Перайсьці да зьместу

Да пакіньце горла драць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Да пакіньце горла драць
Жанр: песьня
Аўтар: Ян Чачот
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1819
Электронная вэрсія

«Да пакіньце горла драць» — песьня беларускага паэта Яна Чачота, напісаная ў 1819 годзе на беларускай мове і прымеркаваная да імянінаў філямата Дыянісія Хлявінскага[1]. З адпаведнымі папраўкамі таксама выконвалася і на імянінах іншых філяматаў, у прыватнасьці, Францішка Малеўскага.

Першапачатковы тэкст песьні да Дыянісія не захаваўся. Да сёньняшняга часу дайшоў адно пазьнейшы тэкст, прысьвечаны імянінам Францішка Малеўскага, што адзначаліся 1 лістапада 1819 году.

Пра посьпех гэтае песьні Ян Чачот пазьней распавёў у лісьце да Адама Міцкевіча 16 лістапада 1819 году:

« На імяніны Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень, сярод якіх апошняя «Да пакіньце горла драць» найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу, ён прыдумаў да яе, як я ўжо казаў, матыў і лез зь ёй да ўсіх, як цыган на кірмашы. А раз спадабалася песьня, я мусіў напісаць вершы і для Яроша і той самы верш «Да пакіньце горла драць» перарабіць для яго. І ня толькі гэтыя, але і «Што ж мы вашэці скажам», разахвочаныя, сьпявалі. Словам, на імянінах і чыталі, і сьпявалі…[2] »

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лісьце Тамаша Зана да Верашчакаў ад 31 кастрычніка 1820 году адзначаецца, што едучы ў Вільню, Тамаш Зан заначаваў у заездным доме ў Канвалішках і раптам сярод ночы яго абудзіў гучны і вясёлы спеў: «Да пакіньце горла драць!..» Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў — Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі зь Вільні ў Наваградак і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны гэтакім чынам выказалі сваю радасьць ад сустрэчы[3].

  1. ^ Цвірка, К. След на цаліку. Творчы шлях Яна Чачота // Роднае слова. — Мінск: 1995. — № 3. — С. 19.
  2. ^ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 242. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7
  3. ^ Цьвірка, К. Яркая зорка беларускага адраджэння // Чачот Ян. Выбраныя творы. — Мінск: 1996. — (Беларускі кнігазбор).