Падземны звон на горцы ў Пазяневічах
Падземны звон у Пазяневічах | |
Жанр: | баляда |
---|---|
Аўтар: | Ян Чачот |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 1818—1819 |
Перакладчык: | Кастусь Цьвірка |
Электронная вэрсія |
«Падземны звон на горцы ў Пазяневічах» — баляда Яна Чачота, напісаная ў 1818—1819 гадох.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Баляда апавядае, як паблізу мястэчка Турэц, на горцы ў Пазяневічах стаяла колісь праваслаўная царква. Мясцовы поп меў надзвычай фанабэрыстую жонку, якая на ўсіх кірмашах — у Сталовічах і Міры «ўборамі сьвет асьляпіла», і калі змарнавала ўвесь свой набытак, пачала думаць, дзе ўзяць грошы на новыя строі. У сквапнай пападзьдзі ўзьнікла ідэя празь дзірку заліць вады ў адлітую з бронзы фігурку Збаўцы, што была на царкве. Такім чынам, з вачэй-дзірак мусілі пацячы «сьлёзы». Неўзабаве людзі з усяго павету пачалі зьяджацца, каб паглядзець на цуд і даваць багатыя ахвяры. На гэтыя сродкі жонка сьвятара мела мажлівасьць выхваляцца новымі строямі. Аднак, калі аднойчы, пакаяўшыся ў сьвятатацтве, яна сваімі рукамі аздабляла алтар, раптоўна сьцямнела, пачалі біць перуны і царква паляцела ў бездань. З гэтага часу ад горкі, на якой стаяла царква, часта чуецца голас званоў.
Фальклёрны матэрыял
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У аснову баляды Ян Чачот паклаў народнае паданьне пра царкву, што правалілася пад зямлю — як пакараньне за папоўскае ашуканства парафіян[1]. Варыянт выкарыстанага паэтам паданьня занатаваў у сярэдзіне XIX стагодзьдзя Ян са Сьлівіна (Адам Кіркор):[2]
На дарозе зь Міра ў Нясьвіж, каля мястэчка Турца, разьмешчана маленькае паселішча, падобнае хутчэй на вёсачку, якое завуць Позеневічы. Пра яго такое сярод акалічнага люду ходзіць паданьне: на невялікай горцы паблізу знаходзілася цэркаўка, у якой служыў парох, жанаты з фанабэрыстай і хцівай кабетаю. Цалкам падпарадкаваўшы сабе мужа, яна спусташала парафію, каб фарсіць ў штораз прыгажэйшых строях. Калі ж, урэшце, звычайных запасаў сталася мала дзеля яе ненасытнае і ўсё большае хцівасьці, яна схіліла мужа да гнюснага чыну: зрабіць у цэркаўцы фальшывы цуд. Слабы муж на адным абразе сьвятога выразаў намаляваныя на палатне вочы, а за абразом паставіў падгаворанага лёкая, абы той, гледзячы праз зробленыя дзіркі, пазіраў сюды-туды... раптоўна сьцямнела, страшны віхор здуў сьвечкі, грымнуў жудасны гром... Цэркаўка загайдалася, зямля задрыжала, разламалася і паглынула яе ў сваіх глыбінях... Ад таго часу на горцы трава толькі, ды і то чэзлая расьце, але часта з-пад зямлі чуваць галасы званоў[3]. | ||
Адрозьненьні паміж паданьнем і зьместам балядыдатычаць толькі спосабу, пры дапамозе якога створаны фальшывы цуд[2].
Алюзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле польскіх літаратуразнаўцаў, матыў западзеньня ў зямлю царквы з твору Яна Чачота запазычыў пазьней Адам Міцкевіч для сваёй баляды «Лілеі»[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 295. — 327 с.
- ^ а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 54—55. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Jan ze Śliwina (A. Kirkor). Wycieczka archeologiczna po gubernji Wileńskiej // Biblioteka Warszawska. — 1855. — Т. II. — С. 439—440.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Падземны звон у Пазяневічах» у перакладзе Кастуся Цьвіркі
|