Калдычэўскі шчупак
Калдычэўскі шчупак | |
Szczupak Kołdyczewski | |
Жанр: | баляда |
---|---|
Аўтар: | Ян Чачот |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 1819 |
Перакладчык: | Кастусь Цьвірка |
Электронная вэрсія |
«Калдычэўскі шчупак» (па-польску: Szczupak Kołdyczewski) — баляда Яна Чачота, напісаная каля 1819 году, прысьвечаная Міхалу Верашчаку.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадмова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Баляда складаецца з 48-радковай прадмовы, адрасаванай Міхалу Верашчаку, брату Марылі Верашчакі, каханай Адама Міцкевіча, і 296-радковай, уласна, баляды.
У прадмове да свайго сябра Міхала Яна Чачот наракае на яго за бязьдзейнасьць ды гультайства і супрацьпастаўляе яму чалавека дзеяньня, жывога Яна Верашчаку, які імкнецца чыніць на карысьць людзям і ўсяму свайму краю:[1]
|
На думку Кастуся Цьвіркі, аўтар выступае ў сваёй прадмове супраць так званых «лішніх людзей», увасобіўшы іх у вобразе разумнага, але бязьдзейнага Міхала Верашчакі[1].
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеяньне адбываецца ў Жыгімонтавыя часы. Баляда апавядае пра тое, як Анцута, багаты наваградчанін, жывучы ў сваім замку, дзе на абшары раскінулася Калдычэўскае возера, прагнучы надаць урачыстасьці народзінам дачкі, запрасіў шмат гасьцей і даў пышны баль. Да яго прыехаў і Ян Верашчака, які жыў у Пяшчанцы ля Сьвіцязі. Будучы адмысловым рыбаком, ён падахвоціў гасьцей пасьля гутаркі пайсьці на возера. Пасьля таго, як кінулі невады і выцягнулі агромністага шчупака, Анцута прапаноўвае панству адпусьціць рыбіну, але папярэдне ўзьдзеўшы яму ў хрыбет стальное кольца з выбітым залатымі літарамі надпісам: «Той, хто шчупака таго дзе-небудзь зловіць, Дасьць баль мне, Анцуту, шыкоўны». Ад гэтае пары шмат прайшло гадоў і Анцутава дачка вырасла ў статную паненку, а пра шчупака забылі назусім. Аднак у пэўны дзень стары Верашчака ловіць у Сьвіцязі таго акальцаванага шчупака. Назаўтра прыязджае Анцута і ў часе вясёлага балю ён дамаўляецца выдаць сваю дачку за Верашчакавага сына, якія ўжо даўно былі закаханыя.
Аўтарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі ў 1905 годзе Ян Квятнеўскі ўпершыню знайшоў на Наваградчыне рукапіс баляды, аўтарства яе ён прыпісаў Адаму Міцкевічу[1]. У сваю чаргу Леапольд Мэе, які амаль адначасова знайшоў яшчэ адзін рукапіс гэтай самай баляды (толькі без уступу, з дароўным надпісам Міхалу Верашчаку), выказваў меркаваньне, што яна належыць пяру Яна Чачота[2]. Гэтай жа ідэі прытрымліваўся і сябра Літаратурнага таварыства Адама Міцкевіча Тадэвуш Піні[3]. Разам яны ўсебакова давялі, што А. Міцкевіч ня мог быць аўтарам баляды, і што, мяркуючы па шматлікіх прыкметах, яго трэба прыпісаць Яну Чачоту, што запачаткавала вялікую дыскусію на старонках польскага друку[4]. У адказ на довады апанэнтаў Ян Квятнеўскі ў 1911 годзе надрукаваў брашуру «Праўда пра „Шчупака“», у якой упарта імкнуўся замацаваць свой ранейшы погляд[4]. Дыскусія працягвалася некалькі гадоў, пакуль не было даказана, што аўтар «Калдычэўскага шчупака» — Ян Чачот[1].
Фальклёрны матэрыял
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноваю баляды паслужыла мясцовае паданьне пра тое, як некалі ў Сьвіцязі быў злоўлены шчупак, акальцаваны ў Калдычэўскім возеры, які быццам бы трапіў з аднаго возера ў другое падземнаю ракою[5]. Пра гэтае паданьне згадвае некалькімі словамі таксама і Міхал Федароўскі[6]. Выкарыстаны Я. Чачотам фальклёрны матыў шырока распаўсюджаны на Наваградчыне[7]. Доктар філязофіі ў галіне польскай і славянскай літаратур Станіслаў Станкевіч у часе сваіх росшукаў на гэтай тэрыторыі занатаваў ажно шэсьць варыянтаў гэтага паданьня:
Рыбакі лавілі ў Кадлычэўскім[8] возеры рыбу і аднаму шчупаку прывязалі да пашчэнкі кальцо і напісалі: «Хто гэтага шчупака зловіць, няхай мяне запросіць на абед» дый пусьцілі назад у возера таго шчупака. То потым празь некулькі год злавіў гэтага шчупака ў Сьвіцянцы (г. зн. у Сьвіцязі) міратыцкі пан Война і запрасіў пана кадлычэўскага на абед. А гэты шчупак прайшоў падземнымі норамі з Кадлычэўскага возера ў Сьвіцянку | ||
—Занатаваў ад Лявона Дудара зь вёскі Мядзеневічы Баранавіцкага павету[7] |
Апроч таго, Ян Чачот уводзіць у сваю баляду некаторыя народныя прымхі. Верашчака, ловячы ўначы рыбу ў Сьвіцязі, загадаў запаліць вязанкі лучыны, каб такім чынам яе цікаваць:
— Калдычэўскі шчупак, 213—216 |
Паводле гэтае прымхі, задакумэнтаванай М. Федароўскім, люд верыць, што калі ўначы зяхцяць мігатлівыя агеньчыкі, то гэта д’ябал перасушвае заклятыя ў зямлі скарбы альбо пераносіць іх у больш бясьпечнае месца[9].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку Станіслава Станкевіча, у сваёй балядзе Ян Чачот падае дакладную лякалізацыю ўсяго дзеяньня. Тут згадваюцца такія населеныя пункты як Цырын, Слонім, Берасьце, «Пінскі край», Прыпяць, Мазыр, рака Сэрвач, якая плыве цераз Наваградзкі павет, Нёман, Плужыны, Туганавічы і Гарадзішча[10].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 294. — 327 с.
- ^ Meyet L. Szczupak Kołdyczewski // Kurjer Warszawski. — 1905. — С. 289.
- ^ Pini T.O Szczupaka Kołdyczewskiego // Pamietnik Literacki. — 1906. — Т. V. — С. 359.
- ^ а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 52. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 293. — 327 с.
- ^ Federowski M. Op. cit. T. III. S. 20
- ^ а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 53. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Раней на Наваградчыне мясцовыя жыхары вымаўлялі «Кадлычэўскі» замест «Калдычэўскі»
- ^ Federowski M. Op. cit. T. I. S. 42, 43, 240
- ^ Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 54. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Калдычэўскі шчупак» у перакладзе Кастуся Цьвіркі
|