Перайсьці да зьместу

Летувіскае нацыянальнае абуджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Летувіскі нацыянальны рух»)
Адзін з лідэраў адраджэньня Ёнас Басанавічус

Летувіскі нацыянальны рух (традыцыйна вядомы ў гістарыяграфіі як Летувіскае нацыянальнае абуджэньне лет. Lietuvių tautinis atgimimas) — змаганьне летувісаў за права на сваё нацыянальнае самавызначэньне. Мае повязі з уваходжаньнем этнічных летувіскіх земляў у склад Расейскай імпэрыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Прывёў да фармаваньня сучаснай летувіскай нацыі і да абвяшчэньня незалежнасьці Летувы. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі гэтага руху былі Вінцас Кудзірка, Ёнас Басанавічус ды іншыя. На рух уплываў уздым у Эўропе рамантычнага нацыяналізму, нацыянальна-вызваленчых рухаў.

Пачынальнікамі руху сталі галоўным парадкам выхадцы з Жамойці[1]. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага абуджэньня дзеля забесьпячэньня свайму руху гістарычнай асновы выкарысталі — у якасьці этнічнай — назву старажытнай літоўскай (беларускай) дзяржавы, а ня ўласнага Жамойцкага княства (якое не асацыявалася з уяўленьнямі пра разьвітую старажытную дзяржаўнасьць)[2]. На згоду і пры падтрымцы расейскіх уладаў, імпэрскім інтарэсам якіх адпавядала прывязваньне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага да нашчадкаў балтыйскай меншасьці, а не беларусаў, летувісы выбудавалі міт пра ВКЛ як выняткова летувіскую дзяржаву[3]. Гэты міт стаў падмуркам, на якім летувіскія дзеячы пачалі будаваньне новай летувіскамоўнай «Літвы»[4].

Статус летувіскай мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку ХІХ стагодзьдзя летувіскай мовай карысталіся толькі прадстаўнікі беднага і сярэдняга слаёў грамадзтва ў сельскіх рэгіёнах. Летувіская мова была гутарковай, яна не лічылася дастаткова прэстыжнай для пісьмовага выкарыстаньня. Яе захоўвала частка дробнага дваранства, асабліва ў Жамойці. Мова была яшчэ не стандартызаваная, яе граматыка значна адрозьніваліся паміж рознымі рэгіёнамі ў выглядзе аўкштайцкага і жамойцкага дыялектаў.

Адзінай краінай, дзе летувіскую мову выкарыстоўвалі ў якасьці літаратурнай, была Малая Летува, што знаходзілася пад уладай Прусіі. Але і там прыток нямецкіх імігрантаў пагражаў мове і культуры прускіх летувісаў.

Некалькі фактараў паспрыялі нацыянальнаму руху: на летувіскую мову зьвярнулі ўвагу навукоўцы-лінгвісты; па скасаваньні прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі ў 1861 годзе, сацыяльная мабільнасьць павялічылася, і зьявіўся кляс летувіскай інтэлігенцыі, што паходзіла зь вёскі. У каталіцкай царкве былі паслабленыя бар’еры, якія раней заміналі простаму чалавеку падчас набажэнстваў. Больш цесныя зносіны склаліся паміж сьвятарамі-летувісамі і прыхаджанамі, якіх аб’ядноўвала жаданьне выкарыстоўваць летувіскую мову ў набажэствах[5]. Нацыянальны рух, які фармаваўся ў той час, імкнуўся трымацца на дыстанцыі ад польскіх і расейскіх уплываў, і выкарыстаньне летувіскай мовы разглядалася як важны аспэкт гэтага руху[6].

Распрацоўка нацыянальнай ідэі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адзін з асобнікаў першай газэты на летувіскай мове — «Аўшра»

Разьвіцьцё летувіскай нацыянальнай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасьці ўскладнялася забаронай летувіскіх газэт лацінскім альфабэтам. Гэта быў адзін з рэпрэсіўных захадаў па паўстаньні 1863—1864 гадоў. Тым ня менш, друк кніг на летувіскай мове лацінскім альфабэтам працягваўся за межамі Расейскай імпэрыі. Нацыянальны рух адраджаўся сярод студэнтаў і моладзі, якія навучаліся ва ўнівэрсытэтах Расейскай імпэрыі і замежных дзяржаваў. Многія зь іх былі сынамі багатых земляўласьнікаў.

Пачалася публікацыя летувіскіх газэт Auszra і Varpas, а потым кніг зь вершамі на летувіскай мове. Яны выпускаліся ў ЗША і Усходняй Прусіі, у Летуву ўвозіліся кантрабандай[7]. Творы рамантызавалі мінулае Вялікага Княства Літоўскага, малюючы яго як вялікую дзяржаву з шматлікімі героямі.

Зь летувіскім нацыянальным рухам пачаўся і рух за незалежнасьць, з рознымі арганізацыямі, супраць русыфікацыі і расейскага ўплыву. Палітыка расейскіх уладаў у адказ стала больш жорсткай, і значная частка касьцёлаў была ператворана ў храмы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), працягвалася забарона на летувіскі друк лацінкай. Тым ня менш, нават з цэнзурай газэт, працэнт пісьменнасьці летувісаў працягваў павялічвацца і быў адным з найбольш высокіх сярод народаў Расейскай імпэрыі, саступаючы толькі фінам, эстонцам і латышам.

Да канца XIX стагодзьдзя сфармавалася сучасная летувіская нацыя. Палітычныя патрабаваньні былі выказаныя на Вялікім Віленскім сойме, цэнзуру газэт скасавалі ў 1904 годзе.

  1. ^ История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — Вильнюс: Eugrimas, 2013. С. 124.
  2. ^ Краўцэвіч А. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 348.
  4. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  5. ^ Christianity in Lithuania.
  6. ^ Nationalism in Post-Soviet Lithuania(недаступная спасылка).
  7. ^ White. James D. The Revolution in the Baltic Provinces // The Russian Revolution of 1905^ Centerenary Perspectives / Ed. Smele J., Heywood A.. — 2005. — P. 60. — 284 p.. — ISBN 0415355680