Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў (Крывічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Краіна Беларусь
Мястэчка Крывічы
Каардынаты 54°42′26″ пн. ш. 27°17′31″ у. д. / 54.70722° пн. ш. 27.29194° у. д. / 54.70722; 27.29194Каардынаты: 54°42′26″ пн. ш. 27°17′31″ у. д. / 54.70722° пн. ш. 27.29194° у. д. / 54.70722; 27.29194
Канфэсія Каталіцкая царква
Эпархія Менска-Магілёўская архідыяцэзія 
Архітэктурны стыль барока
Дата заснаваньня 1776, 1796
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў на мапе Беларусі ±
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвято́га Апо́стала Андрэ́я і кля́штар трыніта́рыяў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Крывічах. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка[a]. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1832 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса, брамы і агароджы.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манахі-трынітарыі прыбылі ў мястэчка Крывічы з Галіцыі па закрыцьці іхных кляштараў уладамі Аўстра-Вугоршчыны. У 1776—1777 гадох, з фундацыі 1770 году цівуна і падкаморыя троцкага Андрэя Ўладзіслава Ўкольскага і яго жонкі Тэрэзы з Войнаў, тут збудавалі драўляны касьцёл, разьлічаны на шэсьць манахаў. У 1796 годзе на гэтым месцы скончылася будаваньне мураванага касьцёла[1], кансэкраванага біскупам жамойцкім Калумна-Цяцішэўскім.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Крывічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. З 1796 году пры касьцёле існавала парафія. Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя яна абслугоўвалася таксама 6 капліцамі — у Карчаватцы (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці), Клесіне (Вялейскі раён), Княгініне і ў саміх Крывічах — на могілках і ў панскім двары. Пры кляштары дзеяў драўляны шпіталь.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) 19 верасьня 1832 году расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар трынітарыяў. З таго часу касьцёл Сьвятога Андрэя стаў парафіяльным, а кляштарны корпус — плябаніяй.

У 1883 годзе комплекс абнесьлі бутавай агароджай з 3-аркавай брамай з чырвонай цэглы. У 1907 годзе замест драўлянай падлогі паклалі плітку з геамэтрычным арнамэнтам.

На 1941 год парафія налічвала 4100 чалавек[1]. У 1942 годзе ад пажару згарэў дах касьцёла, вежа і гаспадарчыя пабудовы. На працягу году вернікі адрамантавалі касьцёл.

За савецкім часам касьцёл не зачыняўся.

Касьцёл — помнік архітэктуры барока з рысамі віленскага барока. Гэта 1-нэфавая базыліка з квадратнаю апсыдай і з высокай 3-яруснай вежай-званіцай на галоўным фасадзе (трэці ярус так і ня завяршылі). Кароткі і шырокі нэф касьцёла перакрываецца цыліндрычным з распалубкамі скляпеньнем вялікага пралёту і падзяляецца на тры травеі шырокімі падпружнымі аркамі, якія ў канструкцыйных вузлах абапіраюцца на пілястры іянічнага ордэру. У падоўжным кірунку яны злучаюцца разгрузачнымі аркамі. У выніку значнай вышыні прапорцыі бакавых фасадаў набліжаюцца да квадрата, а іх вэртыкальная дынаміка ўзмацняецца дадаткова высока разьмешчанымі вокнамі. Квадратная ў пляне алтарная апсыда роўная вышынёй з нэфам і аб’ядноўваецца зь ім агульнай цягай карніза.

3-ярусная вежа мае характэрныя для стылю заломы карнізаў, вуглавыя скосы з лапаткамі і парабалічную абмалёўку праёмаў. Каваныя ажурныя крыжы завяршаюць купал званіцы і апсыды[1]. Пры надзвычайнай масіўнасьці вежы (таўшчыня муроў у ніжнім ярусе звыш 2 м) скошаныя куты, увагнутыя паверхні прасьценкаў, шматлікія ордэрныя падзелы, рэзкае скарачэньне паводле памераў верхняга яруса надаюць ёй магутную экспрэсію. Унутраная прастора вежы арганізоўваецца ў форме авала, за ёй над уваходам у нэф месьцяцца арганныя хоры з крывалінейным абрысам у пляне. Узьнятыя на двух слупох хоры маюць плаўны выгін у цэнтральнай частцы, злучаны з заляй вітымі ўсходамі ў тоўшчы званіцы.

Дамінантаю інтэр’еру выступае барокавы алтар з цудоўнай фігурай Збаўцы, прывезенай у Крывічы з трынітарскага кляштару ў Антокалі — прадмесьця Вільні. Алтар ёсьць карынцкай калянадай і мае багатую аздобу з пазалочанай лепкі, фігурак пуцьцяў і статуй Сьвятога Пятра, Сьвятога Паўла, Маці Божай і Яна Эвангеліста.

У касьцёле знаходзіцца мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная пісьменьніку і грамадзкаму дзеячу Яну Барэйку-Ходзьку, які ў 1777 годзе нарадзіўся ў Крывічах. Яму належаць успаміны і нарысы з гісторыі Меншчыны і касьцёлаў Менскай дыяцэзіі.

Кляштарны корпус — невялікі 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, які далучаецца да паўднёва-ўсходняга мура касьцельнай апсыды. Фасады падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі і роўнымі лапаткамі ў прасьценках[1].

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца 17 верасьня, 56
  1. ^ а б в г Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. ISBN 5-89826-093-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000436