Казімер Сьвёнтак
Казімер Сьвёнтак | ||||
Kazimierz Świątek | ||||
1-ы Арцыбіскуп — мітрапаліт менска-магілёўскі | ||||
---|---|---|---|---|
13 красавіка 1991 — 14 чэрвеня 2006 | ||||
Царква | Каталіцкая царква | |||
Наступнік | Тадэвуш Кандрусевіч | |||
1-ы Старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі | ||||
1999 — 2006 | ||||
Царква | Каталіцкая царква | |||
Наступнік | Аляксандар Кашкевіч | |||
Адукацыя | ||||
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп | |||
Нарадзіўся | 21 кастрычніка 1914 Вальк, Вальскі павет Ліфляндзкай губэрні | |||
Памёр | 21 ліпеня 2011 Пінск | |||
Пахаваны | Пінск | |||
Прыняцьце сьвятога сану | 8 красавіка 1939 | |||
Япіскапская хіратонія | 21 траўня 1991 | |||
Кардынал ад | 26 лістапада 1994 | |||
Узнагароды | ||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Казіме́р Сьвё́нтак (21 кастрычніка 1914, Вальк — 21 ліпеня 2011, Пінск) — кардынал, арцыбіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскае дыяцэзіі, старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў польскай сям’і ў мястэчку Вальк (цяпер Валга ў Эстоніі), меншая частка якога — Валка — з 1920 году знаходзіцца ў Латвіі). У якой частцы мястэчка жыла радзіна Сьвёнткаў — выявіць не ўдалося. Меў таксама старэйшага на два гады брата Эдварда. Яго маці — Вэраніка з Крамплеўскіх — паходзіла з Браслаўшчыны, з парафіі Салокі каля Дукштаў, зь мясцовай зьбяднелай шляхты, якая ў пошуках лепшага жыцьця пакінула родныя мясьціны для працы на чыгунцы ў Вальку. Ягоны бацька Ян Сьвёнтак паходзіў зь Піньчава. Ён ня змог цешыцца з нараджэньня сына Казімера, бо з пачаткам Першай сусьветнай вайны быў мабілізаваны ў расейскае войска. Дзеля адсутнасьці на той час касьцёлу ў Вальку, родны брат маці Казімер Крамплеўскі павёз свайго пляменьніка хрысьціць у Рыгу. Там, у касьцёле Маці Божай Балеснай, Казімер Сьвёнтак быў ахрышчаны 2 лістапада 1914 году (паводле старога стылю). Пасьля захопу ўлады ў Расеі бальшавікамі, у канцы 1917 або на пачатку 1918 году, Вэроніка Сьвёнтак з малалетнімі сынамі Эдвардам і Казімерам разам зь сем’ямі свайго бацькі і брата Казімера Крамплеўскіх, якія працавалі на чыгунцы, вымушаныя былі ў пошуках лепшых варункаў жыцьця выехаць спачатку на Ўкраіну, а адтуль ў Сыбір, у ваколіцы Томску. Бацька загінуў у 20 красавіка 1919 году ў баях за Вільню, ваюючы ў легіёнах Пілсудзкага супраць бальшавікоў. Быў пахаваны ў Вільні на Росах на вайсковых могілках.[1]
Па сканчэньні вайны і пасьля падпісаньня Рыскай мірнай дамовы, з траўня 1921 году сям’я Сьвёнткаў і Крамплеўскіх пачала рабіць захады для рэпатрыяцыі з Савецкай Расеі і вяртаньня ў родныя мясьціны. Спачатку перабраліся з Сыбіру ў цэнтральную Расею, а затым, прыкладна праз год, атрымаўшы права на рэпатрыяцыю, прыехалі ў Дукшты, дзе ў Браслаўскім старастве атрымалі дакумэнты аб польскім грамадзянстве. У касьцёле сьв. Станіслава Косткі ў Дукштах Казімер і Эдвард Сьвёнткі прыступілі да Першай камуніі. Там жа, у Дукштах, Казімер Сьвёнтак распачаў навуку ў школе.
У ліпені 1926 Вераніка Сьвёнтак з сынамі і сям’ёй Крамплеўскіх у пошуках працы пераехала ў чыгуначны цэнтар Баранавічы, які тады пачаў актыўна разьвівацца, дзе будучы сьвятар Казімер Сьвёнтак у 1928 скончыў мясцовую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. Кожнага ранку Казімер Сьвёнтак разам з братам Эдвардам прыслугоўваў як міністрант у мясцовым касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. Адразу пасьля здачы іспытаў у гімназіі, падаў дакумэнты на паляністыку ў Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя. Аднак летняя вандроўка з былымі сябрамі-гімнзістамі ў Пінск рэзка зьмяніла пляны Казімера Сьвёнтка, і ён вырашыў забраць дакумэнты і пайсьці ў духоўную сэмінарыю. Восеньню 1933 году ён распачаў навучаньне і фармацыю Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску. У сэмінарыі быў адным зь лепшых і прыкладных навучэнцаў, хоць аднойчы за дробную правіну падачс адпачынку з калегамі-сэмінарыстамі ледзь ня быў выключаны зь яе.
18 верасьня 1938 году Казімер Сьвёнтак быў высьвячаны на дыякана. У Вялікую суботу 8 красавіка 1939 году ў пінскай катэдры Казімер Сьвёнтак атрымаў сакрамэнт сьвятарства з рук біскупа Пінскага Казімера Букрабы. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі імя Тамаша Аквінскага ў Пінску з 21 красавіка 1939 году стаў вікарыем у парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР заставаўся ў Пружанах і служыў вернікам у сваёй парафіі. Падчас казаньняў асуджаў бязбожніцтва і атэізм. 21 красавіка 1941 году на сваёй плябаніі быў арыштаваны мясцовым НКВД і дастаўлены ў турму ў Берасьце. Пасьля вельмі цяжкага сьледзтва, пра якое ніколі не хацеў пазьней узгадваць, яго абвінавацілі па чатырох артыкулах карнага кодэксу ў антысавецкай прапаганьдзе і «шпіянажы» ды асудзілі на сьмерць. У камэры сьмяротнікаў у турме НКВД у Берасьці ён чакаў выкананьня выроку, але 22 чэрвеня 1941 году пачалася вайна і ён застаўся жывы. Пасьля акупацыі Берасьцейшчыны нямецкімі войскамі ў ходзе Другой сусьветнай 30 чэрвеня 1941 Казімер Сьвёнтак вярнуўся да сваіх парафіянаў у Пружаны й заставаўся зь імі аж да зыходу немцаў. Ізноў стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў: 17 сьнежня 1944[2] савецкія ўлады арыштавалі яго ў другі раз і засудзілі на 10 гадоў лягераў. Адбываў тэрмін у Комі АССР і Сыбіры: 2 гады ў Марыінску, 7 гадоў у Інце каля Варкуты, рэшту — у сыбірскай тундры.
У чэрвені 1954 Сьвёнтак вярнуўся ў Беларусь, стала асеў у Пінску, служыў у францішканскім храме (цяпер катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі)[3]. Ня быў рэабілітаваны, таму піша ў анкетах, што мае судзімасьць. Меў магчымасьць пераехаць у Польшчу, але застаўся ў Беларусі.
11 красавіка 1989 Сьвёнтак быў прызначаны генэральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. З 13 красавіка 1991 па 14 чэрвеня 2006 служыў арцыбіскупам менска-магілёўскім, таксама з 13 красавіка 1991 да 30 чэрвеня 2011 — апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Пінску[4]. 21 траўня 1991 рукапакладзены ў арцыбіскупы, а 26 лістапада 1994 Папа Ян Павал II надаў яму годнасьць кардынала-сьвятара з тытулам царквы S. Giuseppe all’Aurelio — першага ў Беларусі пасьля 1798.
14 чэрвеня 2006 году Папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэньне 91-гадовага кардынала Сьвёнтка аб вызваленьні ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй. У той жа дзень кардынал пакінуў і пасаду старшыні Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, застаўшыся апостальскім адміністратарам Пінскае дыяцэзіі.
19 траўня 2010 году стан здароўя моцна пагоршыўся ў выніку пералому шыйкі сьцягна[5]. 23 траўня 2011 году арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што стан Казімера Сьвёнтака моцна пагоршыўся. 21 ліпеня 2011 году а 9 гадзіне Казімер Сьвёнтак памёр[6].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Камандор з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы (1995)[7]
- Камандор ордэна Ганаровага легіёну (2006)[8]
- Адмысловая ўзнагарода інстытуту Паўла VI у горадзе Брэшыя (Італія) «Fidei testis» («Сьведка веры»), уручаная ўласнаручна Папам Янам Паўлам II.
Папярэднік няма |
Арцыбіскуп Менска-Магілёўскі 1991—2006 |
Наступнік Тадэвуш Кандрусевіч |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Stanisław M. Królak. Wierność powołaniu – ksiądz Kazimierz Świątek (1914-2011) // Rocznik Teologii Katolickiej, tom XV/1, rok 2016. S. 149-179.
- ^ Пружана Фотаэнцыкляпэдыя «Нашы касьцёлы» Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
- ^ «Свёнтек» // Католическая энциклопедия. Т.4. М.: 2011. Ст. 558—559
- ^ NOMINA DELL’AMMINISTRATORE APOSTOLICO AD NUTUM SANCTAE SEDIS DI PINSK (BIELORUSSIA)
- ^ Кардынал Казімір Сьвёнтэк трапіў у рэанімацыю, Наша Ніва
- ^ Кардынал Казімір Свёнтак адышоў у вечнасць
- ^ Postanowienie Prezydenta Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 4 lipca 1995 r. o nadaniu orderu // M.P. 1995 nr 56 poz. 621 (пол.)
- ^ Казимир Свёнтэк стал Командором Ордена Почётного легиона
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Артыкул «Вера кардынала» Аркадзя Шанскага ў газэце «Наша Ніва» № 37 ад 8 кастрычніка 2004.
- Перадача на «Радыё Свабода» з нагоды 90-годзьдзя
- Інфармацыя на старонцы «Рыма-каталіцкі Касьцёл на Беларусі»
- Інфармацыя на сайце «Catholic Hierarchy»
- Жыцьцяпіс(недаступная спасылка) (рас.) на праекце «Хто ёсьць хто ў Беларусі»
- Нарадзіліся 21 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1914 годзе
- Памерлі 21 ліпеня
- Памерлі ў 2011 годзе
- Узнагароджаныя крыжам камандорскім з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы
- Камандоры ордэна Ганаровага легіёну
- Нарадзіліся ў Валзе
- Нарадзіліся ў Ліфляндзкай губэрні
- Памерлі ў Пінску
- Беларускія каталіцкія біскупы
- Менска-Магілёўскія арцыбіскупы
- Пінскія біскупы
- Беларускія кардыналы
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Высланыя ў Сібір
- Пахаваныя ў Пінску