Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў (Крывічы)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
| |
![]() | |
Краіна | Беларусь |
Мястэчка | Крывічы |
Каардынаты | 54°42′26″ пн. ш. 27°17′31″ у. д. / 54.70722° пн. ш. 27.29194° у. д.Каардынаты: 54°42′26″ пн. ш. 27°17′31″ у. д. / 54.70722° пн. ш. 27.29194° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква |
Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | 1776, 1796 |
Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў | |
![]() |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя у Крывічах. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка[a]. Касьцёл дзейнічае, кляштар існаваў да 1832 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Манахі-трынітарыі прыбылі ў мястэчка Крывічы з Галіцыі па закрыцьці іхных кляштараў уладамі Аўстра-Вугоршчыны. У 1776—1777 гадах, паводле фундацыі 1770 году цівуна і падкаморыя троцкага Андрэя Ўладзіслава Ўкольскага і яго жонкі Тэрэзы з Войнаў, тут збудавалі драўляную сьвятыню, разьлічаную на шэсьць манахаў. У 1796 годзе на гэтым месцы скончылася будаваньне мураванага касьцёла[1], кансэкраванага біскупам жамойцкім Калумна-Цяцішэўскім.
З 1796 году пры касьцёле існавала парафія. Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя яна абслугоўвалася таксама 6 капліцамі — у Карчаватцы (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці), Клесіне (Вялейскі раён), Княгініне і ў саміх Крывічах — на могілках і ў панскім двары. Пры кляштары дзейнічаў драўляны шпіталь.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) 19 верасьня 1832 году выйшоў царскі загад аб гвалтоўнай ліквідацыі кляштару трынітарыяў. З таго часу касьцёл Сьвятога Андрэя стаў парафіяльным, а кляштарны корпус — плябаніяй. Дзесьці ў 2-й палове ХІХ стагодзьдзя комплекс абнесьлі бутавай агароджай з 3-аркавай брамай з чырвонай цэглы. На 1941 год парафія налічвала 4100 чалавек[1].
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік архітэктуры барока з рысамі віленскага барока. Архітэктурны комплекс трынітарскага кляштару складаецца з касьцёла, жылога корпуса, брамы і агароджы.
Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з квадратнаю апсыдай і з высокай 3-яруснай вежай-званіцай на галоўным фасадзе (трэці ярус так і ня завяршылі). Кароткі і шырокі нэф касьцёла перакрываецца цыліндрычным з распалубкамі скляпеньнем вялікага пралёту і падзеляляецца на тры травеі шырокімі падпружнымі аркамі, якія ў канструкцыйных вузлах абапіраюцца на пілястры іянічнага ордэру. У падоўжным кірунку яны злучаюцца разгрузачнымі аркамі. У выніку значнай вышыні, прапорцыі бакавых фасадаў набліжаюцца да квадрата, а іх вэртыкальная дынаміка ўзмацняецца дадаткова высока разьмешчанымі вокнамі. Квадратная ў пляне алтарная апсыда роўная вышынёй з нэфам і аб’ядноўваецца зь ім агульнай цягай карніза.
3-ярусная вежа мае характэрныя для стылю заломы карнізаў, вуглавыя скосы з лапаткамі і парабалічную абмалёўку праёмаў. Каваныя ажурныя крыжы завяршаюць купал званіцы і апсыды[1]. Пры надзвычайнай масіўнасьці вежы (таўшчыня муроў у ніжнім ярусе звыш 2 м) скошаныя куты, увагнутыя паверхні прасьценкаў, шматлікія ордэрныя раскрапоўкі, рэзкае скарачэньне па памерах верхняга яруса надаюць ёй магутную экспрэсію. Унутраная прастора вежы арганізоўваецца ў форме авала, за ёй над уваходам у нэф месьцяцца арганныя хоры з крывалінейным абрысам у пляне. Узьнятыя на двух слупох хоры маюць плаўны выгін у цэнтральнай частцы, злучаны з заляй вітою лесьвіцай у тоўшчы званіцы.
Дамінантаю інтэр’еру зьяўляецца барочны алтар з цудоўнай фігурай Збаўцы, прывезенай у Крывічы з трынітарскага кляштару ў Антокалі — прадмесьця Вільні. Алтар уяўляе сабой карынцкую калянаду і мае багатую аздобу з пазалочанай лепкі, фігурак пуцьцяў і статуй Сьвятога Пятра, Сьвятога Паўла, Маці Божай і Яна Эвангеліста. У касьцёле знаходзіцца мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная пісьменьніку і грамадзкаму дзеячу Яну Барэйке-Ходзьке, які ў 1777 годзе нарадзіўся ў Крывічах. Яму належаць успаміны і нарысы з гісторыі Меншчыны і касьцёлаў Менскай дыяцэзіі.
Жылы корпус — невялікі 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, які далучаецца да паўднёва-ўсходняга мура касьцёльнай апсыды. Фасады падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі і плоскімі лапаткамі ў прасьценках[1].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Старыя здымкі
Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сучасны стан
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца 17 верасьня, 56
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в г Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Каталіцкія сьвятыні: Менска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск, «Про Хрысто», 2003. ISBN 985-6628-38-5.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008.
- Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![]() |
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 612Г000436 |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў (Крывічы) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў