваньні дзьвюх сыстэмаў. Падчас «Вялікага скоку наперад» гэтая варожасьць запачаткавала адкрытае супрацьстаяньне. СССР вярнуў усіх сваіх адмыслоўцаў з Кітаю, якія дапамагалі ў разьвіцьці эканомікі краіны, і спыніў фінансавую дапамогу.

Толькі ўвесну 1960 году Мао зноў выказаў занепакоенасьць з нагоды колькасьці анамальных сьмерцяў і іншых злоўжываньняў, але зноў не рабіць анічога, каб спыніць гэта. На думку некаторых гістрыкаў, старшыня рабіў гэта наўмысна дзеля дасягненьня ідэалягічных мэтаў[38]. «Вялікі скок наперад» стаў трагедыяй для пераважнай большасьці кітайцаў. Зважаючы на тое, што пляны на вырабніцтва сталі былі афіцыйна дасягнутыя, але амаль уся меркаваная сталь, вырабленая ў сельскай мясцовасьці, была дрэннай якасьці.

Культурная рэвалюцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мао ў 1969 годзе.

Не зважаючы на высокі тэмп разьвіцьця кітайскай эканомікі пасьля адмовы ад палітыкі «трох чырвоных сьцягоў», Мао не зьбіраўся мірыцца зь лібэральнай тэндэнцыяй у разьвіцьці нацыянальнай эканомікі. Ён таксама ня быў гатовы забыцца на ідэалы рэвалюцыі, каб дазволіць буржуазныя каштоўнасьці ў жыцьцё кітайцаў. Тым ня менш, ён быў вымушаны заявіць, што асноўная частка кіроўнай клясы не падзяляе ягоны сьветапогляд. Нават створаны Камітэт культурнай рэвалюцыі аддаваў засьцерагаўся ад пачатку рабіць жорсткія захады супраць крытыкаў рэжыму. У гэтай сытуацыі Мао пастанавіў зладзіць новую глябальную праграму, якая мусіла вярнуць грамадзтва ва ўлоньне рэвалюцыі й сапраўдны сацыялізм. У дадатак да левых радыкалаў, як то Чэнь Бода, Цзян Цына й Лінь Бяо, хаўрусьнікам Мао Цзэ-дуна ў гэтым павінна была стаць кітайская моладзь[39]. У той жа час, дзяржаўны старшыня Лю Шао-цы й генэральны сакратар Дэн Сяопін выступалі за ідэю, што Мао будзе адхілены ад рэальнай улады ў якасьці кіраўніка дзяржавы й ураду ў Кітаі, але захавае сваю ўрачыстую й сымбалічную ролю старшыні камуністычнай партыі, а партыя падтрымае ўвесь ягоны ўнёсак у рэвалюцыю. Яны спрабавалі маргіналізаваць Мао, узяўшы пад кантроль эканамічную палітыку, і зацьвярдзіліся палітычна.

Мао Дзэ-дун і Лінь Бяо на сустрэчы з хунвэйбінамі.

У ліпені 1966 годзе Мао пераплыў праз раку Янцзы, чым прадэманстраваў сваю баявую здольнасьць, пасьля чаго вярнуўся да кіраніцтва. У Пэкіне ён адразу зладзіў магутную атаку на лібэральнае крыло партыі, пераважна на Лю Шао-цы. Крыху пазьней Цэнтральны камітэт на замову Мао ўхваліў дакумэнт «Шаснаццаці пунктаў», які амаль стаў праграмай «Вялікай пралетарскай культурнай рэвалюцыі». Ягоным пачаткам стаў напад на кіраўніцтва Пэкінскага ўнівэрсытэта. Усьлед за гэтым студэнты й вучні сярэдніх школ натхнёныя рэвалюцыйнымі настроямі, у жаданьні супрацьстаяць кансэрватыўным і часта карумпаваным настаўнікам і выкладчыкам, пачалі арганізоўвацца ў атрады хунвэйбінаў. Напады на лібэральную інтэлігенцыю рабіліся праз прэсу. Празь немагчымасьць супрацьстаяньню перасьледу, некаторыя прадстаўнікі інтэлігенцыі й лідэры партыі чыняць самагубствы. 5 жніўня 1966 году Мао зьвярнуў увагу, што некаторыя кіраўнікі як у кіраўніцтве партыі, гэтак і на месцах, трымаюцца буржуазных поглядаў і спрыяюць здушэньню хуткага руху вялікай пралетарскай культурнай рэвалюцыі.

Пры лягістычнай падтрымцы войска рух хунвэйбінаў набыў глябальны характар. Ва ўсёй краіне ладзяцца масавыя напады на чынавенства й прафэсараў, падчас якіх яны падвяргаюцца ўсялякім прыніжэньням ды часта зьбіваюцца. На мільённым мітынгу ў жніўні 1966 году Мао выказаў поўную падтрымку й ухваліў дзеяньні хунвэйбінаў, зь якіх паслядоўна стварылі армію рэвалюцыйнага левага тэрору. Захады гэтай арганізацыі рабіліся ўсё больш жорсткімі. Сярод іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі яны закатавалі й змусілі да самагубства вядомага кітайскага пісьменьніка Лао Шэ. Тэрор ахапіў усе сфэры жыцьця, клясы й рэгіёны краіны. Ня толькі вядомыя асобы, але й звычайныя грамадзяне зьведалі рабаваньні, зьбіцьцё, катаваньні ці нават былі забітыя, часта пад самай нязначнай падставай. Хунвэйбіны зьнішчылі незьлічоныя творы мастацтва, мільёны кніг, тысячы манастыроў, храмаў, бібліятэк.

Неўзабаве, акрамя хунвэйбінаў, пачалі зьяўляцца атрады рэвалюцыйнай працоўнай моладзі, вядомыя як цзаофані. У дадатак, гэтыя рухі часам вядуць крывавую барацьбу паміж сабой. Калі тэрор дасягнуў свайго піку, і жыцьцё ў многіх гарадах амаль спынілася, нарэшце, супраць забурэньняў выступілі рэгіянальныя. Сутыкненьні вайскоўцаў з хунвэйбінамі, а таксама нутраныя супярэчнасьці ў асяродку рэвалюцыйнай моладзі паставілі краіну пад пагрозу грамадзянскай вайны. Разумеючы магмымыя наступсівы хаосу, Мао пастанавіў спыніць рэвалюцыйны тэрор. Мільёны хунвэйбінаў і цзаофані разам з партыйнымі работнікамі проста былі высланыя ў вёскі. IX зьезд камуністычнае партыі, які ладзіўся ў Пэкіне з 1 па 24 красавіка 1969 году, ухваліў першыя вынікі Культурнай рэвалюцыі. У справаздачы аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Мао Дзэ-дуна Лінь Бяо асноўную частку займала ўхвала правадыра, ідэі якога былі названыя найвышэйшым этапам у разьвіцьці марксізму-ленінізму.

Менавіта ў гэты пэрыяд Мао абраў Лінь Бяо, які, здавалася, паўтараў усе ідэі Мао, сваім пераемнікам. Пазьней Лінь быў афіцыйна названы пераемнікам Мао. Аднак, да 1971 году разрыў паміж імі стаў відавочным. Афіцыйная гістарыяграфія ў Кітаі сьцьвярджае, што Лінь плянаваў вайсковы пераварот альбо замах на Мао. Лінь памёр 13 верасьня 1971 года ў авіякатастрофе, калі пралятаў паветраную прастору Манголіі. Як мяркуецца, ён уцёк з Кітаю, верагодна, прадчуваючы свой арышт.

Апошнія гады й сьмерць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сустрэча Мао Дзэ-дуна з прэзыдэнтам ЗША Рычардам Ніксанам.

У канцы жыцьця Мао ўзмацнілася барацьба ўнутры партыі, пачалося супрацьстаяньне групы левых радыкалаў, да якіх належылі Цзян Цын, Ван Хунвэнь, Чжан Чуньцяо й Яо Вэньюань, і групы прагматыкаў, якіх ачольвалі Чжоў Эньлай і рэабілітаваны Дэн Сяопін. Мао Дзэ-дун спрабаваў захаваць балянс паміж двума групоўкамі, дазваляючы пры гэтым некаторыя палёгкі ў эканоміцы, але й падтрымліваючы захады ультралевага крыла. Новым пераемнікам правадыра стаў Хуа Гафэн, які належыць да мернага левага крыла.

Здароўе Мао пагоршылася, верагодна, праз курэньне[40][41][42]. Ягоны стан здароўя стаў дзяржаўнай таямніцай, таму шырокаму колу не было вядома, што ён пэўныя праблемы зь лёгкімі й сэрцам[43]. Існуюць непацьверджаныя паведамленьні, што ён, магчыма, хварэў на хваробу Паркінсона[44] ў дадатак да бакавога аміятрафічнага склерозу вядомага таксама як хвароба Лу Герыга[45][46]. Ягонае апошняе публічнае зьяўленьне, пры якім яшчэ захаваўся й фатаздымак, адбылася 27 траўня 1976 году, калі ён сустрэўся прэм’ер-міністрам Пакістану Зульфікарам Бгутам. Мао перажыў два сардэчныя прыступы, адзін зь якіх быў у сакавіку, а другі ў ліпені. 5 верасьня адбыўся трэці прыступ, які зрабіў кітайскага кіраўніка інвалідам. Памёр ён амаль праз чатыры дні 9 верасьня 1976 году ў веку 82 гадоў. Камуністычная партыя зацягнула абвяшчэньне аб ягонай сьмерці да 16 гадзінаў, калі праз этэра на нацыянальным радыё было абвешчанае пра навіну[44].

Забальзамаванае цела нябожчыка, пакрытае сьцягам камуністычнае партыі, тыдзень праляжала ў Дому народных сходаў[47]. Мільён кітайцаў наведалі будынак, каб выказаць смутак і павагу да былога дыктатара[48][49].

  1. ^ а б Short P. Mao: A Life (анг.)Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 19. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  2. ^ а б Itaú Cultural Mao Tsé-Tung // Энцыкляпэдыя Ітау Культурал (парт.)São Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7
  3. ^ а б Mao Zedong // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б Immanuel C.Y. Hsü The Rise of Modern China (анг.) — 6 — USA: OUP, 2000. — P. 767. — 1136 p. — ISBN 978-0-19-512504-7
  5. ^ а б Short P. Mao: A Life (анг.)Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 625–626. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  6. ^ а б Zhisui L. The Private Life of Chairman Mao (1996 edition) (анг.) — 1996. — P. 9. — ISBN 978-0-09-964881-9
  7. ^ а б в г д Short P. Mao: A Life (анг.)Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 635. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  8. ^ Chinese Political Elites Database (кіт.)
  9. ^ а б Spence J. The Search for Modern China (анг.) — 1 — USA: W. W. Norton & Company, 1991. — P. 531. — ISBN 978-0-393-30780-1
  10. ^ а б в Short P. Mao: A Life (анг.)Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 116. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  11. ^ а б Zhisui L. The Private Life of Chairman Mao (1996 edition) (анг.) — 1996. — P. 56. — ISBN 978-0-09-964881-9
  12. ^ «Mao Zedong». The Oxford Companion to Politics of the World.
  13. ^ «Chinese Leader Mao Zedong / Part I». eTeacher Chinese.
  14. ^ Fenby, J (2008). «Modern China: The Fall and Rise of a Great Power, 1850 to the Present». Ecco Press. p. 351. ISBN 0-06-166116-3
  15. ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.114
  16. ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.119
  17. ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.140
  18. ^ Юн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Мао: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.45
  19. ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.197—198
  20. ^ Юн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Мао: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.49
  21. ^ Шорт, Филип. Мао Цзэдун. АСТ, Москва, 2001, С.229-32
  22. ^ Меликсетов, А. В., Писарев, А. А., …, История Китая. Издательство московского университета, Москва, 2004, с.519
  23. ^ Selden, Marc. Yanan Legacy: The Mass Line, в: «Chinese Communist Politics in Action», Seattle, London 1970, pp. 101-109
  24. ^ Holm, David. Art and Ideology in Revolutionary China. Oxford 1991, С.53,88; Mao, Zedong. Die Gesammelten Werke. p. 246
  25. ^ Gray, Jack (1990). «Rebellions and Revolutions. China from 1800s to the 1980s». The Short Oxford History of the Modern World. Oxford. — С. 285—288.
  26. ^ а б Spence, Jonathan (2001). «Chinas Weg in die Moderne». DTV, München. — С. 590—600.
  27. ^ а б в Cai, Xiang; 蔡翔 (2016). «Revolution and its narratives: China’s socialist literary and cultural imaginaries (1949-1966)». Rebecca E. Karl, Xueping Zhong, 钟雪萍. Durham: Duke University Press. — С. 100. — ISBN 978-0-8223-7461-9.
  28. ^ «180,000 Chinese soldiers killed in Korean War». China.org.cn.
  29. ^ Burkitt, Laurie; Scobell, Andrew; Wortzel, Larry M. (2003). «The lessons of history: The Chinese people’s Liberation Army at 75». Strategic Studies Institute. — С. 340—341. — ISBN 978-1584871262.
  30. ^ Scheidel, Walter (2017). «The Great Leveler: Violence and the History of Inequality from the Stone Age to the Twenty-First Century». Princeton University Press. — С. 226. — ISBN 978-0691165028.
  31. ^ Changyu, Li (2005). «Mao’s „Killing Quotas“». Human Rights in China (HRIC).
  32. ^ Brown, Jeremy. «Terrible Honeymoon: Struggling with the Problem of Terror in Early 1950s China».
  33. ^ Bottelier, Pieter (2018). «Economic Policy Making In China (1949–2016): The Role of Economists». Routledge. — С. 131. — ISBN 978-1351393812.
  34. ^ McCoy, Alfred W. «Opium History, 1858 to 1940».
  35. ^ Slatyer, Will (20.02.2015). «The Life/Death Rhythms of Capitalist Regimes — Debt Before Dishonour: Timetable of World Dominance 1400-2100». Partridge Publishing Singapore. — С. 509. — ISBN 978-1-4828-2961-7
  36. ^ Yushi, Mao (22.09.2014). «Lessons from China’s Great Famine». The Cato Journal. 34 (3): 483—491.
  37. ^ Smil, V. (18.12.1999). «China’s great famine: 40 years later». BMJ. 319 (7225): 1619—1621. — doi:10.1136/bmj.319.7225.1619. PMC 1127087. PMID 10600969.
  38. ^ Thomas P., Bernstein (2006). «Mao Zedong and the Famine of 1959–1960: A Study in Wilfulness». The China Quarterly. 186 (186): 421—445. — doi:10.1017/S0305741006000221.
  39. ^ Мао, Цзе-Дун (1966). «Выдержки из произведений». Издательство литературы на иностранных языках, Пекин. — С. 302—303.
  40. ^ Karl, Rebecca E. (2010). «Mao Zedong and China in the Twentieth-Century World: A Concise History». Duke University Press. — С. 79. — ISBN 978-0822393023.
  41. ^ Timmons, Heather (30.12.2013). «The End of China’s 'Ashtray Diplomacy'». The Atlantic.
  42. ^ Nylander, Johan (9.02.2014). «Stubbing out Mao’s smoky legacy». Al Jazeera.
  43. ^ «The Kissenger Transcripts: Notes and Excerpts». The National Security Archive.
  44. ^ а б «Mao Tse-Tung Dies In Peking At 82; Leader Of Red China Revolution; Choice Of Successor Is Uncertain». The New York Times.
  45. ^ Li, Zhisui (2010). «Private Life Of Chairman Mao: The Memoirs of Mao’s Personal Physician». Random House. — С. 581. — ISBN 978-1407059228
  46. ^ Griffin, Nicholas (2014). «Ping-Pong Diplomacy: Ivor Montagu and the Astonishing Story Behind the Game That Changed the World». Simon & Schuster. — С. 163. — ISBN 978-0857207371.
  47. ^ Quigley, Christine (1998). «Modern Mummies: The Preservation of the Human Body in the Twentieth Century». McFarland. — С. 40—42. — ISBN 978-0786428519.
  48. ^ «Chinese bid Mao sad farewell». UPI.
  49. ^ James, S. L. «China: Communist History Through Film». Internet Archive.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]